Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 


Жыллёвыя умовы

     Перад Вялікай Айчыннай вайной дамы калгаснікаў Загальскага сельсавета ў пераважнай большасці былі добрымі, прасторнымі. Яны ў асноўным задавальнялі тагачасныя патрэбы калгаснай сям'і.
Рэзка змяніліся тут жыллёвыя ўмовы ў час вайны. Гэта выявілася ў скарачэнні жылплошчы і часовым павелічэнні насельніцтва.
     Два разы вёскі палілі фашысты ў час карных экспедыцый — вялікія пажары адбыліся ў час налёту гітлераўцаў вясной 1942 г. і ў час фашысцкай блакады 1944 г.
     Моцна пацярпела ад пажараў вёска Старасек. Тут у красавіку 1942 г. фашысты спалілі 36 дамоў. У блакаду 1944 г. амаль поўнасцю былі спалены астатнія хаты, пабудаваныя да вайны. Пасля гэтага пажару засталося толькі 9 даваенных дамоў. Акрамя таго, у блакаду акупанты спалілі тут частку новых хат, якія былі пабудаваны пасля першага пажару. Многа дамоў згарэла ў вёсцы Загалле. Частка з іх была спалена вясной 1942 г. Астатнія даваенныя дамы амаль цалкам згарэлі ў час блакады 1944 г. 3 48 даваенных дамоў захавалася толькі 7.
     Вёска Татарка налічвала перад вайной каля 50 дамоў. У 1942 і ў пачатку 1944 г. гітлераўцы спалілі амаль усю гэту вёску. У ёй засталося толькі 10 даваенных дамоў. Вёскі Жывунь і Падлуг у першы перыяд вайны не падвергліся спусташэнню. Толькі ў блакаду 1944 г. фашысты спалілі ў Жывуні 19 дамоў. Згарэў таксама суседні хутар Фамін Рог.
     Найбольш пацярпеўшымі вёскамі; такім чынам, аказаліся Загалле, Старасек і Татарка. Тут у гады акупацыі больш за ўсё скарацілася жыллёвая плошча. Праўда, частка гэтай плошчы кампенсавалася ў 1942—1943 гг. пабудовай новых дамоў. Калгаснікам, якія будавалі свае дамы, прыходзілася часова жыць у суседзяў. Некаторыя з іх жылі на чужых кватэрах да восені 1942 г., а іншыя— да восені 1943 г. Значная частка калгаснікаў-пагарэльцаў не пабудавала сабе жылля да поўнага вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
     Якія ж дамы будаваліся ва ўмовах партызанскага краю? Па свайму агульнаму тыпу яны былі ў асноўным такімі ж, як і да вайны. Аднак памеры іх звычайна ўступалі памерам даваенных. Амаль усе пабудаваныя дамы былі аднакамернымі (чатырохсценкі), да якіх толькі пазней прыбудоўваліся невялікія сені.
     Некаторыя сяляне пасля пажару 1942 г. будавалі на сваіх папялішчах толькі зямлянкі. Так, восенню 1942 г. вялікую зямлянку пабудавала сабе калгасніца вёскі Старасек М.А.Мохарт. Сцены і столь (накат) у зямлянцы былі зроблены з дубовых бярвенняў. У верхняй частцы сцен, якая выступала над зямлёй, меліся два маленькія акенцы. М. А. Мохарт пражыла ў зямлянцы да канца 1943 г., да адыходу ў лес у сувязі з пагрозай наступлення фашысцкіх войск на партызайскі край. У пачатку 1944 г. у час блакады гітлераўцы спалілі яе зямлянку.
    Каваль гэтай жа вёскі С.Д.Гук пабудаваў сабе зямлянку праз некалькі тыдняў пасля вясенняй карнай экспедыцыі фашыстаў. Для яе пабудовы таксама былі выкарыстаны дубовыя бярванні. Даўжыня эямлянкі раўнялася 4 м. С.Д.Гук з жонкай і трыма дзецьмі жыў у зямлянцы каля двух год. У блакаду 1944 г. яна таксама згарэла. Да восені 1942 г. пабудавала сабе зямлянку сям'я Е.К.Сулім (в.Старасек). Апрача дарослых, тут больш года жыло двое малалетніх дзяцей (1937 і 1940 гг. нараджэння). Сям'я селяніна вёскі Старасек С.I.Статкевіча пабудавала летам 1942 г. паўзямлянку. Два вянкі зруба ўваходзілі ў зямлю, астатнія знаходзіліся на паверхні. Замест даху зямлянка мела адну пакатасць, зроб-леную з бярвенняў. Для пабудовы гэтага жылля С.I.Статкевіч выкарыстаў добры лесаматэрыял з тым разлікам, каб пасля вайны зруб можна было падняць і зрабіць з яго хату. У блакаду 1944 г. была спалена і гэта паўзямлянка.
    Пасля блакады 1944 г. зямлянкі на Загальшчыне пабудавалі многія.
     У знешнім выглядзе жылля таго часу асабліва кідаліся ў вочы вокны. Частка рам была забіта дошкамі ці заткнута анучамі. Аконнага шкла не было дзе купіць. Яго перастаўлялі ў хаты з калгасных і саўгасных гаспадарчых пабудоў. Але і гэтага шкла было мала, таму што карнікі палілі і грамадскія будынкі.
Ва ўнутраным убранні і абсталяванні сялянскіх дамоў ва ўмовах партызанскага краю амаль не адбылося змен з боку іх мясцовых асаблівасцей. Аб зменах можна гаварыць толькі ў колькасных адносінах. Пасля пажараў у нанава пабудаваным жыллі наглядалася пераважна ўбогае ўбранне, нешматлікія па свайму асартыменту і больш грубыя па аддзелцы мэбля і хатняе начынне.
     Цікавыя некаторыя змены ў пабудове печы. У паўднёвай частцы Беларусі здаўна ў печы рабілі так званы камінок, або комінак,—нішу, размешчаную ў выступаючым да хаты вуглу печы. Скляпенне камінка падтрымлівалася металічнай падпоркай, а яго дымаход злучаўся з агульным комінам печы. Камінок служыў для дзвюх мэт: для асвятлення хаты і для гатавання некаторых страў, звычайна на вячэру. Тады на камінку палілі кавалачкі смалістага сасновага карча, якія адначасова асвятлялі хату. Часам на камінку днём пяклі яечню або на скорую руку гатавалі якую-небудзь іншую страву.
     У сувязі з пашырэннем карасінавых лямп многія сяляне перад вайной ужо, будуючы або перабудоўваючы печы ў старых дамах, перасталі рабіць камінкі, памяншаючы гэтым памер печы. Ва ўмовах партызанскага краю з-за адсутнасці газы сялянам давялося звярнуцца да сваіх традыцыйных камінкоў. У час вайны яны сталі прырабляць да стаяўшых печаў камінкі, а таксама рабілі іх пры пабудове новых печаў.
     Ва ўмовах партызанскага краю прыйшлося звярнуцца і да іншых спосабаў асвятлення хаты. Адрадзіліся старыя, традыцыйныя спосабы асвятлення, з'явіліся і некаторыя новыя спосабы.
    Перад вайной карасінавае асвятленне ў беларускай вёсцы было распаўсюджана паўсямесна, за выключэннем толькі тых раёнаў, якія былі электрыфікаваны. Карасінавае асвятленне ўжывалася і ў Загальскім сельсавеце.
     У сувязі з тым, што многія калгаснікі мелі газу ў запас, карасінавае асвятленне працягвалася яшчэ ў асобных дамах і ва ўмовах вайны ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў, часам да года. Спачатку газу палілі ў звычайных лямпах. Затым, калі заставалася яе вельмі мала, пачалі ўжываць газоўкі. Іх рабілі з бляшанак або бутэлечак, у якія ўстаўляліся праз тонкую трубачку невялікія кноцікі.
     Калі даваенныя запасы газы скончыліся, пачало шырока ўжывацца, як ужо гаварылася, асвятленне пры дапамозе камінкоў.
     Ва ўмовах вайны для асвятлення пачалі таксама ўжываць жывёльны тлушч. У паасобных дамах для гэтага ўжываліся тлушчавыя газоўкі. У некаторых дамах гарэлі газоўкі, зробленыя з гільзаў буйнакалібернага кулямёта. Для гэтага адтуліна гільзы сплюшчвалася. У вузкую шчыліну, якая атрымлівалася пры гэтым, працягваўся кнот, выразаны з матэрыі. Некалькі ніжэй пракручвалася дзірачка для залівання тлушчу. Такая стаяўшая вертыкальна гільза і давала асвятленне. Рабілі тлушчавыя газоўкі і іншым спосабам. Бралі адкрытую бляшанку, налівалі туды тлушчу і зверху кноцік прымацоўвалі дротам або яшчэ чым-небудзь накшталт таго, як гэта робіцца ў лампадцы. Такімі «лямпамі» асвятлялі хату, калі ў ёй праводзіліся сходы.
     Пры ўсіх гэтых спосабах асвятлення выдзялялася многа копаці, якая густа пакрывала столь, сцены, хатнія прадметы.
     Цяжка было ў той час знайсці заменнікаў залалак. Запалак сяляне не мелі. Часам запалкі атрымлівалі партызаны ў пасылках з Вялікай зямлі, але гэта не задавальняла нават іх патрэб.
     У такіх умовах адрадзіліся даўнія, добра вядомыя беларусам у мінулым спосабы здабывання агню. Для гэтай мэты пачалі ўжывацца крэсіва, крэмень і губа, якія ўжо даўно не браліся пад ўвагу ў беларускай вёсцы. Апошні раз іх часовае прымяненне мела месца ў гады грамадзянскай вайны.
     Гэты матэрыял для атрымання агню рыхтаваўся наступным чынам. Губа адломлівалася ад бярозавага ці асінавага пня. Яе высушвалі ля кастра або на печы. Потым рэзалі на кавалкі і варылі ў гаршку, куды налівалі ваду і сыпалі попел. Губу варылі суткі, потым астужвалі, мылі і зноў варылі. Гэты працэс паўтараўся сем разоў. Пасля яе высушвалі, білі малатком, каб зрабілаея мяккай і здольнай запальвацца ад іскры. Апрацаваны кавалачак клалі на востры край крэменя, білі па ім крэеівам, і іскры, якія сыпаліея пры гэтым, запальвалі губу. Часам замест губы на крэмень клалі канец кнота ад лямпы (у каго ён быў).
     Крэсіва рабілася кавалямі з добрай сталі ў выглядзе невялікай прадаўгаватай пласцінкі з адным акругленым бокам. Але і тут былі свае цяжкасці. Справа ў тым, што на Загальшчыне адсутнічае крэмень на паверхні зямлі. Таму яго прыносілі з-пад Слуцка (адлегласць 100— 150 км) партызаны. Прынесены крэмень разбівалі на дробныя кавалкі і дзялілі паміж сабой. Крэменем, крэсівам і губой карысталіся як сяляне, так і партызаны.
     Што ж датычыцца паліва для печаў, то ў ім сяляне ніякага недахвату не адчувалі. Палівам тут, як і ў даваенны час, служылі дровы, якіх у навакольных лясах было ў дастатковай колькасці.
     Жыллёвыя ўмовы ў вёсках у гады акупацыі пагоршыліся яшчэ і таму, што павялічылася колькасць пражываўшых людзей. Насельніцтва Загальшчыны ўзрасло за кошт бежанцаў і размешчаных у вёсках і хутарах партызан, якія не з'яўляліся раней жыхарамі гэтых вёсак. Колькасць часова пражываючага насельніцтва перавышала тую колькасць, на якую паменшылася карэннае насельніцтва, што знаходзілася тут да вайны. Пры гэтым неабходна таксама ўлічваць, што многія партызаны мясцовых атрадаў жылі па сваіх вёсках.
     Бежанцаў на Загальшчыне было многа. Усе яны без выключэння знайшлі ў калгаснікаў гасцінны прытулак. Больш за ўсё іх жыло ў вёсцы Старасек, на хутары Фамін Рог, у вёсках Жывунь і Падлуг. У Загаллі пражывала толькі 4 сям'і, у Татарцы бежанцаў было таксама нямнога. Мясцовыя жыхары забяспечвалі іх жыллём, дзяліліся з імі адзеннем і харчаваннем.
    Што датычыцца партызан, то яны размяшчаліся ў вёсках, пачынаючы з першай ваеннай зімы 1941/42 г. Дыслакацыя розных партызанскіх атрадаў і брыгад працягвалася тут да вясны 1944 г. Адны партызаны жылі ў тым або іншым населеным пункце доўгі час, іншыя заставаліся на кароткі тэрмін (прыходзілі начаваць і г.д.). Акрамя таго, у вёсках размяшчаліся розныя штабныя ўстановы і гаспадарчыя службы.
Усё гэта прыводзіла да вялікай скучанасці людзей у хатах. Асабліва цяжка з жыллём было ў вёсцы Старасек, дзе ўжо ў красавіку 1942 г. карнікі спалілі амаль палавіну хат. Узнікла яшчэ адна цяжкасць—як размясціць сялян-пагарэльцаў.
     Вясной 1942 г. асноўная маса пагарэльцаў размясцілася ў сваіх родных і суседзяў. Аднавяскоўцы іх сустракалі добра і заўсёды падтрымлівалі. Усе, хто меў магчымасць, бралі да сябе на кватэры пагарэльцаў добраахвотна і бескарысліва. Пры гэтым нярэдка ўспаміналіся ранейшыя добрыя ўзаемаадносіны. С.Д.Гук расказвае, што яшчэ перад вайной у час ссялення хутароў у яго жыў нейкі час са сваёй сям'ёй калгаснік В.А.Міхневіч. Калі ў 1942 г. згарэла хата Гука, Міхневіч сам прыйшоў да яго і забраў да сябе дзяцей. Сям'я Гука пражыла ў Міхневіча да пабудовы сваёй зямлянкі.
     У беларусаў і ў дарэвалюцыйныя часы быў распаўсюджан звычай дапамогі пагарэльцам. Гэта старая народная традыцыя, узбагачаная ў савецкі час адносінамі сацыялістычнай узаемадапамогі, у гады вайны выступіла ў сваёй новай якасці. Цяпер аднавяскоўцы бралі на сябе абавязкі па ўтрыманню пагарэльцаў на кватэрах, па аказанню ім дапамогі ў пабудове дамоў і рознага роду іншай матэрыяльнай падтрымкі. Бяда аднаго чалавека рабілася прадметам клопатаў з боку ўсяго калектыву вёскі.
     Адказнасць і клопаты, якія праяўлялі аднавяскоўцы ў адносінах да пагарэльцаў ва ўмовах партызанскага краю, павялічваліся ў параўнанні з умовамі мірнага часу, таму што пагарэльцы цяпер не маглі выкарыстаць ні дзяржаўную дапамогу, ні дапамогу сваіх калгасаў. Праўда, што датычыцца вёскі Старасек, то тут калгас імя Карла Маркса, які згортваў тады сваю дзейнасць, вясной 1942 г. яшчэ выдаў пагарэльцам дадаткова бульбу і збожжа з грамадскіх складаў.
     Пасля пажару 1942 г. ва многіх дамах вёскі Старасек жыло па некалькі сем'яў пабочных жыхароў (суседзяў, бежанцаў, партызан). У доме ўдавы К.Барысевіч, сям'я якой складалаея з 4 душ, жыло 8 сем'яў пагарэльцаў: М.Статкевіча, С. Статкевіча, А. Статкевіча, Е. Дзехцяровай, Е. Статкевіча, Ф.Дзенісевіча, В. Сулім, А. Корзун. Дом у К. Барысевіч быў вялікі, на дзве хаты, перагароджаныя на некалькі пакояў. Агульная плошча жылых пакояў і кухні складала 65 кв. м.
     У доме А.I.Федаровіч, акрамя сваёй сям'і, пражывала да пажару пяць чалавек з саўгаса «Жалы». Пасля пажару тут пасяліўся яшчэ калгаснік М.I.Падлоўкін з жонкай і трыма дзецьмі. Разам з тым у доме жылі і партызаны з сваімі сем'ямі.
     3 наступленнем лета размяшчэнне пацярпеўшых ад пажару некалькі палегчылася. Людзі цяпер маглі жыць не толькі ў дамах сваіх аднавяскоўцаў, але і ў нежылых будынках.
      Сям'я М.А.Мохарт, напрыклад, на працягу лета 1942 г. (да пабудовы ўласнай зямлянкі) тры разы перамяніла месца свайго жыхарства. Вясной гэта сям'я пасялілася ў доме В. Ляўковіча, потым перайшла на кватэру да ўдавы К.Барысевіч, бліжэй да сваёй сядзібы. Калі дом К.Барысевіч аказаўся занадта перапоўненым, сям'я М.А.Мохарт пасялілася ў варыўні, якая належала К.Барысевіч. Сям'я А.П.Казакевіча, што складалася з 4 душ, жыла ўсё лета і воеень 1942 г. у сваім склепе. Склеп прадстаўляў сабой яму, сцены якой былі абкладзены бярвеннямі ў выглядзе зруба. Над склепам узвышалася двухсхільная страха з забітымі дошкамі франтонамі. У адным з іх былі зроблены ўваходныя дзверы. Сям'я Е.К.Сулім, якая мела дваіх малых дзяцей, жыла вясной і летам 1942 г. у хлеве на сваёй сядзібе.
     Пачынаючы з восені 1942 і ў 1943 г. жылая плошча некалькі павялічылася. Былі пабудаваны навыя дамы. Але затое ў вёсцы Старасек зімой 1942/43 г. размясцілася многа партызан. Як толькі заканчвалася пабудова той або іншай хаты, у яе неадкладна пасяляліся чужыя людзі. У нова'й хаце Ф.С.Суліма, як і ў старой, якая згарэла, жыла сям'я бежанца і знаходзіліся партызаны. Партызанская сям'я жыла і ў новай хаце Л.I.Сулім.
     Трэба падкрэсліць, што нават пры арганізаванасці будаўнічых работ не ўсе калгаснікі змаглі пабудаваць сабе дамы ў 1942-1943 гг. Гэта прымушала асобныя сем'і даволі доўга жыць у чужых кватэрах. У вёсцы Старасек сям'я Г.Д.Ельніцкага жыла тры гады ў доме калгасніка М.В.Левановіча, а сям'я I.А.Гарбуновіча з трыма маленькімі дзецьмі жыла на чужых кватэрах з 1942 па 1948 г. За гэты час у сям'і нарадзілася яшчэ двое дзяцей.
     Калі фашысты другі раз спалілі вёску Старасек у 1944 г., жыллёвыя ўмовы сялян яшчэ больш пагоршыліся. У самых цесных памяшканнях жыло тады па некалькі сем'яў. Так, у маленькай хаце А.П.Казакевіча, акрамя яго сям'і, жыла яшчэ сястра Е.П.Сулім са сваёй сям'ёй, у В.А.Міхневіча тры сям'і жылі ў доме, а дзве пасяліліся на дварэ ў зямлянцы.
    Нялёгкімі былі жыллёвыя ўмовы таксама ў Загаллі і Татарцы. Пасля пажару 1942 г. некаторыя пагарэльцы пражывалі ў школе. Пяць сем'яў знайшло прытулак у калгасным доме. У доме калгасніка вёскі Татарка Е.Е.Рудзько ўсю вайну знаходзілася чатыры сям'і: Данілы Ляшчэні (дзве душы), Міхала Ляшчэні (тры душы), Анны Радкевіч (тры душы), Агафона Корбута (чатыры душы). Разам з сям'ёй самога гаспадара ў доме ўвесь час было не менш 15 чалавек. Акрамя таго, тут паўгода жылі тры чалавекі сям'і С.Т.Карнеева. У вёску Татарка часова перасяліліся пагарэльцы з Загалля. Калгасніца вёскі Загалле А.Ф.Плышэўская расказвае, што іх сям'я ў Татарцы пражыла ўсё лета 1942 г.
    Жылі сяляне-пагарэльцы ў чужых дамах таксама і ў вёсцы Жывунь. Знайшлі тут прытулак і жыхары хутара Фамін Рог, спаленага фашыстамі ў красавіку 1944 г. У вёсцы Жывунь, як і ў суседняй вёсцы Падлуг, на кватэрах у калгаснікаў размяшчалася многа партызан і бежанцаў. Усё гэта вяло і ў гэтых дзвюх вёсках да пагаршэння жыллёвых умоў, хоць Падлуг і Жывунь менш пацярпелі ад пажараў.
    Рассяленню партызанскіх сем'яў, бежанцаў і пагарэльцаў у Загальскім сельсавеце вялікую ўвагу ўдзяляў Любанскі падпольны райком партыі. Гэта надавала арганізаванасць у забеспячэнні прытулкам насельніцтва ва ўмовах значных жыллёвых цяжкасцей.
 

да зместу

       

да 65-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©