Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 

Жыццё кіпела, бурліла...


     Да 1917 г. на Любаншчыне не было ніводнай бібліятэкі, толькі пры цэрквах і царкоўнапрыходскіх школах — невялікая колькасць рэлігійных кніг і Біблій. Адразу пасля вызвалення Любаншчыны ад нямецкіх акупантаў у 1919 г. валасны рэвалюцыйны камітэт прыняў рашэнне аб адкрыцці ў м. Любань Народнага дома (клуба) з бібліятэкай. У хуткім часе тэрыторыя краю была акупіравана польскімі войскамі, і толькі з 1920 г. пачалася сістэматычная культурна-асветніцкая работа. У 1921 г. аднавіў сваю дзейнасць Народны дом, які ў 1923 г. узначалілі любанскія камсамольцы. Яны займаліся арганізацыяй канцэртаў і спектакляў, мітынгаў, чыталі лекцыі.
     На палітасвету ў вёсцы асігнаваліся неабходныя сродкі, пачала пашырацца сетка хат-чытальняў, цэнтраў культурна-асветніцкай работы. У Любанскім раёне ў 1924 г. працавалі дзве хаты-чытальні (у Асаўцы і Забалаці). Пры Народным доме і хатах чытальнях працавала 20 культасветгурткоў. За жнівень — снежань 1924 г. імі было пастаўлена звыш 50 спектакляў, прачытана 110 лекцый, 140 дакладаў, выпушчана 9 насценных і 11 вусных газет. Працавалі таксама пазаштатныя хаты-чытальні, якія ўтрымліваліся на сродкі насельніцтва, а таксама камсамольскія клубы пры ячэйках у вёсках Касцюкі, Обчын, Кузьмічы, Таль. У 1925 г. у раёне налічвалася 16 пазаштатных хат-чытальняў.
     У м. Любань культурнае жыццё было сканцэнтравана ў Народным доме. Два разы ў месяц камсамольцы, члены савета Нардома, выпускалі вусную газету. Працавалі два драматычныя гурткі — на беларускай і яўрэйскай мовах, музычныя гурткі. У Слабадзе працаваў гурток ваенных ведаў.
     Дзейнасць драматычных гурткоў Любанскага местачковага Народнага дома звязана з імем выдатнага беларускага пісьменніка, рэжысёра і акцёра Уладзіслава Галубка. «У Любані Галубок іграў у памяшканні пажарнай, — успамінае Захар Коўшар. — Моладзь проста ламілася ў дзверы тэатра. Галубок неяк сабраў нас, расказаў аб тэатрах рэспублікі, затым параіў арганізаваць драмгурток у Любані. Я ўзяўся за гэту справу, і гурток хутка быў створаны. Галубок даў нам некалькі сваіх п'ес... Мы атрымалі «Ганку», «Пана Сурынту» і некалькі аднаактовых антырэлігійных п'ес. Гэтыя п'есы мы затым паставілі ў сябе. У «Ганцы» я іграў Ахрэма, у «Пане Сурынце» казака Віцьку. У гуртку ў нас застаўся Яўген Савіцкі, былы артыст тэатра Галубка».
Любанскія аматары назвалі свой тэатр імем Тургенева. Апрача падараваных Галубком п'ес яны ставілі спектаклі «Жаніцьба» М. Гогаля, «Дні нашага жыцця» Л. Андрэева, «Свае людзі — паладзім» А. Астроўскага, урыўкі з «Барыса Гадунова» А. Пушкіна. Былі пастаўлены таксама «Мост» Я. Рамановіча, «Разлом» Б. Лаўранёва, «Платон Крэчат» А. Карнейчука, «Чужое дзіця» В. Шкваркіна і іншыя п'есы.
     Пры кожным наведванні Любані У. Галубок вельмі цікавіўся поспехамі самадзейных артыстаў. «Галубок право дзіў гутаркі з нашым драмгуртком, — успамінае яго старэйшая ўдзельніца Алена Тышко. — Мы ставілі «Анюціны глазкі». Ён растлумачыў, як трэба іграць, як афармляць сцэну. Аднойчы чытаў нам лекцыю аб развіцці беларускага прафесійнага тэатра. Я заўсёды вітала Галубка ад імя гуртка, а ён называў мяне «бабкай драмгуртка».
     У вёсцы Таль, адным з найбольш буйных населеных пунктаў раёна, у 1925 г. была адкрыта хата-чытальня. Камсамольцы і актывісты ў 1928 г. паставілі 11 спектакляў, правялі 2 кінасеансы. Працаваў ваенны, селькораўскі, сельскагаспадарчы гурткі, гурток кройкі і шыцця, чыткі газет і часопісаў, драматычны калектыў. У бібліятэцы налічвалася звыш 700 кніг, было 135 чытачоў.
     У канцы 20-х пачатку 30-х гадоў была добра пастаўлена работа Рачэнскай хаты-чытальні. Члены савета чыталі непісьменным газеты, праводзілі чырвоныя вяселлі і акцябрыны, выступалі з канцэртамі, ставілі спектаклі. У хаце-чытальні працаваў стол даведак, дзе дзяжурылі камсамольцы. У раёне працавала кінаперасоўная ўстаноўка, якой загадваў камсамолец Русаковіч. У 1927 г. ён правёў 160 кінасеансаў.

Удзельнікі драматычнага гуртка в. Вялікія Гарадзяцічы. 1930 г.

     У 1930 г. у Любанскім раёне працавалі 19 чырвоных куткоў, 8 хат-чытальняў, у м. Любань — Дом культуры. Пры клубных установах працавалі гурткі мастацкай самадзейнасці. У 1936 г. праведзена раённая алімпіяда мастацкай самадзейнасці, у якой прынялі ўдзел 136 чалавек.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў раёне налічвалася тры сельскія клубы — у вёсках Камуна, Асавец і Ямінск. У Камуне, Асаўцы, а таксама ў Загаллі працавалі бібліятэкі. Быў адкрыты 21 калгасны клуб, а таксама ў саўгасе «10-годдзе БССР», раённы Дом культуры і раённая бібліятэка.
                                                                                                                                   Н. М. Сіняк

НА Беларусі, ф. 6, воп. 1, с. 556; ф. 34, воп. 1, с. 501; ф. 432, воп. 1, с. 142; ф. 1477, воп. 1, с. 1. «Звязда», 1919 г.
Гісторыя беларускага тэатра, 1985 г.
 

Да зместу

       

да 65-годдзя Вялікай Перамогі

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©