Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 

ПАЛЕШУКІ I ПАЛЕВІКІ
Легенда

       Было ў бацькі дванаццаць сыноў, ды ўсе яны былі вельмі ўдалыя хлопцы. Жылі ў цёмным лесе, дзе вадзілася шмат усялякага звяр'я, пасвілі сваё гавяда ды лавілі зверыну.
Суседзі жылі далёка і рэдка рабілі ім шкоду, бо баяліся ўдалых хлопцаў. Жылі тыя разам і слухалі старога бацьку, а ён ужо сівенькі, бы лунь, сядзеў сабе ў кажушку ды камандаваў. I быў у іх лад, і ўсім было добра.
      Яны ўсе пажаніліся і мелі шмат дзяцей, але ўсе слухаліся старога, і кожны рабіў сваю справу. Толькі вось памёр стары бацька, і пачалі жанкі сварыцца паміж сабою, пачалі калаціцца ды падбухторваць сваіх гаспадароў. I такая ў іх пайшла калатня, што і жыцця няма. Ведама, калі бабы чаго захочуць, то і сам чорт іх не пераставіць. А тут яны ў адзін голас крычаць: дзяліцца ды дзяліцца.
Пачалі браты дзяліцца. Калаціліся, калаціліся яны, пакуль дзялілі гавяда ды ўсё дабро, а як пайшлі дзяліць зямлю, дык так пачалі біцца, што чуць адзін аднаго не пазабівалі.
       Калоцяцца браты паміж сабою за зямлю, захопліваюць чужыя дзялянкі, і няма ў іх спакою. Толькі два малодшыя браты жылі паміж сабою вельмі згодна: куды адзін, туды і другі. Не захацелі яны калаціцца з братамі; кінулі сваю бацькаўшчыну дый пайшлі ў свет шукаць сабе зямлі.
      От занялі ды і пагналі яны свой статак, зрабілі з двух дубоў з карэннямі вялізныя сані, запрэглі дванаццаць пар валоў, наклалі ўсялякага дабра, яшчэ пасадзілі жанок з дзецьмі ды і паехалі па пяску.
      Працягнулі трохі валы дый сталі, не могуць цягнуць сані па пяску. От болыны брат давай падкладваць упоперак пад палазы круглыя калодкі. Коцяцца калодкі, і сані паўзуць уперад.
Надакучыла меншаму брату падкладваць калодкі пад палазы, ён і кажа:
    — Давай, братка, зробім такую прыладу, каб калодкі заўсёды круціліся пад палазамі, — ды зрабілі яны колы.
     Лёгка пацягнулі валы, так што яшчэ браты самі селі на воз. Едуць яны, едуць, пад'язджаюць да вялікай рэчкі. Шукалі, шукалі, нідзе не знайшлі месца, каб пераехаць уброд. А тут усхадзілася вялікая бура. Лес раве, бы звер. Вецер ломіць дзераўлякі, як баба кастрыцу, дый кідае на зямлю і ў раку. Плыве па вадзе дзерава, бы плыты. Зірнуў на тое малодшы брат і здагадаўся, як перабрацца цераз раку. От давай яны з братам лавіць на рацэ дзераза, звязваць яго разам і рабіць плыт.
      Сунялася бура, падагналі яны той плыт шчыльна да берага, запрэглі валоў і ўзвезлі воз на плыт. Стаяць на плыце, кіруюць доўгімі жэрдкамі, а плыт сам і плыве з вадою.
     Аднесла плыт далёка, але вось ён прыстаў да другога берага. Пабачыла гавяда, што валы паплылі па рацэ на другі бок, кінулася яна ў ваду ды і пераплыла цераз раку.
     Паехалі браты далей і забраліся ў такі лес, што і канца яму нямашака. Не могуць далей ехаць — лес не дае. Пачалі яны церабіць дарогу ды масціць грэблі. Але дзе там: чым далей, тым лес гусцее, а ў ім такая тхлань і нетры, што і выбрацца нельга.
     От і кажа большы брат:
     — Астануся я тут, не магу выбрацца з лесу.
      I застаўся ён сярод таго лесу. I назвалі яго і дзяцей яго палешукамі.
    Малодшы ж брат настойліва працярэбліваў дарогу, масціў грэблі, клаў кладкі і ехаў усё далей. Можа, і цяпер на Палессі яшчэ ёсць тыя прасекі ды грэблі, што нарабіў той упарты чалавек. Ці доўга яны ехалі на сваім возе, як убачылі, што лес пачаў радзець, пачалі трапляцца прагаліны, палянкі ды палі; яны спыніліся там і сталі разрабляць поле. Затым-то і назваліся яны палевікамі.
     Потым размножыліся і палешукі, і палевікі, занялі пусты лес дый пачалі жыць адны каля другіх побач...

 

Да зместу

Герб г.Любань

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©
Hosted by uCoz