|
У змрочныя дні акупацыі
3 першых дзён акупацыі на захопленай ворагам тэрыторыі
была забаронена дзейнасць органаў савецкай улады, адменены ўсе
савецкія законы. Гітлераўцы выдалі шэраг загадаў, асноўны сэнс
якіх зводзіўся да таго, каб у зародку задушыць самае малое
супраціўленне ці незадаволенасць, знішчыць значную частку
насельніцтва. За любое непавінавенне, нявыхад на работу,
знаходжанне на вуліцы пазней дазволенага часу, каля чыгункі ці ў
лесе, праслухоўванне радыё — смерць, смерць...
Беларусь выдзялялася ў генеральны сакратарыят «Беларутэнія».
Яе тэрыторыя была ўключана ў рэйхскамісарыят «Украіна» акругі «Літва»,
частка тэрыторыі ўваходзіла ў акругу «Беласток». Усходняя частка
Беларусі была аднесена да вобласці тылу фашысцкай трупы армій «Цэнтр».
Такім чынам, паўночна-заходняя частка Любаншчыны аказалася ў
складзе генсакратарыята «Беларутэнія» і падпарадкоўвалася
Слуцкаму гебітскамісарыяту, астатняя частка — у вобласці тылу
нямецкай арміі.
Дзейнічалі валасныя ўправы на чале з бургамістрамі,
вёскамі кіравалі старасты. Апорай рэжыму былі акупацыйныя часці
вермахта, у населеных пунктах размяшчаліся гарнізоны. Войскі
неслі ахову камунікацый і ваенных аб'ектаў, лагераў
ваеннапалонных, вялі барацьбу з партызанамі. Для гэтых мэт і
падтрымкі акупацыйнага рэжыму выкарыстоўваліся часці СС, паліцыя,
службы бяспекі СД і службы парадку ОД. Органы паліцэйскіх служб
знаходзіліся на ўсёй тэрыторыі, у тым ліку і на Любаншчыне.
Галоўнымі метадамі «пераканання» насельніцтва акупіраваных
тэрыторый былі рэпрэсіі. Не забываліся і аб прапагандзе —
газетах, радыё, кіно, лекцыях, якія дэзінфармавалі людзей,
скажалі праўду аб падзеях на фронце, імкнуліся падарваць давер
да партызан. Ствараліся нават псеўдапартызанскія атрады, якія
рабавалі мірнае насель ніцтва, падрывалі аўтарытэт народных
мсціўцаў.
3 першых дзён акупацыі на Беларусі праводзілася
палітыка генацыду. Карнікі знішчалі грамадзянскае насельніцтва і
ваеннапалонных. Агнём, шыбеніцамі, турмамі фашысты імкнуліся ў
корані задушыць барацьбу, знішчыць усе патрыятычныя сілы.
Палітыка генацыду спалучалася з тактыкай «выпаленай зямлі».
Гітлераўцы настойліва праводзілі жорсткія карныя
аперацыі супраць партызан і мірнага насельніцтва. Іх мэтай быў
захоп для адпраўкі ў Германію і патрэб арміі рабочай сілы,
жывёлы, збожжа, маёмасці і каштоўнасцей. У партызанскіх зонах
знішчаліся населеныя пункты. У першыя дні акупацыі спалены вёскі
Чабусы, дзе згарэла 208 хат, Камуна — 210 хат і іншыя.
Супраць мірнага насельніцтва Любанска-Акцябрскай
партызанскай зоны было праведзена некалькі карных аперацый. У
сакавіку 1942 г. пачалася аперацыя пад кодавай назвай «Бамберг»,
у якой прынялі ўдзел артылерыйскі і тры пяхотныя палкі, два
асобныя батальёны паліцыі, кавалерыйскі эскадрон і
авіяэскадрылля. 20 сакавіка карнікі пачалі блакаду партызанскай
зоны, праз 10 дзён рушылі ў наступление. Яны ішлі з Любані праз
Ямінск, Сялец, Загалле. У першы дзень расстралялі і павесілі
каля 300 чалавек, спалілі в. Савалуцк, Палічнае, Ямінск. Шлях
карнікаў ляжаў у бок Акцябрскага раёна.
У жніўні 1942 г. камандуючым ахоўнымі войскамі тылавой
групы армій «Цэнтр» быў аддадзены загад аб правядзенні новай
карнай аперацыі, мэта якой — ачысціць і «ўціхамірыць» раён
дзеяння партызан Акцябрска-Любанскай зоны. Былі спалены вёскі
Верачагошч і Рэдкавічы (142 хаты з 151). У верасні 1942 г.
карнікі часткова спалілі в. Мардзвілавічы.

Жыхары в. Малыя Гарадзяцічы ў спаленай карнікамі
вёсцы. 1943 г.
Вясной 1943 г. супраць партызан і
мірнага насельніцтва Любанскага і іншых раёнаў па загаду
рэйхсфюрэра Гімлера была праведзена карная аперацыя пад кодавай
назвай «Русалка». У ёй задзейнічаны каля 20 ахоўных батальёнаў,
авіяцыя, дапаможныя сілы паліцыі, а таксама падраздзяленні
вермахта. Карнікам не ўдалося дабіцца значнага поспеху ў
барацьбе з партызанамі, яны жорстка расправіліся з мірнымі
жыхарамі. Карнікі толькі з 25-га ахоўнага батальёна расстралялі
695 жанчын, старых і дзяцей, захапілі 300 галоў жывёлы, 50
цэнтнераў пшаніцы. На Любаншчыне ў ходзе аперацыі «Русалка»
поўнасцю былі спалены вв. Пагной, Дворышча, М. Гарадзяцічы,
Прыклінец, Абоз, часткова — В. Гарадзяцічы і Дварэц. Звыш тысячы
юнакоў і дзяўчат было схоплена для вывазу на катаржныя работы ў
Германію.
Мірнае насельніцтва, папярэджанае партызанамі аб
аперацыі карнікаў, пакідала свае вёскі. Людзі пастаянна жылі ў
трывозе і гатоўнасці па першаму сігналу хавацца ў лесе. I. I.
Дайнека з в. Старасек успамінае: «У мяне заўсёды стаялі
напагатове калёсы. Як толькі аб'яўлялі трывогу, я адразу
запрагаў каня, браў самае неабходнае — адзенне, прадукты і з
усёй сям'ёй спяшаўся ў лес, дзе ў самых глухіх месцах загадзя
былі падрыхтаваны сховішчы. Так, у трывозе і страху вандравалі
ўсю вайну... Партызаны пры магчымасці дапамагалі жыхарам весак
эвакуіравацца, давалі прытулак. Пад іх аховай узнікалі
грамадзянскія лагеры, якія размяшчаліся ў лясах, на астравах
сярод балот.
Апошняя буйная карная аперацыя фашыстаў супраць
партызан і мірнага насельніцтва на Любаншчыне пад кодавай назвай
«Марабу» была вясной 1944 г. Яна праводзілася ў прыфрантавой
паласе 23 га армейскага корпуса 2- й нямецкай арміі групы армій
«Цэнтр» сіламі 810 га і 102-га ахоўных батальёнаў. Мэта аперацыі
— знішчэнне партызанскіх фарміраванняў, якія дзейнічалі ў тыле
гітлераўскай арміі. У пачатку блакады партызанскай зоны газета «Кліч
Радзімы», орган Любанскага падпольнага райкома КП(б)Б,
звярнулася са зваротам да насельніцтва не давяраць фашыстам, не
заставацца ў вёсках, адпраўляцца ў лес, ратаваць дзяцей, жанчын
і старых, змагацца з ворагам. У партызанскіх брыгадах і атрадах
распрацоўваліся спецыяльныя мерапрыемствы па ахове мірнага
насельніцтва. Камандаванне атрада імя А. Неўскага прыняло
пастанову: «Арганізаваць размяшчэнне сямей і ахову іх, для чаго
выдзеліць людзей, пабудаваць у лесе зямлянкі. Садзейнічаць
пошуку тых, хто прапаў без вестак, накіраваць для гэтага групу
байцоў атрада».
Партызанам удалося прарваць блакаду і нанесці
праціўніку шэраг удараў. Разам з партызанамі выйшлі з акружэння
і мірныя жыхары Любаншчыны. Карнікі спалілі пустыя вёскі —
Лісценку, Н. Юрковічы, Песчанец-1, Песчанец-2, Ст. Юрковічы,
часткова — Жалы, Забярэзінец, Загалле, Татарку, Старасек.
За гады акупацыі ў час карных аперацый на Любаншчыне
было спалена 27 вёсак, вывезена ў Германію 3912 юнакоў і дзяўчат,
забіта і замучана 4220 чалавек. Цана вялікай Перамогі была
неймаверна высокай не толькі на фронце, але і ў глыбокім тыле,
дзе партызаны, усе жыхары не скарыліся, яны раздзімалі вогнішча
ўсенароднай свяшчэннай барацьбы з ворагам...
Н. А. Каратчэня
да зместу |

|