Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 

XVI

     Праз некалькі дзён з'явіўся Яўстрат Гарбачоў, а з ім прыйшло чалавек сем падпольшчыкаў, якія да гэтага часу заставаліся на канспіратыўных кватэрах у раёне Любані. Прыйшлі таксама хлопцы з Ніжына, члены падпольнай камсамольскай арганізацыі. Усё гэта былі людзі з нашых рэзерваў. Падпольшчыкі дапамаглі Гарбачову ажыццявіць падрыхтаваную ім аперацыю, а цяпер наведаліся ў лагер.
     —Добрая цаца,— гаварыў Гарбачоў, паказваючы на толькі што прыведзенага эсэсаўскага афіцэра,— панок у мундзіры, сын буйнога фабрыканта.
     Потым, спыніўшы позірк на лакіраваных ботах палоннага, ён раптам знізіў голас:
     — Вось толькі шкада, што Фені Конанавай ды яшчэ адной любанскай падпольшчыцы нельга будзе цяпер працаваць у сваіх зонах, а людзі патрэбныя нам.
     —Чаму нельга?— здзіўлена спытаў Варвашэня.— Толькі цяжэй ім будзе, але цяжкасцей сапраўдныя падпольшчыкі не баяцца.
     — Эсэсаўцы на іх след натрапілі,— з ноткай трывогі ў голасе сказаў Гарбачоў.—    Трэба неадкладна дапамагчы дзяўчатам.
     Затым ён коратка расказаў, як яму ўдалося захапіць гэтага фашыста. Калі ў Любань прыбыла асобая эсэсаўская рота, Гарбачоў адразу ж устанавіў нагляд за ёй. Пры дапамозе нашых сувязных ён ведаў усё, што там рабілася. I вось аднойчы ён атрымаў данясенне ад мясцовай дзяўчыны, медыцынскага работніка. Звалі дзяўчыну Любай. Яна ўжо даўно была звязана з партызанскім атрадам Далідовіча, і Гарбачоў ведаў яе. Дзяўчына паведаміла, што да яе на кватэру пачаў заходзіць адзін обер-лейтэнант, нейкі Рудольф, намеснік камандзіра роты. Гэта навяло Гарбачова на адну думку. Выклікаўшы Любу ва ўмоўленае месца, ён пагаварыў з ёй і ўпэўніўся, што дзяўчына здолее выканаць даручэнне. Але адной ёй цяжка будзе справіцца з той задачай, якую Гарбачоў збіраўся цяпер паставіць. Тады ён накіраваўся ў раён Ніжына. Там Гарбачоў выклікаў на адну з канспіратыўных кватэр Феню Конанаву і сказаў ёй:
     — Ёсць адно заданне, з якім можаш справіцца толькі ты.
     — Давайце,— ціха сказала Феня.
     — Заданне вельмі важнае,— падкрэсліў Гарбачоў,— але рызыкоўнае.
     — Калі для Радзімы трэба ісці на рызыку,— заўважыла Феня,— дык мы пойдзем, як хадзілі ўжо не раз.
     — Слухай, — тлумачыў Гарбачоў. — У Любані стаіць асобая рота эсэсаўцаў. Гэта толькі адно падраздзяленне буйной гітлераўскай часці, прысланай на Міншчыну для здзекаў з нашых людзей, для падаўлення партызанскага руху. Абкомам пастаўлена задача выведаць планы гэтых людаедаў, каб своечасова прыняць належныя захады. Трэба дастаць «языка», і прытым — з афіцэраў.
     — Што ад мяне будзе залежаць,— запэўніла Феня,— я ўсё зраблю. Выкладайце свой план.
     Дзяўчына была ўпэўнена, што калі Гарбачоў прыйшоў сюды, то ў яго ўжо ўсё прадумана, усё ўзважана. I ў гэтым яна не памылілася.
     — План мой такі,— пачаў тлумачыць Гарбачоў.— Пойдзеш ты ў Любань і там на нейкі час застанешся.
     — У каго? — спакойна спытала Феня.
    — Ёсць там адна наша дзяўчына, Люба, медыцынскі работнік. Нядаўна я з ёй бачыўся, яна будзе чакаць цябе. Вось табе пароль і адрас.
     — Добра,— згадзілася Феня.
     — Будзеш жыць у Любы ў гасцях як стрыечная сястра. Ад цябе мы будзем чакаць, па-першае, самых падрабязных данясенняў аб любанскім гарнізоне, а па-другое — ты разам з Любай дапаможаш нам захапіць нямецкага афіцэра. Там адзін обер заходзіць на кватэру Любы. Трэба будзе выкарыстаць гэта.
Назаўтра Феня накіравалася ў Любань. Яе прыход быў адразу ж заўважан гітлераўцамі. Гаспадыню кватэры, Любу, назаўтра выклікалі ў гестапа і папярэдзілі, што калі яе госця акажацца чалавекам падазроным, то гаспадыня будзе павешана. Люба спакойна запэўніла гестапаўцаў, што Феня яе стрыечная сястра і дачка аднаго буйнога ніжынскага кулака, які нядаўна вярнуўся з ссылкі, што яна вельмі надзейны для немцаў чалавек.
     Так Конанава і засталася жыць у Любані. Праз некаторы час яна яшчэ раз сустрэлася з Гарбачовым, і ўдваіх яны ўдакладнілі план аперацыі. Феня павінна была ўгаварыць Любу запрасіць гестапаўца да сябе ў госці, пазнаёміць з ёй, Феняй. Аб дні і часе «частавання» обера Феня павінна была паведаміць Гарбачову праз сувязнога. У вызначаны час Гарбачоў з групай падпольшчыкаў павінен быў прабрацца ў Любань, размясціцца на вышках дома, дзе жыла Люба, і чакаць сігналу Фені.
     Так усё было і зроблена. Пры першым жа зручным выпадку Люба запрасіла да сябе на кватэру эсэсаўца. Ён ахвотна з'явіўся да «паненкі», прынёс нават свайго віна. На ўсякі выпадак ён прывёў з сабой двух салдат, якіх пакінуў каля дома, дзе жылі дзяўчаты. Феня прыгатавала закуску. Обер піў з асцярогай, але гэта не мела асаблівага значэння. Гарбачову важна было дачакацца таго часу, калі ўсё сціхне на вуліцы. Праўда, нялёгка было чакаць, у хлопцаў ледзь хапала вытрымкі, але ж калі трэба, то трэба. Дзяўчатам яшчэ цяжэй было, яны ігралі вельмі складаную ролю. У такіх абставінах не дзіва і сарвацца, не вытрымаць, але Гарбачоў цвёрда спадзяваўся на Феню. Хопіць у яе і волі, і вытрымкі, і ўмення зрабіць усё.
     Час набліжаўся да поўначы. Гарбачоў знакам даў каманду хлопцам падрыхтавацца, сам спусціўся ўніз, у цёмны калідор, прытуліўся ў кутку. 3 пустой талеркай у руках выйшла ў калідор Феня. Гарбачоў асцярожна ўзяў яе за руку.
     — Як толькі вярнуся назад,— ціха шапнула Феня,— падам сігнал.
     Потым яна прыадчыніла дзверы на двор, заўважыла двух салдат і глуха, але сурова сказала ім па-нямецку:
     — Адыдзіце ад акон, пан афіцэр загадаў. Ідзіце на вуліцу!
     Два вартавыя, што ўвесь час тарчалі па падвоканню, выйшлі за калітку. Феня асцярожна падышла да каліткі і нячутна апусціла жалезную засаўку.
     — Роўна праз дзве хвіліны,— шапнула яна Гарбачову, ідучы назад у пакой,— я кіну на падлогу талерку.
     У цемры Феня заўважыла, што Гарбачоў у калідоры ўжо не адзін, што ўжо ўсе хлопцы стаяць тут.
     Калі Феня ўвайшла ў пакой, эсэсавец стаяў перад Любай з чаркай у руках і з яхіднай усмешкай гаварыў нешта брыдкае:
     — Вып'ем за адважных, сапраўдных воінаў! — думаючы пра Гарбачова і яго таварышаў, сказала Люба і падняла чарку.
     Немец выпіў. Феня паднесла яму закуску і раптам, нібы выпадкова, выпусціла з рук талерку. Люба кінулася збіраць фарфоравыя чарапкі, эсэсавец таксама нагнуўся. У гэты момант Феня наставіла на яго пісталет...
     — Рукі ўгору!
     Хлопцы віхрам ускочылі ў хату. Пакуль эсэсавец сцяміў, што здарылася, дужыя і спрытныя рукі партызан заткнулі яму рот, завярнулі назад локці і скруцілі вяроўкай.
Феня глянула ў акно: на дварэ не было нікога. Тады яна схапіла з ложка раней прыгатаваную пасцілку і накінула яе на фрыца.
     — Так зручней будзе,— сказала яна Гарбачову,— калі ўбачаць вартавыя, то падумаюць, што баба пайшла. Мы з Любай самі выведзем яго за агарод.
Дзяўчаты хутка апрануліся і павялі звязанага обера, а партызаны пайшлі следам. Фені і Любе Гарбачоў загадаў зараз жа схавацца, а сам з падпольшчыкамі павёў фашыста.
     Да бліжэйшых хмызнякоў было кіламетры два, але хлопцы час ад часу прыспешвалі эсэсаўца, і ён ішоў даволі хутка. Выйшаўшы за гарадскі пасёлак, хлопцы знялі з обера пасцілку, надзелі на яго шынель, шапку, нават пальчаткі аддалі, каб эсэсавец меў поўную форму. Вялі наўмысля на відавоку праз вёскі, праз партызанскія лагеры. Гарбачову хацелася, каб усе людзі бачылі, што партызаны злавілі жывога фашыста. Ганарысты обер цяпер у іх руках, ён глядзіць у зямлю і, мусіць, увесь час думае пра смерць.
      Калі ішлі праз вёску Пласткі, на вуліцу высыпалі ўсе, хто ў тую часіну быў дома. Людзі крочылі следам за канваірамі, распытвалі ў партызан, як ім удалося ўпаляваць обера. Тут, як і ў іншых вёсках раёна, Гарбачова ведалі многія. Адзін старэнькі дзядуля спяшаўся подбегам і ўсё стараўся зайсці немцу спераду, каб аглядзець яго з усіх бакоў. Семяніў гэтак, разглядваў, а потым выбраў момант, злаўчыўся і трэснуў обера па пераносіцы. Стары як мог помсціў акупантам-людаедам, бо яны закатавалі яго сына. Канваіры нават не заўважылі, як спрытна стары гэта зрабіў. Спусціўшы з гітлераўца кроў, ён з агідай памахаў рукою ў паветры, нібы жадаючы атрэсці з пальцаў нешта брыдкае. Затым падышоў да студні, прабіў у вадапойным карыце тонкую скарынку лёду і апусціў пальцы ў ваду.
     —Што вы робіце! — закрычалі на яго жанчыны.— Коні не будуць піць!
     Дзетвара дружным эскортам суправаджала канваіраў яшчэ з кіламетр за вёску.
     I вось обер стаіць перад намі. Твар выхалены, а нос падбіты, пасінелы, як у задзірыстага пеўня грэбень. Хто мог сказаць, што Гарбачоў зрабіў не карысную справу.
     На нараду ў абком прыбылі ўсе камандзіры і камісары атрадаў, сакратары райкомаў партыі, кіраўнікі падпольных груп. Акупант са зброяй у руках для іх не навінка, а палонны фашыст ды яшчэ ў афіцэрскай форме — усё ж такі прыцягваў увагу, тым больш што тут жа можна дапытаць яго. Гэта было не лішнім перад пачаткам нарады, на якой павінны вырашацца важныя тактычныя і палітычныя задачы партызанскага руху. Мы ўсё ж яшчэ недастаткова ведалі замыслы ворага гэтай зоны.
     Зайшлі ў штабную зямлянку, канваіры ўвялі туды эсэсаўца, развязалі яго. Палонны спыніўся ля крайняй прыступкі, зрабіў невыразны жэст рукой — нешта падобнае на прывітанне.
     — 3 якой часці? — спытаў я.
     Эсэсавец павольна падняў вочы на мяне, апусціў, потым зноў падняў і перавёў позірк на Гарбачова.
     — Вады! — выразна прамовіў ён і паказаў пальцам на рот.
     Гальчэня паднёс яму берастовы кубак з жаўтаватай вадой. Обер, мусіць, палічыў гэта за астуджаны чай, глынуў, потым зморшчыўся, пакруціў носам і плюнуў сабе пад ногі. Аддаўшы назад кубак, ён спытаў:
     — Вы эст партызаны ці камуністы?
     Герасім Маркавіч, які стаяў побач, адказаў, што мы і камуністы і партызаны.
    3 допыту і з дакументаў гітлераўца мы даведаліся пра вельмі важныя факты. Разгром нямецкіх войск пад Масквой і тыя велізарныя страты, якія панеслі і нясуць захопнікі пад ударамі Чырвонай Арміі, выклікалі ў фашыстаў вялікую трывогу. Карычневая чума, мусіць, упершыню адчула сур'ёзную небяспеку і рыхтавалася ў сувязі з гэтым да самых страшных злачынстваў.
     Эсэсавец гаварыў пра гэта скрозь зубы, злосна і спадылба кідаў на нас калючыя позіркі. Яму, мабыць, хацелася вызначыць, якое ўражанне робяць на нас яго словы. Ен гаварыў з пэўным разлікам на тое, каб збянтэжыць нас, аглушыць нечаканасцю. Адчуваючы, што гэта астатнія гадзіны яго жыцця, ён усімі сіламі стараўся паказаць, нібыта і мы не жыхары на гэтым свеце. У гэтым ён знаходзіў выйсце для свае людаедскай злосці, нейкі своеасаблівы сэнс апошняй сваёй хвіліны.
     — Мы не будзем адступаць пад Мас-сквой,— па-змяінаму сіпеў ён,— мы будзем толькі выраўніваць фронт. А калі адс-ступім, то пасля нас зас-станецца толькі шварц зямля і-і гэта... шварц попел.— А потым, крыху памаўчаўшы, дадаў: — Пусьтыня.
     — Захлынешся, бандыт,— з агідай кінуў Гальчэня,— здохнеш раней часу. Тое, пра што тут брэшаш, не будзе ніколі!
     У палявой сумцы эсэсаўца былі знойдзены копіі загадаў камандавання цэнтральнай групоўкі войск .СС. Там указвалася, што ў сувязі з пагоршаннем спраў на фронце трэба больш энергічна і больш жорстка брацца за «навядзенне парадку» на акупіраванай тэрыторыі. Эсэсаўскай дывізіі і атрадам СС, якія размяшчаліся на тэрыторыі Слуцкага, Старобінскага, Капыльскага, Грэскага, Любанскага, Глускага і Акцябрскага раёнаў, загадвалася неадкладна знішчыць партызан усіх да аднаго, ачысціць тэрыторыю і камунікацыі, стварыць спрыяльныя ўмовы для манеўравання і ўсякіх перагруповак нямецкіх войск.
     Спецыяльнай інструкцыяй вызначаліся формы і метады дыверсійнай і шпіёнскай работы. Намячалася стварэнне правакацыйных партыйных органаў у гарадах і раённых цэнтрах, арганізацыя правакацыйных партызанскіх атрадаў і груп, адкрыццё дыверсійных школ у многіх гарадах Беларусі, у прыватнасці ў Слуцку, Бабруйску і Барысаве.
     Шляхам засылкі ў атрады ўсялякага роду шпіёнаў і дыверсантаў фашысты разлічвалі аслабіць партызанскі рух, дэзарганізаваць яго, сыграць на некаторых слабых баках партызанскага жыцця таго часу. Асобна была распрацавана інструкцыя аб вывядзенні са строю камандна-палітычнага складу, работнікаў партыйнага падполля. Тут вораг пускаў у ход усё: і сотні відаў атруты, і тыфозную вош, і заражэнне венерычнымі хваробамі.
     Матэрыялы допыту былі нам вельмі дарэчы. Цяжка было прадбачыць усё тое, што пачулі мы ад палоннага эсэсаўца, пра што даведаліся з дакументаў. Гэтым яшчэ больш падкрэслівалася своечасовасць нашай нарады і важнасць тых пытанняў нашай барацьбы, якія мы збіраліся тут абмеркаваць.
     На нарадзе неабходна было распрацаваць канкрэтны план сумесных дзеянняў нашых атрадаў і груп на зіму 1941/42 года. Мы добра разумелі, што калі цяпер не згуртаваць атрады, не накіраваць іх правільна, то некаторыя з іх зімою могуць аслабіць сваю дзейнасць. Нам жа трэба было расці і расці, памнажаць і памнажаць свае сілы.
     Было ясна, што перад намі ўзніклі дадатковыя і складаныя задачы: ахова нашага насельніцтва, нашых гарадоў і вёсак, нашых матэрыяльных багаццяў. Усяго гэтага не зробіш з малымі, не акрэпшымі яшчэ і не аб'яднанымі пад адзіным кіраўніцтвам сіламі.
    Нянавісць і гнеў супраць крывавых захопнікаў мацнелі і ўсё шырэй і шырэй ахоплівалі масы беларускага народа. Гэта абавязвала Мінскі падпольны абком падумаць аб тым, каб арганізоўваць кіраўніцтва партызанскімі атрадамі і групамі ў бліжэйшых раёнах Палескай, Баранавіцкай, Маладзечанскай і Магілёўскай абласцей.
Гэта дыктавалася пэўнымі ўмовамі. Атрадаў было ўжо нямала, і раслі яны і ўмацоўваліся — што дзень, то ўсё больш і больш. Атрады Коржа і Меркуля ўжо налічвалі па некалькі сот чалавек кожны. Па сутнасці, там былі ўжо чатыры атрады, бо Мікіта Бандаравец і Фёдар Шырын часта атрымлівалі вельмі адказныя заданні і праводзілі складаныя аперацыі. Яны дзейнічалі самастойна і адважна. А калі праводзілася буйная аперацыя, старобінцы выступалі разам, і агульнае камандаванне ў такіх выпадках браў на сябе Васіль Захаравіч Корж. Больш чым па сотні партызан мелі атрады Паўлоўскага, Храпко, Пакроўскага, Зайца, Жукоўскага, Далідовіча, Хадаркевіча, Філіпскіх; значна выраслі за апошнія часы атрады Патрына, Розава, Сталярова, Шашуры і іншых.
     Зусім нядаўна пачаў самастойна дзейнічаць даволі моцны атрад Антона Пятровіча Пакуша і Анатолія Якаўлевіча Жулегі. Гэта — тыя самыя людзі, з якімі мы сустракаліся ў ліпені ў вёсцы Забалацце, Акцябрскага раёна. Тады ў іх была невялічкая група і ўзначальваў яе старшыня сельсавета Русакоў. Цяпер Русакоў таксама быў у атрадзе, але не камандаваў. Пажылы, слабаваты здароўем Русакоў мог прынесці карысць на месцы, калі група была яшчэ на становішчы скрытых рэзерваў, а калі давялося дзейнічаць у адкрытую, партызаны аддалі перавагу старшыні калгаса Пакушу. У гэтым чалавеку выключна ўдала спалучалася рэдкая душэўная дабрата з рашучасцю і цвёрдасцю характару. Ён быў ініцыятыўны, смелы, любіў ва ўсім суровы парадак, але часам глядзеў на свой атрад, як на калгас у падполлі. У яго сапраўды былі толькі мясцовыя людзі. Не было вайны — яны працавалі на полі, напаў жа на Радзіму вораг — змянілі плуг на зброю і пайшлі ваяваць.
     На вайне па-ваеннаму, але паколькі ў атрадзе тыя ж самыя калгаснікі, той жа самы старшыня калгаса, то па традыцыі яны іншы раз і ваенныя пытанні вырашалі па-калгаснаму. Збяруцца на сход і рашаюць, як што лепш зрабіць. Яны і Пакуша выбралі камандзірам на сваім агульным сходзе і ў пратаколе запісалі — прасіць Мінскі абком зацвердзіць камандзіра атрада. Тут Антону Пятровічу была аказана перавага і за тое, што ён камандзір запасу: добра ведае зброю, разбіраецца ў тактыцы і сам — адважны.
     У суседнім, Капаткевіцкім, раёне пачаў актыўна дзейнічаць атрад Міхайлоўскага і Жыгара. Старшыня Капаткевіцкага райвыканкома Міхайлоўскі і дырэктар МТС Жыгар з першых дзён вайны засталіся ў тыле ворага, але доўгі час ім не ўдавалася арганізаваць у раёне моцнага партызанскага атрада. Яны вымушаны былі задавальняцца маленькай групай і туляліся з ёй недзе ў лясных нетрах. Мабыць, па гэтай прычыне мы ў першыя дні падполля і не маглі ўстанавіць з імі належнай сувязі. Але пасля таго як па заданню абкома атрады Далідовіча і Паўлоўскага разграмілі капаткевіцкі гарнізон і мы сустрэліся з Міхайлоўскім і Жыгарам, яны цвёрда сталі на ногі і ўзначалілі партыйнае падполле і партызанскі рух у сваім раёне. У гэтым вялікую дапамогу аказалі ім Савелій Ляшчэня і група камуністаў з атрада Далідовіча, якіх накіраваў абком са спецыяльным заданнем у Капаткевіцкі раён.
     Ужо даўно было вядома пра гераічную барацьбу дукорскіх, рудзенскіх, пухавіцкіх, барысаўскіх партызан. 3 сакратаром Рудзенскага райкома партыі Мікалаем Пракоф'евічам Пакроўскім, як і з многімі іншымі, мы трымалі сталую сувязь з першых дзён вайны. Прадстаўнікі абкома бывалі ў яго не раз.
     Прыходзілі добрыя весткі і з Асіповіцкага раёна. Там дзейнічалі атрады Шашуры і Альхаўца — былога загадчыка райземаддзела. Пад Мінскам мацнеў атрад «Штурм». Ён складаўся галоўным чынам з навакольнага сельскага насельніцтва і мінчан. У Пухавічах актыўна дзейнічаў на камунікацыях атрад Яўгенія Філіпскіх.
     Усё гэта ставіла на парадак дня пытанні каардынацыі баявых дзеянняў і сістэматычнага кіраўніцтва партызанскім рухам у гэтых і іншых суседніх раёнах. Тут важна было ўмела спалучыць партыйную работу ў падполлі з аператыўным кіраўніцтвам баявымі дзеяннямі партызан.
     Нарада пачалася ўжо на змярканні: хоць і не бескарысна, але занадта доўга правазіліся мы з эсэсаўцам, ды ў дадатак чакалі некаторых камандзіраў. Цяпер сабраліся амаль усе з тых, каго выклікалі.
     Мы яшчэ раз удумліва прачыталі даклад Старшыні Дзяржаўнага Камітэта абароны на ўрачыстым пасяджэнні Маскоўскага Савета дэпутатаў працоўных і прамову на парадзе войск Чырвонай Арміі 7 лістапада 1941 года.
     Вывад для нас быў зразумелым: трэба было ўсё шырэй і шырэй разгортваць партызанскі рух, усё мацней і мацней біць ворага. Беручы гэта за аснову ўсяго, па даручэнню абкома я прапанаваў наступны план дзеянняў на бліжэйшыя месяцы: усе атрады павінны набыць транспарт з разліку прыкладна адны сані і двое коней на трох-чатырох чалавек; аб'яднаць ат-рады пад адзіным кіраўніцтвам і правесці вялікі рэйд па раёнах Мінскай, Палескай, Пінскай і часткова Баранавіцкай, Маладзечанскай і Магілёўскай абласцей.
     Рэйд павінен вызначацца дзвюма мэтамі: па-першае, разгром нямецкіх і паліцэйскіх гарнізонаў у вёсках і раённых цэнтрах, знішчэнне мастоў, складаў, нафтабаз, па-другое — правядзенне шырокай палітыка-масавай работы сярод насельніцтва і ўцягненне яго ва ўсенародную барацьбу з ворагам.
     Гэтая прапанова супала з жаданнем усіх камандзіраў і камісараў. Яна была прынята. Гэта было адзіна правільным рашэннем. Хто мог сумнявацца ў тым, што насельніцтва ўсюды будзе рада нам, падтрымае, дапаможа нам і забяспечыць усім чым трэба. У сваю чаргу, мы дапаможам насельніцтву. У гарнізонах звычайна было нямала ўсякіх складаў са збожжам, прадуктамі, вопраткай. Усё гэта можна будзе раздаць людзям. Гэта яшчэ больш узніме аўтарытэт партызан і ўзмоцніць нашу сувязь з масамі.
     Нельга было не ўлічваць і таго, што мы яшчэ былі беднаваты на ўзбраенне. Яшчэ нямала было партызан, якія не мелі агнястрэльнай зброі. Рэйд па варожых гарнізонах вырашаў і гэтую задачу.
      Такім чынам выходзіла: заставацца на зіму ў лесе на адным месцы,— значыць, рызыкаваць атрадамі; ісці ж у рэйд, інакш кажучы, ісці смела і рашуча ў наступленне на ворага,— значыць, расці, мацнець, загартоўвацца ў баях, пашыраць сувязі з насельніцтвам, выхоўваць у людзях упэўненасць у вялікую жыццёвую сілу Савецкай улады, у перамогу Чырвонай Арміі.
     Ідэя стварэння адзінага аператыўнага кіраўніцтва атрадамі таксама не сустрэла пярэчанняў. Галоўны штаб быў створаны з сямі чалавек. У яго ўвайшлі: Мачульскі, Бондар, Бельскі, Варвашэня, Гарбачоў, Кожар і я. Пазней мы размеркавалі абавязкі паміж сабой так, што кожны член бюро меў сваю галіну дзейнасці. На мяне як на першага сакратара абкома былі ўскладзены абавязкі камандуючага партызанскімі атрадамі Мінскай і Палескай абласцей, Раман Навумавіч і Корж былі маімі намеснікамі па кіраўніцтву баявымі аперацыямі, Аляксей Георгіевіч—па разведцы і контрразведцы, Іосіф Аляксандравіч і Іван Дзянісавіч займаліся работай падпольных партыйных арганізацый, выпускам лістовак і газет, масава-растлумачальнай работай сярод насельніцтва.
    Такім чынам, дваццаць пятага лістапада сорак першага года ў нас афіцыйна было створана злучэнне партызанскіх атрадаў. Але ж гэта зусім не азначала, што надалей атрады пазбаўляліся самастойнасці і не мелі права праяўляць уласнай ініцыятывы. Наадварот, гэта яшчэ больш расшырала іх ініцыятыву. Тут усё залежала ад умоў і абставін. Калі трэба было, дык атрады маглі дзейнічаць зусім адасоблена, у адзіночку, нават раздзяліўшыся на групы. А пры неабходнасці масіраванага ўдару яны павінны былі выконваць агульны план штаба.
 

да зместу

       

да 65-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©