Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 

Вытворчая дзейнасць сялян ва ўмовах часовага спынення работы калгасаў


     Дзейнасць калгасаў Загальскага сельсавета як сацыялістычных гаспадарак не ажыццяўлялася на працягу двух год (з сярэдзіны 1942 да сярэдзіны 1944 г.), г. зн. да вызвалення Любанскага раёна Савецкай Арміяй ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.
     Для высвятлення характару вытворчай дзейнасці сялян Загальшчыны пасля спынення работы калгасаў ва ўмовах партызанскага краю неабходна разгледзець формы ўласнасці на сродкі вытворчасці. У гэтай сувязі паўстае пытаняе аб далейшым лёсе грамадскай уласнасці.
     Тут трэба мець на ўвазе ўмовы раздачы грамадскай маёмасці калгаснікам. Яе раздавалі не ва ўласнасць, а для захавання і часовага выкарыстання. Аб гэтым добра ведалі калгаснікі. Былы жывёлавод калгаса імя Карла Маркса С.М.Чэркас успамінае, што партызаны гаварылі тады: «Гэта ўсё ваша, беражыце як сваё, потым будзе відаць, што з ім рабіць». Іншыя, успамінаючы пра тыя дні, гавораць яшчэ больш акрэслена. «Раздавалі з такім разлікам,—расказвае калгаснік К.Г.Плышэўскі,—што ўсё вернецца ў калгас пасля таго, як скончыцца вайна».
     Што тады быў іменна такі падыход да гэтага пытання, сведчыць рад фактаў. Найбольш паказальным у гэтых адносінах з'яўляецца размеркаванне жывёлы. Жывёла, як вядома, адносіцца да найбольш каштоўных відаў калгаснай маёмасці. Але буйная рагатая жывёла, а таксама авечкі і свінні маглі ўжывацца на мяса і такім чынам поўнасцю ліквідавацца. Ніхто не мог паступіць такім жа чынам, напрыклад, с сельскагаспадарчым інвентаром і некаторай іншай маёмасцю.
     Вось чаму камісіі імкнуліся ў першую чаргу наладзіць улік пры размеркаванні жывёлы. Таму ва ўсіх калгасах жывёла раздавалася па спісах. У «Чырвоным Кастрычніку» кожны, хто атрымліваў карову, каня і г. д., тут жа распісваўся. Гэтыя спісы захоўваліся разам з іншымі дакументамі ў партызанскім лагеры да фашысцкай блакады 1944 г.
     Гаворачы аб раздачы калгаснай маёмаеці ў Загальскім сельсавеце, трэба ўлічыць і тую важную акалічнасць, што раздача гэта праходзіла ва ўмовах буйных перамог Савецкай Арміі на фронце. Працэс раздачы супадае храналагічна з перыядам разгрому нямецка-фашысцкіх полчышчаў пад Масквой у снежні 1941 г. і наступленнем савецкіх войск у пачатку 1942 г. У гэты час савецкія войскі наступалі на шырокім фронце і на Віцебскім папрамку набліжаліся да граніц Беларусі. Выдатныя поспехі савецкіх узброеных сіл яшчэ больш умацавалі веру беларускіх калгаснікаў у перамогу над ворагам.
     Ведаючы, што кожны член сельгасарцелі захоўвае тое, што зусім нядаўна было агульным здабыткам, калгаснікі некаторы час яшчэ працягвалі праяўляць калектыўныя клопаты аб раздадзенай маёмасці. Так, зімой 1941/42 г. у некаторых вёсках калектыўна здабываўся корм для жывёлы, якая знаходзілася на захаванні і ў часовым карыстанні ў асобных людзей. Найбольш цяжкім аказалася забеспячэнне кармамі жывёлы для сем'яў, у якіх не было дарослых мужчын. У такія двары калгаснікі прывозілі калектыўна сена з саўгаса «Жалы».
     Свядомыя адносіны калгаснікаў да грамадскай сацыялістычнай уласнасці, імкненне захаваць грамадскую маёмасць атрымлівалі самыя разнастайныя праяўленні на працягу ўсяго перыяду барацьбы з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Калгасную ўласнасць сяляне Загальшчыны захоўвалі ва ўмовах партызанскага краю не толькі ў той час, калі тут існавалі калгасы, але і тады, калі грамадская маёмасць была раздадзена ў часовае карыстанне асобным калгаснікам. Сяляне захоўвалі калгасныя лакамабілі, малатарні, веялкі, розны інвентар, грамадскія будынкі, жывёлу і іншую маёмасць. Аб пачуцці адказнасці калгасніка за атрыманую ім грамадскую жывёлу гаворыць, напрыклад, такі факт. Калгаснік вёскі Загалле С.П.Глаз атрымаў пры раздачы з калгаса адну карову. Пазней, калі С.П.Глаз пайшоў у партызанскі атрад, ён узяў яе з сабою і перадаў партызанам. Падобных прыкладаў было многа.
     Прыхільнасць сялян да сацыялістычнага ладу, да савецкага жыцця, іх вера ў перамогу над ворагам праявіліся не толькі ў захаванні грамадскай калгаснай уласнасці. Сяляне старанна захоўвалі, напрыклад, дакументы сваіх сельгасарцелей як сімвал калгаснага жыцця.
     Дзяржаўны акт на вечнае карыстанне зямлёй і ўсе важныя дакументы калгаса імя Карла Маркса захоўваў рахункавод А.Д.Сініцкі. Калгасную пячатку захаваў М.Б.Сыцько аж да выгнання нямецка-фашысцкіх акупантаў. У калгасе «Рассвет» дакументы, штамп і акт на вечнае карыстанне зямлёй захоўваў рахункавод Д.В.Ясючэня. У сельгасарцелі «Чырвоны Кастрычнік» калгасніцы Марыі Міранчык удалося захаваць пад падлогай свайго дома план калгаса. Даныя гэтага плана былі выкарыстаны пры правядзенні землеўпарадкавання пасля вайны.
     Калгаснікі Загальшчыны стараліся тамсама захаваць маёмасць суседняга саўгаса і машынна-трактарнай станцыі. Яны зберагалі гэту маёмасць як усенародны здабытак сваёй сацыялістычнай Радзімы.
     Саўгас «Жалы» знаходзіўся на адлегласці 4 км ад Загалля. Дырэктар гэтага саўгаса А.Калганаў адным з першых прыняў удзел у партызанскім руху. Пад яго кіраўніцтвам саўгасная жывёла была ўгнана ў лес, а іншая маёмасць схавана. Некалькі сот галоў саўгаснай жывёлы трапілі ў калгасы «Чырвоны Кастрычнік» і імя Карла Маркеа. Сяляне не мелі тады патрэбы ў жывёле. Таму партызаны арганізавалі размеркаванне яе па дварах для захавання.
     Калгаснікі вёскі Старасек дапамагалі партызанам і ў калектыўным захаванні вялікіх гуртоў саўгаснай жывёлы. Пастухі, напрыклад, ахоўвалі і даглядалі на востраве Зыслаў 120 цялят.
     Захаванне маёмасці машынна-трактарнай станцыі сяляне звязвалі з будучымі задачамі адраджэння сваіх калгасаў. Хаваючы і ахоўваючы гэту маёмаець, яны разглядалі яе як маёмасць сацыялістычную, без якой цяжка будзе аднавіць гаспадарку пасля выгнання акупантаў з Беларусі. Так, было захавана на тэрыторыі Загальшчыны некалькі трактараў. У вёсцы Старасек трактар ХТЗ быў закапан у яму каля жывёлагадоўчай фермы. Другі трактар быў загнаны пасля палявых работ у хмызняк, дзе ён і прастаяў да самага вызвалення. У вёсцы Жывунь трактарыст А.I.Сулім схаваў трактар да прыходу Савецкай Арміі на ўласным двары. Яшчэ адзін трактар быў закапаны у яму каля стайні калгаса «Рассвет». У Загаллі летам 1941 г. таксама быў закапан трактар НАЦІ.
     3 прыведзеных прыкладаў відаць, што ў захаванні грамадскай сацыялістычнай уласнасці калгаснікі прымалі самы актыўны ўдзел. Яны рабілі гэта не толькі тады, калі існавалі калгасы, а нават пазней, у час вядзення індывідуальнай гаспадаркі.
     Пераходзячы да вядзення індывідуальнай гаспадаркі, калгаснікі яшчэ раз пераконваліся, якія вялікія багацці яны нажылі за гады калектывізацыі. Дастаткова сказаць, што кожны сялянскі двор пры раздзеле грамадскай маёмасці забяспечыў сябе ўсім неабходным.
     3 вясны 1942 г. для калгаснікаў настаў час так званага аднаасобніцкага жыцця.
     Аднак і цяпер амаль усе палявыя работы праводзіліся пад кіраўніцтвам падпольных партыйных арганізацый і партызан.
     Пасля спынення дзейнасці калгасаў сяляне тры разы пасеялі яравыя культуры (у 1942, 1943, 1944 гг.), два разы азімыя (у 1942 і 1943 гг.) і двойчы правялі ўборку ўраджаю (восенню 1942 і восенню 1943 гг.).
     Умовы, у якіх цяпер праходзілі палявыя работы, былі вельмі складанымі. Многія сялянскія сем'і адчувалі недахоп у рабочай сіле. Большасць дарослых мужчын знаходзілася або на фронце, або ў партызанскіх атрадах. Акрамя таго, адчуваўся таксама недахоп і ў цяглавай сіле. Нармальнаму правядзенню палявых работ перашкаджалі карныя экспедыцыі і налёты варожай авіяцыі.
     Без падтрымкі партызан сялянам у такіх умовах нельга было абысціся. Таму камандаванне атрадаў прымае захады па аказанню канкрэтнай дапамогі тым сем'ям, якія мелі ў ёй пільную патрэбу. Гэта дапамога праявілася, у прыватнасці, у выдачы коней. Сялянам вёскі Жывунь, напрыклад, пастаянна аказваў дапамогу атрад Розава. Тут для палявых работ заўсёды выдзялялася па некалькі пар коней. Калгаснік К.С.Каладзінскі расказвае, што ў 1942 г. ён вельмі часта браў каня ў гэтым атрадзе. Канём з атрада Розава карысталася таксама сям'я Тарасевічаў. Нярэдка партызаны аддавалі сялянам сваіх коней назусім.
     Даволі часта цяглавую сілу сяляне выкарыстоўвалі калектыўна. Гэта было ў нейкай меры абумоўлена тым, што коні ў многіх выпадках былі падзелены па адным на некалькі двароў. Часцей за ўсё імі карысталіся сялянё па чарзе. Але, акрамя таго, існавала і часовае аб'яднанне цяглавай сілы. Гэта здаралася, калі выконваліся больш цяжкія работы. Рабілі часовае аб'яднанне цяглавай сілы звычайна суседзі.
     У перыяд палявых работ ажыццяўлялася таксама дапамога і ўзаемадапамога рабочай сілай. Партызаны, якія былі раскватараваны па сялянскіх дварах, заўсёды дапамагалі сялянам у вольны ад баявых аперацый час. Акрамя таго, з атрадаў іншы раз спецыяльна прысылаліся ў вёску людзі. Для дапамогі сем'ям камандзіры адпускалі з атрадаў мясцовых партызан. Гэтаму садзейнічала і тое, што атрады і брыгады тут мелі акрэслены і пастаянны раён дзеянняў. Мужчыны-партызаны таму часта знаходзіліся непадалёку ад сваіх двароў. Так, у вёсцы Старасек муж калгасніцы Ё.П.Сулім быў дома частым госцем. Асноўныя работы па гаспадарцы рабіў, як правіла, ён. Сялянцы О.А.Барысевіч заўсёды дапамагаў брат-партызан. Што ж датычыцца мясцовых атрадаў, створаных у 1943 г. у перыяд масавага ўключэння насельніцтва ва ўзброеную барацьбу, то гэтыя атрады размяшчаліея ў сваіх вёсках, і мужчыны-байцы маглі прымаць пастаянны ўдзел у гаспадарчых справах.
     Вялікае значэнне ў правядзенні палявых работ мела дапамога і ўзаемадапамога саміх сялян. Гэтаму боку вытворчай дзейнасці сялян партыйныя арганізацыі і партызанскае камандаванне надавалі арганізаваны напрамак. У населеных пунктах партызаны праводзілі спецыяльныя сходы, на якіх мужчын абавязвалі дапамагаць тым сем'ям, дзе не было каму выконваць працаёмкіх працэсаў.
     У вёсцы Жывунь, напрыклад, Г.П.Рублеўекі апрацоўваў поле калгасніцам А.Халаём і У.Судзібер. Селянін вёскі Падлуг Д.В.Ясючэня дапамагаў у час палявых работ адзінокай маці П.Насановіч. Аб узаемадапамозе ўспамінае і калгасніца вёскі Старасек А.С.Статкевіч. «У гады партызаншчыны, —гаворыць яна, —я з дачкою дапамагала суседзям жаць, а яны дапамагалі мне араць і сеяць. Часцей за ўсё гэта рабілі Чырыч Піліп і Сініцкі Пётр».
     Аднак, нягледзячы на актыўную дапамогу з боку партызан і на ўзаемадапамогу, у сем'ях, якія не мелі дарослых мужчын, даводзілаея нярэдка выконваць цяжкія работы жанчынам і дзецям. Так, напрыклад, у вёсцы Татарка ўдава В.С.Кудзіноўская сама арала і сеяла. Араў зямлю і 14-гадовы сын удавы М. Е. Сулім з вёскі Старасек.
     Цяжкасці, з якімі на кожным кроку сустракаліся цяпер загальскія сяляне, аднак, ніколі не зрывалі палявых работ. Сяўба і ўборка ўраджаю ва ўсіх населеных пунктах праводзіліся паспяхова. Тут па-ранейшаму высяваліся тыя ж сельскагаспадарчыя культуры, што і да вайны. Не скарачаліся і плошчы пасеваў. У вёсцы Старасек у 1942— 1943 гг. сяляне засявалі ўсю плошчу. Апрацоўвалася не толькі адна добрая зямля, але і амаль усе непадзеленыя ўчасткі, якія лічыліся неўрадлівымі. У Загаллі і Татарцы таксама засявалася ўся плошча.
     Шмат увагі было ўдзелена на Загальшчыне асенняй сяўбе 1943 г. Усім тады было ясна, што Савецкая Армія хутка пяройдзе ў наступленне і ў 1944 г. Любанскі раён стане арэнай баёў рэгулярных войск. Таму неабходна было назапасіць хлеба на будучае.
     Ураджаі ва ўсе гэтыя гады, як аднадушна заяўляюць зараз калгаснікі, былі добрьмі. Ф.С.Сулім расказвае, што ў 1943 г. савецкія лётчыкі бралі адсюль з сабой у Маскву снапы збожжавых культур, каб паказаць на Вялікай зямлі, якія багатыя ўраджаі вырошчваліся ва ўмовах партызанскага краю.
     Уборцы ўраджаю надавалася асаблівая ўвага, таму што яна з'яўлялася рашаючым этапам барацьбы за хлеб, за забеспячэнне матэрыяльных умоў для існавання. Партыйныя арганізацыі лічылі гэту кампанію самай адказнай і прымалі ўсе неабходныя захады да таго, каб правесці яе на належным узроўні.
     У ліпені 1942 г. праз газету «За свабодную Беларусь», якая выдавалася паліткіраўніцтвам Калінінскага фронта, партыя звярнулася да беларускіх сялян з заклікам хутчэй убіраць хлеб і хаваць яго, куды толькі можна. Частку збожжа раілася здаваць партызанам. Неўзабаве была выдадзена спецыяльная лістоўка, у якой Цэнтральны Камітэт КП(б)Б заклікаў насельніцтва не працаваць на фашыстаў у час уборкі, хаваць увесь хлеб ад акупантаў.
     Летам 1942 г. партызанскае камандаваные пачало выдаваць спецыяльныя загады, у якіх указваліся мерапрыемствы па паскарэнню ўборкі і захаванню збожжа. Палітработнікі партызанскіх атрадаў у 1942 і 1943 гг. праводзілі сходы сялян, на якіх абмяркоўваліся надзённыя пытанні, звязаныя са жнівом і абмалотам зерня. Тут жа аказвалася дапамога па ахове яго ад ворага.
     ЦК КП(б)Б выдаў спецыяльную пастанову «Аб ураджаі 1943 г.». У ёй партыйным камітэтам і камандаванню партызанскіх атрадаў ставілася задача зрабіць усё, што будзе магчымым, каб сарваць намеры акупантаў выкарыстаць у сваіх мэтах хлеб з новага ўраджаю. Любанскі райком партыі гэту пастанову Цэнтральнага Камітэта паклаў у аснову сваёй дзейнасці на працягу ўсёй уборачнай кампаніі. Камуністы раёна праводзілі сялянскія сходы, распаўсюджвалі лістоўкі з указаннем аб парадку правядзення ўборкі, звярталіся да насельніцтва з заклікамі праз газету «Кліч Радзімы».
     У час уборачных работ таксама арганізоўвалася ўзаемадапамога паміж сялянамі і дапамога з боку партызан. На ўборцы гэта рабілася яшчэ ў большых маштабах, чым у час пасяўных кампаній. Галоўнай формай дапамогі сялянам з боку партызан у час уборкі была ўзброеная ахова іх працы сіламі партызанскіх атрадаў і злучэнняў, таму што самыя бязлітасныя напады фашысцкіх банд на вёскі партызанскага краю адбываліея іменна цяпер. Акрамя карных экспедыцый, немцы пасылалі сюды самалёты. Тэрыторыю Загальшчыны ў час палявых работ фашысты бамбілі і абстрэльвалі на працягу двух з лішнім год — з вясны 1942 да лета 1944 г. Нярэдка сялянам даводзілася днём хавацца ў лесе, а працаваць раніцай і вечарам.
     Асаблівай актыўнасці дасягнула барацьба за ўраджай у гэтых месцах летам і восенню 1943 г. Газета «Звязда» перад уборачнай кампаніяй пісала: «На палях ужо наліваецца і спее жыта, расце ярына. Набліжаецца страдная пара — час уборкі. Несумненна, што немцы ўжо зараз рыхтуюцца, каб забраць у сялян плады іх працы — ураджай, паліты потам і крывёю. Вось чаму кожны селянін павінен загадзя абмеркаваць, як лепш убраць свой ураджай, дзе яго лепш захаваць, каб ён не дастаўся лютаму ворагу-немцу.
     За два гады жыцця пад ярмом фашысцкай няволі сяляне набылі багаты вопыт барацьбы з нямецкімі захопнікамі. Няхай кожны селянін яшчэ раз падумае, што ён можа зрабіць, каб не даць немцам ні грама хлеба, ніводнага зерня з новага ўраджаю. Кожны селянін павінен памятаць, што барацьба за хлеб — гэта барацьба за жыццё, за перамогу над ворагам.
     Сяляне Беларусі!
      Арганізоўвайце пільную ахову свайго ўраджаю ад нямецкіх грабежнікаў. У кожнай вёсцы стварайце баявыя дружыны, трымайце шчыльную сувязь са сваімі абаронцамі — народнымі мсціўцамі. Паведамляйце партызанам у выпадку небяспекі, і яны заўсёды акажуць вам неабходную дапамогу. У час уборкі зжатае і звязанае ў снапы неадкладна абмалочвайце і захоўвайце. Для хутчэйшай уборкі арганізуйце ўзаемадапамогу сусед суседу...»
     «Звязда» ад 30 чэрвеня 1943 г. 70
     Вось як апісвае барацьбу за ўраджай, якая разгарнулася ў гэты час у тылу ворага, удзельнік партызанскага руху Г. Шчарбатаў.
    Фашысты імкнуліся пранікнуць у вёскі, каб захапіць збожжа не толькі ў свірнах, але і проста ў полі. Партызанам даводзілася кожны дзень весці цяжкія баі.
     Яшчэ да пачатку ўборкі камандаванне вылучыла ў вёскі групы па ахове насельніцтва. Мініраваліся дарогі, разбураліся масты, рабіліся завалы і засады на шляхах падыходу гітлераўцаў. Невялікія варожыя атрады не маглі перашкодзіць уборцы — іх хутка знішчалі народныя мсціўцы. Нарэшце фашысцкія ўлады накіравалі супраць партызан буйныя карныя экспедыцыі. Але і яны не мелі поспеху. Так, у Слаўкавіцкім сельсавеце Глускага раёна брыгада Дзмітрыя Гуляева 11 дзён вяла баі супраць паўтаратысячнага атрада гітлераўцаў і не дала ім ні снапа з новага ўраджаю. Тры дні партызаны брыгады Львова адбівалі націск нямецка-паліцэйскай банды, якая спрабавала захапіць засціртаваную збажыну ў вёсцы Усцерхі. На працягу 8 дзён адбываліся баі пад вёскамі Рубяжы, Глядавічы, Крываносы. Тут барацьбу за хлеб вяла брыгада «Смерць фашызму».
     Весткі аб барацьбе за хлеб паступалі ў Мінскі падпольны абком партыі з Капыльскага раёна, дзе вяла баі брыгада імя Чапаева, Уздзенскага, дзе змагалася брыгада імя Варашылава, Слуцкага, Чэрвеньскага, Заслаўскага і іншых раёнаў. Акупантам не даставалася ні грама зерня. Чырвоныя абозы са збожжам і іншымі прадуктамі ішлі з вёсак у лясы, у партызанскія атрады. Астатняе збожжа калгаснікі закапвалі ў надзейных месцах.
     На самой Загальшчыне ў час уборкі 1943 г. кожнаму партызанскаму атраду было дадзена заданне ахоўваць тую ці іншую вёску. Народныя мсціўцы выстаўлялі дазоры, вылоўлівалі варожых разведчыкаў і вялі ўпартыя баі. Атрад Патрына, напрыклад, займаў рубеж абароны па дарозе Глуск—Жывунь. Спробы фашыстаў прарвацца на тэрыторыю сельсавета не мелі тут поспеху. У наваколді вёскі Жывунь быў збіт нават нямецкі самалёт.
     Натуральна, што ў такіх умовах уборкі сяляне рабілі ўсё, што можна было зрабіць, каб хутчэй абмалаціць збожжа і больш надзейна яго захаваць. Гэта выклікала пашырэнне ўзаемадапамогі і ўзмацніла рост калектывізму. Напрыклад, машыны-малатарні сяляне стараліся выкарыстаць сумесна. Для гэтага яны аб'ядноўваліся ў групы. Так малацілі ў Загаллі, у Старасеку. Характэрна, што М.Б.Сыцько і ва ўмовах індывідуальнага вядзення гаспадаркі сам вызначаў чаргу на малацільную тэхніку. Кожны селянін атрымліваў конную малатарню толькі з яго дазволу.
     Сельскагаспадарчы інвентар рамантавалі ў асноўным былыя калгасныя кавалі. У вёсцы Старасек рамантаваць яго дапамагаў таксама партызан Крывальцоў, якога для гэтага прысылалі з атрада. Камандаванне атрадаў патрабавала ад мясцовых кавалёў рамантаваць інвентар для ўсіх. Рабілі сваю справу кавалі ў асноўным бясплатна. Таму часцей за ўсё ў парадку ўзаемнасці сяляне дапамагалі ім у сельскагаспадарчых работах.
     3 тых дзён вядомы толькі адзін выпадак, калі каваль праявіў прыватнаўласніцкія імкненні. Ён пабудаваў уласную кузню, нягледзячы на тое, што тут была калгасная. За працу браў вялікую плату. Але яму не заўсёды шанцавала, бо ў вёсцы працавалі яшчэ два кавалі, да якіх і звярталіся сяляне са сваімі патрэбамі.
     Жалеза для рамонту мелася ў калгасных кузнях. Яно тут захавалася яшчэ з даваенных часоў. Некаторыя матэрыялы дастаўляліся таксама з саўгаса «Жалы».
     Важнай справай пры ўборцы ўраджаю з'яўляўся таксама памол зерня. Трэба сказаць, што партызаны з першых жа дзён вайны ўзялі пад свой кантроль млыны. Так, атрад, у зону дзейнасці якога ўваходзіла і тэрыторыя Загальскага сельсавета, распараджаўся паравым млынам у вёсцы Ляскавічы. Па заданню камандавання млынаром тут працаваў мясцовы жыхар Н. Равінскі. Але ў хуткім часе ляскавіцкі млын быў спален фашысцкімі карнікамі. Гэта прымусіла партызан астатнія млыны вывозіць з населеных пункттаў у лясы. У лес, пад Стары Двор, быў вывезен, напрыклад, паравы млын, які знаходзіўся ў вёсцы Харомцы. Млын гэты дзейнічаў амаль два гады. Пры ім працавала таксама цыркулярка. Пасля вайны яго зноў перавезлі на ранейшае месца.
     3 сярэдзіны 1942 г. пачаў працаваць партызанскі млын у лясным урочышчы Чыстая Пель каля вёскі Слаўкавічы. Ён знаходзіўся таксама непадалёку ад Загальскага сельсавета—на адлегласці 4—5 км. У пачатку 1943 г., калі быў разгромлен фашысцкі гарнізон у вёсцы Трайчаны Ямінскага сельсавета, паравы млын, які знаходзіўся тут, партызаны перавезлі ў лес каля вёскі Баянічы.
     На гэтых млынах праводзіўся памол зерня як для патрэб партызан, так і для патрэб насельніцтва. 3 насельніцтва ў асноўным плата не бралася. Але часам здаралася, што калі-нікалі партызаны ўсё ж вымушаны былі ў мэтах свайго забеспячэння браць сёе-тое за сваю працу. Размер платы ў такіх выпадках устанаўліваўся камандаваннем. За памол сяляне давалі звычайна сала, мяса і іншыя прадукты харчавання. Але ў радзе месц быў устаноўлен таксама гарцавы збор зерня. На слаўкавіцкім млыне ён браўся ў размеры 9,5 кг за адзін цэнтнер. Плацілі хлебам сяляне і за распілоўку дошак на цыркулярцы, якая працавала пры млыне ў лесе каля вёскі Стары Двор. Восенню 1943 г. тут набралася каля 250 т зерня. 3 гэтых запасаў 35 т было накіравана праз «Рудабельскія вароты» за лінію фронта ў падарунак Савецкай Арміі, а пасля выгнання фашыстаў каля 80 т зерня партызаны здалі савецкім уладам.
     Важным бокам гаспадарчай дзейнасці ва ўмовах нямецка-фашысцкай акупацыі было будаўніцтва. У час карных экспедыцый гітлераўцы разбуралі і знішчалі вёскі. Людзі заставаліся без жылля. Так было па ўсёй Беларусі. У Загальскім сельсавеце першыя дамы былі спалены немцамі вясной 1942 г. Толькі ў Старасеку згарэла тады 36 дамоў, школа, канцылярыя калгаса, яслі. Дзесяткі дамоў былі спалены ў Загаллі і Татарцы. Трэба было як можна хутчэй адбудоўвацца. Жылыя дамы сяляне пачалі ўзводзіць адразу ж пасля адыходу з тэрыторыі сельсавета фашысцкіх карнікаў. Гэта было вельмі значнае па сваіх памерах сельскае будаўніцтва ва ўмовах партызанскага краю. Праводзілася яно пад кіраўніцтвам партыйных арганізацый пры актыўным удзеле партызан. Народныя мсціўцы аказвалі сялянам вялікую дапамогу. Камандаванне атрадаў дазваляла пагарэльцам выкарыстоўваць для будаўніцтва дамоў гаспадарчыя будынкі з саўгаса «Жалы», а таксама невялікія калгасныя свірны, якія меліся ў кожнай вёсцы. У паасобных выпадках пабудова дамоў тым або іншым сялянам ажыццяўлялася ад пачатку да канца пад кіраўніцтвам мясцовых органаў улады. Такой выключнай увагай карысталіся тыя сем'і, якія заслужылі сваёй патрыятычнай дзейнасцю агульнае прызнанне. Гэта можна сказаць, напрыклад, аб калгасніцы вёскі Старасек А.С.Статкевіч, муж якой загінуў у час грамадзянскай вайны. Клопаты аб пабудове для яе новага жылля ўзяў на сябе М.Б.Сыцько. Ен дазволіў выкарыстаць для пабудовы хаты калгасны свіран і прывёў на будаўніцтва людзей. За адзін дзень быў перавезен гэты свіран і пастаўлен на мох. Дах узводзіўся на другі дзень.
     Партызаны аказвалі дапамогу пры пабудове дамоў многім калгаснікам. Так, за дапамогай да С.Т.Карнеева звярнулася сям'я Плышэўскіх (в. Загалле), хату якіх у пачатку 1942 г. таксама спалілі немцы. С.Т.Карнееў дазволіў Плышэўскім узяць пад жыллё калгасны дом з вёскі Баянічы. Для перавозкі яго былі запрошаны сваякі і суседзі: В. Бяліцкі, В. Грыгаровіч, В. Кудзіноўская, П.Корзун, I.Бараноўскі, Ф.Сініцкі і іншыя. К канцу года сям'я Плышэўскіх жыла ўжо ў новай хаце.
     Вось што расказвае аб пабудове свайго дома калгаснік вёскі Загалле I.К.Глаз: «У Трайчанах, дзе стаяў атрад Патрына, неабходна было разабраць тры сушні. Зрабіць гэта трэба было таму, што яны стаялі там, дзе меркавалася рыць акопы. Калі я быў у Трайчанах у млыне, мне параілі звярнуцца да Патрына і намесніка старшыні калгаса «Чырвоная перамога». Я, вядома, не прамінуў выкарыстаць выпадак. Пагутарыў. I сапраўды яны мне дазволілі ўзяць адзін зруб. Зруб быў у хуткім часе перавезен у Загалле, а дадатковы матэрыял давялося дабываць у лесе».
      Прыведзенымі прыкладамі, вядома, не вычэрпваюцца ўсе факты будаўніцтва ва ўмовах акупацыі.
     Калектывізм і ўзаемадапамога свабодных ад эксплуатацыі людзей —рысы, якія былі выхаваны Камуністычнай партыяй і развіліся ва ўмовах сацыялістычнага ладу, дапаўняліся такой выдатнай нацыянальнай традыцыяй беларускіх сялян, як звычай талакі. Звычай гэты існаваў ва ўсходнеславянскіх народаў з даўняга часу. Гэту традыцыйную форму сялянокай дапамогі ў мінулым нярэдка выкарыстоўвалі эксплуататары—памешчыкі і кулакі. Толькі ва ўмовах савецкай улады такая выдатная традыцыя мінулага злілася з новымі, сацыялістычнымі адносінамі «паміж сялянамі, якія выраслі на глебе граімадскай уласнасці на сродкі вытворчасці, калектыўных форм гаспадаркі ў вёсцы. Гэтыя старыя і новыя традыцыі, якія захаваліся ў савецкіх людзей, былі выкарыстаны падпольнымі партыйнымі арганізацыямі ў кіраўніцтве гаспадарчым і палітычным жыццём беларускіх сялян ва ўмовах партызанскага краю.
     Камуністы і падпольшчыкі змаглі падняць масу калгаснікаў на дапамогу пацярпеўшым ад пажару. Жыллёвае будаўніцтва ва ўмовах партызанскага краю ў 1942— 1943 гг. дало вялікі гаспадарчы і палітычны эфект. Нават у мірных умовах у гады царызму ўдава або салдатка ніколі сама не змагла б пабудаваць сабе хату. Калі згарала яе хата, яна так і заставалася бабылкай, не меўшай свайго кутка. Сіла ж савецкага грамадскага і дзяржаўнага ладу настолькі вялікая, што законы яго развіцця і традыцыі нават у тылу ворага, ва ўмовах партызанскага краю забяспечвалі савецкаму чалавеку дапамогу ў горы з боку такіх жа савецкіх людзей.
     3 некалькіх дзесяткаў сялян Загальскага сельсавета, чые дамы спалілі немцы ў пачатку 1942 г., было менш такіх, якія не пабудавалі сабе новых хат на працягу паўтара год, г. зн. да восені 1943 г. Гэтыя людзі будавалі сабе ў той час прасторныя зямлянкі і нарыхтоўвалі матэрыял для будаўніцтва дамоў.
     Для больш поўнай характарыстыкі вытворчага быту сялян Загальскага сельсавета ў перыяд часовага спынення дзейнасці калгасаў укажам яшчэ на тое, што тады існавалі і некаторыя хатнія рамёствы: ткацтва, выраб скур, шыццё адзення і абутку.
     Ткацтвам займаліся, як і ў мірны час, амаль усе хатнія гаспадыні. Сыравінай служылі лён і воўна. Вырабам скур для сябе і для суседзяў займаліся асобныя спецыялісты. Краўцамі і шаўцамі, як і раней, былі асобы, якія да вайны навучыліся гэтаму майстэрству. Кравецкай і шавецкай справамі займаліся таксама асобныя бежанцы. Апрача таго, адзенне найбольш простага пакрою шылі самі сабе многія калгасніцы.
     Вытворчая дзейнасць загальскіх сялян з сярэдзіны 1942 да сярэдзіны 1944 г., такім чынам, не спынялася. Характарызуючы гэту дзейнаоць, неабходна перш за ўсё ўлічваць тое, што яна працякала ва ўмовах партызанскага краю, які цесна быў звязан з Мінскім падпольным абкомам і ў якім фактычна існавала савецкая ўлада. А паколькі тут існавала савецкая ўлада, за якую калгаснікі самааддана змагаліся, то пры ацэнцы іх вытворчай дзейнасці неабходна зыходзіць з заканамернасцей эканамічнага і палітычнага развіцця нашай краіны, нягледзячы на тое, што Загальшчына знаходзілаея ў тылу акупацыйных войск буржуазнай фашысцкай дзяржавы.
     Для высвятлення агульнага характару вытворчай дзейнасці сялян пасля часовага спынення работы калгасаў мэтазгодна прааналізаваць два бакі гэтай вытворчай дзейнасці: прыватнаўласніцкія рысы ў характары гаспадарання асобных сялян і наяўнасць сацыялістычных элементаў у іх вытворчым жыцці.
     Вядома, што пасля спынення працы калгасаў у сельскай гаспадарцы Загальскага сельсавета пануючай стала вытворчая дзейнасць асобных сялянскіх двароў. Хоць частка сродкаў вытворчасці, якая знаходзілася ў сялян, і належала калгасу, што часова спыніў сваю дзейнасць, аднак і гэтыя (атрыманыя пры раздзеле калгаснай маёмасці) сродкі вытворчасці знаходзіліся на працягу двух год у распараджэнні паасобных сялян. Гэтыя сродкі вытворчасці выкарыстоўваліся цяпер не ў сельскагаспадарчай арцелі, а ў паасобных дробных гаспадарках.
     Акрамя таго, некаторая маёмаоць (буйная рагатая жывёла, свінні, авечкі, козы, птушкі, трусы, пчолы) знаходзілася ў асабістай уласнасці калгаснікаў. Цяпер ва ўмовах аднаасобніцкай гаспадаркі гэта маёмасць адыгрывала ўжо не чыста спажывецкую ролю, як раней, ва ўмовах калгаса, а ўключалася ў сістэму самастойнай дробнай вытворчасці асобнага сялянскага двара. Нарэшце, сродкі вытворчасці, якія належалі сялянам на правах асабістай уласнасці, памнажаліся. Сяляне ў гэтыя гады набылі для сябе асабіста сельскагаспадарчы інвентар, збрую, гадавалі або набывалі жывую цяглавую сілу.
     Такім чынам, увесь комплекс індывідуальнага гаспадарання, якое заснавана на ўласных сродках вытворчасці і на тых, што знаходзіліся ў доўгім і пастаянным карыстанні сялян, дазваляе гаварыць аб наяўнасці ў гэты час дробнай вытворчасці.
     Аднак сяляне Загальшчыны, якія вялі індывідуальную гаспадарку ва ўмовах партызанскага краю ў сувязі з часовым спыненнем дзейнасці калгасаў, не былі такімі, як, скажам, аднаасобнікі, якія выйшлі з калгаса ў пачатку 1930 г. Гэта былі сяляне, якім часова прыйшлося займацца аднаасобніцкай гаспадаркай пасля доўгага знаходжання ў калгасе. Яны, між іншым, і ў 1942—1944 гг. лічылі і называлі сябе калгаснікамі.
     Вельмі шырока выкарыстоўвалі ў сваёй гаспадарцы сяляне калгасную ўласнасць. Калі частку яе (прадукты, фураж, пасевы, дробную жывёлу) сяляне атрымлівалі толькі для выкарыстання, то некаторыя віды гэтай уласнасці (цяглавая сіла, сельскагаспадарчы інвентар, збруя, часткова буйная рагатая жывёла) былі перададзены сялянам не толькі для выкарыстання, але і для захавання. Ведаючы, што дзейнасць калгасаў спынена часова, сяляне захоўвалі гэту ўласнасць і лічылі яе калгаснай. Гэта добра відаць і на прыкладах з калгаснымі будынкамі. Вышэй указвалася, што сяляне вёскі Старасек лічылі гэтыя будынкі маёмасцю сваёй сельгасарцелі і для пабудовы дамоў атрымлівалі іх толькі з дазволу старшыні калгаса.
     Некаторымі відамі калгаснай уласнасці сяляне і ў 1942—1944 гг. працягвалі карыстацца калектыўна. Да іх належалі кузні з усім абсталяваннем, у якіх рамантаваўся інвентар для сялянскіх двароў. Калектыўна выкарыстоўваліся калгасныя малатарні для абмалоту збожжа восенню 1942 і 1943 гг. Пасля спынення работы калгасаў «Чырвоны Кастрычнік» і імя Карла Маркса не спынілася калектыўнае выкарыстанне цяглавай сілы, збруі, таму што там кожная адзінка гэтай цяглавай сілы прыходзілася на некалькі двароў.
     3 усяго гэтага відаць, што аб'ём прыватнай уласнасці сялян не мог быць вельмі шырокім у 1942—1944 гг., калі яны і самі прызнавалі, што зямля належыць Савецкай дзяржаве і што калгасную ўласнасць неабходна будзе вярнуць сваёй сельгасарцелі пасля выгнання акупантаў з Беларусі або яшчэ- да таго ў выпадку патрэбы перадаць частку гэтай уласнасці партызанам.
     У гаспадарчай дзейнаеці сялян былі ў наяўнасці таксама элементы калектыўнай працы (уборка, малацьба, пабудова дамоў), якія, будучы выкарыстанымі ў інтарэсах асобных сялян, адначасова прыносілі карысць усяму калектыву той або іншай вёскі, а таксама, што асабліва важна, усяму калектыву змагароў партызанскага краю. Нездарма калгаснікі арцелі імя Карла Маркеа, дзе былі дзве вытворчыя брыгады, называлі партызан, якія знаходзіліся ў суседнім лесе, сваёй «трэцяй брыгадай». Гэты выраз шырока ўжываўся сярод калгаснікаў, аб ім з гонарам успамінаюць і цяпер жыхары вёскі Старасек.
     Пасля спынення дзейнасці калгасаў у асобных выпадках працягвалася кіраўніцтва некаторымі працэсамі вытворчай дзейнасці з боку былых старшынь. Ужо адзначалася, што старшыня калгаса імя Карла Маркса М.Б.Сыцько і ў 1942—1943 гг. кіраваў пабудовай дамоў у вёсцы, вызначаў чарговасць абмалоту збожжа для сялян калгаснай малатарняй.
     У сувязі з разглядам сацыялістычных элементаў у вытворчым жыцці сялян Загальскага сельсавета пасля часовага спынення дзейнасці калгасаў нельга таксама прайсці міма ўжывання назвы «калгаснік». Сяляне з гонарам насілі гэта імя, бо бачылі ў ім сімвал сацыялістычнага ладу, якому яны былі адданы. Нездарма нават былыя аднаасобнікі Загальгшчыны ўступалі летам і восенню 1941 г. у калгасы.
     Разгледжаныя факты і з'явы дазваляюць сцвярджаць, што на Загальшчыне пры часовым спыненні дзейнасці калгасаў як пэўнага тыпу вытворчай кааперацыі існавала дробная сялянская гаспадарка з элементамі калектывізму, якія захаваліся ў сілу сацыяльна-эканамічных умоў партызанскага краю і ў сілу традыцый. 3 сярэдзіны 1942 да сярэдзіны 1944 г. сялянская гаспадарка на Загальшчыне была індывідуальнай, але людзі тут былі ўжо не такія, як раней. Мэты ў іх былі ўжо не тыя, што ў дарэвалюцыйныя і дакалгасныя часы. Сяляне Загальшчыны ў гады часовага спынення работы калгасаў у тылу ворага імкнуліся захаваць традыцыі калгаснага вытворчага жыцця. Змены, якія адбыліся ў вытворчым быце сялян Загальскага сельсавета ў тылу ворага, былі выкліканы законамі навязанай нам вайны, што дзейнічалі толькі часова і мелі гістарычна пераходны характар.
 

да зместу

       

да 65-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©