Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 

Андруховіч Анатоль Антонавіч
Дачка Арэсы
Мастацка-дакументальная аповесць Мінск «Юнацтва» 1989

Вячоркі

     1
     Непрыкметна падкраліся поцемкі. А яна села на лаву і ўстаць не магла.
     — I чаго ўпоцемках сядзіш? Я лямпу запалю,— сказала, увайшоўшы ў хату, Маня.
    Ах, не трэба,— схамянулася Феня.— Стамілася я вельмі. Ног не чую.—I пацікавілася: — Пелагею даўно бачыла?
     — Заўчора. Ходзіць як хмара. I астатнія хлопцы і дзяўчаты кожны сам па сабе. Не ведаюць, куды падацца, што рабіць.
     — Кажаш, не ведаюць, што рабіць? — перапытала Феня.
     — Далібог, не ведаюць. Сядзяць па хатах, як крумкачы. Зрэдку ў Пелагеі збяруцца на вячоркі.
     — Пойдзем, Маня, на вячоркі,— падхапілася Феня.— Пасядзім, пагаворым...
     — Ты з дарогі. Лягла б, адпачыла,— запярэчыла малодшая сястра.
     — Ноч наперадзе, высплюся,— апранаючыся, гаварыла Феня.
     Прайшлі вуліцай. Пустынна і ціха. Нідзе ні душы... Месяц ужо ўзышоў, на цёмным небе зіхацелі спакойныя, ціхія зоркі.
     Палашка са сваёй стрыечнай сястрой Алёнкай былі ў хаце.
     Дзяўчаты неяк стрымана, нібы нечага саромеючыся, павіталіся і спыніліся ў парозе.
     — Праходзьце, дзяўчаткі. Я вас бульбачкай пачастую на вячэру,— ветліва запрасіла Пелагея і павярнулася да Фені: — А ты, сяброўка дарагая, нешта адцуралася. Раней часцей заходзіла.
     — То раней,— з сумам прамовіла Феня.— Не да гулянак зараз нам, Пелагея.
     — А ўсё адно, каму-каму, а табе грэх цурацца сваіх вясковых хлопцаў і дзяўчат,— папракнула Пелагея.
     — Адкуль ты ўзяла, што я цураюся? — пакрыўдзілася Феня.
     — Не сляпая, бачу. Нешта ты свой хаўрус ні з кім не водзіш.
     — Кінь, Пелагея, крыўдаваць,— апраўдвалася Феня, а сама думала, што сяброўка мае рацыю папракаць.
    3 Пелагеяй Феня сябруе з дзяцінства. Пелагея на нейкі год толькі маладзейшая, але расла яна дужэйшай. Прыемна і цяпер паглядзець на яе паставу, на крамянае, моцна збітае цела. Пелагея і вучылася нядрэнна, але захварэла маці і яна не паспела сямігодку закончыць, пайшла працаваць у калгас. Працавала ўдарна, яе выбіралі дэпутатам раённага Савета, членам праўлення калгаса. Феня ў гэты час вучылася ў Слуцку, дамоў наведвалася не часта, толькі на канікулы. Але па-ранейшаму цягнулася Пелагея да сваёй сяброўкі. А пачала Феня працаваць у школе, Пелагея стала першай памочніцай ва ўсіх грамадскіх справах.
Яны спачатку гаварылі пра вясковыя справы. Ніхто не рашаўся першы пачаць гаворку шчыра, як колісь, у мірны час. «Нібы мне няма чаго сказаць,— узрушана думала Феня, і было ёй балюча і крыўдна: — Як чужыя сталі». Ёй хацелася прасіць у Пелагеі прабачэння, што надоўга кінула адну. Неяк вясковыя справы адышлі на іншы план. «Мне цяпер не спачування шукаць, а аднадумцаў выявіць трэба»,— думала яна і пазірала на агонь у печы. Дровы лізала, ахоплівала полымя, а ёй бачыўся касцёр на лясной палянцы, у цемры глухой палескай ночы сярод балот. Тую цемру яна адчувала рэальна — працягні руку і адчуеш яе, густую, непраглядную, крок ступі — хоць вока выкалі... I тая незабыўная сустрэча і размова з сакратаром падпольнага абкома таварышам Казловым. «Сілы трэба збіраць. Тады — мы адно цэлае, непадзельнае...» — гучалі ў вушах словы, адрасаваныя ёй. Феня рашуча сказала Пелагеі:
     — Падкажы надзейным рабятам, пагутарыць трэба,— і папярэдзіла: — У цябе ў хаце, як заўсёды, няхай збяруцца на вячоркі.
     — От, нарэшце збяромся ўсе разам,— аж падскочыла Пелагея.— Зараз гукну, хлопцы вёску падымуць.
     — Вёску не трэба. Самых надзейных, на каго можна спадзявацца.
     Пелагея нешта ціха сказала Алёнцы, і тая кулём кінулася з хаты ў цемень ночы. Пелагея прысела на ўслон побач з Феняй, пацікавілася:
     — Ад Івана ніякіх вестак?
     — Не чуваць,— усхвалявана адказала Феня.— Хоць на мыліцах, няхай калека, але каб вярнуўся. Сэрца маё не вытрымае, калі з ім што здарыцца...
     — I я так чакала б свайго каханага,— шчыра прызналася Пелагея.— Цяжка на фронце. Кажуць, гітлераўцы каля самай Масквы. А мы нічога не зрабілі яшчэ... Сядзім, чакаем чагосьці...
     — Не гавары так, Пелагея,— спыніла сяброўку Феня.— Калі хто ў нас у вёсцы сярод моладзі нешта і рабіў, каб аб'яднаць хлопцаў і дзяўчат, дык гэта ты. I цяпер і раней тваю шчырасць бачылі і цанілі. Нездарма цябе і дэпутатам выбіралі.
     — Ці ж пра мінулае нам зараз думаць,— горка ўсміхнулася Пелагея і паглядзела на Марыю.— Адна Маня ў нас шчаслівая. Муж вунь непадалёку, у лесе...
     — Думаеш, вялікае шчасце кожны дзень класціся і прачынацца з адной думкай: як ён там, у лесе, ці жывы, здаровы? Думаеш, ім там соладка? — пакрыўдзілася не на жарт Марыя.
     — Я ведаю, што нялёгка ім. I я спадзяюся на добрае,— аж засаромелася Пелагея.— Я, можа, таксама... кахаю.
     — Вох, дзяўчаты, і чаго мы тут сумуем? — бадзёра гаварыла Феня.— Хлопцы зараз прыйдуць...— і напаўголаса заспявала «Кацюшу».
     Хлопцы не прымусілі доўга чакаць. Феня пачула, як бразнула клямка ў сенцах. 3 бакоўкі, адгароджанай ад хаты тонкімі дошкамі, яна чула, як заходзілі ў хату юнакі і дзяўчаты, і па галасах пазнавала іх. Яна думала, як цяпер да іх лепш падысці, што ім сказаць: час такі трывожны, на вагі кладзецца не толькі асабістае жыццё, але і лёс родных, блізкіх. У вёсцы павінна быць створана падпольная група. I трэба, каб гэта ўсведамленне прыйшло да кожнага. Але ці мае яна права распараджацца лёсам, жыццём юнакоў і дзяўчат, вырашаць за іх, як жыць і змагацца, загадваць ісці ў самае пекла барацьбы? Яна шчыра скажа пра цяжкасці і небяспечнасць той барацьбы, якую давядзецца весці, праз якую патрэбна прайсці, як праз агонь. Трэба, каб кожны зразумеў: нельга змагацца з ворагам у адзіночку, трэба трымацца разам, дружна ў моцнай, згуртаванай арганізацыі. Яны павінны ведаць, у які суровы час ім выпала жыць і дзейнічаць...
     На вечарынку прыйшлі стрыечныя браты Іван і Адам Насановічы, неразлучны з імі Мікалай Курчыч, Аляксандр Шаўцоў, Пётр Анопрыкаў, Сяргей Філіновіч, Міхаіл Шаўцоў, Пётр Ахрамовіч, Міхаіл Заблоцкі і яго сястра Ева, некалькі падлеткаў, учарашніх школьнікаў. Сярод камсамольцаў Феня адразу вызначыла тых, на каго, лічыла, зможа абаперціся і прыцягнуць да падпольнай работы.
     Анопрыкаў за гэты час канчаткова выздаравеў, паспраўнеў. Адно крыху накульгваў. Калі хто прыгадваў раненне, Пётр смяяўся: «Як на сабаку зажыло. Во толькі адмеціны і засталіся,— і паказваў цікаўным старанна зацыраваную дзірачку на выцвілай, вылінялай, але акуратна вымытай гімнасцёрцы.— Мы яшчэ, калі падумаць, на нешта здатныя...»
     Пад гэтым «мы» Пётр меў на ўвазе былых чырвонаармейцаў, якія пасля хвароб і раненняў да пары да часу жылі ў вёсках, дзе-нідзе лічыліся ў «прымаках», бо пасяліліся па хатах, каля адзінокіх кабет. Трымаліся многія адасоблена, замкнёна, не вельмі каб ішлі насустрач вясковай моладзі. Феня ведала, што многія з іх настойліва шукаюць дарогу да партызан, не ідуць на так званыя пункты рэгістрацыі. Не з'явіўся на рэгістрацыю і Анопрыкаў, хоць ведаў, што гітлераўцы ў час аблаў арыштоўвалі, хапалі і кідалі кожнага ў лагер ваеннапалонных...
     Феня неаднойчы нагадвала Анопрыкаву:
     — Трэба прыглядацца да хлопцаў. Салдацкую навуку ведаюць. Такім зброю ў рукі — і гатовыя байцы.
Настрой нейкай няўпэўненасці заўважыла яна ў паводзінах Анопрыкава. Ён намерыўся падацца праз лінію фронту. Феня стрымлівала:
     — Сумленнаму тут, у вёсцы, таксама справа знойдзецца...
А ён пра нешта іншае і слухаць не хацеў:
     — Ды зразумей, я кулямётчык. Мне б у адкрытым баі з фрыцамі сустрэцца...
Гарачы, парывісты Анопрыкаў прыйшоўся даспадобы вясковым хлопцам і дзяўчатам: яго ахвотна прынялі ў свой хаўрус.

     2
     Аўтарытэт Фені сярод вясковых камсамольцаў вялікі. I калі хлопцы ўбачылі яе ў Пелагеі, узрадаваліся. Усім надакучыла невядомасць. Няўпэўненасць вярэдзіла душу... Надзьмуўшыся сядзеў Іван Насановіч — высокі, няскладны хлопец з вялікімі, вытыркаючымі з караткаватых рукавоў картовага пінжачка, рукамі. Хлопцы часам пасмейваліся з Івана — такі ён сарамлівы. Дзяўчат як агню баіцца. Ніводную не правёў, не пастаяў з каторай каля веснічак, не пацалаваўся. Але пра жыццё ён разважае стала. I працаўнік Іван заядлы, увішны. Мала хто мог з ім управіцца араць ці касіць. Возьме касу ў рукі, ад стомы валіцца, а не ўступіць, не перадыхне. Выканае ўсё, што брыгадзір загадае, ды і калі хто не ўпраўляецца, слова не скажа, дапаможа. На калгасным полі Іван шчыраваў без адхлання. Ударнікам лічыўся ў калгасе. Надзейны чалавек. Такі за справу бярэцца сур'ёзна, удумліва, а калі ўзяўся — не адступіцца.
     Вельмі перажываў Іван, што не ўзялі яго ў армію: на працы падарваўся. Варта нагадаць пра яго хваробу — большай крыўды Івану нельга нанесці. У Насановіча хворая маці і трое малодшых — ён ім за бацьку. Сябра ён надзейны. 3 Мікалаем Курчычам неразлучны. Цяжка знайсці людзей больш розных па характару, ды і па знешняму выгляду. Іван высокі, нязграбны, сарамлівы. Мікалай невысокі, рухавы, непаседлівы, дасціпны. Не цураўся ён дзявочых кампаній, і дзяўчаты да яго ставіліся прыязна. Звычайна там, дзе Мікола, там жарты, смех, там і песня. Спяваў ён хораша і на гармоніку іграў. Было ў хлопца вельмі добрае сэрца. Ён не то што пакрыўдзіць каго, сам заступіцца, а за сябра не раздумваючы ў агонь кінецца...
      На вечарынку Мікалай прыйшоў з гармонікам, жартаваў і смяяўся часцей за іншых, усё неяк імкнуўся згуртаваць хлопцаў у кампанію. Ён і да гэтага не раз агітаваў хлопцаў трымацца разам, не разлучацца, і цяпер яму было радасна, што па яго выйшла: сабраліся, нарэшце, усе разам. Гуртам можна падумаць і нешта неблагое прыдумаць. Сустрэча з Феняй узрадавала Мікалая, бо, як ён выказваўся, яму стала сорамна пазіраць людзям у вочы, надакучыла нават песні спяваць напаўголаса, ваенныя песні, якія толькі ў вайну і нарадзіліся і клікалі людзей да дзеяння...
      Упэўнена трымаецца Аляксандр Шаўцоў, гарачы, непаседлівы, адчайны. Неяк у вёску прыехала гітлераўская гаспадарчая каманда з Любані, Аляксандр кінуўся да хаты, дзе тыя спыніліся. Прыбег разгублены, спуджаны, выкрыкнуў: «Партызаны!» Гітлераўцаў след прастыў. Ажно пыл курэў па дарозе — паскакалі прэч, штосілы паганяючы коней. Аляксандр стаяў пасярод вуліцы і рагатаў.
      — Ні за што звернеш галаву,— тады сказала яму Феня.
      — Хіба пажартаваць нельга.
      — Жартачкі гэтыя могуць кепска скончыцца.
     — Э, вучыцелька. Я не з тых, хто галаву пад падушку: нічога не чуе, нічога не бачыць. Адно жыццё, а баяцца, дрыжаць — дык і не жыць лепей.
     Аляксандр неяк прагаварыўся, што ў яго і зброя ёсць, што ён вінтоўку прыхаваў да пары да часу.
Шаўцоў не вельмі спрытна верціць цыгарку, весела і жартаўліва пазірае на дзяўчат.
     — Шкада, ажаніцца не паспеў. Не хочацца паміраць нецалаваным.
     У хаце ўзнімаецца рогат.
    Шаўцоў сваім вясёлым характарам падабаўся дзяўчатам. Калі яго аднагодкі толькі рашаліся выйсці ў круг з дзяўчынай на вечарынцы, ён заўзята вытанцоўваў польку, а то і барыню ўпрысядкі. Дзяўчаты хінуліся да яго: Шаўцоў карыстаўся поспехам, хоць ніколі не гаварыў з імі пра сур'ёзнае, усё зводзіў на жарт, імкнуўся павярнуць на смешнае. На жыццё ён глядзеў проста, шукаў у ім рамантыку, марыў пра подзвігі і імкнуўся да іх.
     Сяргей Філіновіч не мог дараваць сабе, што застаўся ў вёсцы, не пайшоў разам з адыходзячымі часцямі праз лінію фронту. Складаны лёс у Сяргея. Яго бацька — аднаасобнік, маўчун, жмінда і евангеліст, дбаў толькі аб сабе. Дзеля грамады палец аб палец не стукнуў. Затаіўся, нядобра пасмейваўся над няўдачамі ў калгасе, ён і сыну не даваў хаўруснічаць з камсамольцамі, не пускаў яго на вечарынкі і святы ў клуб. Здаралася, Сяргей вырываўся з дому, прыбягаў, і тады бацька вучыў сына розуму — закрываў у цёмнай каморы, прымушаў замольваць грахі. Сяргей доўга пасля гэтага хадзіў сумны, злосны, пазіраў спадылба. А бацька сваё дзёўб: «Знайшоў з кім валэндацца. Абібокі, бязбожнікі. Яны цябе навучаць — па вечарынках бегаць».
     «Тата, перастаньце. Што вам кепскага яны зрабілі?» — праз слёзы пытаўся ён і яшчэ больш зацінаўся. Цяпер зрабіць па-свойму ў яго хапіла мужнасці: не паслухаўся бацьку. «Няўжо перамяніўся Сяргей?» — думала Феня. I раней яны з камсамольцамі нямала валэндаліся з гэтым хлопцам, каб хоць трохі перайначыць яго, прыгарнуць да калектыву. Феня нават шэфства над ім узяла, рыхтавала да ўступлення ў камсамол. I калі з ёю хто спрабаваў спрачацца, што Сяргея яшчэ рана прымаць, не дарос і бацька ў яго несвядомы, Феня злавалася: «Сын за бацьку не ў адказе».
     Фені стала прыемна, што сёння, у такі трывожны, суровы, небяспечны час Сяргей разам з імі. «Трэба рашуча змагацца за кожнага чалавека»,— падумала яна.
     — Мікалай, зайграй польку,— папрасіў Саша Шаўцоў, выйшаў на круг, але спыніўся, сказаў: — Хлопцы, нам цяпер не пра танцы трэба думаць. Зброяй запасацца... Каля Урэчча ведаю месца, дзе ішлі баі. Шмат там зброі пакінута. Падабраць не шкодзіла б...
     — Можна падумаць, ты нічога не прыхаваў. Відаць, закапаў недзе,— не ўтрываў, падпёк яго Сяргей.
     — Праўду кажа Аляксандр,— падтрымала хлопца Феня.— Зброяй трэба запасацца. Шукаць у лесе, на месцах баёў і хаваць у надзейным месцы.
     — То няўжо думаеш, мы столькі часу сядзелі? Нешта рабілі,— загадкава пасміхваліся хлопцы.

     3
     Феня памаўчала, пачакала, пакуль усталюецца цішыня, сказала:
     — Усе мы тут камсамольцы... Я прапаную правесці сход нашай камсамольскай арганізацыі па аб'яднанню ў падпольную патрыятычную групу...
     Юнакі і дзяўчаты выказвалі адабрэнне:
     — Правільна! Падтрымліваем!
    — Мы за баявую падпольную групу!
    — Біць фашыстаў!
   — Будзем біць. Абавязкова будзем,— бадзёрым голасам працягвала гаварыць Феня.— На захопленай ворагам тэрыторыі разгарнуў дзейнасць падпольны абком партыі. Камуністы, усе свядомыя людзі актыўна ўключыліся ў барацьбу з гітлераўскімі захопнікамі, распачалі баявыя дзеянні партызаны,— Феня павысіла голас— Трэба нам аб'яднацца ў падпольную камсамольскую групу. Прашу лічыць мяне членам Нежынскай патрыятычнай групы.
     — Я таксама прашу залічыць мяне членам падпольнай арганізацыі,— усхвалявана падхапілася Пелагея.
     — Запісвай і мяне,— падняўся ціхі, непрыкметны Міхаіл Заблоцкі.
    — Калі разам — мы ж сіла,— выкрыкнуў Шаўцоў.— Даўно я чакаў гэтага дня. Феня, прымай мяне ў групу з поўным наборам зброі: вінтоўка, наган, шэсць гранат і каля трох соцень патронаў.
    — Малайчына, Саша. Вось гэта камсамольскі ўзнос,— адобрыла Феня.
    — I нас з Мікалаем запішы,— падхапіўся Насановіч.
    — Што там доўга гаварыць. Усе згодны,— сказаў, нібы кропку паставіў, Міхаіл Шаўцоў.
    — А ты чаго маўчыш? — звярнулася Феня да прыціхлага Анопрыкава.
   — Ты ж ведаеш. У мяне зусім іншыя планы,— прамовіў ёц неахвотна.— Я гуртую хлопцаў праз лінію фронту ісці. А так ва ўсім на мяне вы можаце разлічваць.
   — I за гэта дзякуй,— крыху з'едліва прамовіла Феня і павярнулася да камсамольцаў: — Пачнём з арганізацыі ячэйкі. Выберам баявы штаб, размяркуем абавязкі, дамовімся пра месца сустрэчы, распрацуем план і пачнём дзейнічаць,— сказала Феня.
    — Не ўсе і страляць умеюць,— выказалася Пелагея.
    — Страляць навучымся,— падаў голас Анопрыкаў.— Я навучу!
   — Наша задача не толькі страляць,— тлумачыла Феня,— збіраць і перадаваць партызанам разведвальныя даныя аб перамяшчэнні гітлераўцаў, аб умацаваннях навакольных участкаў і гарнізонаў, наяўнасці ўзбраення, запісваць і распаўсюджваць сярод насельніцтва зводкі і лістоўкі з апонінімі падзеямі на фронце, запасацца зброяй, быць гатовымі ў любы момант уліцца ў партызанскія атрады. Хопіць на гэта смеласці? — звярнулася яна да прысутных.
    — Хопіць,— пачулася адусюль.
   — Смеласць — гэта добра,— адобрыла Феня.— Толькі ведайце, і галавешка адна не гарыць, тлее. Толькі ў аб'яднанні — наша сіла. I мы дакажам нашу моц.
   — Феня — камандзір. За табою хоць у агонь,— падняўся Аляксандр Шаўцоў і звярнуўся да прысутных: — Я прапаную выбраць Феню Конанаву сакратаром падпольнай камсамольскай арганізацыі.
   — Феню, Феню камсоргам,— пачулася дружнае адабрэнне.
   — Толькі цяпер для вас я Сямёнава. Гэта мая падпольная клічка. Памятайце гэта,— нагадала Феня.
   — Ура! — не ўтрывалі, дружна закрычалі хлопцы.
   — Цішэй! Забыліся, дзе мы знаходзімся,— астудзіла іх імпэт Феня.— А за давер дзякуй, сябры. Сёння мы здалі вельмі адказны экзамен. Я так хвалявалася... Але вы апраўдалі надзеі,— яна памаўчала з нейкую хвіліну, выбірала самыя патрэбныя, даходлівыя словы.— Ведаю, многія імкнуцца да подзвігу. Толькі я не абяцаю, што адразу мы пойдзем у бой. Спачатку ў нас будзе самая ціхая і непрыкметная дзейнасць. I я хачу, каб вы зразумелі, што гэта непрыкметная работа і ёсць барацьба.
    Падпольная камсамольская група ў Нежыне рыхтавалася да дзеяння. Пры сустрэчы з Майстрэнкам Феня коратка сказала пра атрыманыя ад сувязных звесткі, разведвальныя даныя і перайшла да галоўнага, што хвалявала:
    — У Нежыне створана падпольная камсамольска-маладзёжная група...
    — Створана? — здзівіўся Адам.— Не разумею. 3 непадрыхтаваных да ўмоў работы ў падполлі людзей?
    — Хлопцы рвуцца ў бой.
    — Адна справа рвацца. I зусім іншая — нешта магчы,— сказаў ён стрымана.— Што яны могуць? Я ж іх добра ведаю. Пораху не нюхалі, зброі няма, вопыту — ніякага.
    — Будзе, Адам. I зброя будзе, і вопыт,— горача даводзіла Феня.— Галоўнае ў іх ёсць — нянавісць да захопнікаў, жаданне змагацца з ворагам.
    — Ты ведаеш, на што ідзеш? — Ён не зводзіў з яе вачэй.— Рызыка якая. Адна справа — выпрабаваныя людзі. А яны? Ты можаш гарантаваць, што ў цяжкі момант яны вытрымаюць, не сарвуцца, слова лішняга не скажуць... Ты думала пра гэта?
    — Думала. Канспірацыі мы будзем разам вучыцца. Гэта наш абавязак.
    — Бач, як ты павярнула. Адрэзала шлях да адступлення,— не ўтрымаў, папракнуў яе.— Параілася б хоць са мною. Я ж як-ніяк адказваю за стан падпольнай работы камсамола раёна.
    — Дык я і раюся. Ні да каго, да цябе першага прыйшла.
   — То я табе і параю,— усміхнуўся Адам і сур'ёзна сказаў: — На першых часінах, пакуль няма вопыту, у арганізацыю прымаць толькі самых правераных, надзейных. Думаю, табе не трэба тлумачыць, што гэта вельмі сур'ёзная і адказная справа.
   — Прымаем... Самых правераных... 3 дзяцінства кожнага ведаю. Я ім давяраю,— сказала як адрэзала Феня.— Хоць і ведаю — яны не жалезныя. Мы, Адам, пры ўступленні ў падпольную арганізацыю вырашылі клятву даваць. Самым дарагім, што ёсць у чалавека, паклясціся стаяць адзін за аднаго да канца, да апошняга дыхання...
    — Клятва — абавязкова,— згадзіўся Адам.— Як прысяга. Няхай кожны паклянецца роднай зямлёю, жыццём сваім бараніць бацькаўшчыну.
    Тады, у лесе, яны выказалі адзін аднаму свае думкі і сумненні. I няхай многае яшчэ заставалася нявыказаным, але Феня радавалася, што яны зразумелі адзін аднаго, што справы арганізацыі сталі ім блізкія.
 

да зместу

       

да 65-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©