|
З успамінаў У. I. Карповіч,
былой вязніцы нямецкага канцлагера
Да замужжа я жыла з бацькамі ў вёсцы Калінаўка. Выйшла замуж
і пераехала ў Азёрнае. Мужа майго, Арсеня, у першы дзень вайны
забралі на фронт, і закончылася маё сямейнае жыццё, прапаў
Арсень без вестак. Немцы не адразу наведаліся да нас. Многія
вяскоўцы падаліся ў партызаны, а мы, што засталіся ў вёсцы, чым
маглі дапамагалі ім.
Так прайшло тры гады. Спадзяваліся, што вёску абміне
бяда. Але ў красавіку 1944 г., у час апошняй блакады
партызанскай зоны, немцы з'явіліся і ў нас. Што тут рабілася!..
Людзі плакалі, крычалі. Хто спрабаваў уцякаць, таго даганяла
куля. Куды мне бегчы з малым дзіцём? Прывязалі нас да падводы і
павезлі ў Любань, потым у Старыя Дарогі. Трымалі ў зямлянках
цэлы тыдзень. Калі выпускалі на некалькі хвілін "на двор, у
праходзе стаялі па абодва бакі паліцаі і немцы. Паліцаі часта
былі больш бязлітаснымі, чым немцы.
Забралі ў нас дзяцей. Мы плачам, галосім. Думалі,
спаляць жывымі ці расстраляюць. Пагналі на станцыю, пагрузілі ў
вагоны. Дзе Валодзька, што з ім?.. Дабралася да акенца, што пад
столлю ў вагоне, бачу — немец вядзе майго Валодзьку. Той
голенькі зусім, плача. Немец кажа: «Бяры, матка, сына». I
сухароў даў. Якое было шчасце!.. У невялікі вагон напіхалі больш
пяцідзесяці чалавек. Ні ежы, ні вады. Колькі ехалі — не памятаю.
Потым даведаліся, што прывезлі нас у Германію, у канцлагер
Ландсберг.
Жылі ў бараках. Там былі французы, палякі. Працавалі на
агародзе. Бывала, хто-небудзь прыхопіць морквіну ці бурак, пасля
работы варым здабычу на ўсіх. У бараку была печ, дзеці бегалі на
чыгунку і збіралі вугаль. На месяц нам давалі вядро бульбы,
драбок солі і два боханы хлеба.
Вызваліла нас Чырвоная Армія ў красавіку 1945 г. Мяне
ўзялі на работу на склад. Хацелася дамоў, але толькі ўвосень з
сынам дабралася да радзімы. Хаты не было, згарэла. Людзі як
маглі дапамагалі адзін другому ў тыя гады. Пайшла працаваць у
калгас конюхам, затым вартаўніком. Вырас сын, зараз у мяне
пяцёра ўнукаў...
В. М. Сяховіч
да зместу |
|