|
Жыццё ў няволі
У пачатку вайны немцы наведваліся ў нашу вёску мала.
Навокал дзейнічалі партызанскія атрады, пад іх абаронай сяляне
жылі больш-менш спакойна. Займаліся сваёй звычайнай справай,
дапамагалі партызанам, чым маглі. Сярод іх было многа родных,
сваякоў, мы жылі адной вялікай дружнай сям'ёй. Усе беды пачаліся
з лета 1943 г. Карнікі абкружылі вёску, пачалася страляніна.
Людзі ўцякалі ў лес, многіх злавілі. На выручку прыйшлі
партызаны, на гэты раз няпрошаных гасцей удалося выбіць.
У нас тады жылі яўрэі — бежанцы з Глуска, Бабруйска і
Старых Дарог. Усіх іх было дзесяць чалавек, у нашай хаце было
вельмі цесна, але мы жылі дружна, хоць і не весела. Спадзяваліся,
што ўсе разам дачакаемся вызвалення. Але ў лютым 1944 г. зноў
наляцелі карнікі. Мы хаваліся ў зямлянцы ў лесе каля Трайчан.
Фашысты схапілі тады многіх вяскоўцаў, болыпасць іх спалілі
жывымі ў калгасным кароўніку. Згарэла там і мая маці... Яўрэі з
Глуска, каб не трапіць у рукі азвярэлых ворагаў, узарвалі сябе
гранатай.
15 лютага мы хаваліся ў лесе паміж в. Трубяціна і
Плюсна. Побач па дарозе ездзілі і хадзілі гітлераўцы, мы з
бацькам і сястрой Кацяй ляжалі, баючыся паварушыцца. Цэлы
тыдзень не адважваліся выйсці з лесу. Не маглі развесці агонь,
нельга было нават заснуць, а стаялі маразы...
Немцы ўчынілі аблаву, нас схапілі ў в. Трубяціна.
Прыгналі ў Любань, трымалі пад вартай больш тыдня. Потым мяне,
як малалетнюю, адпусцілі, а Кацю адправілі ў Германію. Каля
Брэста яна спрабавала збегчы, яе злавілі, моцна збілі. Тады
сястра і страціла здароўе. Вярнулася яна ў снежні 1945 г., а ў
наступную вясну, у красавіку, памерла.
У канцы зімы 1944 г. ворагі схапілі і бацьку, якому
было за 50 гадоў. У лагеры ён захварэў на тыф, немцы выпусцілі
яго, знямоглага. Я тады была ў в. Дарасіно, дзе замужам жылі мае
старэйшыя сестры. Там нас знайшоў бацька, і ўсе мы ў хуткім часе
дачакаліся вызвалення.
В. М. Сяховіч
да зместу |
|