Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 

Андруховіч Анатоль Антонавіч
Дачка Арэсы
Мастацка-дакументальная аповесць Мінск «Юнацтва» 1989

Зорныя бліскавіцы

    1
    Ноччу над вёскай чорнае неба ды насцярожаная цішыня. Але толькі здавалася, быццам усё наўкола спіць.
   У праўленні калгаса «12 гадоў Кастрычніка» каля тэлефона неадлучна дзяжурыць Адам Майстрэнка. Ен сядзіць за сталом, побач стаіць вінтоўка. Не вучэбная малакаліберка, а самая сапраўдная, баявая. Калгасная кантора цяпер стала штабам, тут усю ноч за шчыльна завешанымі вокнамі гарыць святло, знаходзяцца людзі. Адам зрэдку папраўляе шырокі рэмень на гімнасцёрцы — яму хочацца быць перад людзьмі падцягнутым па-вайсковаму. I ва ўсім яго абліччы цяпер шмат таго, што не выклікае непатрэбных пытанняў, прымушае без лішніх слоў выконваць кожнае яго распараджэнне.
    Ды і тых слоў цяпер не трэба шмат: час ваенны, трывожны, больш за тыя словы скажуць пачырванелыя ад бяссоння вочы і самі паводзіны, якія адразу вызначаюць у Майстрэнку яшчэ даволі маладога чалавека, які шмат пабачыў і перажыў. Многае трэба браць пад сваю адказнасць, вырашаць неадкладна: адганяць у тыл калгасны статак, хаваць ад ворага тэхніку, збожжа... Ён пераглядае калгасныя дакументы. Проста з паперкамі — можна парваць ці ўкінуць у агонь, а вось як з калгаснай маёмасцю, з інвентаром, коньмі, вупражжу? Параіўся з Гаўрылам Карнеевічам Конанавым, іншымі калгаснікамі. Прыйшлі да думкі раздзяліць сярод калгаснікаў.   Гаўрыла Карнеевіч не мог супакоіцца:
     — Дзяліць — не збіраць. Проста расцягнуць, размайначыць...
     Адам супакоіў:
     — Ад ворага трэба хаваць, каб яму нічога не дасталася.
     Раздзялілі па справядлівасці, у першую чаргу тым, хто добра працаваў.
     — Ох, Адамка,— маркотна ўздыхаў Гаўрыла Карнеевіч,— не бачыць бы такога. Аж да горла камяк падступае: з такой цяжкасцю нажывалі і ўмомант — з дымам, з попелам...
     Адама так захапілі думкі, што не заўважыў, як увайшла Феня. Яна, прыпыніўшыся на парозе, стаяла і моўчкі пазірала на Адама. Ёй здавалася, што ў канторы нічога не змянілася з таго зусім яшчэ недалёкага мірнага часу. Адам, як звычайна, сядзіць за сталом, абдумвае, як лравесці касьбу. Клопатаў хапала, іншы раз дацямна заседжваўся. Маладому кіраўніку хацелася, каб вяскоўцы бачылі: ён загружаны справамі, дня мала, вось і прыхоплівае вечары. I гарэла да трэціх пеўняў святло ў калгаснай канторы.
     На агеньчык збіраліся сяляне. Іншым вечарам поўная хата наб'ецца. Нават падлеткі тут, цікава ім з дарослымі.
      Зімой вечарамі горача напальвалі грубку, падкручвалі кнот у лямпе — рабілася светла, як днём. Услых чыталі «Чырвоную змену», сваю раённую газету «Калгаснік Любаншчыны», вялі гарачыя спрэчкі пра міжнароднае становішча. Большага знаўцы па гэтай частцы, чым Майстрэнка, не знайсці...
     Раптам нешта дзынкнула раз, другі і рэзка, патрабавальна зазваніў тэлефон. Феня ад нечаканасці схамянулася. Адам падхапіўся і амаль не подбегам, толькі і зыркнуў на Феню, кінуўся да тэлефона, прыціснуў трубку да вуха, крутнуў рычажок: «Майстрэнка слухае». Ен слухаў, хваляваўся, згодна гаварыў, пагаджаўся: «Так, так. Буду чакаць распараджэнняў». Феня дзівілася, што ў Любані яшчэ нехта працуе з тэлефаністак, спрабавала здагадацца і не магла, з кім з раённага начальства гаварыў Адам.
      Нарэшце ён асцярожна павесіў трубку, крутнуў рычажок, даючы адбой, і адышоўся, усё яшчэ недаверліва пазіраючы на чорны, маўклівы і гэткі таямнічы апарат. Феня пераводзіла позірк то на Адама, то на паперкі, якія ён зноў пачаў ірваць.
     — Адам, што мне рабіць?
     Адам знізу ўверх паглядзеў на яе, быццам упершыню бачыў, сцепануў плячыма:
     — Адкуль я ведаю? Што ўсе, тое і ты рабі.
     — Ты павінен ведаць абстаноўку,— падступала да яго Феня.
     Адам памаўчаў, паціснуў плячыма:
     — Ніхто табе нічога талковага не скажа пра абстаноўку.
     — Ты ж нешта робіш? Не мог ты проста так... застацца.
     — Вось бачыш, паперы знішчаю, каб ворагу ў рукі не патрапілі,— Адам рашуча кінуў нейкую прашнураваную кнігу, павярнуўся да Фені, выцер далоняй мокры лоб.— Сам як з завязанымі вачыма. Хочацца плюнуць на ўсё, узяць вінтоўку і на фронт.
     Феня пільна паглядзела ў вочы:
     — Адам, я не сляпая. У цябе ёсць заданне. Адам усхапіўся з месца, прайшоўся па хаце:
     — Ведаеш прымаўку: «Еш пірог з грыбамі, ды трымай язык за зубамі».
     — Ведаю, як трымаць язык за зубамі,— адпарыравала Феня,—але я іншае ведаю: нам цяпер нешта трэба рабіць.
     — Каму гэта — нам? — насцярожыўся Адам.
     — Камсамольцам. Я ж сакратар камсамольскай ячэйкі. Ты хіба забыўся?
     — Вось ты пра што,— спахапіўся Адам.— Тады... Грыбы збірайце з хлопцамі.
     — Якія грыбы цяпер. Жартуеш,— пакрыўдзілася Феня.
     — Шмат іх у лясах. На месцы баёў засталося.
     — Дык ты вунь пра што,— здагадалася Феня.— Пра зброю.
    — Здагадлівая,— усміхнуўся Адам.— Нагадваць трэба. А зброю не пашкодзіць мець пад рукамі,— і сказаў як між іншым: — Падбіраюцца надзейныя людзі, зброя спатрэбіцца. Работа і тут знойдзецца.
     — Работа? Якая? — здзівілася Феня.
     — Па ўсім відаць — небяспечная работа...
     — Адам,— умольна сказала яна.— I мне бліжэй бы да гэтай тваёй работы.
     — Есць мірная работа — араць, сеяць, але, разумееш, з-за адсутнасці такой мы вымушаны рабіць іншую работу...
     — Ой, Адамка,— Феня замітусілася, не ведала, як падступіцца да Адама.— Падключы мяне да сваёй работы.
     — Дазволу на гэта не маю,— строга сказаў, аднак палагаднеў: — Не спяшайся. 3 гэтым не трэба спяшацца.
     — Колькі чакаць, Адам?
     — Не спяшайся, кажу,— Адам нават раззлаваўся.— Я сам скажу, як прыйдзе час,— падняўся і строга папярэдзіў: —Размова паміж намі. Каб ніводная душа... А цяпер я пайду правяраць варту.
Адам узяў вінтоўку, перакінуў яе цераз плячук і выйшаў з канторы.
На вуліцы яго чакала Маня. Адам злуе, што жонка не можа нічога іншага прыдумаць, як чакаць яго тут, каля канторы. А Маня крочыць побач, спрабуе патрапіць пад яго крок, з захапленнем пазірае на мужа:
     — Адамка, які ты сур'ёзны. Сапраўдны камандзір.
     — Я ж табе гаварыў,— раздражнёна адказвае Адам,— тут не месца для спаткання. Ідзі дахаты. Табе спаць пара.
     — Пайду, не злуйся,— Маня пакрыўджана змоўкла, зрабіла выгляд, што збіраецца пайсці адна, але ад Адама не адступілася.— Нічога з табой не здарыцца, калі са мной пастаіш хвілінку.
     — Перад людзьмі сорамна. Які я прыклад паказваю,— угаворвае Адам жонку.— Разумець трэба — ваенны час. Загадана табе ісці, выконвай загад і не абмяркоўвай,— ён пры гэтым азірнуўся, быццам за імі нехта назіраў.
     — Абаронца мой, прыходзь хутчэй дамоў,— павярнулася і хуценька пакрочыла па вуліцы.
Адам з цёплай усмешкай паглядзеў услед жонцы, а потым рашуча накіраваўся ў бок недалёкіх вясковых могілак. Зямля дыхала цеплынёй, ад травы ішоў густы водар. На траву, на густую лістоту дрэў лягла чыстая і іскрыстая раса. У цішы ночы далёка чуваць нават нязначны шорах. Адам прыслухаўся, але яго вуха нічога не злавіла, тады ён ціхенька свіснуў. 3-за кустоў асцярожна выйшаў малады даўглявы хлопец з вінтоўкай у руках, строга спытаў:
     — Хто ідзе?
     — Свае. Ці не пазнаеш, Пятро?
    — Ты, Адам? — амаль ушчыльную да Адама наблізіўся Пётр Ахрамовіч, калгасны рахункавод, спытаў: — Закурыць не знойдзецца?
     Адам палез у кішэню, дастаў капшук:
     — Закурвай,— і пацікавіўся: — Як на варце?
     — Ціха. Паглядваю, слухаю.
    — Увага не пашкодзіць,— Адам панізіў голас амаль да шэпту.— Ёсць данясенне: дыверсанты ў наш раён закінуты. Пераапранутыя ў чырвонаармейскую форму. Нападаюць на групы байцоў. Сеюць паніку, дэзарганізуюць людзей...
     — Зразумела, Адам,— гаворыць Пятро, зацягваючыся.
    — Мы да ўсяго павінны быць гатовыя,— Адам пастаяў яшчэ якую хвіліну і сказаў на адыходак: — Калі што здарыцца, я ў канторы.

       2
     Гарыць жытнёвы палетак. Чорны дым паўзе, засцілае наваколле, даўкім камяком перахоплівае горла. Здаецца, і сонца спынілася, застыла ў самай верхняй кропцы небасхілу. Стогне сухая, выпаленая пажарамі і гарачынёй зямля. Побач з дарогай шорхае рыдлёўка па сухім пяску, узбоч, каля самага палетка, чырвонаармейцы капаюць магілу. У неглыбокую яму паклалі памёршых ад ран, моўчкі засыпалі жвірам і пайшлі, пакінуўшы на сваім шляху маўклівы адзінокі пагорачак. Ці першы гэта, ці апошні?
     Днём каля Нежына чутна была страляніна. Суха шчоўкалі вінтоўкі, стракаталі аўтаматы. Страляніна гэтак жа нечакана сціхла, як і пачалася.
     На пераправе праз Арэсу не прабіцца, не проста пераадолець затор на мосце. Нехта спрабаваў праскочыць без чаргі, лаяўся, цягнуў за аброць каня. На яго злосна крычалі, адвялі падводу на ўзбочыну, а ззаду напіралі, прыспешвалі...
     Самыя рашучыя, хто мог трымацца на вадзе, кінуліся праз раку ўплаў, іншыя шукалі для гэтага прыдатныя сродкі, спрабавалі змайстраваць плыты.
     Пачынала развідніваць, але туман над ракой не рассеяўся, было зябка, неспакойна. Адчуванне трывогі не пакідала Феню з таго самага часу, калі яна заступіла на варту і засталася адна на ўскрайку высокага пагорка над ракой, каля вузенькай, густа парослай маладым алешнікам і лазовым кустоўем лагчыны, там, дзе пакінуў яе Майстрэнка.
     Феня перакінула цераз плячо вінтоўку і адчула, якая яна халодная і цяжкая — настыла за ноч, рэмень урэзаўся ў плячук, муляў.
     — Не вельмі вытыркайся на адкрытае. Стой тут, на пагорку ў кустах, а я пайду ўздоўж берага,— сказаў ёй Майстрэнка.— Заўважыш што падазронае — страляй.
     Феня прыхілілася да вярбы, чуйна ўслухоўвалася. Неўзабаве ў тым баку, куды пайшоў Адам, пачулася страляніна. Унізе пад абрывам глуха бухнула. Феня, як ад холаду, сцепанулася. Стральба пачалася ў баку ад пераправы, і рэха выстралаў раз за разам набліжаліся.
     Яна паставіла вінтоўку на баявы ўзвод: нейкае невядомае хваляванне прымушала яе некуды ісці, нешта рабіць, каб толькі не стаяць у невядомасці на месцы. Але яна прымусіла сябе застацца тут, на гэтым зручным для назірання ўзлобку над ракой. I тут яна ўбачыла трох вайскоўцаў, якія, прыгнуўшыся, беглі каля самай вады па пясчанай водмелі: двое з аўтаматамі, трэці з наганам у руцэ. Яны порстка набліжаліся да зарасніку алешніку, адкуль да лесу заставалася з паўкіламетра. За імі следам беглі яшчэ людзі, стралялі ўслед уцекачам. Сярод іх Феня пазнала Майстрэнку. «Ловяць дэсантнікаў»,— здагадалася яна.
     Адзін з тых, хто бег да лесу, раптам прыпыніўся, прыпаў на калена і выпусціў доўгую чаргу. Двое з уцекачоў ужо міналі адкрытае месца — ім заставалася зусім нямнога, каб схавацца ў зарасніках. «Трэба страляць, пакуль не схаваліся»,— загадала сабе Феня, падняла і моцна прыціснула да пляча вінтоўку, прыжмурыла вока і адшукала цэль.
     Старанна прыцэлілася і націснула на спуск. Балюча, як хто рэзка стукнуў кулаком, торгнула ў плячук вінтоўка, і Феня са здзіўленнем убачыла, як чалавек з аўтаматам неяк дзіўна ўскінуў рукі, спатыкнуўся, паваліўся на пясок. Двое азірнуліся, але не спыніліся, лучылі схавацца ў кустах. Феня зноў узняла вінтоўку і стрэліла па іх і раз, і другі, і трэці.
     Праз нейкі час падбеглі знішчальнікі, і разам з імі Адам. Яны прынеслі з сабой дэсантніка. Феня не магла адарваць позірку ад параненага: унутры ўсё трымцела, яна адчувала нейкую незразумелую слабасць у нагах, хацелася прысесці: ніяк не магла паверыць, што гэта яна страляла ў чалавека. I яна стала ў думках супакойваць сябе: паранены, а разам з ім і тыя, што зніклі ў лесе,— ворагі, вінаватыя ў смерці многіх нашых людзей, і што адзін з іх атрымаў тое, што заслугоўваў.
     Дэсантніка абшукалі, але, акрамя кавалка размоклага хлеба ды некалькіх абоймаў патронаў, у кішэнях нічога не знайшлі.
     Адам моцна паціснуў Фені руку.
     — Не чакаў ад цябе. Метка страляеш.
     Над зямлёю зноў усталявалася цішыня, над ракой павісла гарачыня спякотнага летняга дня. У блакітным мроіве плыло, здавалася, усё: рака з нешырокім галам і густымі ракітавымі кустамі, недалёкі лес і няспынны паток бежанцаў, якія ўсё цягнуліся праз раку.

 

да зместу

       

да 65-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©