Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 

Баронячы волю і годнасць


     Вясной 1794 г. у Рэчы Паспалітай пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. У абарону сваёй волі і годнасці са зброяй у руках услед за палякамі выступілі і беларусы. Адной з найболыш гераічных старонак паўстання быў рэйд атрада Стэфана Грабоўскага ў жніўні 1794 г. па Міншчыне. Месцам трагічнага канца дзёрскага і адчайнага паходу сталі берагі Арэсы пад Любанню.
                                                                                                    * * *
      Рэч Паспалітая канчаткова сфарміравалася ў 1569 г. праз унію (саюз) Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Беларусь перажыла ў XVII — XVIII ст. моцны паланізацыйны ўплыў. Тым не менш, Вялікае княства захоўвала яшчэ шэраг аўтаномных праў: мела сваё войска, грошы, збірала соймы, прытрымлівалася старажытных звычаяў, у тым ліку права карыстацца ў якасці дзяржаўнай старажытнай беларускай мовай (да 1696 г.).
     Частыя войны, міжусобная крывавая барацьба магнацка-шляхецкіх канфедэрацый, рэлігійная канфліктнасць знясільвалі краіну. Спроба ў другой палове XVIII ст. найболын прагрэсіўных, дэмакратычна настроеных прадстаўнікоў шляхты і магнатаў выправіць становішча праз рэфармацыю асноўных законаў паслужыла сігналам для эскалацыі агрэсіі з боку суседніх дзяржаў, найперш Расіі і Прусіі. У 1772 г. пасля падзелу Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй паўночна-ўсходняя Беларусь і Ліфляндыя апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Прыняцце 3 мая 1791 г. соймам Рэчы Паспалітай дэмакратычнай Канстытуцыі прывяло да другога падзелу «шляхецкай рэспублікі», да Расіі адышла цэнтральная Беларусь і правабярэжная Украіна. Указамі Кацярыны II у 1793 г. на тэрыторыі Беларусі ўтварылася Мінская губернія, было адменена дзеянне Канстытуцыі 1791 г. «Шляхецкая рэспубліка» стаяла на мяжы канчатковага знікнення.
      Такі ход падзей прымусіў найперш шляхту і магнацтва ў рэшце рэшт асэнсаваць трагізм сітуацыі, які перажывала іх краіна, усвядоміць рэальнасць пагрозы знішчэння незалежнасці. Гэтаму спрыялі таксама беспардонныя паводзіны расійскай адміністрацыі, адмена старасвецкіх вольнасцей і здабыткаў, якія ядналі насельніцтва Рэчы Паспалітай з Еўропай. Так паспявалі ўмовы для паўстання.
      Яно пачалося ў сакавіку 1794 г. на тэрыторыі Польшчы. На чале выступлення стаў генерал Тадэвуш Касцюшка. Ён нарадзіўся на Берасцейшчыне, паходзіў з небагатай сям'і беларускага шляхціца. Вясной і на пачатку лета паўстанцы атрымалі ў барацьбе з рускімі войскамі шэраг выдатных перамог. У красавіку ўзнялося таксама насельніцтва зямлі Вялікага княства Літоўскага. Ноччу 23 красавіка мясцовыя вайскоўцы пад кіраўніцтвам палкоўніка інжынерыі Якуба Ясінскага напалі на расійскі гарнізон у Вільні. Да раніцы паўстанцы захапілі арсенал, узялі ў палон генерала Арсеньева, 70 афіцэраў і каля 1500 салдат. Заклікі да паўстання пайшлі ў іншыя гарады Літвы і Беларусі. Адгукнуліся Гародня, Бярэсце, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Наваградак, Кобрын, Ашмяны, Ліда, Браслаў і іншыя гарады і мястэчкі. Паў станне шырылася на Беларусі.
 

Стэфан Грабоўскі

     На Міншчыне шляхта ў некаторых месцах збіралася ў атрады. Як пісаў 28 красавіка 1794 г. генерал-губернатар Т. Туталмін князю М. В. Рэпніну, «цішыня адкрытым чынам пачынае ўжо калыхацца... Нідзе яшчэ няма яўнага і адкрытага неўпарадкавання, але ўся грамадская думка да гэтага прыгатавана». Разносіліся прызывы накшталт звароту падкаморнага Браслаўскага ўезда Багуслава Мірскага: «... Возьмемся адзін з адным за рукі, кінем кожны свае спадзяванні, возьмем у рукі зброю, станем цвёрда, абаронім родную зямлю нашу, волю, жыццё — вось што ад вас патрабуецца». На Міншчыне, як пісаў С. Рункевіч, было шмат дробнай шляхты, якая заўсёды была гатова далучыцца да паўстання. Гэта вымусіла генерал-губернатара Туталміна сканцэнтраваць вялікія вайсковыя сілы ў Нясвіжы, умацаваць гарматамі замак у Слуцку і размясціць там салдат растоўскага палка. Праз цэрквы распаўсюджваліся ўніверсалы, у якіх гаварылася, што з «мяцежнікамі» жартаваць не збіраюцца: «усіх, каго са зброяю ў руках сустрэнуць» ці «якія нейкім чынам будуць садзейнічаць бунту ці загаворам, тыя не толькі сілай збройнаю будуць паражацца, але з імі і іх сялібамі будзе здзейснена як уласна з здраднікамі і сутнымі ворагамі ўласнай іх айчыны». Каб нейкім чынам адвадзіць ад удзелу ў паўстанні сялян, распаўсюджваліся чуткі, што тым, хто не будзе дапамагаць «мяцежнікам», дастануцца канфіскаваныя маёнткі і землі.
     Непаразуменні паміж Касцюшкам і радыкальна настроенымі кіраўнікамі паўстання ў Літве і Беларусі выліліся ў шэраг абвінавачванняў апошніх у непаслядоўнасці. Была створана Цэнт ральная дэпутацыя Вялікага княства, якая павяла болыя асцярожную тактыку вядзення паўстанцкай вайны. Напал барацьбы пачаў спадаць. Да гэтага часу на Беларусі стаяла ў розных гарадах і мястэчках каля 18 тысяч рэгулярнага расійскага войска. У ліпені — жніўні як у Польшчы, так ў Літве і на Беларусі паўстанцы цярпелі адно паражэнне за другім. 3 поўдня, адбыўшы турэцкую кампанію, на падмогу рускім палкам падыходзіў корпус А. Суворава. 11 жніўня паўстанцы вымушаны былі пакінуць Вільню.
      Атрымаўшы паведамленне аб захопе Вільні расійскімі войскамі, палкоўнік Стэфан Грабоўскі папрасіў дазволу ў камандуючага паўстанцкімі войскамі Літвы і Беларусі генерала М. Вяльгорскага на рэйд за расійскі «кардон» (мяжу другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г.). Ён атрымаў такі дазвол 15 жніўня ў Аранах, адкуль з 800 чалавекамі рэгулярнага войска (свайго 7-га палка) і 1000 добраахвотнікамі, 5 гарматамі рушыў пад Іўе.
С. Грабоўскі (1767—1847) нарадзіў ся ў Асташыне пад Наваградкам. 3 юнацтва прысвяціў сваё жыццё вайсковай службе. Прымаў актыўны ўдзел у паўстанні, кіруючы атрадамі ў мяцежнай Вільні, у бітвах пад Нямечынам, Палянамі, Соламі. Якімі мэтамі кіраваўся С. Грабоўскі, адпраўляючыся ў небяспечны паход? 3 матэрыялаў допытаў як самога С. Грабоўскага, так і блізкіх да яго людзей вынікала, што атрад павінен быў падтрымаць незадаволенасць мясцовага насельніцтва, падбухторваць яго да выступлення супраць расійскіх войск і адміністрацыі, шукаць сілы, якія здольны былі б удзельнічаць у паўстанні. Сваім рэйдам С. Грабоўскі меў на мэце адцягнуць на сябе частку мабільных расійскіх войск, не дазваляючы ім, такім чынам, ваяваць супраць асноўных паўстанцкіх груповак. У атрадзе было многа людзей, якія прагнулі помсты за злачынствы, здзейсненыя расійскімі войскамі.


      Рух паўстанцкага атрада пад кіраўніцтвам палкоўніка Стэфана Грабоўскага ў жніўні — верасні 1794 г. (1 — мяжа II падзелу Рэчы Паспалітай 1793 г.; 2 — накірунак руху; 3 — месцы найбольш значных ваенных сутычак з рускімі войскамі).


     С. Грабоўскі, падышоўшы да Іўя, прымусіў адступіць маёра Дземетрэ. Спаліўшы масты на Нёмане пад Мікалаевым, накіраваўся праз Івянец і Ракаў на Мінск. Да С. Грабоўскага далучалася шмат мясцовых людзей. Па розных звестках, пад Мінскам атрад налічваў 3 — 4 тысячы і болей чалавек. Як паведамляў адзін з удзельшкаў тых падзей, у войску Грабоўскага «было шмат «панічоў», дзяцей шляхецкіх і простай шляхты, якая была апранута ў світкі. Іншыя былі без абутку, другія ў лахманах, але ўсе адчайна мелі намер памерці ці перамагчы»...
     У Мінск на падмогу губернатару прыйшоў данскі полк пад камандаваннем прэм'ер-маёра Шчадрова. Казачы полк услед за эскадронам драгун той жа ноччу выйшаў за горад насустрач паўстанцам. Раніцай за казакамі спешна рушыў сам губернатар з 200 салдатамі і гарматамі. Пасля перастрэлкі паўстанцы павярнулі на Койданава. Тым часам у Мінск з-пад Вільні быў пера ведзены яшчэ адзін данскі полк, якім камандаваў прэм'ер-маёр Ілавайскі. Сюды спяшаўся брыгадны генерал князь Цыцыянаў з вялікім атрадам. Грабоўскі, пазбягаючы баёў, павёў сваё войска праз Дубічы на Пухавічы, Лапічы, Свіслач, трымаючы кірунак на Бабруйск. Паўстанцы стараліся не ўступаць у актыўныя ваенныя дзеянні з расійскімі палкамі. Рухаліся пераважна ноччу, днём хаваліся ў лясах. На сваім шляху яны знішчалі непрыяцельскія магазіны, псавалі камунікацыі, завальвалі дарогі і паштовыя тракты, падпальвалі масты, паромы, лавілі кур'ераў, бралі ў палон людзей, якія мелі дачыненне да расійскага войска, захоплівалі маёнткі паноў, «кои привезены из России».
     Імклівы рух атрада і яго актыўныя дзеянні не маглі адбывацца без падтрымкі мясцовага насельніцтва. У рапарце князя М. Рэпніна 30 жніўня адзначалася: «Но при всём том, по приверженности к ним здешних — соотчичей их, которые доставляют им всякое прокормление и подвозят на подводах, делают чрез то нашим за ними следующим войскам задержку и великое затруднение».
     Цэнтральнае паўстанцкае кіраўніцтва прадпісвала С. Грабоўскаму браць на службу ў атрад мясцовых жыхароў, але ў залічэнні на службу перавага аддава лася шляхце. Паўстанцы нападалі на тылавую варту рускіх войск, распаўсюджвалі пракламацыі і адозвы. Яны завязалі бой з мясцовай камандай у Бабруйску, але даведаўшыся, што да горада накіроўваюцца рэгулярныя войскі пад камандаваннем князя Цыцыянава, павярнулі на Глуск. Пры падтрымцы мясцовай шляхты і сялянства паўстанцкі атрад, каб адарвацца ад конніцы Цыцыянава, разбурыў некалькі мастоў, рабіў засекі на дарогах, знішчаў фураж. I ўсё ж Грабоўскага атакоўвалі і з флантаў, і з тылу. Толькі 1 верасня пад Глускам паўстанцам удалося адарвацца ад непрыяцеля. Пакінуўшы Слуцкі тракт, у ноч з 2 на 3 верасня атрад спыніўся каля Арэсы насупраць Любані. Тут адбылася апошняя бітва паўстанцаў з лёгкаконным украінскім палком, якім камандаваў князь Цыцыянаў.
     Апісанне гэтай падзеі паводле ўспамінаў С. Грабоўскага прывёў генерал Ф. Пачкоўскі ў адным з кракаўскіх выданняў 1872 г. За дзень 3 верасня Стэфан Грабоўскі здолеў пераправіць цераз раку 500 пехацінцаў, гарматы і частку кавалерыі. Цыцыянаў, скарыстаўшы вопыт ранейшых сутычак, вырашыў наступаць не з ходу, а абышоў Любань і з 4-тысячным войскам перакрыў дарогу. Не паспеўшы пераправіць на другі бераг увесь свой атрад, С. Грабоўскі 4 верасня з 600 паўстанцамі ўступіў у няроўны бой. Вытрымаўшы чатыры атакі і не страціўшы гармат, ён адышоў да Любані. Паўстанцы-добраахвотнікі, якія заставаліся за ракой, уступілі непрыяцелю. Тыя, хто быў на конях, змог прабрацца цераз балота і ўцячы.
     Была магчымасць пакінуць месца бою і С. Грабоўскаму, але мужнасць і гонар афіцэра, адказнасць за лёс сваіх сяброў не дазволілі яму паступіць так. Толькі апынуўшыся ў бязвыхадным становішчы, заціснуты з усіх бакоў, на захадзе сонца 4 верасня Грабоўскі з рэшткамі свайго войска, каля 250 пехацінцаў, здаўся ў палон. Няроўны бой, які цягнуўся амаль цэлы дзень, закончыўся паражэннем паўстанцаў.
     3 данясення генерал-губернатара князя М. В. Рэпніна ад 31 снежня 1794 г. вядомы прозвішчы некаторых паўстанцаў, якіх захапілі пад Любанню: падпалкоўнік Фелікс Сабецкі, маёр Адам Нялепец, капітан Пётр Клячкоўскі, капітан Мацвей Гаўлясінскі. Да іх ліку можна таксама далучыць падпалкоўніка Мустафу Ахматовіча, Крычынскага. Пра апошніх, свайго брата і зяця, хадайнічала перад каралём жонка генерала Беляка, якая згадвае ў сваёй просьбе пра тое, што Ахматовіч і Крычынскі трапілі ў палон каля Любані.
     Палонных пераправілі ў Смаленск, адкуль пасля «разбірацельства» разаслалі па расійскіх глыбінках. С. Грабоўскі, А. Нялепец, Ф. Сабецкі трапілі ва Унжэнскі край (Кастрамская губерня), П. Клячкоўскі, М. Гаўлясінскі і некаторыя іншыя ў «гарады, на невялікіх дарогах размешчаныя» Арлоўскай, Разанскай, Тамбоўскай губерань. Салдаты апынуліся ў аддале ных расійскіх гарнізонах. Большасць арыштаваных афіцэраў праз нейкі час, хутчэй за ўсё, вярнулася з ссылак на радзіму пасля каранавання Паўла I. С. Грабоўскі, вярнуўшыся ў Беларусь, жыў у Цярэбіне, што на Піншчыне. Падчас напалеонаўскіх войнаў, абраны ў жніўні 1812 г. маршалкам берасцейскім, займаўся наборам войска, змагаўся ў беларуска-польска-літоўскіх легіёнах на баку Напалеона, спадзеючыся, як і многія, на садзейнічанне ў вяртанні Вялікаму княству былой самастойнасці. Трапіў у палон, пазней, карыстаючыся падтрымкай Любецкага, займаў розныя дзяржаўныя і ваенныя пасады, ваяваў з туркамі.
Спроба рэканструкцыі бітвы паўстанцкага атрада Стэфана Грабоўскага з расійскімі кавалерыстамі князя    Цыцыянава пад Любанню 3-4.9.1794 г.
     Увосень 1794 г. паўстанне падышло да свайго трагічнага фіналу. 10 кастрычніка пад Мецяёвіцамі трымаў апошні бой Т. Касцюшка. Параненага генерала казакі захапілі ў палон. У лістападзе паўстанне было канчаткова разгромлена.
     Паражэнне паўстання 1794 г. было падставай для канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Рэч Паспалітая ў 1795 г. перастала існаваць як дзяржава. Амаль уся тэрыторыя Беларусі па трэцяму падзелу трапіла ў склад Расійскай імперыі і пазней стала называцца «Северо-Западным краем».
                                                                                                               М. М. Крывальцэвіч
 

 

Да зместу

 

Герб г.Любань

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©
Hosted by uCoz