Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 

ЛЮБАНЬ

     Ну, што тут можна сказаць? Раз Любань, то, значыцца, ад слова «любіць» пайшло паселішча. Іншае неяк і не надта складна атрымліваецца. Толькі не ўсе так гавораць. Ёсць і іншыя показкі, дзе тлумачаць, быццам бы па нейкай другой нагодзе назву далі. Мне і самому даводзілася чуць, праўда, зрэдку, бо ўсё ж пераважная большасць кажуць так, як і я. Але раз чалавек гаворыць, то ён жа неяк спрабуе аргументаваць легенду ці казку, проста так не будзеш жа сцвярджаць. Можа, і лепей, калі многа ўсялякіх варыянтаў існуе, гэта лішні раз падкрэслівае, якая багатая ў нас гісторыя, вусная творчасць, традыцыі. Цяпер запісвайце.
     Якое толькі плягі няма на людзей! Праўду кажуць, што бяда на бядзе едзе і бядою паганяе. Не паспееш ад адной ачомацца, другая на плечы ўскочыць, тую зграбеш — яшчэ адна ўзлезе, і гэтак да бясконцасці, да самае магілкі сырой. Пастаіш — бяда нагоніць; куды-небудзь знянацку пабяжыш — на чарговую бяду наляціш. Таму і жывеш усё жыццё ў якойсьці ліхаманцы: куды ні сунься — усё роўна бядзе ў зубы трапіш, не мінеш гэтага пачварнага стварэння. Даўней казалі, што бяда яна жывая, гэтаксама, як і чалавек, і выгляд адпаведны мае — худой, зморшчанай, непрывабнай на выгляд жанчыны.
     Каб жа толькі на здароўе ці на жывёлу валіла ўсё а то і з іншых бакоў прыціскае. Есць бяда, як бяда — з-за недагладу людзей, з-за сквапнасці ды крыважэрнасці звяроў. Там зірнеш - бяда ад Бога: то нахапіўся мароз і памарозіў сады, агароды, а то й хлеб на полі ды траву на сенажацях; то град пабіў усё, што нейкім цудам ацалела ад марозу або сіверу; то нечаканая слота панішчыла ўсё збожжа з налітымі ўжо каласамі яно да зямлі прыгнулася, і пакуль жаць — счарнела-пагніло; а то прыпякло сонца і зямля стала гарачая-нібы прысак, хоць ты ў ёй яйкі пячы. Вось як часта здаралася.
А то дасць нарэшце Бог добрае лецечка, цёплае яснае, дык тут адкуль толькі возьмуцца ўсялякія пошасці ды паморкі на жывёлу або і на саміх людзей і адысамае гора і настае. Ды гамоняць вяскоўцы што гэта ўжо не ад Бога ідзе, а ад ліхіх людзей.
   От і я вам распавяду, як такое гора-ліха адбывалася ў адным месцы. Ніхто бяды не чакаў ніхто не ведаў, што яна прыйдзе на гэты раз, аж не мінула гаротных. Выдалася тады надзіва ранняя ды прыгожая вясна-чараўніца. Кожную ночку ішоў ціхі, ласкавы дожджык, які нібы абуджаў зямлю ад зімовага працяглага сну, а ўдзень свяціла яснае сонейка ды прыгравала, нібы матуля дыхала і абагравала ўласнае дзіцятка. А паветра было такое лагоднае, такое пяшчотнае, што, здавалася, пасадзі на полі малое дзіця то яно само па сабе і вырасце, нібы гарбуз на агародзе Усё навокал расло нібы на дражджах. Радаваліся людзі перадавалі адзін аднаму толькі добрыя навіны, каб не спалохаць дабрабыт, не наклікаць якую пошасць ці яшчэ што дурное.
     Нарэшце прыспела лета. Бог уратаваў ад граду і навальніц, ад скрухі і буйных вятроў, і так зарадзіла што звозіць ужо не было куды. Звычайна здараецца што родзіць нешта адно: жыта там ці якая іншая збажына, а тут усё зарадзіла. Збіралі вяскоўцы ўраджай але не смяяліся, не спявалі, а адзін на аднаго пазіралі трывожна. Так ужо прызвычаіліся да бед, што не маглі паверыць у такі шчаслівы выпадак. Пакуль усё прыбралі, пахавалі, то і чутка маланкай пранеслася па наваколлі: хоць Бог даў у гэтым годзе незвычайны ўраджай, але ў хуткім часе надарыцца паморак і некаму будзе спажываць збожжа і гародніну. Задрыжэлі тады жыхары больш, чым падчас самага ліхога гора. Хадзілі засмучоныя, нібы ў халодную ваду ў мароз апушчаныя.
I нездарма гаварылі, нездарма баяліся вяскоўцы. Не паспела восень на парог ступіць, як з'явіліся ў паселішчы першыя хворыя. Праўда, спачатку не людзей хвароба нібы касою касіла, а жывёлу. От пагоніць пастух статак на пашу, а назад прыганяе на некалькі кароў меней. Пытаюцца людзі, што да чаго, а ён ім адказвае:
    — Даражэнькія, я ні ў чым не вінаваты, хоць бы вы і хацелі мяне звінаваціць. Ляжаць вашы кароўкі на полі (ці на лузе) там, дзе сёння пасвіў, не ўстаюць на ногі, а толькі мукаюць жалобна... Не паспеў нават да вёскі дабегчы, бо пад самы вечар гэта здарылася.
    Пабягуць сяляне туды, куды пастух скажа, а жывёла ужо сканае да гэтага часу. Ляжыць, нібы жывая, не уздутая, не пакусаная, але бездыханная. Заплачуць жанкі, спахмурнеюць мужчыны, ды позна ўжо галасіць. Так за нейкіх пару тыдняў усю жывёлу і выкасіла. Засталося на вёску пару кароў ды адзін бычок-пярэзімак, які весела выбрыкваў на лузе, нібы быў замоўлены ад усялякіх пошасцей і паморку.
    Калі захварэлі першыя вяскоўцы, то сяляне сабраліся параіцца. Розныя гучалі прапановы, кожны імкнуўся неяк дапамагчы не толькі сабе, але і астатнім, таму крычалі і спрачаліся, нібы на шматлюдным кірмашы Ужо вечар пачаў садзіцца на кустоўе, туманы паплылі, а ніхто слушнай прапановы, з якой бы ўсе пагадзіліся, так і не ўнёс. Прыціхлі сяляне, бо кожны разумеў што, калі сення не знайсці выйсця, заўтра можа быць позна. Недзе пад самы канец пачуўся ціхмяны старэчы голас:
    — Я, людцы, ведаю, што трэба рабіць. Я добра ведаю... Паслухайце ўважліва.
     Слухалі моўчкі, не перабівалі, разумелі цану гэтай падказкі. А стары расказваў не абы-што, а тое, як некалі, даўным-даўно, калі ён сам быў маленькі, ягоныя бацькі і аднавяскоўцы ратаваліся ад пошасці.
     3 самае раніцы закіпела ў вёсцы праца. Бо нездарма ў народзе кажуць, што беражонага і Бог беражэ. Дык вось, пайшлі ўсе мужчыны і дзецюкі ў лес, звалілі там высачэзную і таўшчэразную сасну, а з яе ствала зрабілі гладкаабчасаны крыж, можа, сажняў на дзесяць у вышыню. Ледзьве на плячах прынеслі да паселішча. Перадыхнулі крыху і пачалі стаўляць новы крыж на высокім узгорку, каб ён быў бліжэй да нябеснага Бога, каб Усявышні бачыў іхнія памкненні і пачуў малітвы. Здалёку стала відаць крыж, хто ні ішоў, то яшчэ, можа, за дзве вярсты жагнацца пачынаў.
    Дзядулька таксама з мужчынамі быў, камандаваў, паказваў, як лепей рабіць і каб усё правільна было, каб не схібілі дзе. Калі крыж паставілі, то ля яго падножжа паклалі брусок засушанага ясеню, а другім на-пераменку пачалі яго церці. Доўга справа цягнулася, не адзін з сялян адыходзіў, саступаючы месца, нарэшце прыклалі губку, і тая патлела-патлела дый загарэлася зыркім полымем. Калі добра разгарэлася, то вяскоўцы ўзялі ад таго агню запаленыя трэсачкі і ва ўсе хаціны пазаносілі, каб ён там не пераводзіўся. А на ўездзе і выездзе з паселішча пачалі дзень і ноч паліць вялікія вогнішчы, каб пошасці ды паморку не было ўваходу ў вёску. Вогнішчы тыя палілі толькі з дуба і ядловец яшчэ падкідвалі, іншай драўніны не падмешвалі, баяліся апаганіць свяшчэнны ачышчальны агонь.
     Тых двух каровак і бычка сяляне загналі далёка ад сяла, на астраўкі пасярод балота, зрабілі для іх часовую будыніну і пасвілі да самае глыбокае восені. Тры жывёліны даглядалі чалавек дзесяць мужчын, бо баяліся, каб выпадкам якія воўк ці мядзведзь не накінуліся і апошніх не перадушылі, тады б увогуле невядома было як існаваць. Болей таго, з раніцы і пад самы вечар абкурвалі жывёлін, чым бы вы думалі? Ніколі не адгадаеце — тхарынаю. Спецыяльна для такой справы давілі тхароў, забівалі, чакалі, пакуль яны пачыналі смярдзець, і толькі потым ужо кідалі ў вогнішча. Каб болей едкага дыму ішло, клалі на вуглі рэшткі тхара. Смурод навокал стаяў такі, што здавалася, насы паразрывае. Тут ніякая хвароба не падлезе, бо дым засцерагае надзейна. Вось ужо і апошні месяц восені надышоў, а адусюль навіны благія да вяскоўцаў даходзілі: па-ранейшаму лютаваў мор. Ужо гаварылі, што ў некаторых населеных пунктах жывых амаль не засталося, мерцвякоў не было каму ў зямлю закопваць.
     Зноў сабраліся сяляне, каб параіцца, як жа далей справу агульную весці. Зноў доўга гаманілі, але ўжо і ведалі, да каго за дапамогаю звяртацца. Прыціхлі, і нехта прамовіў:
     — Дзедку, як нам быць, паведай, што рабіць. Пакуль усё, што ты нам параіў, мы зрабілі і таму страт не панеслі. Калі і далей так пойдзе, то на руках цябе насіць да самай смерці будзем!
     Па натоўпе пралёгся водгалас адабрэння. Стары нават слязіну з твару змахнуў і пачаў сваю прамову:
     — Людцы добрыя, ды за што ж мяне на руках насіць? Пакуль сілы Бог дае, то і сам хаджу, а калі яе не стане, то паміраць трэба, не сядзець на плячах у іншых. Я вам не з-за нейкай уласнай выгоды дапамагаю, бачу, што цяжка супраць паморка змагацца, калі вернага сродка не ведаеш. Недзе памылішся — і лічы прапала. Колькі ўжо такіх выпадкаў было за маё доўгае жыццё. Але я спадзяюся на лепшае. Здаецца мне, што, калі будзем асцярожнымі, ніякі чорт нам не страшны, як бы ён ні імкнуўся прабрацца, як бы ні лашчыўся і ў каго б ні пераўвасабляўся. Трэба быць пільнымі. Раз бяда не прайшла прама, яна будзе шукаць патаемныя шляхі, каб усё роўна прабрацца ў паселішча. Глядзіце, нічога каб міма вашых вачэй не прайшло і не прабегла, інакш — справа дрэнь можа атрымацца. Вось такое хацелася мне параіць. Лічу, што самае цяжкае мы ўжо перанеслі, засталося лягчэйшае, але памыляцца нельга...
     Сказаў так старэча і злез з калоды, на якую ўзбіраліся ўсе, у каго было што сказаць.
     Яшчэ хвілін колькі людзі не разыходзіліся, дзяліліся ўражаннямі адносна пачутага. Потым прызначылі вартавых і ахоўнікаў на ноч, прыкінулі, дзе трэба найбольшую пільнасць праяўляць, і толькі тады пацягнуліся па хатах.
     Як казаў стары дзядулька, так і атрымалася. Паморак не прымусіў доўга чакаць сустрэчы з сабою. Ужо на наступны дзень, дзесьці пад полудзень, калі сонца прыгрэла і здавалася, што на дварэ нібыта не восень, а вясна, ішоў адзін селянін у вёску. Ажно бачыць, наперадзе яго, па лясной сцяжынцы кульгае старая бабулька. Прыспешыў ён крок і нагнаў жанчыну, глянуў пільна раз-другі, нічога спачатку не сказаў. Так прайшлі некаторую адлегласць, а потым селянін нібы абыякава пытаецца:
     — Куды гэта ты, баба, ідзеш?
     — Ды вось, голубе, ратуюся і іду ў тую вёску, дзе паморку не было і няма...
     Прагаварыла, а сама як глянула на вяскоўца, то ў таго ў сярэдзіне ўсё ўскалыхнулася, гэтакі страшны погляд у яе быў. Здагадаўся тут чалавек, што гэта паморак, пераўвасоблены ў старую, але прамаўчаў. Хоць і страх яго апанаваў, але трываў, ідучы поруч. Болей таго, каб не выдаць сябе, прапанаваў:
     — Хадзем, баба, разам, калі цяжка дзе будзе, я табе дапамагу, ды і весялей удваіх...
     — Вось дзякуй табе, добры чалавек, вось дзякуй,— замітусілася жанчына.
Ідуць так крок за крокам, нават размаўляюць пра нешта, а мужчына (не дурань) усё па баках незаўважна паглядае і кіруе туды, куды зараней прыдумаў. 3 гадзіну прайшлі і падышлі да гразкага балота. Такая ўжо твань-дрыгва там была, што нячысцікі і тыя баяліся па ёй гуляць, бо правальваліся з рагамі. Цераз балота трэба было ісці па залітых ва'дою кладках і бярвеннях, а яны ж слізкія, пакручваюцца пад нагамі.
     Тады вясковец і гаворыць:
     — Ідзі ты, баба, уперад ды моцна трымайся за мой кій, а я цябе такім чынам падтрымліваць буду...
     — Дзякуй табе, голубе, дзякуй, што не забываеш пра мяне, старую,— ашчэрылася тая.
     Сунецца баба па бярвеннях ды з усяе сілы за кій трымаецца. Але калі ўсцягнуліся яны да самае багны, селянін як хісне бярвенні ды як папіхне кіем бабу ў «чортава акно» — толькі пырскі ўбакі паляцелі, а тая і ўскрыкнуць не паспела, як рот тванню забіла і захлынулася. Пастаяў чалавек, паглядзеў, як зверху кругі разыходзяцца, і пакіраваў да вёскі. Выйшаў на добрую дарогу і пабег. Прыляцеў, нібы на крылах, ды давай усім распавядаць пра дзіўнае здарэнне. Пытаецца, ці правільна зрабіў, а можа, гэта сапраўдны чалавек быў, а не пераўвасоблены паморак? Але стары дзядулька, які ім раіў, што рабіць, супакоіў яго:
     — Не палохайся, чалавеча, не перажывай. Усё правільна зроблена. Малайчына, што ўтапіў у багне гэты паморак, а гэта іменна ён быў, можаш не сумнявацца... Астатнія таксама гэткія ж пільныя і ўважлівыя будзьце, то ён разоў колькі паспрабуе прабрацца, напорацца на нашу пільнасць і назад паверне...
     Ды каб жа так было, як хочацца. Абавязкова ж нехта знойдзецца, хто парушыць ці пераблытае запаветнае, зробіць, можа, і не спецыяльна, назло не толькі сабе, але і іншым. Так і тут атрымалася.
     Дзён праз колькі пасля таго, як вясковец паморак у балоце ўтапіў, паехаў іншы селянін на балота па сена. Ведама ж, як гэта восенню, калі ўжо снег выпаў, робіцца: сеў у сані ды паганяе коніка, якіх таксама толькі некалькі ацалела і іх надта аберагалі. Заехаў на груд, развяршыў стог і давай таропка класці сена на сані. Толькі самы ніз вытаптаў, ажно нехта высунуўся з кустоўя і паклікаў яго. Аглянуўся — нікога няма. Падумаў — падалося, і зноў за працу ўзяўся. Але крык стаў выразней, да вушэй данеслася:
     — Чалавечку... Чалавечку...
Азірнуўся і бачыць: вылазіць з таго самага кустоўя нейкі страшны дзядулька з доўгаю, па калені, касматаю барадою, з адным вокам і падыходзіць да саней. Ледзьве ідзе, на кіёчак абапіраецца. Глядзіць селянін, а ў самога зуб на зуб з перапуду не пападае, бо ніколі не бачыў такога страшнага дзядулькі. I падумалася яму, а ці не паморак гэта. Тым часам палупаў дзед адным вокам ды і просіць падвезці яго да вёскі. Падумаў, падумаў мужык і адказвае:
     — Давезці-то я давязу, толькі, мабыць, нашыя людзі не пусцяць цябе туды, бо вартуюць, каб у вёску з кім-небудзь не прасклізнуў паморак ці пошасць якая...
     — Ды ты за гэта, чалавеча, не надта перажывай, гэта ўжо мае хваляванні. А палохацца і баяцца мяне няма чаго. Сам бачыш, я калека і ніякай крыўды сумленным людзям ніколі не чыніў і чыніць не збіраюся. Акрамя шчасця не нясу нічога, як перад абразамі табе кажу. Гэта такое шчасце, што раней і не чулі нават.
     — Цікава, якое ж ты такое шчасце нясеш, што нікому яно не сустракалася,— нібыта і сапраўды зацікавіўся мужык.
      — А такое шчасце, якое будуць мець і самыя багатыя сяляне, і самыя здаровыя, і самыя слаўныя людзі, і самыя бедныя гаспадары. Яно для ўсіх будзе роўным — і для надзвычай багатых, і для жабракоў...
     Як прамовіў ён апошнія словы, то чалавек зразумеў, што стары нясе з сабою не што іншае, як саму... смерць. Бо, вядома ж, менавіта яна ўсіх забірае, усім дае роўнае шчасце — і каралям, і мужыкам, і князям, і ўбогім. Здагадаўся, але па-ранейшаму ласкава гаворыць:
     — Ну, калі так, то лезь, дзеду, на сані, а я прыкідаю цябе зверху сенам, можа, такім манерам і праедзем міма пільнай аховы.
     Узабраўся стары на сена, а чалавек старанна закрыў яго зверху, прыціснуў моцна рублём і павёз у сваю вёску. Падвёз да выгана, дзе стаяла варта і гарэла вялікае вогнішча, і шапнуў дзецюкам, што вязе паморак у санях. Тыя пайшлі на хітрасць, пытаюцца:
     — Дзядзька, а што ты вязеш?
     — Дровы.
     — Якія дровы? Гэта ж сена.
     — А што пытаеце, калі ведаеце?
     — А ў сене што?
     — Што? Мо нейкія там шышкі ці сучкі...
     — Дык ты яшчэ над намі смяяцца будзеш? Хлопцы, бярыцеся за сані знізу.
     Падхапілі дзецюкі сані дый нахілілі, а сена, адпаведна, звалілася ў вогнішча.   Полымя як шуганула, то вышэй за дрэвы паднялося. А хлопцы не стаяць спакойна, яшчэ пераварочваюць тое, што блага гарыць, дроў сухіх падкідваюць. Круціўся, круціўся паморак ды не здолеў вырвацца, так і згарэў разам з сенам. Не ўдалося яму і на гэты раз кемлівых людзей перахітрыць. Згарэў дашчэнту, нават і дробненькіх костачак не засталося.
     Зноў сабраліся пасля гэтага выпадку сяляне; каб перамовіцца-параіцца. Тады стары дзядулька, які ўсё падказваў, першым слова ўзяў і гаворыць:
     — Ну, людцы мае добрыя, я думаю, што паморак і пошасці болей да нас не палезуць. Адвучылі мы іх. У наваколлі гэтай нечысці болей не застанецца! Паўцякае, бо ўбачыла, што нас не пераможа. Але трэба нам усё роўна новае паселішча крыху ўбаку ад сённяшняга пабудаваць. Так, на ўсялякі выпадак. Сюды паморак ды пошасці дарогу ведалі, а туды яны яе не знойдўць. Вясною і пачнем будавацца. Вось толькі месца добрае знайсці трэба, каб усё пад бокам было.
     Як вырашылі, так і зрабілі вяскоўцы. Месца такое знайшлі, што як свайго дарадчыка прывезлі напрадвесні, то ён, гледзячы на наваколле, толькі і вымаўляў:
     — Які ж тут куточак мілы, які ж ён любы...
     Адтуль і пайшла назва новага паселішча, якая ўсім спадабалася. Так і наша Любань стала.

Міншчына ў легендах і паданнях, Мінск “Беларусь” 1998 Складанне, запіс і апрацоўка А.М.Ненадаўца
 

Да зместу

Герб г.Любань

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©
Hosted by uCoz