Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 

УРЭЧЧА

     Некалі быў бязлітасны звычай, паводле якога людзі, якім спаўнялася семдзесят гадоў, на далейшае жыццё-існаванне права не мелі. Паплачуць родныя і блізкія зараней, паядуць урачыстай грамадой за сталом і вядуць дзядулю ці бабулю, матулю ці бацьку да вялізнай ямы, а там ужо ўсё падрыхтавана. Пацалуюцца ў апошні раз са старым і даўбешкай яму па галаве як дадуць, той на месцы і скапыцее. Закапаюць, перажагнаюцца і пойдуць далей працаваць ці нечым яшчэ займацца. Ніхто потым ужо не згадваў пра памерлых, бо так завялося з сівых стагоддзяў, так усё і выконвалася. Пазней і малітвы чыталі над магіламі, і паніхіды адпраўлялі, але ніхто нічога не перайначваў, баяліся кары якойсці. Ды ўсё ж і гэты парадак змянілі. Вось як гэта адбылося.
     Жыў-быў бацька гаспадар, і ў яго было трое дзяцей. Усе сыны. Працавітая сям'я. Не такая шматлікая, як іншыя, але за кошт працавітасці пастаянна прымнажалі свой дабрабыт і багацце. Усяго ў іх ставала, нічога пазычаць не хадзілі, на дапамогу людзей не клікалі, колькі б там ні садзілі ці ні сеялі. Як возьмуцца варочаць, то што мядзведзі тыя. Адпачыць ці перакусіць і то без ахвоты садзіліся, шкада было час дарма траціць. Паглядзяць на неба, заўважаць там хмару ці аблачынку і скажуць адзін аднаму:
     — Вось калі гэтая хмара сюды насунецца, то тады і палуднаваць будзем, а не, то і пачакаем, вытрымаем да вечара, тады ўжо дома і папалуднуем, і павячэраем. Смачней будзе, затое працы колькі агораем...
     Надта добра жыў бацька са сваімі сынамі. Зайздросцілі іншыя. Бо не сакрэт, што ў сям'і ўсялякае здараецца. Былі і такія, дзе лаянкі ды бойкі толькі ноччу на невялікі час заціхалі. Для такіх людзей няма ні божых святаў, ні будзённых заняткаў, ім на ўсё напляваць, толькі б пасварыцца ды чубы адзін аднаму выдраць. А ў гэтай сям'і ніхто ніколі крыкаў, лаянак не чуў, ніхто не бачыў, каб яны паміж сабою біліся ці нейкім падобным чынам разбіраліся. Але надышоў чорны час і для братоў. Справа ў тым, што бацьку праз нейкі месяц павінна было споўніцца семдзесят гадоў і яго трэба было весці да тае жахлівае яміны. Адчуваў і стары, як глядзяць на яго сыны ў сувязі з гэтым, і шкадаваў іх. Разумеў добра, як гэта ўласнага бацьку па галаве бухнуць ды ў магілу заўчасна скінуць. Таму імкнуўся неяк падтрымаць дзяцей, паказаць, што сам не надта перажывае:
     — Чаго, хлопцы, прыцішыліся? Што сумуеце? Такое надвор'е стаіць, яснае ды цёплае! Вось скончым снапы звозіць, да вечара яшчэ гадзін колькі будзе, то паспеем выскачыць на рэчку з прыладамі ды рыбкі паловім! Юшку зварым, пасядзім на падвор'і, пагамонім. Што лепей можна прыдумаць? Га, хлопцы? Весялей на свет глядзіце, не ўсё гэтак дрэнна, як вы думаеце...
Пасля згадак пра рыбалку вочы ў сыноў і сапраўды загараліся, бо надта ж яны любілі ў вадзе боўтацца, за рыбкай цікаваць. Тут яны таксама майстры непераўзыйдзеныя былі. На хвіліну-другую забываліся пра ўсё і супакойваліся душою.
     Наловяць рыбкі, звараць юшку на падвор'і ды сядзяць ля вогнішча, сёрбаюць і перамаўляюцца. Бацька, ведама ж, сама болей гамоніць, Ен і пражыў намнога болей, і бачыў усялякае на сваім вяку. Але, калі, забываючыся, бацька пачынаў згадваць продкаў, пахмурнелі твары дзяцей, яны вярталіся да будзённага, да тых праблем, якія іх турбавалі ў дадзены момант. 3 кожным днём усё меней і меней часу заставалася старому пабыць сярод людзей на зямлі, трэба было і яму збірацца. Вось нарэшце надышоў і апошні вечар, з раніцы трэба было ім кіраваць да вялікай ямы. Памыўся бацька, у чыстую бялізну пераапрануўся і паклікаў да сябе сыноў. Увайшлі тыя і з парога яшчэ заплакалі, бо не маглі слёзы стрымаць. Стары хацеў паказаць, што ён трымаецца і лічыць, што ўсё так і павінна адбывацца, але і ў самога слёзы вочы засцілі, гаварьшь не давалі, Так колькі часу доўжылася: сыны стаялі і плакалі, а гаспадар хаты за сталом сядзеў і таксама слязьмі заліваўся. Потым усё ж неяк селі, і бацька пачаў сваю апошнюю прамову:
      — Ну, хлопчыкі, куды я пайду раніцай, вы і самі добра ведаеце, і не будзем лепей пра гэта лішні раз згадваць, каб не хвалявацца. Давайце спакойна пагамонім. Калі мяне пахаваеце, то не спрачайцеся паміж сабою, не лайцеся, каб іншыя з вас смяяліся. Хай зайздросцяць па-ранейшаму, як і да гэтага было. Зямлю не дзяліце на надзелы, бо тады абавязкова паспрачаецеся. Гаспадарку вядзіце разам. Сейце, жніце ў час, не спяшайцеся асабліва. Зямлі ў нас многа, то і калі пажэніцеся ды ўласныя сем'і заведзяце, усё роўна хопіць. Толькі не лянуйцеся, працунце шчыра. Давайце развітаемся, ды ідзіце сабе спаць, а я пасяджу, падумаю, родных братоў прыгадаю, бацькоў, маці вашу нябожчыцу. Усё гэта засталося за плячыма, а на тым свеце невядома яшчэ, ці будзе такая магчымасць...
     Абняліся сыны з бацькам і пайшлі ў гумно спаць. Ідуць, слёзы выціраюць. Прыйшлі, паляглі, а сон не ідзе. Старэйшы з братоў і гаворыць:
     — Ведаеце, што, браткі, вы як сабе хочаце, а я нашага бацьку не вёў бы да ямы. Нельга так. Ен жа нас з матуляй гадаваў, на руках насіў, працаваць навучыў... I за ўсё гэта старому чалавеку доўбняй у лоб, нібы якой жывёліне?.. Няўжо ён не заслужыў сабе іншай долі, іншай старасці, каб так з ім абыходзіліся?..
     — А што ж рабіць? — азваўся другі з братоў,— каб жа неяк можна было абысці гэты парадак. Усе ж так робяць...
     — Ага, усе так робяць,— з'едліва прамовіў малодшы,— то і мы роднага татулю да ямкі падвядзём ды ў лоб даўбешкай? Дакажам, што мы не горшыя за іншых?..
     — То можа...— пачаў, але так і не скончыў старэйшы, прыўзняўшы галаву,— то можа...
     — А нічога не будзе? — перапытаў сярэдні.
     — Нічога, нічога,— таропка перабіў яго самы малодшы,— толькі тату выратуем, жывы ён застанецца. Хай лепей уласнай смерцю памрэ, чым мы яму ў гэтым дапамагаць будзем. Давайце памяркуем, дзе можна схаваць ад людскіх вачэй бацьку, каб яго ніхто не высачыў.
     Доўга перашэптваліся браты, спрачаліся, даказвалі адзін аднаму, але не маглі знайсці пакуль што пры-датнай мясціны. Дома пакінуць, бясспрэчна, нельга было, бо тут пастаянна круціцца многа вяскоўцаў і пра нешта могуць даведацца. На хутары, дзе сваякі жывуць, таксама нельга, бо і гаспадары могуць пераказаць, і чужыя заглянуць. Стомленыя ад бесперапыннай размовы, адкінуліся на сена. Малодшы ціха прамовіў:
     — Ну і стаміўся, як з Урэчча сена возячы...
     — Як, як ты сказаў? — кінуўся да яго старэйшы.— 3 Урэчча?
     — Так,— не зразумеў той.
    —То давайце бацьку там і схаваем. Гэта ж далёка ад вёскі, людзі там рэдка ходзяць. Буданчык зробім, харчы падносіць будзем, і няхай сабе чалавек жыве спакойна...
     — А калі маразы ўдараць? — не ўтрываўся сярэдні.
     — Дык мы да восені яшчэ добрую зямлянку агораем. Цёплую, вялікую.
     Пагадзіліся з такой прапановай браты, паджгалі ў хаціну, нягледзячы на тое, што ўжо густая цемра на дварэ панавала. Распавялі ўсё гаспадару, амаль сілаю апранулі і павялі да Урэчча. Ісці туды трэба было добрых паўдня. Пакуль прыйшлі, пакуль буданчык зрабілі ды назад вярнуліся, то ўжо новы світанак над лесам займаўся. Дамовіліся праз тры дні па чарзе насіць бацьку есці. Старанна сляды заблытвалі, каб ніхто ненарокам не заўважыў, сцерагліся. Задаволенымі і сыны засталіся, і бацька вясёлы хадзіў па Урэччы, нейкімі сваімі справамі там займаўся. Так гадоў, можа, з дзесятак доўжылася.
     Ужо сыны сваімі сем'ямі абзавяліся, дзеці нарадзіліся. Але жылі, як бацька прасіў: працавалі разам, дапамагалі іншым, каб на ўсялякі выпадак і сабе дапамогу на будучае зарабіць. Ды здарылася бяда. Такое ліха прыйшло ў тую вёску, дзе яны жылі, што ў хаце лепей пра гэта і не згадваць,— неўраджай хлеба. Засуха засухай, але такой, як гэтая, не было ніколі. Высушыла ўсё навокал. Рэчкі нібы канаўкі сталі, азёры да дна перасохлі. Людзі кару елі параную, ліпавы ліст рвалі ды таўклі, а потым з гэтае масы хлеб выпякалі. Пасля такога «хлеба» жыхары пачыналі пухнуць, сінець. Але да вясны неяк усё ж пратрымаліся. Ды зноў ліха — няма чым сеяць. Ні зярнятка ні ў каго не захавалася. Пабеглі сыны да бацькі. Выслухаў уважліва стары і гаворыць:
     — Не палохайцеся толькі, родныя, не палохайцеся, бо гэта дурная справа. 3 забітай галавой разумнага выйсця ніколі не знойдзеш. Таму ідзіце дамоў і, як ні ў чым не бывала, пачынайце араць поле. Усё арыце дачыста.
     — А-а-а...— пачаў было сярэдні.
     — Усё арыце, а там ужо разбірацца будзем. Аруць тыя хлопцы ніву, а людзі не адыходзяць ад іх, ды ўсё выпытваюць:
     — Дзе ж гэта вы, каханыя, столькі збожжа пасеяць возьмеце?
     На што браты адказвалі:
    — Вось пааром, а то пуставаць жа будзе. Наконт збожжа потым разважаць будзем. Важна, каб адну справу спачатку зрабіць. Можа, Бог чым дапаможа, то і пасеем...
     Зрабілі справу і пабеглі да бацькі, нягледзячы на ўжо добрыя прыцемкі.
    — Тата, а што ж зараз рабіць, бо калі не засеем, то людзі пачнуць смяяцца, такога яшчэ ніколі ў нас не выпадала.
     — Не будуць смяяцца, бо прычыны для гэтага не стане. Вось што зрабіце. Дамоў як зойдзеце, то з раніцы пачынайце драць з крышы салому. Не толькі з хаціны, але і з хлявоў, з гумнаў. Здзярыце ўсё і вязіце на поле. Бярыце жонак, дзяцей ды на ніву ўсе выбірайцеся. Там кладзіце салому раўнюткімі шнурамі ў баразёнкі і засыпайце зверху зямлёю. Дасць Бог — не прападзём і ў гэты год... Толькі час дарма не губляйце, заўтра ж пачынайце.
      Растлумачыў так стары і адправіў сыноў дамоў. Сам пастаяў, гледзячы ім у спіны колькі хвілін, і таксама пайшоў, чамусьці толькі пасміхваючыся.
Браты на досвітку ўзяліся за працу. Назбягаліся аднавяскоўцы, глядзяць і зразумець нічога не могуць. Навошта, здавалася б, драць салому з крышы? Хіба ж гэта дапаможа? Яшчэ больш здзівіліся, калі браты пачалі гэтую салому на сваю ніву вывозіць, а як заворваць узяліся, то ўвогуле сяляне падумалі, што браты ўчора недзе на сонцы галовы перагрэлі, раз такое ўчыняюць...
     — Навошта вы, хлопцы, салому закопваеце? — запытаўся нехта з вяскоўцаў і, каб павесяліць астатніх, дадаў:— лепей спалілі б яе на ніве, лягчэй было б...
Нехта засмяяўся, нехта перамаўчаў, а браты, тыя ўвогуле не адрэагавалі, бо працай занятыя былі. I што ж вы думаеце? Пайшлі цёплыя дожджыкі, засвяціла, прыгрэла сонейка, і такое жыта ўзышло, што людзі толькі дзіваваліся. 3 саломы такія парасткі пайшлі!
      Прыджгалі хлопцы да бацькі і давай яму, адзін аднаго перабіваючы, распавядаць пра апошнія навіны. А стары стаіць, пасміхваецца ласкава ды на сыноў паглядае. Нарэшце тыя выгаварыліся і замоўклі. Тады бацька і сказаў ім:
     — Гэта, дзеткі, гадоў пятнаццаць назад я зрабіў... Год тады такі ўраджайны выдаўся, як ніколі. І мой бацька-нябожчык і падвучыў мяне пакрыць будніны неабмалочанай саломай. Сказаў, што ўсё ў жыцці можа спатрэбіцца. Вось, бачыце, і спраўдзіліся ягоныя словы. Цяпер і вы, калі жыта жаць будзеце, то палову будынін неабмалочанай збажыной пакрыйце, а на наступны год — другую палову пакрыеце. Можа, яшчэ калі спатрэбіцца. Бачыце, як усё добра атрымалася. Радуецца стары, радуюцца і сыны за тое, што не зрабілі, як астатнія, не забілі свайго бацьку і не кінулі ў глыбокую яміну.
     Цяпер ва Урэчча хлопцы бегалі часцей, бо было чым перад старым пахваліцца, пераказаць што. Але і вяскоўцы, убачыўшы, што лёгка браты выйшлі з цяжкага становішча, пачалі дапытвацца:
     — Падкажыце, хлопцы, у адной жа вёсцы жывём, дзе гэта вы даведаліся пра такое выйсце? Не можа быць, каб самі да ўсяго дайшлі, сваёю галавою каб дадумаліся. Скажыце. Чаго ўжо там хавацца, вы і так вунь якія багацеі цяпер у параўнанні з намі!
     Браты, вядома ж, сказалі б, бо не прызвычаіліся яны радавацца, калі іншым вяскоўцам дрэнна жыць. Але як пра ўсё скажаш, калі вяскоўцы сваіх бацькоў і мацерак пазабівалі, а іхні бацька ўжо дзесяць гадоў жывы?! Пераглядаюцца паміж сабою, ніжэй галовы прыгінаюць, а праўды не кажуць. Людзі ж, нібы нешта адчуваючы, не разыходзяцца па хатах, а стаяць ля іхняга поля ды не перастаюць дапытвацца:
     — Няўжо не скажаце? Мы ж ведаем, што не самі дадумаліся. Адкуль вы маглі пра такое прачуць, калі на нашым вяку такога не здаралася тут? Скажыце, хлопцы. Чаго ўжо там хавацца. Усё роўна некалі на паверхню выплыве.
     Хлопцы, тым не меней, зноў перамаўчалі. Ледзьве вечара дачакаліся і да бацькі прыпусцілі. Расказалі яму, як цяжка ад вяскоўцаў адчапіцца, бо праходу не даюць. Бацька нічога канкрэтнага тут параіць не мог. Ведаў жа, што калі сыны раскрыюць таямніцу, яму смерць зноў будзе пагражаць. Невядома ж, як да ўсяго гэтага сяляне паставяцца. Так і сказаў сынам. Апусцілі тыя галовы ды дамоў падаліся. Ідуць ціха, ледзьве ногі перастаўляюць, а самы малодшы і кажа:
     — Давайце, браткі, скажам праўду. Можа, адумаюцца нашыя вяскоўцы і не будуць патрабаваць смерці для нашага таты. Ды і іншых старых зберажом, бо яны калі не сілай, то мудрасцю, вопытам жыццёвым будуць карысныя ўсім. I лепшы таму доказ — апошнія падзеі. Хто як не наш стары бацька падказаў выйсце са, здавалася б, безвыходнага становішча?..
     3 цяжкім сэрцам, аднак пагадзіліся браты са словамі малодшага. Пайшлі раніцай збожжа жаць, а вяскоўцы зноў купкай падышлі і дапытвацца сталі:
     — Скажыце, хлопцы...
    — Ну што ж, калі просіце, то скажам. I пачнём з таго, што павінавацімся перад вамі...
      Людзі маўчалі, нічога не разумеючы, а браты працягвалі:
     — Наш стары бацька не памёр, і мы яго не забілі, як павінны былі зрабіць у адпаведнасці з нашымі законамі. Мы яго схавалі і есці яму патаемна насілі, раіліся з ім, калі што якое надаралася. Дзякуючы яму мы не толькі самі з голаду не памёрлі, але і вам вунь колькі збожжа можам на наступную вясну даць, каб вы палі засеялі ды чакалі спакойна ўраджаю. Хто б мог дадумацца, што страха нашых будынін пакрыта неабмалочаным збожжам?.. Хто б такое падказаў, калі б не стары?..
Навокал панавала цішыня. Толькі ледзьве чутна шаптаў нешта сваё, адвечнае, гарэза-ветрык. Старэйшы з братоў працягваў:
     — Хочаце — карайце нас, хочаце — даруйце, вось вам чыстая праўда. Дадам яшчэ, што мы не шкадуем, што гэтак зрабілі, няхай і панясём за свой учынак пакаранне. Затое бацька наш жывы і сумленне нашае чыстае...
    — I дзе ж вы яго гэтулькі часу хавалі? — запыталася нейкая цікаўная жанчына, якой, відаць, не цярпелася даведацца, як жа гэта дзесяць гадоў хавалі чалавека, і нават жанчыны з іхнімі языкамі-мянташкамі не даведаліся.
    — Ды ў такой мясціне, што вы і не падумалі б...
    — Але ўсё ж, дзе? — запыталася ўжо некалькі галасоў.
    — На балоце, ва Урэччы. Там, дзе высокія выспы сярод багны ўзвышаюцца, дзе адвечны бор расце... Вось там мы тату жыллё і пабудавалі, туды і есці праз два дні на трэці насілі...
    — А хто вас падвучыў бацьку схаваць? — пасля некаторага маўчання прагучаў нейчы голас.— Відаць, таксама нехта параіў?..
     — Ды ніхто нічога не падказваў, проста наш малодшы такое запрапанаваў...
    Пасля гэткай навіны пачалі вяскоўцы спрачацца, што ім рабіць з людзьмі, якія парушылі адвечны парадак, заведзены ў іхнім паселішчы. Крычалі, нібы тыя сарокі на падворышчы. Трашчалі многа, некаторыя нават спрабавалі за вопратку хапацца. Крычалі доўга, але нарэшце вось да чаго прыйшлі. Устаў старэйшы вясковец і кажа:
     — Доўга мы тут, браты, спрачаліся, самі ж чулі. Вырашылі зрабіць так: караць не будзем, бо вы нам у многім дапамагалі і зерня на будучую вясну далі — гэтага забываць нельга. Але ж вы і падманулі нас, не сказалі адразу, што бацьку свайго не забілі. Можа б, і мы тады адумаліся... Таму большасць вырашыла, каб вы пайшлі з нашага паселішча і сталі жыць асобна. Не прымушаем рабіць гэта зараней. Дазваляем вясны дачакацца, нават можаце бацьку да сябе забраць. Ніхто болей і слова дрэннага на вас не скажа. Такая воля ўсіх. Выканайце яе і прабачце, калі што не так...
     3 вясны перабраліся браты да бацькі. Пабудавалі з цягам часу хаціны і хлявы і сталі спакойна жыць. Адтуль і назва Урэчча, бо паміж двума рэчкамі паселішча стала.

Міншчына ў легендах і паданнях, Мінск “Беларусь” 1998 Складанне, запіс і апрацоўка А.М.Ненадаўца
 

Да зместу

Герб г.Любань

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©
Hosted by uCoz