|
«Звязда» на Любаншчыне
У канцы кастрычніка 1942 г. неяк пад вечар мяне
паклікалі ў штаб злучэння. Я думаў, што пашлюць на новае
задание. Але тое, што я пачуў ад Р. Мачульскага і ўпаўнаважанага
ЦК КП(б)Б К. Мазурава, збянтэжыла.
— Трэба перабрацца на больш заканспіраваную кватэру.
Там даведаевіся, што будзеш рабіць.
У вёсцы Сасноўка, дзе размяшчаўся штаб, я сустрэў сваіх
таварышаў па даваеннай рабоце ў рэдакцыі Капаткевіцкай райгазеты
Ніну Цылько і Мікалая Курыку. Іх таксама выклікалі ў штаб. Стала
зразумела, чым будзем займацца — выпускаць газету. Але не было
шрыфтоў, друкарскага варштату і іншага стасунку...
Назаўтра мяне і Курыку зноў паклікалі ў штаб. Камісар злучэння
I. Вельскі паставіў задачу абавязкова здабыць шрыфты. Перад
прыходам немцаў я сам закапаў некалькі кас са шрыфтам. Але як
цяпер дастаць іх? У Капаткевічах немцы і паліцаі.
Нам далі групу партызан. Цёмнай ноччу прабраліся да будынка
рэдакцыі. Амаль да світання выграбалі і ссыпалі ў мяшкі
перамяшаныя з пяском літары. Амаль тыдзень мылі і ачышчалі шрыфт.
Потым набралі лістоўку. Здзівіла, што Мазураў загадаў, каб у
канцы лістоўкі паставіць: «Выданне ЦК КП(б)Б». Ён намёкамі даў
зразумець, што лістоўкі, якімі мы займаліся, справа часовая,
хутка будзем рабіць сапраўдную газету.
Так мы працавалі да 25 студзеня 1943 г. Той ноччу быў
самалёт з Вялікай зямлі. Увечары мы ехалі ў напрамку глухой
вёсачкі 6-я Брыгада. Спыніліся ў дзвюх крайніх хатах, у якіх
жылі салдаткі Марфа Мігун і Марыля Бубіч. Тут адбылося наша
знаёмства з Міхаілам Барашкавым, будучым рэдактарам «Звязды».
Умовы работы і побыту былі суровыя. Мы не мелі права нікуды
адлучацца, нікому гаварыць пра свой заня так.
Над газетай працавалі Піліп Касцюкавец — былы рэдактар
Любанскай райгазеты, Георгій Шчарбатаў, Аляксандр Сакевіч, Коля
Курыка, Ніна Цылько і я. Кароткія зімовыя дні. Ледзь паспявалі
да прыцемкаў набраць газету. Вярсталі, правілі і друкавалі пры
дрыготкім святле смалякоў. Днём часу для адпачынку таксама
неставала. Шчарбатаў, Касцюкавец, Сакевіч і я адпраўляліся па
атрадах і брыгадах за матэрыялам, Міхаіл Парфенавіч рыхтаваў
наступны нумар. Ён перапісваў для набору ўсе матэрыялы.
«Звязда» выходзіла два разы на тыдзень — у суботу і
сераду, а «Чырвонка» — раз у нядзелю. Хутка «Звязда» заваявала
шырокага чытача. За дзень да выхаду газеты ў штабе ўжо сядзелі
сувязныя з розных брыгад, атрадаў, ад падпольных арганізацый
гарадоў і вёсак.
У канцы сакавіка 1943 г. карнікі нечакана прарваліся
зусім блізка да нашай вёскі. Партызаны спынілі іх на рацэ Арэса
ў чатырох кіламетрах ад в. 6-я Брыгада. Стрэлы чуліся зусім
блізка.
— Хутчэй збірацца! — скамандаваў Міхаіл Парфенавіч. —
Закончым у іншым месцы!
За якіх пяць мінут сабралі свой рыштунак, пагрузілі на
каня — і ў балота. Густы чарот, лазняк схавалі нас.
Ёсць сярод Загальскіх балот сухі груд, які мясцовыя
жыхары празвалі Добрым. Тут мы зрабілі прыпынак. Трэба было
завяршыць нумар. Праўда, тыраж атрымаўся «падмочаным». Густы
снег, які перамяшаўся з дажджом, пакарабаціў паперу. Але мы
маглі радавацца: вырваліся з-пад носа фашыстаў і не сарвалі
выхаду газеты.
Наступны наш прыпынак быў у вёсцы Рэпін. Гаспадары хаты
— стары рускі салдат дзед Сямён і яго бабка Гануля ўмелі трымаць
язык за зубамі. Тут мы, як кажуць, працавалі на поўную сілу,
хаця цяжкасцей было шмат. Неставала шрыфту на дзве паласы. Трэба
было набіраць і друкаваць адну, потым разбіраць шрыфт і набіраць
другую.
Як ні зручна і выгадна было жыць і працаваць пад дахам
хаты, але трэба было перабірацца ў больш зацішнае месца.
Нямецкія самалёты падазрона зачасцілі сюды. У адну з чэрвеньскіх
начэй зняліся з месца і падаліся ў напрамку Чорнага балота. Там
партызаны падрыхтавалі новую стаянку для «Звязды».
За кароткую ноч прайшлі толькі палавіну шляху. Дзень
застаў на невялікім зялёным грудку. Тут зрабілі пры вал.
Адпачылі крыху і — за работу. Разабралі свой рыштунак,
прыладзіліся хто дзе мог і работа закіпела. Вечарам сувязны
павёз у штаб злучэння чарговы нумар «Звязды».
Назаўтра мы трывала аселі на новым месцы. Гэта быў
ускраек вялікага балотнага вострава. Пад магутным дубам
прытулілася варывенька, перанесеная сюды на плячах па бервяну. У
ёй размясціўся «наборны» і «друкарскі» цэхі нашай друкарні.
Міхаіл Парфенавіч аблюбаваў сабе месца пад пышным арэхавым
кустом. Убіў два калы, прымацаваў дошку — гэта быў яго пісьмовы
стол. Астатнія ўладкоўваліся, дзе каму даспадобы. Вельмі
падбадзёрыла нас тэлеграма Цэнтральнага Камітэта кампартыі
Беларусі. Там адзначалася добрая работа «Звязды», адказныя
таварышы з ЦК жадалі нам поспехаў у рабоце, добрага здароўя.
Георгій Шчарбатаў і Піліп Касцюкавец увесь час былі «ў
камандзіроўках». Для газеты патрэбен свежы, непасрэдна з месца
падзей матэрыял, і яны разам з партызанамі хадзілі на аперацыі
па ўзрыву эшалонаў, мастоў, дарог, удзельнічалі ў разгроме
варожых гарнізонаў. Аляксандра Сакевіча накіравалі арганізоўваць
любанскую падпольную газету.
Да нас наведваліся адказныя падпольныя партыйныя і
камсамольскія работнікі, камандзіры брыгад і атрадаў. Асабліва
частым госцем быў былы сакратар ЦК ЛКСМБ Кірыл Мазураў. Ён
заўсёды прыносіў падарункі — кавалак трафейнага мыла, мяшэчак
тытуню ці прыгаршчу солі, расказваў свежыя анекдоты пра фрыцаў.
Кірыл Трафімавіч даваў шмат цікавых матэрыялаў аб гераічных
подзвігах камсамольцаў — партызан і падпольшчыкаў. Многа спраў
было ў яго, але ўсё ж знаходзіў час і сам апрацоўваў дасланыя
пісьмы з камсамольскіх падпольных арганізацый, пісаў перадавыя
артыкулы для «Чырвонай змены».
Цяжка было даставаць паперу, друкарскую фарбу. Але
партызанская кемлівасць выручала. Фарбу, напрыклад, рабілі
наступным чынам. Спальвалі пад дашчаным каўпаком аўтамабільныя
пакрышкі. Затым сажу сашкрабалі са сценак каўпака, змешвалі яе с
тлушчам — і фарба гатова.
Паперу даставалі рознымі шляхамі. Захоплівалі штабныя
машыны, куплялі ў немцаў. Друкар падпольнай чырвонаслабодскай
газеты Алесь Канаплянік завёў знаёмства з нямецкім кладаўшчыком
у Слуцку, які вельмі ўпадабаў самагонку.
ЦК Кампартыі Беларусі аператыўна кіраваў работай свайго
друкаванага органа. Рэдакцыя атрымлівала ўказанні, карысныя
парады і рэкамендацыі, як лепш арганізаваць работу, на якія
пытанні звярнуць увагу. Галоўная ўмова — цесная сувязь з
народам, партыйным падполлем.
Рэдакцыя трымала цесную сувязь з падпольнымі райкомамі
і абкомамі партыі, камандаваннем брыгад і атрадаў. Кожную
нядзелю Міхаіл Парфенавіч Барашкаў ездзіў па вёсках
партызанскага краю. Браў з сабою свежыя газеты, раздаваў іх
сялянам, расказваў пра становішча на фронце, падзеі за мяжой. У
вёсцы Гарадзяцічы расказаў пра савецкага калгасніка Ферапонта
Галаватага, які на свае зберажэнні купіў самалёт. Спытаў, можа
хто з партызан пакрыўдзіў жыхароў. У адказ пасыпаліся падзякі ў
адрас партызан за абарону, за дапамогу.
— Мы з нашымі заступнікамі дзелімся апошнім! — гаварылі
сяляне.
Потым вёску наведалі агітатары. Праз дзень адсюль накіраваўся ў
размяшчэнне партызан вялікі абоз. На пярэдняй фурманцы горда
лунаў чырвоны сцяг. Сяляне былі па-святочнаму апранутыя. Яны
везлі партызанам прадукты харчавання, сапраўды падзяліліся
апошнім. Жанчыны, дзяды і падлеткі не маглі засяваць усе палеткі,
дарослыя ж былі ў партызанах або на фронце.
Сяляне наведалі рэдакцыю «Звязды».
— Напішыце ад нас пісьмо да ўсіх беларусаў, каб
памагалі біць ненавіснага ворага чым толькі могуць, — папрасілі
яны.
«Звязда» ў наступным нумары змясціла пісьмо сялян вёскі
Гарадзяцічы да ўсіх сялян рэспублікі, падпольшчыкаў, жыхароў
гарадоў.
Фронт набліжаўся да Беларусі. Вызвалены першыя раёны. «Звязда»
горача павіншавала насельніцтва. З'явілася новая рубрыка: «У
вызваленых раёнах». Набліжэнне фронту абцяжарвала нашу работу.
Немцы пачалі будаваць у другім эшалоне, які праходзіў праз
партызанскі край, умацаванні, нагналі шмат войск. Фашысты
наважыліся чаго б гэта ні каштавала ачысціць свой тыл ад
партызан. Яны пачалі сціскаць кола вакол партызанскай зоны. Але
не так легка было ворагам ажыццявіць сваю задумку. Ніводнай
вёскі народныя мсціўцы не аддавалі без бою. Артылерыйская
кананада не сціхала ні нахвіліну.
У рэдакцыі скончылася папера. Але застацца ў такі час
без газеты нельга. Пайшлі ў ход вучнёўскія сшыткі, кавалкі
шпалераў. Каб вытрымаць фармат, клеілі невялічкія лісты ў
большыя аркушы. «Звязда» па-ранейшаму была з партызанамі,
падпольшчыкамі, насельніцтвам.
Разам з групай партызан Касцюкавец накіраваўся на
фронт, а мы засталіся на старым месцы. Падрыхтаваліся да зімы,
уцяплілі свае буданы, зрабілі паветку для кабылы Машкі. А немцы
не супакойваліся. Кожны дзень прыходзілі трывожныя весткі:
фашысты занялі Пасеку, набліжаюцца да Трайчан. Партызаны ўзвялі
абарончыя збудаванні на беразе Арэсы, умацавалі свой аэрадром на
востраве Зыслаў. Хутка пачаліся баі на гэтым апошнім рубяжы
партызанскай абароны. У канцы студзеня 1944 г. партызаны
размяшча ліся на Чорным балоце. Усе навакольныя вёскі былі
заняты фашыстамі. На балоце сабралася некалькі тысяч партызан і
сялян, пераважна жанчын, старых, дзяцей з навакольных вёсак.
Прыйшла і наша чарга змяніць верстакі і алоўкі на аўтаматы. Я,
радыст Юрка Захараў і Мікалай Курыка разам з партызанамі атрада
імя Гастэлы, да якога была прьшісана рэдакцыя, занял і абарону
на беразе Арэсы. Немцы паспрабавалі прарваць абарону, але былі
адкінуты з вялікімі стратамі. Не дапамагла ім і танкетка —
бранябойшчыкі падбілі яе. Фашысты пачалі абстрэл рубяжа з гармат
і мінамётаў.
У нас была задача пратрымацца да ночы, потым трэба
адыходзіць. Так і зрабілі. Як толькі сцямнела, пакінулі свой
рубеж. Нашы сябры падаліся на хутар Хлус, дзе былі тылы атрада,
а мы — на свой востраў. Усе было гатова да ад'езду. Наборныя
касы, друкарская машынка, няхітры скарб ляжалі на возе.
— Ну, хлопцы, рушылі, — нявесела азваўся Міхаіл
Парфенавіч.
Засталася адна дарога: праз вёску Калінаўка на захад,
скрозь кола ва рожага акружэння. Гэтае паселішча раскінулася
амаль на тры кіламетры ўздоўж Арэсы. Ускрайкі вёскі былі заняты
немцамі, але сярэдзіну, дзе была пераправа праз раку,
утрымлівалі партызаны. Трэба было за ноч прапусціць некалькі
тысяч чалавек праз небяспечнае месца. Апошняй пераехала мост
наша рэдакцыйная фурманка. Калі ўязджалі ў лес, пачало ўжо
шарэць.
Горш за нямецкія кулі касіў партызан тыф. Не было каму
лячыць хворых, яны ляжалі покатам на падлозе. Хто ачуньваў —
выпаўзаў з хат на паветра.
Злёг і Міхаіл Парфенавіч. Нягоды апошніх дзён, адсутнасць
медыкаментаў дапамаглі лютай смерці. 22 лютага 1944 г. не стала
нашага рэдактара, уважлівага і чулага дарадчыка, умелага
выхавацеля, бясстрашнага камуніста Міхаіла Парфенавіча Барашкава.
На высокім грудку пад трыма стройнымі хвоямі вырас магільны
курганок.
Абваліла хвароба Ніну, Міколу. Засталіся на нагах я,
Юрка Захараў і Шчарбатаў. Трэба было рабіць газету. Наборшчык з
мяне не надта добры. Касу ведаў, умеў ставіць літары ў вярстатку,
і ўсё. Пачалася работа. Шчарбатаў падрыхтоўваў матэрыял, я
ўзяўся за набор. Тры дні пайшло на гэта, але «Звязда» выйшла.
Газета працягвала жыць...
Вясной 1944 г. зноў пераехалі на балотны востраў,
выпусцілі шэсць нумароў «Звязды». Неўзабаве прыйшлося перажыць
яшчэ адну карную экспедыцыю. Немцы кінулі супраць партызан каля
пяці дывізій з танкамі, самалётамі. Праўда, нам цяпер было
намнога лягчэй. Лес апрануў зялёны ўбор, пад кожным кусцікам быў
прытулак і схованка. У час гэтай блакады мы вымушаны былі
закапаць сваю рацыю і архіў. У трывозе не запрыкмецілі добра
таго месца, бо літаральна праз тры дні нашы пошукі поспеху не
прынеслі. Так дзесьці і сёння тоіць палеская зямля адданы ёй на
схованку скарб.
Пачалося вызваленне Беларусь «Звязда» выходзіла ўжо
штодзённа. А з 10 ліпеня 1944 г. газета зноў пачала выходзіць у
сталіцы, у Мінску.
А. Шурпач
да зместу |
|