Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 

У Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай

 


     У XIII ст. палітычны цэнтр беларускай дзяржаўнасці перайшоў з Полацка на Панямонне, у Наваградак. У 50-я гады Міндоўг, а затым яго сын Войшалк аб'ядналі Наваградскую зямлю з Літвою. Пры Гедыміне (1316 — 1341 гг.) склалася ядро Беларуска-Літоўскай дзяржавы, якая атрымала назву Вялікае княства Літоўскае. Пануючае месца ў княстве заняла беларуская культура, дзяржаўнай стала беларуская мова. У другой палове XIV — пач. XV ст. пры князях Альгердзе і Вітаўце ВКЛ у сваіх межах дасягала ад Балтыйскага да Чорнага мора, ад Бярэсця да Мажайска.
     Слуцкае княства ўвайшло ў склад гэтай вялікай і магутнай дзяржавы ў 20 — 30 гады XIV ст. Відавочна, гэта было мірнае ўваходжанне, па ўзаемапагадненню, нашчадкі Юрыя Яраславіча княжылі ў Слуцку да канца XIV ст. Пад 1387 г. у адным з актаў згадваецца Юрый Слуцкі, верагодна, апошні прадстаўнік слуцкіх Яраславічаў.
     У 1395 г. вялікі князь літоўскі Вітаўт, праводзячы палітыку цэнтралізацыі і ліквідацыі ўдзельных княстваў, выгнаў з Кіева Уладзіміра Альгердавіча, брата польскага караля Ягайлы, і пасадзіў яго на княжанне ў Капылі і Слуцку. Уладзімір перадаў Слуцк свайму сыну Алельку. Князі Алелькавічы правілі Слуцкім княствам да 1612 г.
Алелькавічы — адзін з найбольш знакамітых магнацкіх родаў на Беларусі, які адыгрываў значную ролю ў грамадскім жыцці ВКЛ у XV — XVI ст. Заснавальнік роду Аляксандр карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх феадалаў як военачальнік і дыпламат. У 1410 г. пад яго кіраўніцтвам слуцкая харугва прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве. Пасля смерці Вітаўта Алелька быў вылучаны кандыдатам на вялікакняжацкі пасад. За ўдзел у грамадзянскай вайне ў 30 я гады XV ст. арыштаваны і пасаджаны ў астрог. У 1443 г. вялікі князь Казімір вярнуў Алельку Слуцк і Кіеўскае княства, адабранае ў яго бацькі. Памёр Алелька ў 1454 г. і пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
      Малодшы сын Алелькі Міхал атрымаў пасля смерці бацькі Слуцкае княства («сел на отчнне своей») і княжыў у 1454 — 1481 гг. Брату яго Сямёну было аддадзена Кіеўскае княства. Пасля яго смерці Міхал доўга і беспаспяхова змагаўся за Кіеў, з мэтай стаць вялікім князем ВКЛ стварыў групоўку княжацкіх і магнацкіх родаў, якая збіралася скінуць Ягелонаў. На выпадак няўдачы быў прадугледжаны другі варыянт: аддзяленне ад ВКЛ усходніх зямель Беларусі і прызнанне над імі апекі вялікага князя маскоўскага. У змове прынялі ўдзел князь Галыяанскі і інш. Змова была раскрыта, у жніўні 1481 г. Міхал Алелькавіч і Гальшанскі былі пакараны смерцю ў Вільні, Бельскаму ўдалося збегчы ў Маскву. Вялікі князь Казімір пакінуў Слуцкае княства ва ўладанне ўдавы Міхала Ганны Мсціслаўскай і яго малога сына Сямёна.
     Сямён Алелькавіч княжыў у 1481 — 1505 гг. На чале войска ў 1502 і ў 1503 гг. адбіў набегі крымскіх татар і разбіў іх у бітвах на рэках Уза і Прыпяці. Сын Сямёна Юрый разам з маці ўзначальваў у 1508 г. абарону Слуцка, абложанага войскамі М. Глінскага. Смелая вылазка пад яго кіраўніц-твам спрыяла зняццю аблогі. У складзе войска ВКЛ удзельнічаў у разгроме татарскага набегу ў 1511 г., у Аршанскай бітве 1514 г. Разам з іншымі жыхарамі Слуцкага княства ў гэтых бітвах, верагодна, прымалі ўдзел і жыхары Паарэсся. Значную ролю ў жыцці ВКЛ адыгрываў і яго сын, таксама Юрый, слуцкі князь у 1542 — 1578 гг. Ён удзельнічаў са сваёй харугвай у Лівонскай вайне, але пасля падпісання Люблінскай уніі 1569 г. страціў месца і ў Радзе ВКЛ, якое займалі раней слуцкія князі. Валодаючы значнымі багаццямі, Юрый Алелькавіч даваў вялікаму князю ВКЛ грашовыя пазыкі пад заклад буйных зямельных уладанняў. Пры яго двары вялікая была біб ліятэка, якой карыстаўся гісторык і паэт М. Стрыйкоўскі.
     Апошнім з роду Алелькавічаў па мужчынскай лініі быў яшчэ адзін Юрый, сын Юрыя Юр'евіча, які кня жыў у Слуцку ў 1578—1586 гг. Пры ім княжацкі двор у Слуцку заставаўся буйным культурным цэнтрам. Нашчадкаў па мужчынскай лініі ён не меў, яго дачка выйшла замуж за Януша Радзівіла, і пасля яе смерці ў 1612 г. Слуцкае і Капыльскае княствы перайшлі да Радзівілаў...
    У склад Слуцкага княства ў XVI ст. уваходзілі землі па р. Арэса. У дакументах гэтага часу ўпамінаюцца мястэчкі Урэчча і Любань, некаторыя вёскі. У пачатку XVI ст. адбыліся змены ва ўнутрыпалітычным жыцці ВКЛ. Удзельныя княствы былі паступова ліквідаваны, але Слуцкае як адміністрацыйна тэрытарыяльная адзінка захавалася да 1791 г. У 1507 г. Слуцкае княства, а разам з ім і паарэскія землі, увайшло ў склад Наваградскага павета Наваградскага ваяводства. Княства захавала некаторыя рысы феадальнага ўдзелу са сваёй сістэмай кіравання, судом ў замку князя, апалчэннем мелкіх феадалаў (шляхцічаў) і воінаў, якія за сваю службу атрымлівалі зямельныя надзелы ў спадчыннае валоданне.
Жыхарам Слуцкага княства ў XVI ст. не аднойчы прыходзілася бараніць сваю зямлю ад іншаземных захопнікаў. Пачатак стагоддзя быў адзначаны барацьбой з крымчакамі. Летам 1502 г. татары пранесліся праз украінскія землі, пераправіліся праз Прыпяць і па чалі рабаваць землі на поўнач ад ракі. Аб'яднаны атрад слуцкага князя Сямёна Алелькі разбіў іх на р. Уша за Бабруйскам. Былі вызвалены палонныя і аднята нарабаванае татарамі дабро. Новы набег адбыўся ў канцы лета таго ж года. Шасцітысячнае войска Баты-Гірэя праз землі Слуцкага княства падышло да Слуцка. Татары захапілі горад, але замкавыя ўмацаванні аказаліся ім не пад сілу. Разрабаваўшы землі вакол Слуцка, Капыля і Клецка, яны з вялікай колькасцю палонных вярнуліся ў Крым.
Найбольш спусташальны набег крымчакоў на Беларусь адбыўся ў жніўні 1505 г. Ворагі зноў захапілі драўляны Слуцк і разбурылі яго, разрабавалі навакольныя вёскі. Спусташэнне зямель давяршыла эпідэмія, якую занеслі заваёўнікі.
Наступны набег на Беларусь татары зрабілі ў ліпені 1506 г. Іх шлях зноў пралягаў праз землі на поўначы ад Прыпяці. Ворагі падышлі да Слуцка, але ўзяць горад не ўдалося. Лагер татар пад Клецкам быў разбіты войскамі ВКЛ пад кіраўніцтвам М. Глінскага. Пасля гэтага паражэння буйныя набегі на Беларусь не паўтараліся, хоць невялікія атрады з'яўляліся ў 1508 і 1521 гг. Жыхары Любаншчыны ў складзе Слуцкага апалчэння маглі прымаць удзел у бітвах з татарамі на Украіне ў 1511 і 1527 гг., удзельнічаць у паходзе пад Оршу ў 1514 г.
У 1569 г. літоўскія і беларускія феадалы падчас Лівонскай вайны пад пагрозай страты незалежнасці ВКЛ вымушаны былі пайсці на саюз з Польшчай і заключылі Люблінскую ўнію. Землі па Арэсе ў другой палове XVI ст. увайшлі ў склад новай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. Населеныя пункты Любаншчыны ўпершыню сустракаюцца ў пісьмовых крыніцах XVI ст. У 1582 г. сыны слуцкага князя Юрыя Алелькі падзялілі паміж сабой уладанні, што засталіся ім у спадчыну ад бацькі. Частка земляў і маёмасці, у тым ліку Любань, трапіла да малодшага Алелькі — Аляксандра. У сумесным валоданні братоў (Юрыя, Яна-Сымона і Аляксандра) застаўся Свята-Троіцкі (Трайчанскі) манастыр, адзін з самых старажытных на Беларусі, які заснаваны ў XIII ст. і дзейнічаў да 1870 г. Архімандрыты Слуцкага Трайчанскага манастыра, як намеснікі кіеўскага мітрапаліта, у XVII — XVIII ст. мелі выключныя правы на ўпраўленне праваслаўнымі царквамі і духавенствам на Беларусі.
У дакуменце аб падзеле Слуцкага княства паміж братамі прыводзяцца старажытныя інвентары і ўпамінаюцца в. Рэдкавічы, Шыпілавічы, Ямінск, якія належалі Трайчанскаму манастыру. У XVII ст. на карысць манастыра выконвалі павіннасці сяляне в.Убіба хі (Калінаўка). У гэты час у манастырскіх сёлах налічвалася дымоў (дом і двор гаспадара): Шыпілавічы — 9, Рэдкавічы — 8, Ямінск — 16, Убібахі — 1. У гэтым жа дакуменце ўпамінаюцца плябанскія службы в. Асавец, Пласток, Цябусы (Чабусы). У апісанні Ярэміцкага прыходу пад 1583 г. ёсць звесткі аб вёсках Закальное, Невалаж, Смольгаў, Юшкавічы, Кастынкі (Касцяшы), Чачэнне (Чачэнск), Обчын Вялікі і Малы.
У канцы XVI ст. землі Слуцкага княства сталі аб'ектам гандлю ў магнацкіх сем'ях. У 1600 г. апякун 15-гадовай слуцкай княгіні Соф'і Юр'еўны, апошняй з роду Алелькавічаў, каб узмацніць свае пазіцыі ў дзяржаве і павялічыць зямельныя ўладанні, выдаў яе замуж за 21-гадовага Януша Радзівіла і атрымаў ад Радзівілаў 360 тыс. злотых і 500 валок (больш 10 тыс. гектараў) ворыўнай зямлі. У 1612 г. Соф'я Алелькаўна памерла, яе ўладанні адышлі да Януша Радзівіла, ён атрымаў Слуцкае княства з усімі гарадамі і мястэчкамі, 32 фальваркамі.
Радзівілы, новыя ўладальнікі княства, вырашылі ўмацаваць горад і крэпасць Слуцк. Жыхары Любані плацілі грашовы аброк на будаўніцтва фартыфікацыйных збудаванняў і ўтрыманне ваеннага гарнізона ў Слуцку. Багуслаў Радзівіл памёр у 1669 г., слуцкай кня гіняй стала яго адзіная двухгадовая дачка Людовіка – Караліна. Слуцкам і княствам упраўлялі эканомы на чале розных чыноўнікаў. Адзін з іх, Станіслаў Незабытоўскі, кіраваў княствам пачынаючы з 1682 г. на працягу 32 гадоў. Старшы эканом быў і ваенным губернатарам, якому падпарадкаваліся каменданты і губернатары гарадоў. Фінансавымі справамі займаўся «камермейстар». Такая сістэма кіравання княствам захавалася на працягу дзесяткаў гадоў, таму што малалетняя княгіня выхоўвалася ў сваяка ў Берліне, у брандэнбургскага курфюрста і засталася назаўсёды ў Германіі. Яна толькі зрэдку наведвала свае ўладанні. Слуцкае княс-тва было нібы дзяржавай у дзяржаве. У 1695 г. Людовіка – Караліна памерла, ўладанні перайшлі да яе двухгадовай дачкі Лізаветы Аўгусты Нейсбургскай, затым да яе дачок. Яны ніколі не на ведвалі сваё княства, атрымлівалі толькі падаткі з гараджан і сялян.
У 1569 г. архімандрыт Трайчанскага манастыра пералічваў мерапрыемствы, якія неабходна выканаць сялянам: у Шыпілавічах і Рэдкавічах засеяць землі фальварка Шыпілавічы, гадаваць жывёлу, з кожнай каровы сабраць па фасцы масла і капе сыру, масла і сыр на Вялікдзень даставіць у манастыр. Вялікую рыбу вяндліць... Аглядзець усіх пчол, прыглядзець месца пад пасеку. А цяпер (вясной) колькі мёду і воску ёсць перадаць у манастыр. Біць ваўкоў і лісіц, разводзіць гусей, качак, курэй. Калі яны не могуць справіцца з работамі, упраўляючы можа наняць чэлядзь... Такія указанні атрымалі таксама сяляне в. Ямінск, Трайчаны, Убібахі.
Паарэскія землі ў XVII ст. былі ўключаны ў грашова-таварныя адносіны Рэчы Паспалітай, аб чым сведчыць знойдзены ў 1983 г. каля в. Кузьмічы скарб манет Рэчы Паспалітай — трохграшовікі канца XVI — пачатку XVII ст. Аграрная рэформа Рэчы Паспалітай, праведзеная ў XVI ст., увяла фальваркава паншчынную сістэму як аснову сельскай гаспадаркі. Гэта прывяло да ўзмацнення эксплуатацыі прыгонных сялян, іпто прымушала іх шукаць лепшыя ўмовы жыцця і працы, дамагацца волі. Ліхаманіла грамадства і рэлігійнае пытанне: праваслаўная царква не хацела здаваць пазіцыі і вяла барацьбу супраць уніяцтва. Дадатковае напружанне ў адносінах паміж шляхтай, якой належала ўлада, і падуладнымі сялянамі і мяшчанамі ўносілі мова, этнічныя звычаі, веравызнанне...
Штуршком для выступлення беларускага сялянства стала паўстанне ўкраінскага казацтва ў 1648 г. «У вёсках пачалі з'яўляцца старцы-лірнікі, каторыя нагадвалі народу пра яго нядолю, пра перамогі казакоў і недалёкую гібель усіх паноў. Пачалі хадзіць дзіўныя і не падобныя да праўды чуткі, быццам шляхта ўзбунтавалася супраць караля, выношвае планы выразаць мужыкоў, а казакі за каралём...» 3 вёскі ў вёску перадаваліся лісты Багдана Хмяльніцкага, у якіх пісалася тое ж самае. Народ збіраўся, радзіўся і ў рэшце рэшт браўся за касу, рагаціну ці тапор і ішоў ў лес. Дружыны ўтвараліся вакол казацкіх атрадаў-загонаў, што дасылаў у паўднёвыя раёны Беларусі Хмяльніцкі. Казацкія атрады авалодалі многімі паўднёвабеларускімі гарадамі, у тым ліку і Бабруйскам.
У канцы жніўня 1648 г. вялікі атрад казакоў і мясцовых сялян на чале з Іванам Сакалоўскім падышоў да Слуцка і паспрабаваў узяць яго. У горадзе рыхтавалася паўстанне. 23 жніўня Іван Сакалоўскі накіраваў у Слуцк казакоў-парламенцёраў да княжацкага намесніка Яна Сасноўскага. Казакі прапаноўвалі добраахвотна здаць горад, каб пазбегнуць страт пры штурме. Сасноўскі чакаў падмацаванне ад Януша Радзівіла і пачаў перамовы, якія пра цягваліся некалькі дзён.
Казакі і сяляне пачалі штурм горада, але іх спасцігла няўдача, яны панеслі вялікія страты і вымушаны былі адступіць. Паўстанцаў праследавала войска гетмана. 3 верасня каля Пагоста яны прынялі бой у нявыгадных ўмовах, загінула болып за 2 тысячы чалавек. Сярод іх быў і Іван Сакалоўскі. Шляхта гнала атрад да самага Турава.
Зняцце асады Слуцка дало магчымасць феадалам жорстка душыць незадаволенасць і выступленні сялян ва ўсіх навакольных вёсках. Відавочца пісаў у тыя дні: «Ні ў якіх землях не было такога кровапраліцця, не правіла баль такая тыранія, якую спазнала цяпер захлынуўшаяся Полынча, і пачулі тое далёкія ад яе краіны. Страшныя, непапраўныя бедствы прынесла нечуваная ў Літве вайна паноў з халопамі. Шырокія палі ды лясы, шматлікія магілы захоўваюць аб гэтым ціхую, вечную памяць...»
У 1654 г. пачалася вайна Расіі супраць Рэчы Паспалітай. Землі краю зноў сталі арэнай баявых дзеянняў. Вясной 1655 г. адна з рускіх армій пад камандаваннем князя Трубяцкога наступала ў напрамку Слуцка, у верасні пачалася асада горада. У канцы верасня, так і не ўзяўшы горад, армія Трубяцкога вымушана была зняць аблогу і праз Любань адступала на ўсход. Многія вёскі былі абрабаваны. У сваім завяшчанні ўладальніца маёнтка Ямінск Гальска-Шыперава пісала, што яе гаспадар «двойчы адбудоўваў Ямінск і заводзіў гаспадарку ў ім пасля спусташэння. Пасля вайны яны засталі голае гумнішча, казакі не пакінулі нават дробнай жывёлы. У маёнтку засталося толькі некалькі калек з мужыкоў».
Страты беларускага народа ў выніку войнаў сярэдзіны XVII ст. былі вельмі цяжкімі. За 20 гадоў колькасць насельніцтва скарацілася з 2,9 да 1,4 млн. чалавек. Дзве трэці сялянскіх двароў стаялі пустымі, абрабаванымі.
Феадалы аднаўлялі разбураную вайной гаспадарку ці раздавалі сялянам землі, атрымліваючы грашовы або натуральны аброк. Аднаўленне патрабавала значных сродкаў, якіх не мелі нават многія магнаты. У XVII ст. шырокае распаўсюджанне атрымала арэнда. Як правіла, яна была непрацяглай, на адзін — тры гады. Арандатары хацелі як мага хутчэй атрымаць грошы, па-драпежніцку вялі гаспадарку, разарылі сялян. Да нашага часу захавалася прымаўка: «Лепш мець справу з панам, чым з падпанкам».
У канцы 50-х гадоў XVII ст. архі-мандрыт Слуцкага Трайчанскага манастыра залажыў на тры гады вёскі Ямінск, Шыпілавічы, Рэдкавічы, Убібахі войту слуцкаму Васілю Тышкевічу. Цяжкія ўмовы жыцця вымусілі сялян аказваць супраціўленне, на працягу пяці з паловай тыдняў яны адмаўляліся выконваць павіннасці на карысць Тышкевіча.
Пачалося гвалтоўнае пашырэнне ўніяцтва. Уніяцкае духавенства захоплівала праваслаўныя цэрквы і манастыры і ператварала іх ва ўніяцкія. Насельніцтва гвалтоўна вымушалі прымаць новае веравызнанне. У 1728 г. асавецкія свяшчэннікі Сямён і Пётр Біруковічы скардзіліся слуцкаму архімандрыту на дзеянні езуітаў, якія патрабавалі «вывесці святароў з царквы». Езуіты знялі царкоўны звон і сталі спраўляць сваю службу. Аднак многія сяляне не сталі наведваць уніяцкую царкву, не хацелі здраджваць сваёй веры. Такая ж скарга была атрымана і ад прыхаджан з м. Урэчча ў 1740 г., дзе праваслаўная царква не працавала на працягу больш года.
У XVIII ст. некаторыя землеўласнікі пачалі ствараць ў сваіх уладаннях прамысловыя прадпрыемствы — вінакурныя, смалакурныя, цагляныя, суконныя, шкляныя мануфактуры, заснаваныя на працы прыгонных сялян. Да такіх прадпрыемстваў адносіцца Урэцкая гута, адна з першых мануфактур на Беларусі.
XVIII ст. прынесла новыя выпрабаванні. Праз тэрыторыю краю пралягалі шляхі войск Пятра I і Карла XII, якія аднолькава жорстка рабавалі мясцовае насельніцтва. Сучаснік, гісторык Атвіноўскі пісаў: «Моцныя арміі як з таго, так і з другога боку няспынна перакачоўваліся праз Полыдчу, ад іх нападу ніводны чалавек любога саслоўя — ні ксёндз, ні шляхціц, ні гараджанін, ні бедны селянін, ні яўрэй — не абаронены. На шляху, хто б ні сустракаўся, губляў тое, што меў: каня, вопратку, абутак, шапку. Ваенныя, якія станавіліся на пастой у дварах, забіра-лі коней, сельская гаспадарка занепадала...»
У сярэдзіне XVIII ст. землі Слуцкага княства ізноў перайшлі да Радзівілаў. 22 мая 1744 г. быў заключаны дагавор паміж Геранімам Радзівілам і прадстаўніком курфюрства Пфальца. За валоданне гарадамі і мястэчкамі Слуцкага княства Радзівіл заплаціў курфюрсту 230 тыс. дукатаў. Сапегі, якія адмовіліся ад сваіх прэтэнзій на гэтыя землі, таксама атрымалі 2 мільёны злотых. Адмовіліся ад Слуцкага княства і іншыя магнаты. Нават прускі кароль Фрыдрых II атрымаў за адказ ад сваіх прэтэнзій мільён злотых. Слуцкае княства і іншыя землі Нейсбургскіх уладальнікаў абышліся Радзівілам у суму звыш шасці мільёнаў злотых, якая цяжкім ярмом легла на плечы насельніцтва.
Геранім Радзівіл быў жорсткім прыгнятальнікам. На працягу 5 гадоў ён жыў у Прусіі, вярнуўшыся на радзіму, заводзіў прускія парадкі, нямецкую муштру. У крэпасці штодзённа праходзілі вучэнні прыдворнага войска. Увечары камендант прыносіў Радзівілу ключы і атрымліваў «план практыкаванняў і экзекуцый» на наступны дзень.
Радзівіл ненавідзеў навакольную шляхту. У сваіх дзённіках ён пісаў з пагардай: «смярдзючае гноем сяброўства»...
Пасля смерці Гераніма Радзівіла ў 1760 г. слуцкім князем стаў яго старэйшы брат, ардынат Нясвіжа Казімір па прозвішчу Рыбанька. Праз два гады яго месца заняў Кароль Станіслаў па прозвішчу Пане Каханку. Бацькі вельмі песцілі свайго адзінага сына і нашчадка шматмільённых даходаў, у 15 гадоў ён не ўмеў чытаць і пісаць. Нейкі Пішчала здолеў навучыць яго адрозніваць літары: ён пісаў крэйдай, а затым загадваў па іх страляць. Увесь час Кароль бавіў на паляваннях. Грамадскія справы яго зусім не цікавілі, але тым не менш ён атрымліваў чыны і ўзнагароды: у пяць год — ордэн святога Губерта, у трынаццаць — маршалкаўства на віленскім сейміку, у шаснаццаць — дэпутацтва ў сейміку і ў літоўскім трыбунале. У семнаццаць гадоў Кароль Радзівіл — палкоўнік, у васемнаццаць — мечнік ВКЛ. Аб'ектыўную ацэнку Пане Каханку даў Енджэй Кітовіч: «Трэцім п'яніцай Рэчы Паспалітай, пасля надворнага літоўскага маршалка Януша Сангушкі і кароннага крайчага Адама Малахоўскага, быў віленскі ваявода князь Кароль Радзівіл, які па натуры мала адрозніваўся ад вар'ята, а п'яны зусім шалеў. Калі Малахоўскі нішчыў людзей віном, то Радзівіл забіваў зброяй. Нічога яму не каштавала стрэліць чалавеку ў лоб, нібы сабаку, такія здарэнні лічыліся ў доме і ў сям'і Радзівілаў нечым звычайным»... Кароль Радзівіл атрымліваў ад сваіх шматлікіх уладанняў у Польшчы, Літве, Украіне і Беларусі шматмільённыя даходы. Грошы, дабытыя крывёй і потам народа, ён бяздумна траціў на забавы, банкеты, раскошу.
Вялікія выпрабаванні выпалі на долю жыхароў краю з-за палітыкі Караля Радзівіла, які ўзначаліў гетманскую групоўку магнатаў. У 1764 г. яе праціўнікі арганізавалі генеральную кан федэрацыю і з дапамогай польскага караля Станіслава Аўгуста і царыцы Кацярыны II захапілі ўладанні Радзівіла, у тым ліку Слуцкае княства. Радзівіл уцёк у Венгрыю, кіраўніцтва княствам перайшло ў рукі канфедэратаў, якія грабілі горад і навакольныя землі. У хуткім часе Радзівіл пера йшоў на бок канфедэратаў і з ворага Кацярыны II стаў яе верным слугой. Усе яго ранейшыя ўладанні былі вернуты.
У лістападзе 1791 г. Слуцкае княства як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, праіснаваўшы некалькі стагоддзяў, было ліквідавана ў сувязі з рэформамі дзяржаўнага ладу ў Рэчы Паспалітай. Слуцк стаў цэнтрам павету Наваградскага ваяводства. Павет падзяляўся на сем парафій, землі па Арэсе ўвайшлі ў склад Глускай парафіі. Была прынята першая ў Еўропе Канстытуцыя, праведзены многія рэформы. Але час рэфармавання быў упушчаны, ніці вялікай палітыкі знаходзіліся ў руках іншаземных манархаў. Незадаволеная рэформамі ў Рэчы Паспалітай шляхта стварыла Таргавіцкую канфедэрацыю і звярнулася за дапамогай да Расіі. У сярэдзіне мая 1792 г. услед за 100-тысячнай расійскай арміяй канфедэраты ўступілі ў межы Рэчы Паспалітай. Спатрэбілася два месяцы, каб разбіць польскае войска. У 1793 г. адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога землі Мінскай акругі, у тым ліку і Любаншчыны, увайшлі ў склад Расійскай дзяржавы. У 1794 г. пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Адна з самых гераічных старонак гэтага паўстання на Беларусі была ўпісана ў яго гісторыю атрадам Стэфана Грабоўскага ў жніўні 1794 г. Трагічны фінал гераічнага рэйду атрада адбыўся пад Любанню на беразе Арэсы.
Апошні кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст IV (Станіслаў Панятоўскі) вымушаны быў адмовіцца ад прастола. У 1795 г. адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй. Як дзяржава яна перастала існаваць. Каля трох мільёнаў чалавек, якія пражывалі на тэрыторыі Беларусі, аказаліся ў складзе Расійскай імперыі.
Н. М. Сіняк
Акты Віленскай камісіі. Т. 33, 1908.
Мінская старына. Вып. 4, 1913.
Трыцкевич А. П. Древний город на Случи, 1985.
Мальдзіс А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст., 1982.
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, 1993.
 

Да зместу

Герб г.Любань

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©
Hosted by uCoz