Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 

Жыхарства сялян у лесе

     Цяжкасці з жыллём наглядаліся не толькі ў населеных пунктах. Яшчэ большыя цяжкасці перажывалі сяляне ў час свайго даволі працяглага знаходжання ў лясах, куды ім даводзілася хавацца ад карных экспедыцый, ад налётаў варожай авіяцыі і г.д. Найбольш доўга насельніцтва Загальскага сельеавета хавалася ў лесе ў перыяд блакады 1944 г.
     Падпольныя партыйныя арганізацыі і партызаны заўсёды папярэджвалі жыхароў аб небяспецы і ўказвалі, дзе хавацца на гэты час. Звароты да насельніцтва ў такія дні публікаваліся таксама ў газетах «Звязда» і «Кліч Радзімы».
     У час трывог сяляне заўсёды выганялі з вёскі жывёлу і самі ішлі ў лес. Так, напрыклад, было ў вёсцы Старасек. Лес тут знаходзіўся на адлегласці 200 м ад вёскі. I.I.Дайнека расказвае: «У мяне заўсёды стаялі падрыхтаваныя калёсы. Як толькі аб'яўлялі трывогу, я адразу запрагаў каня, браў самую неабходную адзежу, прадукты і з усёй сям'ёй ехаў у лес. Так і вандравалі амаль усю вайну». Жыхары вёскі Татарка ў часы бамбардзіровак хаваліся ў лесе разам з партызанамі. Часта даводзілася ў чаканні налётаў спаць дома ў адзенні.
     Ужо з 1942 г. калгаснікі пачалі рыхтаваць у лясах буданы. Гэта дазваляла жыць тут на працягу больш доўгага часу. Восенню 1943 г., калі фронт стаў набліжацца да Беларусі, партызаны раілі насельніцтву, каб яно будавала ў лясах зямлянкі, у якіх можна было б жыць і зімой.
     Аднак партызаны не абмяжоўваліся толькі папярэджваннем сялян аб небяспецы, яны дапамагалі ім таксама эвакуіравацца з вёсак. Успамінаючы тыя дні, К.С.Каладзінскі расказвае: «Калі вораг набліжаўся да вёскі, то спецыяльна вылучаныя партызанамі людзі апавяшчалі аб гэтым жыхароў, дапамагалі ім эвакуіравацца ў лес, дзе стаялі буданы. Так было ў 1942—1943 гг. і да блакады 1944 г. Я, напрыклад, сам у студзені 1943 г. кіраваў эвакуацыяй жыхароў у лес. У лютым 1943 г. М.М.Розаў спецыяльна адкамандзіраваў мяне ў вёску Жывунь для своечасовай эвакуацыі насельніцтва».
     Калі пачалася блакада 1944 г., Любанская раённая падпольная газета «Кліч Радзімы» 9 люгага звярнулася са спецыяльным заклікам да насельніцтва, растлумачваючы жыхарам, каб яны не давяралі фашыстам, не заставаліся ў населеных пунктах, а ішлі сем'ямі ў лясы, хавалі дзяцей, жанчын і старых, змагаліся сушраць ворага. У партызанскіх злучэннях і атрадах распрацоўваліся спецыяльныя мерапрыемствы па ахове насельніцтва ў лясах. Вось якую пастанову прыняў партыйны сход у атрадзе Плышэўскага: «Арганізаваць размяшчэнне сем’яў і іх ахову, для чаго вылучыць людзей, у лясах пабудаваць курані. Арганізаваць пошукі тых сем'яў, якія невядома дзе знаходзяцца, адпусціць для гэтага байцоў».
     Зімой 1943/44 г. і вясной 1944 г. сялянам даводзілася месяцамі жыць у лясах пад аховай партызан. Калі ў канцы 1943 г. частка насельніцтва жыла «на дзве хаты», сістэматычна пераязджаючы з вёскі ў лес і назад, начуючы папераменна то ў дамах, то ў зямлянках, то з пачатку 1944 г. усе сяляне перайшлі на сталае жыхарства ў лясы. У залежнасці ад таго, хто з жыхароў калі перасяліўся ў лес перад блакадай, іх бесперапыннае знаходжанне там працягвалася ад 10 тыдняў да пяці-шасці месяцаў.
     Жыллё сваё сяляне будавалі галоўным чынам у тых лясных масівах, дзе базіраваліся партызанскія атрады і злучэнні. Самае надзейнае сховішча знаходзілі жыхары ў велізарным лесе на поўдні ад вёсак Жывунь і Падлуг і на паўднёвым усходзе ад Загалля і Старасека. У гэтым месцы бары чаргуюцца з цяжкапраходнымі або зусім непраходнымі балотамі. Асобныя лясныя ўрочышчы паміж балотамі называюцца астравамі і маюць адпаведныя назвы.
     Такія прыродныя ўмовы спрыялі размяшчэнню партызанскіх баз і ўкрыццю насельніцтва. Зямлянкі і буданы рабіліся на высокіх узгорках з пясчанай глебай, пакрытай зялёным мохам. Ворагу было цяжка прабрацца на гэтыя астравы. Мясцовае насельніцтва нават у час прачэсу лесу пераходзіла па малавядомых сцежках і нешматлікіх гацях з вострава на востраў. На некаторыя з гэтых астравоў можна было прайсці толькі зімою па ільду. Сяляне вёскі Жывунь размяшчаліся галоўным чынам ва ўрочышчы Ніўкі. Жыхары Старасека будавалі сабе жыллё ва ўрочышчах Падліпа, Падзыслаў, Падвостраў і на Астравах. Сяляне вёскі Загалле жылі ва ўрочышчах Горнае і Падзыслаў. У моманты вялікай небяспекі насельніцтва адыходзіла пад абарону партызан, дзе ўзнікалі грамадзянскія лагеры.
     Лясное жыллё было ў асноўным двух тыпаў: зямлянкі і буданы. Больш усяго пабудавалі зямлянак жыхары вёскі Старасек. Гэта тлумачыцца, відаць, тым, што тая вёска прымыкала бліжэй за ўсе іншыя да лесу. У старасецкіх сялян было 7 зямлянак у Падліпе (больш 2 км ад вёскі), 20 у Падзыславе (каля 4 км) і частка ў Падвостраве (каля 5 км). Размяшчаліся зямлянкі без усялякай сістэмы. Кожны сам выбіраў месца, дзе хацеў, каб толькі было зручна. Адлегласць паміж зямлянкамі была рознай—ад 3—5 м да некалькіх дзесяткаў метраў. Будаваліся зямлянкі наспех, без зруба. Для гэтага сяляне капалі яму прадаўгаватай формы глыбінёй у 1 м з адхіленымі сценамі, каб не асыпаўся пясок. Шырыня зямлянкі звычайна была 1,5—2 м, а даўжыня 2—3 м. Каля пярэдніх сцен ставілі па адной сошцы. На іх клалі падоўжнае каньковае бервяно, на якое адным канцом абапіраліея тонкія бярвенні накату. Другім канцом накат ляжаў на зямлі. Атрымлівалася двухсхільная страха. Франтоны, якія адначасова з'яўляліся тарцовымі сценамі, закладваліся больш тонкімі кавалкамі дрэва. Для гэтага бярвенцы часам раскалваліся. Страху і франтоны прысыпалі зямлёю. У пярэдняй сцяне рабілі адтуліну для ўваходу. Уваход часта завешвалі пасцілкай.
     Буданы рабіліся некалькі па-іншаму. Асноўным адрозненнем іх ад зямлянак было тое, што яны будаваліся на паверхні зямлі. Але буданы таксама падзяляліся на два східы. Адзін ад другога яны адрозніваліся галоўным чынам не столькі сваёй формай, колькі трываласцю.
     Сяляне вёскі Жывунь, напрыклад, зусім не рабілі зямлянак. Затое іх буданы 1942—1943 гг. былі трывалымі. Будавалі іх не спяшаючыся. Месца выбіралі «сухое і глухое». Калі ж месца трапляла, не зусім сухое, то зямлю ў будане пакрывалі насцілам з бярвенняў. Стаіраліся рабіць будан так, каб ён адным канцом прыпіраўся да дрэва. На выбраным месцы ўбівалі дзве сошкі, на якія клалі падоўжнае бервяно. Двухсхільную страху, што даходзіла да зямлі, рабілі з расколатых папалам бярвенняў-палавінак (плашак), пакрытых зверху галінамі і засыпаных зямлёю або торфам. Франтоны апляталіся лазой або галлём. У адным канцы рабілі дзверцы. Для абагрэву ўнутры будана разводзілі касцёр, часам ставілі бляшаныя печкі. Печкі такія рабіліся з вялікіх металічных бітонаў і з розных бакаў.
     I ў зямлянках, і ў буданах звычайна размяшчалася па некалькі сем'яў, якія наладжвалі сабе жылле калектыўна. Часам сям'я, якая будавала жыллё для сябе, давала потым у ім прытулак іншым сем'ям. Напрыклад, калгаснік вёскі Жывунь Г.П.Рублеўскі расказвае, што ў яго будане пастаянна знаходзіліся дзве-тры сям'і.
     Па-іншаму рабіліся буданы ў перыяд блакады 1944 г., калі пачалася, як гавораць калгаснікі, «ганялка», г. зн., калі гітлераўскія войскі пачалі прачэсваць лясы. У гэты час прыходзілася манеўраваць не толькі партызанам, але і насельніцтва вымушана было пераходзіць з месца на месца. На новых месцах буданы ставіліся наспех для часовага сховішча. Часта той або іншай сям'і ў халодную пару даводзілася ставіць буданы ў розных месцах па некалькі разоў на дзень. Такія буданы рабіліся з больш лёгкага матэрыялу. Іх накрывалі толькі галлём, а часам яшчэ сенам або снегам.
     Жывучы сем'ямі ў лесе, сяляне цярпелі цяжкія нягоды. Месяцамі парушалася нармальнае харчаванне, што асабліва адмоўна адбівалася на здароўі дзяцей. «У буданчыку заўсёды дрыжэлі ад холаду»,—успамінае калгасніца А.С.Статкевіч. «Днём бегаеш па вадзе, намокнеш,—расказвае I.Д.Сініцкі,—а ноччу, калі спіш, адзенне пакрыецца лёдам, і раніцай потым ламаеш яго, сушыш адзенне, як можаш».
     Калгасніца вёскі Старасек Е.П.Сулім расказала нам аб такім выпадку: «Аднойчы, калі немцы сталі наступаць, мы выехалі з будана на астравы ў балота. Вечарам, у час страляніны, я пасадзіла на зямлю свайго сына Лёню, а ён неяк запоўз у яму з вадой і там заснуў. Толькі раніцай я агледзелася. Бачу сын мой умёрз у ваду. Давялося абразаць світку, выцягваць яго. Калі вярнуліся ў вёску, дык я і абодва мае сыны, што былі ў лесе, перахварэлі тыфам».
     Людзі цярпелі ў лесе не толыкі ад холаду, але і ад агню. «Калі мы спалі,—успамінае калгасніца вёскі Загалле А.С.Радкевіч,—боты каля агню ссыхаліся так, што даводзілася разувацца з дапамогай нажа, разразаць іх». Часта гарэлі буданы. У адзін з сакавіцкіх вечароў, напры-клад, загарэўся будан В.П.Ясючэні. Будан гэты яна рабіла сумесна з братавай жонкай. У кожнай з іх было па трое дзяцей. Пад той час дзеці, набегаўшыся за дзень, моцна спалі каля агню. Дзяжурыла сама Ясючэня. Але стома і яе схіліла да сну. Прачнулася яна тады, калі ўвесь будан быў ужо ахоплен полымем. Двух малодшых дзяцей яна хутка вынесла на снег, старэйшы сам хацеў выйсці, але не змог. Маці кінулася ў агонь ратаваць старэйшага сына, але сілы яе пакінулі, і яна пачала траціць прытомнасць. У гэты момант у будан ускочылі падаспеўшыя аднавяскоўцы і выратавалі іх.
     Вельмі цяжка было пераяосіць блакаду тым сялянам, якія мелі маленькіх дзяцей. Так, у калгасніцы вёскі Старасек Н.М.Сулім у канцы 1943 г. нарадзілася дачка. Маці на наступны дзень вымушана была пакінуць вёску разам з навароджанай і паехаць у лес. У такіх умовах дзіця ў хуткім часе памёрла.
     Самым страшным для насельніцтва быў абстрэл лесу, зямлянак і буданоў фашыстамі ў час прачэсу і аблаў.
     Калгаснік вёскі Жывунь А.I.Сулім расказвае: «Забярэшся, бывала, у гушчар, насячэш лапак яловых для таго, каб паслаць іх на снег, зверху паставіш дзве сошкі, прыкрыеш галлём і сядзіш, як заяц пад кустом, пільна прыслухоўваешся да кожнага шораху ў лесе і, калі пачуеш нямецкае слова, бяжыш, куды вочы глядзяць. Паслухаеш, паслухаеш,—не чуваць чужой размовы, зноў ціхенька насячэш яловых лапак, выльеш з абутку ваду, даетанеш з клуначка сухар, падзеліш на кавалачкі і дасі дзецям, а сам і так абыдзешся».
     Калгасніца вёскі Загалле А.М.Корзун успамінае, як пасля блакады радаваліся дзеці таму, што можна было свабодна гаварыць у поўны голас, што не трэба баяцца і размаўляць шэптам.
     Аднак, нягледзячы на ўвесь цяжар такога становішча, сяляне ў гэтых умовах у сваёй масе не трацілі пачуцця калектывізму, які стаў адной з галоўных рыс жыцця і паводзін савецкіх людзей. У час фашысцкай блакады людзі ішлі адзін да другога, каб даведацца, што робіцца навокал, параіцца, што рабіць у бліжэйшы час. Мужчыны ноччу хадзілі ў разведку, каб дазнацца, дзе стаяць нямецкія патрулі, тайна прабіраліся да запасаў харчавання. «Мы ўжо ведалі нямецкі нораў,—успамінае А.I.Сулім.— Немцы ішлі па прамых лініях і не зварочвалі ўбок. Таму мы траплялі ў тыл». Весткі, атрыманыя ў разведцы, паведамляліся ўсім, хто знаходзіўся паблізу. Сяляне дапамагалі адзін другому ежай, адзеннем, давалі ў сябе прытулак тым, хто ўцякаў ад праследавання.
     Для больш поўнай і яскравай характарыстыкі ляснога жылля і ўмоў жыцця сялян у лесе прывядзём яшчэ два прыклады з успамінаў жыхароў вёскі Старасек.
     Калгасніца О.А.Барысевіч расказвае, што іх сям'я будавала зямлянку ва ўрочышчы Падвостраў восенню 1943 г. сумесна з сям'ёй суседа М.Статкевіча. Гэтыя дзве сям'і жылі вельмі дружна і заўсёды дапамагалі адна другой. Зямлянка была невялікая і без зруба. У ёй жылі двое старых Статкевічаў і чатыры чалавекі з сям'і Барысевічаў. О.А Барысевіч прывезла з сабой у лес і маленькую дачку, якая толькі нядаўна нарадзілася.
     У канцы 1943 г. гэтыя сем'і яшчэ часта прыходзілі дамоў у вёску. Аднак, ратуючыся ад немцаў, хутка давялося выехаць далей у лес, на Астравы. Свае прадукты і рэчы павезлі на адным возе. Асноўную сваю маёмасць перад ад'ездам закапалі ў зямлю.
     На Астравах хутка зрабілі будан з галля. Пасярэдзіне будана можна было разводзіць вялікі касцёр. Над ім звычайна сушылі проса на блясе, пастаўленай на коліках. Такое падсушанае проса таўклі ў ступе, якую таксама вазілі з сабой. На гэтых жа Астравах была размешчана база атрада Плышэўскага. Калі не хапала прадуктаў, партызаны давалі насельніцтву мяса і муку. Хлеба на Астравах не пяклі. Пяклі толькі праснакі на скаварадзе ці на жалезнай печцы. У час блакады варылі ў вядры суп.
     На Астравах Барысевічы і Статкевічы жылі ў будане па-ранейшаму разам. У час блакады фашысты злавілі старога Статкевіча з яго жонкай і закатавалі іх у вёсцы Слаўкавічы Глускага раёна. Пасля гэтага сям'я Барысевічаў жыла на балоце ў будане з сям'ёй калгасніка А.М.Суліма.
    А вось гісторыя ляснога жыцця другой сям'і, расказаная калгасніцай Л.I.Сулім.
    У канцы 1943 г. сям'я Сулім зрабіла сабе зямлянку ва ўрочышчы Падзыслаў. Зямлянка была без зруба і без печы. У пачатку 1944 г. сям'я выехала ў лес. У складзе гэтай сям'і было чацвёра малых дзяцей, з іх самаму малодшаму споўнілася ўсяго два гады. У зямлянцы жылі нядоўга. Пасля таго як стала вядома, што чакаецца напад фашыстаў, сям'я выехала на Астравы. Гэта быў час, калі ішлі баі за кожны населены пункт партызанскага краю, калі фашысты палілі вёскі Загальскага сельсавета.
     Пасля пераезду на Астравы сям'і з тыдзень давялося жыць без будана, на павозцы. На ёй стаяла вялікая дашчатая скрыня, у якой звычайна возяць бульбу з поля. Для аховы ад снегу над скрыняй на сагнутыя палкі было нацягнута палатно. Ноччу ў гэтай скрыні спала ўся сям'я.
     Неўзабаве сям'я Сулімаў далучылася да групы аднавяскоўцаў, якія размясціліся на востраве Пекарыха. Яны жылі ў будане, які раней яшчэ зрабілі партызаны. Шырыня яго была такая, што жыхары маглі спаць на два бакі галовамі да страхі і ўдоўж пасярэдзіне заставаўся яшчэ праход. Зроблен быў будан добра. Яго будавалі так. Уздоўж жылля былі ўкапаны моцныя драўляныя сохі (стойкі з развілкай уверсе), на якія гарызантальна было пакладзена тонкае, але моцнае бервяно. Па абодва бакі ад яго нахільна да зямлі размяшчаліся два схілы страхі. Не рабілі з плашак, якія ўкладваліся адным канцом на каньковае бервяно, а другім—на зямлю. Плоскі бок плашак быў павернут унутр будана. Драўлянае пакрыццё засцілалася сенам і засыпалася зямлёй.
     Зверху будан быў замаскіраван галлём. Тарцовай франтоннай сцяной, якая была задзелана наглуха, будан упіраўся ў дрэва. У процілеглай сцяне знаходзіліся дзверы.
     Унутры будана меліся дзве печкі. Адна з іх была прывезена аднекуль гатовай. Бляшаны комін ад яе выходзіў праз глухую сцяну. Другая печка была зроблена з жалезнай бочкі і стаяла бліжэй да выхаду. Каб зрабіць такую печку, бочку пераразалі на дзве часткі, з якіх большую ставілі на зямлю ўверх дном, а ўнізе рабілі адтуліну для закладкі паліва. Коміна гэта печка не мела, і дым з яе выходзіў праз дзверы. Печкі не толькі абагравалі жыллё, але і асвятлялі яго ўвечары. Падлога будана каля падоўжных сцен, дзе спалі яго жыхары, была пакрыта сенам. На сена клалі пасцелі. Часам ноччу сюды прыходзілі спаць і партызаны.
     У гэтым будане жылі восем сем'яў: М.Б.Сыцько, дзве сям'і Дайнекаў, А.М.Суліма, Ф.Сулім, Н. Сулім, А. Рудзько і бежанкі Белі Шкляр.
     У больш спакойны час паасобныя члены сем'яў ездзілі ў вёску, пакідалі там павозкі, запрагалі санкі, бралі некаторыя неабходныя рэчы (напрыклад, гаршкі), бульбу і інш. Жывучы ў буданах, страву гатавалі галоўным чынам на дварэ. Некаторыя сяляне трымалі ў лесе кароў, якіх прывязваді да дрэў непадалёку ад жылля.
Іншыя сем'і, якія пераехалі на Астравы, рабілі буданы зімой. Іх жыллё было менш утульным і трывалым. Каб зрабіць такі будан, ставіліся сошкі, на каньковай жэрдцы ўмацоўваліся канцы лёгкіх крокваў, якія ўкладваліся на блізкай адлегласці адна ад другой. Кроквы пакрываліся галінамі дрэў і сенам, якое прывозілі са стагоў, што зімавалі на балотах. На зямлі ў сярэдзіне будана таксама падсцілалі сена.
     Сям'я А.М.Суліма, як і астатнія 7 сем'яў, што знаходзіліся ў будане, пражыла тут больш месяца. Калі пачаў раставаць снег, гэтыя сем'і, баючыся, што вясной праз балота нельга будзе прабрацца, пераехалі на іншыя астравы. Тры сям'і пераехалі на востраў Лабаніха і тут пабудавалі новы будан. У гэтым будане разам з сям'ёй А.М.Суліма жыла сям'я Н.Сулім і сям'я Белі Шкляр.
     У красавіку 1944 г. пачалася прачэска астравоў, якую сяляне назвалі другой «ганялкай». Сям'я А.М.Суліма хавалася тады ад фашыстаў у зарасніках на балоце ва ўрочышчы Даліна. Ноччу выходзілі спаць на сані-розвальні, якія стаялі на сухім месцы. Днём зноў хаваліся ў балоце. Так працягвалася шэсць сутак. Тады нічога не варылі і не елі, пілі ваду з балота. Толькі дваім малодшым дзецям давалі па аднаму сухару ў дзень.
     Калі фашысты закончылі прачэску лесу, сям'я А.М.Суліма выйшла на маленькі востраў Падбяроза. Будана тут не рабілі, а спалі пад кустом, бо было гэта ўжо ў маі месяцы. Сям'я А.М.Суліма аказалася сярод тых сем'яў з вёскі Старасек, якія ў час блакады 1944 г. не трапілі ў рукі фашыстаў.
     Жыллёвыя ўмовы, у якіх давялося жыць беларускім калгаснікам у дні акупацыі, былі, як відаць з прыведзеных прыкладаў, вельмі цяжкімі. Савецкія людзі, якія перад вайной жылі ў добрых хатах, цяпер павінны былі звярнуцца да аджыўшых форм жылля сваіх вельмі далёкіх продкаў.
 

да зместу

       

да 65-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©