|
3 успамінаў М. А. Шаплыкі,
жыхаркі в. Сарачы
Да вайны мы жылі ў Рэдкавічах. Кожную нядзелю мама
хадзіла ў Любань. I ў той дзень, калі вярнулася з райцэнтра, яна
сказала бацьку: «Людзі кажуць, вайна пачалася...» Бацька не
паверыў. А хутка пачуўся гул чужых самалётаў, і праз некалькі
дзён у вёсцы з'явіліся немцы. Салдаты кватаравалі ў хатах
вяскоўцаў. У нас жылі пяць немцаў. Маці гатавала ім абед.
Восенню вайсковая часць адправілася, здаецца, на фронт,
у вёсцы ўсё часцей пачалі з'яўляцца эсэсаўцы. Колькі гора
зведала ад іх! Наша хата стаяла на-водшыбе, была абсаджана
кустамі. Партызаны заўсёды нам перадавалі, калі едуць карнікі, а
мы папярэджвалі ўсіх вяскоўцаў. Звычайна я, старэй шая — мне
было ўжо шэсць гадоў — бегла да бліжэйшай хаты. Людзі хуценька
збіралі клункі з самым неабходным — і ў лес. Напярэдадні вайны
маці нарадзіла хлопчыка, з-за яго аднавяскоўцы ніколі не бралі
нас з сабой: маўляў, будзе крычаць, усіх выдасць. Бацька быў у
партызанах, мама адна з трыма малымі вымушана была хавацца.
Аднойчы мы начавалі ў нейкай канаве, было цёмна, холадна, пад
нагамі хлюпала гразь. Страшна: калыхне вецер куст — здаецца,
немцы ідуць. Маленькі плача... Мама ўзяла хусцінку і заткнула
яму рот. Так і сядзелі, пакуль не развіднела.
Кожны раз, вярнуўшыся ў вёску, мы не далічваліся адной
ці двух хат. Спачатку фашысты палілі пабудовы, што стаялі на
ўскраіне, а ў 1942 г. ператварылі ў попел амаль усе Рэдкавічы.
Згарэла і наша хата разам з усім скарбам. Суседка дала нам
такую-сякую вопратку, і мы падаліся ў Верачагошч, дзе жылі
родзічы. Але хутка немцы дабраліся і сюды. Жыхары вымушаны былі
перасяліцца ў лес. Амаль год туліліся ў зямлянках, па некалькі
сем'яў у кожнай.
Ніколі не забуду таго страшнага дня 1944 г. Была адліга,
ішоў мокры снег з дажджом. Раптам здалёку пачуліся стрэлы, брэх
сабак, усё бліжэй, бліжэй... Мы зразу мел і, што немцы
прачэсваюць лес. Выбеглі з зямлянак, бачым, ужо партызаны
падаспелі — іх лагер быў недалёка ад нашага. Пачалася
перастрэлка. Чутно было, як свішчуць над галавой кулі. Тады і
бацьку забілі. Ён упаў на нашых вачах. Мы ляжалі ў мокрым снезе
і не маглі нават падпаўзці да яго. Партызаны адступілі, нас усіх
схапілі і пагналі ў Азёрнае. Так і не пахавалі бацьку...
Нас зачынілі, здаецца, у гумне. Памятаю, падлога была
земляная, у кутку стаяла печ. Напіхалі нас столькі, што яблыку
не было дзе ўпасці. Але людзі неяк умудраліся і сесці, і
перадрамаць. Малым дазвалялі днём выходзіць на вуліцу, астатнія
ўвесь час пакутавалі ў цеснаце і духаце. Так нас пратрымалі каля
двух тыдняў.
Аднойчы раніцай дзверы адчыніліся, усіх пачалі выганяць
на двор. Немцы выбіралі ў натоўпе больш маладых і здаровых,
саджалі на падводы, якія стаялі непадалёку. Як потым даведаліся,
іх адбіралі для адпраўкі на работу ў Германію. Астатніх —
спаліць. I наша сям'я загінула б, калі б сярод фурманаў не
аказаўся знаёмы мамы. Ён непрыкметна вывеў нас і схаваў у сена
на сваёй павозцы. На нашых вачах забілі дзверы хаты і падпалілі
разам з людзьмі. Да сённяшняга дня ў вушах стаіць той жудасны
енк і крыкі...
Н. А. Каратчэня
да зместу |

|