Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 
 
 

Адроджаны край

След на зямлі

     Пасля Перамогі былы партызан, затым чырвонаармеец Адам Клюбко вярнуўся ў родныя мясціны. Знявечаная, апусцеўшая зямля прасіла плуга, прагла баразны... I былы воін адразу ж узяўся за справу — яго рукі таксама даўно сумавалі па мірнай працы.
     Саўгас «Любанскі» за час акупацыі быў поўнасцю разбураны. Асушаныя тарфянікі без догляду за гады вайны зноў забалоціліся, канавы зараслі. Трэба было пачынаць з нуля, з асушэння і прывядзення пасяўных плошчаў у надежны выгляд. Адам Клюбко браўся за любую работу: араў, касіў, будаваў, ачышчаў канавы. А калі ў гаспадарцы з'явілася тэхніка, першым сеў за рычагі гусенічнага трактара.
     Паступова саўгас набіраў сілу. У 1950 г. Клюбко ўзначаліў звяно па вырошчванню бульбы. Звеннявы метад быў новым напрамкам у арганізацыі работы на палях. Ініцыятарам яго ў раёне выступіў вядомы бульбавод
Ф. М. Статкевіч, якому першаму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы за атрыманне высокіх ураджаяў «другога хлеба», а Адам Клюбко працаваў побач з майстрам, быў яго паплечнікам і вучнем.
     Паступова прыходзіла майстэрства, павялічваўся ўраджай. Пашанцавала Клюбко яшчэ і ў тым, што ў звяне яго падабраліся добрасумленныя, старанныя хлопцы — Ілья Савенка, Іван Марозаў, Міхаіл Лукашоў, якія працавалі самааддана і шчыра, ніколі не лічыліся з часам і сіламі. I вынікі іх стараннай работы хутка далі аб сабе знаць: ураджай клубняў наблізіўся да 400 цэнтнераў з гектара, як і ў звяне
Ф. М. Статкевіча. А на наступны год — вышэйшым...
     Умовы работы бульбаводаў з цягам часу пагаршаліся. З'явіліся ворагі пасеваў, пра якіх раней і не чулі — фітафтора, каларадскі жук. Патрабаваліся спецыяльныя меры па барацьбе з імі, ураджай зніжаўся. На плечы бульбаводаў леглі дадатковыя клопаты, але Адам Адамавіч, на грудзях якога ў 1966 г. з'явілася Залатая Зорка Героя, не здаваўся. Ураджай клубняў, меншы чым 400 цэнтнераў з гектара, у яго звяне не атрымлівалі ніколі. Звенні станавіліся комплексным, акрамя бульбы вырошчвалі і атрымлівалі высокія ўраджаі буракоў, кармавых культур. Адам Адамавіч цвёрда, на ўсё жыццё засвоіў галоўнае правіла земляроба: чым больш прыкладзеш да зямлі старання і сіл, тым большым ураджаем яна заплаціць за клопат пра сябе.
     ...Прайшоў час, Адам Адамавіч даўно на заслужаным адпачынку. У саўгасе працуюць дзесяткі яго вучняў, якія працягваюць справу ветэрана. Магчыма, цяпер не атрымліваюць такіх высокіх ураджаяў, але прычыны таму другія, толькі не адсутнасць старання, адданасці ў працы — таму, чаму вучыў іх настаўнік.
Апусцела хата Адама Адамавіча ў Ямным. Возьме іншы раз у рукі гармонік — як хораша ён калісьці іграў! — кране клавішы, і загучыць сумная мелодыя, як успамін аб слаўным, гераічным баявым і працоўным мінулым... Не, не дарма пражыў жыццё Адам Клюбко! Добры след пакінуў на зямлі...

В. Р. Феранц

 

Да зместу

       

да Вялікай Перамогі

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©