Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 

Сялянская пісьменнасць


     У пачатку XIX ст. у Расіі ўпершыню створана міністэрства народнай асветы. Еўрапейская частка краіны падзялялася на шэсць навучальных акруг, на чале якіх стаяў папячыцель. Землі Беларусі, у тым ліку і Любаншчыны, увайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі. Рэформа асветы павінна была забяспечыць прамысловасць і гандаль адукаванымі работнікамі. Рэформа асветы з-за недахопу сродкаў зацягнулася на дзесяцігоддзі, многія праблемы не былі вырашаны да 1828 г., калі быў прыняты новы школьны статут. Была замацавана трохступеневая сістэма агульнай адукацыі, уведзены жорсткі саслоўны прынцып асветы. Гімназіі прызначаліся для дваранства і чыноўніцтва, павятовыя вучылішчы — для мяшчан, купцоў і рамеснікаў, прыходскія — для ніжэйшых саслоўяў. Улады не імкнуліся да ўсеагульнай пісьменнасці насельніцтва, больш таго — не былі зацікаўлены ў ёй. Навучанне дзяцей вялося выключна на рускай мове; беларускай мовы ўлады не прызнавалі, як і саміх беларусаў, пагарджалі ёю і яна фактычна была забаронена...
     У такіх умовах у 1839 г. у Любані была адкрыта прыходская школа. Яна існавала за кошт сродкаў жыхароў мястэчка, якія хацелі даць элементарную адукацыю сваім дзецям. Праграма навучання вызначалася, як правіла, узроўнем ведаў самога настаўніка. Навучалі дзяцей у прыходскіх школах звычайна дз'ячкі, арганісты, псаломшчыкі, удовы царскіх чыноўнікаў. За партамі сядзелі дзеці сялян, купцоў і мяшчан, духавенства, дваранства. Дваранскае саслоўе, шляхта, асабліва засцянковая, звярталася часцей да паслуг хатніх настаўнікаў — гувернёраў, «шпектараў». Дзеці знаёміліся з асновамі арыфметыкі, стараславянскага і рускага чытання ў царкоўнапрыходскіх ці ў вясковых школах, дзе заняткі вёў адукаваны настаўнік. Падобныя школы існавалі пры царквах у в. Таль, Шыпілавічы, Замошша, Невалаж, М. Гарадзяцічы. Адкрытыя ў 1863—1865 гг. школы ў в. Асавец, Забалаць, Дарасіно, Загалле і ў м. Урэчча былі перададзены Міністэрству народнай асветы.
Школьная рэформа сярэдзіны XIX ст. садзейнічала пашырэнню аду кацыі сярод народных мас, але не мяняла ідэйна-палітычнай накіраванасці школьнай адукацыі. Такая палітыка адносна народных вучылішч вызначалася «Часовымі правіламі», згодна з якімі пачатковыя школы на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю былі перададзены пад кантроль праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і паліцыі. Правілы прадпісвалі выкладанне ў школах элементарных прадметаў — рускай і царкоўнаславянскай граматы, арыфметыкі, «дагматаў праваслаўнай веры і царкоўным спевам». Большая частка навучальнага часу ў пачатковых школах адводзілася закону божаму, малітвам. Для школ Паўночна-Заходняга краю праўленне Віленскай навучальнай акругі рыхтавала падручнікі па рускаму чытанню, дзе змешчана вялікая колькасць матэрыялаў па гісторыі праваслаўнай царквы.
    Аднак нягледзячы на рэакцыйны характар палітыкі ў народнай асвеце, а таксама матэрыяльныя цяжкасці сялян, імкненне іх да ведаў было вялікім. У сярэдзіне XIX ст. на Любаншчыне ў школах рознага тыпу займалася больш 400 дзяцей. У в. Загалле з 579 дзяцей школу наведвалі 159.


   

    Царскі ўрад адпускаў на адукацыю нязначныя сродкі і даваў дазвол на адкрыццё школ там, дзе насельніцтва згаджалася ўтрымліваць іх на свае сродкі — такія школы называліся «грамадскімі»: у в. М. Гарадзяцічы, Юшкавічы, Мардзвілавічы, Закальное, Таль, Урэчча, Ямінск, Загалле. Школьныя памяшканні будаваліся таксама на сродкі сялян.
     У выніку таго, што большая частка расходаў на народную адукацыю клалася на насельніцтва, школьная справа развівалася марудна. Школ не хапала. У адну школу хадзілі дзеці з некалькіх населеных пунктаў. Напрыклад, школу ў в. Шыпілавічы наведвалі дзеці з Рэдкавіч, Юрковіч, Арлёва, Нежына. Выхад са становішча быў у адкрыцці дамашніх школ. На некалькі дамоў наймаўся пісьменны хлопец, які вучыў сялянскіх дзяцей. Такія школы існавалі ў Замошшы, Смольгаве, Кузьмічах, Ямінску.
    Болынасць настаўнікаў народных школ не мелі неабходнай падрыхтоўкі. Толькі ў Дарасінскім, Урэцкім, Забалацкім, Асавецкім, Ямінскім народных вучылішчах, Тальскай і Ямінскай цар коўнапрыходскіх школах працавалі выпускнікі настаўніцкіх семінарый.
 

Любанскае народнае вучылішча з рамесным аддзяленнем. 1912 г.

     У астатніх 18 школах настаўнікамі былі сялянскія хлопцы, якія скончылі пачатковыя школы. У многіх школах працавалі свяшчэннікі, якія мала ўдзялялі ўвагі навучанню дзяцей. У в. Шыпілавічы свяшчэннік Плышэўскі замест навучання прымушаў дзяцей нарыхтоўваць дровы, даглядаць дамашнюю жывёлу. Валасны старшыня звярнуўся з просьбай прыслаць у вёску новага настаўніка. Плышэўскі быў вызвалены ад работы школьным настаўнікам, заняткі да канца навучальнага года праводзіў прычотнік Акаловіч. 3 новага навучальнага года школа ў Шыпілавічах была закрыта, дзеці хадзілі ў Забалаць.
     3 1900 г. па 1914 г. на тэрыторыі Любаншчыны было адкрыта 7 новых школьных устаноў, скарацілася колькасць школ царкоўнага ведамства. Замест царкоўнапрыходскіх школ адкрываліся народныя вучылішчы. Вучылішчы адкрываліся на падставе прыгавораў сялянскай абшчыны, згодна з якімі сяляне абавязваліся ўносіць не менш 75 руб. у год на працягу 10 гадоў. Неабходна было таксама адвесці пад сядзібу адпаведны надзел зямлі (да 1 дзесяціны), нарыхтаваць і даставіць матэрыял на пабудову вучылішча.

І. I. Літошка, сельскі настаўнік,
арганізатар ячэйкі РСДРП на Любаншчыне

 

Найбольш стары будынак у г. Любань (канец XIX ст.) — сінагога, цяпер — дзіцячая музычная школа
 

     У 1907 г. савет Мінскай дырэкцыі народных вучылішч разгледзеў праект статута 2-класнага вучылішча з рамесным аддзяленнем у м. Любань: «Любанская двухклассная школа имеет своей целью дать учащимся в ней познання в объеме программ двухклассных училищ Министерства Народного Просвещения с преподаванием элементарных сведений по технологии, физике, математике, химии, и сверх того, обучить ремеслам плотнично-столярному, токарному н корзиночному». Папячыцель Віленскай навучальнай акругі даў дазвол на адкрыццё вучылішча са штатам 4 чалавекі: загадчык, настаўнік, майстар, законанастаўнік. У 1910 г. навучаліся 38 хлопчыкаў.
   Змяніліся метады навучання. У пачатковых школах пачалі выкарыстоўваць тлумачальнае чытанне, наглядныя дапаможнікі. Праўленне Віленскай навучальнай акругі па-ранейшаму ставіла перад школамі задачу выхавання ў дзяцей духу вернасці праваслаўнай царкве і адданасці самадзяржаўю. Галоўнымі прадметамі ў школах заставаліся «Закон божы» і царкоўнаславянскае чытанне з царкоўнымі спевамі. Бібліятэк не мелася нідзе, пры некаторых школах існавалі кніжныя паліцы. У 1905 г. у школьных бібліятэках налічвалася 780 экземпляраў кніг для пазакласнага чытання.
     Падзеі, што адбыліся на пачатку XX ст., не прынеслі значных змен у справе адукацыі насельніцтва. Школ па-ранейшаму не хапала. Дзеці сялян у асноўным атрымлівалі адукацыю ў дамашніх школах у «дарэктараў», якія мелі пачатковую адукацыю. Школы размяшчаліся звычайна ў наёмных сялянскіх хатах. Толькі чатыры — Любанскае, Асавецкае, Урэцкае і Забалацкае народныя вучылішчы размяшчаліся ў спецыяльна пабудаваных памяшканнях. Любанскае двухкласнае вучылішча атрымала ў 1912 г. двухпавярховы будынак, узведзены на сродкі жыхароў мястэчка.
                                                                                             Н. М. Сіняк
ЛІТАРАТУРА
НГА Беларусі, ф. 242, воп. 1, с. 1022; ф. 324, воп. 1, с. 838; ф. 458, воп. 1, с. 51, 78, 270; ф. 461, воп. 1, с. 15.
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1886/87 уч. год.
Зеленскый Ш. Материалы для географии и статистики Минской губернии, 1864 г.

 

Да зместу

Герб г.Любань

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©
Hosted by uCoz