Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 
 
 


Літаратурныя партрэты
"НАВЕК Я 3 РОДНЫМ КРАЕМ ПАДРУЖЫУСЯ..."


     Якім вы ўяўляеце сабе 80-гадовага чалавека? Напэўна, хворым, маларухомым, з дрэннай памяццю і патухлым бляскам вачэй ? Гэта ўяўленне знікае адразу пры сустрэчы з Іванам Андрэевічам Муравейкам, якому 21 кастрычніка спаўняецца 80 гадоў. Падцягнуты, рухавы, вясёлы і жыццярадасны, ё'н сустрэўмяне на парозе ўласнага дома. Жыве Іван Андрэевіч у Любані ў звычайнай сялянскай хаце, якую пабудаваў сам капя пяцідзесяці гадоў таму. У той час і ліпу ля каліткі пасадзіў — сёння гэта вялізнае, магутнае дрэва бачыцца здалёк. Здаецца, яно прыязна махае табе і запрашае ў госці. Не будзем жа адмаўляцца — гасцям у гэтай хаце рады заўжды...
 

     Іван Андрэевіч, многія знакамітыя пісьменнікі, якія нарадзіліся ў невялікіх гарадах або вёсках Беларусі, перабіраюцца затым у Мінск, каб быць у цэнтры культурнага, літаратурнага жыцця. Вы засталіся ў Любані — гэта ваш свядомы выбар ці так склаліся абставіны?
     Поўнасцю свядомы выбар, абумоўлены многімі прычынамі. Пасля вайны застацца ў Мінску, атрымаць кватэру было нескладана. Але я не люблю шуму і тлуму вялікіх гарадоў. Калі вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах, два гады прыйшлося жыць у Маскве — ледзь вытрымаў. Справа ў тым, што пасля вайны я дэмабілізаваўея інвалідам II групы. Здароўе было слабае. I я разумеў, як цяжка мне будзе ў горадзе. Тут жа — і рэчка, і лес. У сваім раёне, дома, я "свой чалавек": мяне ўсе ведаюць, я ўсіх ведаю. Гэта мая стыхія. Акрамя ўсяго, тут і мая паэзія, таму што большасць маіх першаў, казак (напрыклад, "У лесе дрымучым" і інш.) звязаны з прыродай. А дзе прыроду пазнаеш? Толькі тут. Таму і гэта хата сялянская, і гэта печка... Упэўнены, што зрабіў правільны выбар. Гэту ўпэўненасць падмацоўваюць і мае землякі. Так, у маі гэтага года я атрымаў званне "Ганаровы грамадзянін горадаЛюбані".

     Факты з вашай біяграфіі — сведчанне таго, што вы надзвычай верны, адданы чалавек — куды б ні кідала жыццё, вы заўсёды вярталіся ў родны горад. Якое вяртанне было самым складаным?
     Ведаеце, вяртацца на Радзіму заўсёды лёгка. Больш за ўсё помніцца вяртанне з вайны. Напэўна, таму, што вельмі хацеў вярнуцца. Служыў я аж сем гадоў. Пайшоў у снежні 1939 г. і вярнуўся ў красавіку 1947 г. За гэты час было ўсё: і раненні, і паўгадавое лячэнне ў шпіталі, і ваеннае вучылішча, і Берлін. Калі ж убачыў родныя мясціны — гэта было сапраўднае шчасце. I з таго часу я заўсёды дома, нікуды надоўга не ад'язджаў. Так і жыву ўжо 50 гадоў у гэтай хаце.

     Акрамя Радзімы, кожны чалавек мае яшчэ адну краіну, памяць аб якой на ўсё жыццё застаецца ў яго сэрцы. Я маю на ўвазе цудоўную краіну маленства. Які ўспамін аб ёй захоўвае ваша сэрца?
    Нарадзіўся я ў вёсцы Таль Любанскага раёна. У 1936 г. закончыў сямігодку, потым Любанскую сярэднюю школу і з таго часу ў Талі не жыў, але часта наведваюся туды і цяпер. У вёсцы захавалася наша хата. Гляджу на яе, і прыгадваецца дзяцінства. У маім узросце той час успамінаецца ярка. Што ўчора было — забудзеш, а тое, што было ў дзяцінстве, помніцца да самых дробязных выпадкаў.
     Сям'я наша была невялікая. Калі мне споўнілася 4 гады, памёр бацька. Маці гадавала мяне адна. Была яна малапісьменная, памагаць у вучобе мне не магла. Займаўся сам, сам паступіў у Мінскі інстытут журналістыкі.

     Чаму вы абралі менавіта журналістыку?
     Справа гэта мне вельмі падабалася. Дзесьці з 5-га класа я ўжо быў дзеткорам — пісаў заметкі ў газету "Піянер Беларусі". За актыўную дзеткораўскую работу двойчы атрымліваў прэміі — бібліятэчкі дзіцячай літаратуры. Адна кніга захавалася ў мяне да гэтага часу. Дарэчы, прыгадалася цікавая гісторыя. У нашай школе быў гурток Асаавіяхім, у якім вучылі страляць. Гэта нам, хлопчыкам, падабалася, хацелася пастраляць як мага больш. Каб не даваць нам патронаў, выкладчык Патоцкі прыдумаў такую адгаворку: "Патрончыкі сушацца". Пра гэтыя "патрончыкі" я і напісаў заметку, якую назваў "Фельетон". Чуў, што есць такое слова. У газеце заметку апублікавалі, але назвалі яе "Замест фельетона" — відаць, артыкул мой крыху не дацягваў да гэтага сатырычнага жанру. Прайшло гадоў 25 ці 30. Я вярнуўся з арміі і выпадкова сустрэў Патоцкага. Ён адразу ўзгадаў той артыкул і сказаў мне зноў, як у дзяцінстве: "Патрончыкі сушацца". Але цяпер я ўжо быў не супраць — страляць пасля вайны зусім не хацелася.

     Журналіст і паэт. Як удавалася вам спалучаць гэтыя ролі?
     Ведаеце, я ніколі не лічыў сябе пісьменнікам, паэтам. I ні разу не назваў сябе так. На маю думку, гэтыя словы маюць вельмі высокі сэнс. Зусім нямногія яму адпавядаюць: Пушкін, Горкі, Маякоўскі... Ставіць сябе ў адзін рад з імі і казаць, што я таксама паэт, пісьменнік, не магу. Я проста аматар. Усё жыццё працаваў у рэдакцыі раённай газеты. Днём — у рэдакцыі, а вечарам прыйдзеш дадому — пішаш вершы. I лепш за ўсё пішацца менавіта вечарам. Бывае, верш сасніш. Тады ўскокваеш, выцягваеш з-пад падушкі сшытак, аловак і запісваеш. У адпачынак едзеш ці дома застаешся — зноў сшытак і аловак трымаеш пры сабе. Стан творчага напружання, творчага пошуку не пакідае ні на хвіліну. Не ўяўляю, як без гэтага мог бы жыць.
     Наогул, дзіцячыя вершы пісаць цікава. Цябе нешта як быццам штурхае, і тады ўдаецца зазірнуць у нейкі запаветны пакойчык, запоўнены рознымі дзівосамі. А дзверы ў гэты пакойчык могуць адчыніцца ў любы момант. Вось аднойчы я ішоў на работу і ўбачыў, як хлопчык квас са жбана п'е. I пакуль дайшоў да рэдакцыі — напісаў верш "Каб стала лягчэй":
У магазін паслалі Васю,
Каб купіў бітончык квасу.
Ён купіў, вярнуўся, мнецца —
Нешта вымавіць імкнецца.
Мама глянула: "Чаго
Паўбітончыка ўсяго ?"
Вася шэпча вінавата:
"Было несці цяжкавата,
Дык адпіў я мала-мала,
І лягчэй адразу стала ".


     Часта можна пачуць, што да дзіцячай літаратуры паэты прыходзяць ужо ў сталым узросце. Калі гэтая схільнасць з'явілася ў вас?
     Схільнасць да дзіцячай літаратуры з'явілася даўно, яшчэ калі вучыўся ў школе. У дзяцінстве сябры для мяне значылі вельмі многа, бо ні брата, ні сястры ў мяне не было. I калі я пачаў пісаць вершы, мне найперш хацелася напісаць пра сваіх таварышаў, пра наша, дзіцячае, жыццё. Таму можна сказаць, што першыя школьныя вершы былі ва ўсіх сэнсах дзіцячыя: дзіця пісала для дзяцей.
     Потым, ужо пасля вайны я пісаў і "дарослыя" вершы. Але неяк не ляжала да іх душа. Калі выйшаў мой першы зборнік "Песня над палямі" (1955), у рэцэнзіях да яго адзначалася, што "Муравейку лепш удаюцца дзіцячыч вершы". Я згадзіўся. I пасля пачаў пісаць у асноўным для дзетак. Яшчэ адным моцным штуршком у гэтым стала нараджэнне дачкі. Такім чынам, для дзяцей пішу яшчэ з часоў свайго дзяцінства. I дзеці заўсёды былі маімі сябрамі — спачатку аднагодкі, а потым чытачы маіх кніжак.

     А свае першыя дзіцячыя вершы памятаеце?
3 таго часу, часу дзяцінства, прайшло шмат гадоў, але ў мяне захаваліся сшыткі з вершамі. Калі я пайшоў у армію, гэтыя сшыткі забраў з сабой. У першы дзень вайны я даслаў іх дадому. I яны яшчэ паспелі дайсці. У сшытках шмат вершаў, ёсць казкі, павер'і, нават паэма "Гісторыя пра Ціта".
     Магу прачытаць урывачак з верша "Хачу ў школу", які напісаў дзесьці ў 7-м класе:
Мама хату падмятала
I скварчыла ў печы сала.
Я каля акна сядзеў
I на вуліцу глядзеў.
Вунь таварыш мой Мікола
Важна з кніжкамі йдзе ў школу.
Гэткім зухам выглядае —
Радасць, бачыце, якая!
І крычыць ён гучуна мне:
— У школу пойдзеш ты ці не?
Але мне сказала мама,
Мне гадоў для школы мала.


     Акрамя паэтычных твораў, ёсць у вас і празаічныя. Сярод іх найбольш цікавай, на мой погляд, з'яўляецца кніга "Прынёс з вайны", якая ўяўляе своеасаблівы дзённік франтавога жыцця.
     Гэта кніга — спроба расказаць пра вайну. Што гэта такое, я, на жаль, зведаў вельмі добра. На фронце я з першых дзён. 22 жніўня 1941 г. быў цяжка паранены, паўгода ляжаў у шпіталі ў Алтайскім краі. Там пазнаёміўся з адной дзяўчынай-старшакласніцай — Таняй Крывец. Калі мяне адправілі на фронт, мы працягвалі перапісвацца, я нават прысылаў ёй грошы са сваёй афіцэрскай зарплаты. Потым атрымаў пісьмо, а ў ім фотаздымак — Таня ў ваеннай форме і са снайперскай вінтоўкай. Праз нейкі час даведаўся, што дзяўчына загінула, яе падстрэліў нямецкі снайпер. Вось тады я зразумеў, наколькі гэта жахлівая рэч — вайна.
     На фронце я працягваў пісаць вершы, у асноўным на рускай мове. Яны друкаваліся і ў дывізіённай, і ў франтавой газетах. Памятаю, як аднойчы падышоў да мяне саддат (я ў той час быў камандзірам узвода мінамётнай роты), паказаў мой верш "Письмо к сыну" і папрасіў дазволу даслаць яго свайму сыну. Гэта просьба была для мяне найлепшай узнагародай. Я ўбачыў, што мае вершы патрэбны людзям.
     У нашай дывізіі была свая песня. Словы да яе напісаў я, мелодыю — старшы лейтэнант Гейкельман і капітан Брус. Песня саддатам падабалася, спявалі яе з задавальненнем, часта можна было пачуць словы прыпеву: "Эх, 47-я, дивизня стрельная". Пахваліў нашу песню і камандзір арміі В.I.Чуйкоў. Ён адразу ж загадаў змяніць словы прыпеву, бо песняй дывізія выдавала сябе. Словы я змяніў, але саддаты ўсё роўна спявалі па-ранейшаму. Чуйкоў толькі рукой махнуў...

     Вайна — гэта самае страшнае ў вашым жыцці?
     Калі быў на фронце, жыў думкамі аб тым, што будзе, калі вайна скончыцца. Як тады людзі будуць шчасліва жыць! Ніхто не страляе, не забівае адзін аднаго. Але ж аказалася, што няшчасце і вялікае гора могуць прыйсці і ў мірны час. Чарнобыльская раніца... Выйшаў на плошчу, і, здаецца, усё змянілася, усё не так. Не так спяваюць птушкі, не так людзі глядзяць адзін на аднаго... А выправіць ужо нічога нельга. Гэта, напэўна, страшней за вайну.

     Ці змяніў час ваша ўяўленне пра жыццёвыя каштоўнасці?
     Галоўнае ў жыцці — нешта пакінуць пасля сябе. Гэта я зразумеў ужо даўно. Я не веру ў жыццё пасля смерці, у нейкага рэальнага Бога, але веру ў існаванне вышэйшых сіл — гэта космас, прырода. Пражыць зямное жыццё ў гармоніі з гэтымі сіламі — вось прызначэнне чалавека. Галоўная ж каштоўнасць чалавечага жыцця — любоў. Асабліва трэба любіць дзяцей. Калі мы не вырасцім дзяцей у атмасферы любві, дабрыні — у нас не будзе будучыні. Сёння я баюся за будучыню нашых дзяцей — культ жорсткасці, нянавісці, абыякавасці пануе навокал. Паслухайце, як нашы дзеці брыдкасловяць — больш нават, чым дарослыя. У нашым раёне быў выпадак. Хлопчык залез на дрэва, а некалькі яго аднагодкаў сабралі галлё і дрэва падпалілі. Калі б не дарослы чалавек, які ў час падаспеў на дапамогу, хлопчык упаў бы ў вогнішча, бо ўжо начаў задыхацца ад дыму. Вось якія пачварныя формы набываюць забавы нашых дзяцей.

     Як можна змагацца з жорсткасцю?
Супрасцьпаставіць ёй прыгажосць, дабрыню, пяшчоту дзіцячай паэзіі, дзіцячай казкі.

     Аднак сучасныя дзеці вельмі мала чытаюць...
     У малодшым узросце дзеці вельмі, падкрэсліваю, вельмі адчувальныя да літаратуры, асабліва да паэзіі. I калі бацькі, выхавальнікі, настаўнікі пачатковай школы знаёмяць дзіця з гэтымі творамі — успрымаюцца яны з задавальненнем. Дзіця цягнецца да паэтычнага слова, з радасцю завучвае вершы, спрабуе нешта прыдумваць само. А вось ужо дзесьці к восьмаму класу гэта імкненне згасае. Таму ў малодшым узросце трэба закласці ў душу дзіцяці столькі дабрыні, пяшчоты, каб яе з лішкам хапіла на ўсё жыццё. I дапаможа ў гэтым найперш добрая кніжка. Таму так важна, каб у дзіцячых садах, у школах былі багатыя бібліятэкі, каб выдавалася як мага больш кніг.
     У сучасных жа ўмовах, калі кнігі выдаюцца малымі тыражамі, не заўсёды даходзяць да дзяцей, пісьменнікам трэба наведвацца да сваіх чытачоў, сустракацца з імі. Я часта выступаю ў школах, гэтым летам быў у лагеры адпачынку ў Старадарожскім раёне. Гэтыя сустрэчы карысныя і для мяне, бо дапамагаюць ацаніць свае творы. Чытаю іх дзецям — і сачу за рэакцыяй: адразу ж бачна, спадабаўся верш ці не.
Толькі літаратурнымі чытаннямі стараюся не абмяжоўвацца. У свой час узначальваў школьнае "Літаратурнае аб'яднанне", дзе мы арганізоўвалі паэтычныя выступленні маладых аўтараў, абмяркоўвалі іх творы.

     Можаце вы кагосьці з маладых аўтараў назваць сваім вучнем?
У нашым раёне шмат таленавітых дзяцей, моладзі. Я сачу за імі. Вось, напрыклад, Аляксандр Тон — вельмі таленавіты хлопец. Яго аповесці, апавяданні, вершы вызначаюцца цікавым сюжэтам, вобразнасцю. Зараз ён вучыцца ў тэхналагічным універсітэце. Летам прыязджаў на канікулы, расказваў, што працягвае пісаць, ужо нават друкуецца ва універсітэцкай газеце. У вёсцы Таль ёсць дзяўчына, якая піша добрыя вершы. Зараз яна вучыцца ва універсітэце. Спадзяюся, што і яна пісаць не кіне. Тыдзень назад прыходзіў мясцовы хлопец са сваімі вершамі. Вобразнасць добрая, але ёсць парушэнні рытмікі, "кульгае" тэхніка верша. Яму яшчэ шмат працаваць трэба.

     А ў каго вы вучыліся творчаму майстэрству? Хто быў вашым настаўнікам?
     Па вялікаму рахунку, настаўнік кожнага пісьменніка — жыццё. I тут важна самому да ўсяго дайсці, самому адчуць тое, пра што пішаш, самому гэта перажыць. А вось творчаму майстэрству вучыцца варта. Мне вельмі пашанцавала, што ў Тальскай сямігодцы беларускую мову і літаратуру выкладаў Мікола Лобан. Тады яшчэ ніхто не называў яго пісьменнікам, але адразу адчувалася: штосьці закладзена ў яго душы. Ён звярнуў на мяне ўвагу, даваў чытаць кніжкі, дапамагаў парадамі. Напэўна, ён першым падтрымаў мяне ў паэтычнай дзейнасці.

     Ці існуе дэвіз, якому вы падпарадкоўваеце сваё жыццё?
    Заўсёды імкнуся даваць, а не браць. Зрабіць чалавеку штосьці добрае — гэта так прыемна! " Спешите делать добрые дела", — казаў Аляксандр Яшын. Залатыя словы. Ніколі не трэба адкладваць добры ўчынак, бо потым спахопішся — а часу ўжо можа і не хапіць...

     Іван Андрэевіч, 80 гадоў — гэта многа ці мала?
     Як для каго. Калі чалавек працавіты — для яго гэта мала. Я, напрыклад, не адчуваю, што мне 80 гадоў. Так многа яшчэ трэба паспець зрабіць, што часу лічыць гады проста не стае. А калі чалавек не надта любіць працу — для яго 80 гадоў многа. Ды чалавек гэты столькі і не пражыве.

     Можна толькі парадавацца, што ваш паважаны ўзрост не замінае творчай дзейнасці. Раскажыце, калі ласка, пра вашы планы, задумы.
     У кастрычніку выйдзе мая новая кніжка "Куды ні пойдзеш — цуды знойдзеш". Зараз працую над, наступнай кнігай. Амаль усе вершы для яе напісаў у шпіталі ў Бараўлянах. Назвы ў кнігі пакуль няма. Абдумваю некалькі варыянтаў: "Слухайце, дзеткі, дзеда Івана", "Гралі гномікі на гармоніку", "Якога колеру водар?". Дарэчы, апошнюю назву падарыла мне адна дзяўчынка. У яе руках быў букет з чырвоных і жоўтых кветак, яна паглядзела на іх і сказала: "У гэтых кветак водар чырвоны, а ў гэтых — жоўты". Словы мне запомніліся, і я напісаў верш "Якога колеру водар?".
     Для новай кніжкі напісана ўжо каля сямідзесяці вершаў. Але ж цяпер пісаць цяжэй стала, бо тэму, на якую ў мяне не было б ужо верша, знайсці няпроста. Гэта ж не жартачкі, выйшла каля дваццаці кніжак! Зараз чытаю новыя вершы іншых паэтаў і бачу, як часта паўтараецца тое, што ўжо было напісана раней. Мне пачынаць лягчэй было. У пачатку 50-х гадоў дзіцячых паэтаў было вельмі мала, тэм нераспрацаваных — толькі пішы! А зараз ужо столькі напісаў, што аднойчы злавіў сябе на крадзяжы ўласнага верша. Напісаў верш, уключыў яго ў падборку для "Вясёлкі". Потым думаю, нешта гэты верш мне як быццам знаёмы. Паглядзеў свае зборнікі — ён ужо напісаны, праўда, крыху інакш. Новы атрымаўся лепшым.

     Кожны пражыты год надае чалавеку мудрасці. Якімі думкамі жыве Іван Андрэевіч Муравейка напярэдадні свайго 80-годдзя?
     Думаю, як перажыць мае гэтае 80-годдзе! I ў Талі збіраюцца праводзіць святочны вечар, і ў Любані. А калі сур'ёзна, то часта аглядваюся назад: ці ўсё добра было, ці ўсё правільна рабіў, ці не пакрыўдзіў каго. Пра сябе, пра сваё жыццё, я напісаўтакі верш:
Не, я не прыдбаў, ніякага багацця,
Хаця гадоў багата за спіной.
Жыву ў звычайнай, у сялянскай хаце,
Сасновым борам пахне ад якой.
Я не імкнуўся на Парнас высокі,
Я свой Парнас уласны ўзводзіў сам.
Хадзіў пяшком на штатную работу —
А па дарозе вершыкі пісаў.
Хадзіў улес з грыбамі на спатканне,
Знаходзіў казкі між зялёных дзіў,
Сядзеў надрэчкай з вудай на світанні,
Не карасёў, а рыфмачкі лавіў.
Я ўсё жыццё штодзённа хваляваўся,
Пакрыўджаным я сэрцам спачуваў,
За іншых без вагання заступаўся,
А пра сябе звычайна забываў.
Не ведаў блату і аўтарытэтаў,
Не кленчыў, не кідаўся напралом.
Хоць ведаў, некаторыя за гэта
Мяне чамусь лічылі дзіваком.
Нікому я не шкодзіў і нікога
Падножкай спадцішка не супыняў.
Таму мяне ніколі, слава богу,
Ніхто не упікнуў, непраклінаў.
На фронце быў акопнікам-салдатам,
Сябе за спіны іншых не хаваў.
Настала ж цішыня — дык толькі ў свята
Шкатулку з ардэнамі даставаў.
Мне часта сняцца баявыя хлопцы
3 курганаў брацкіх — ім бы жыць ды жыць.
А нас, жывых, так мала засталося,
I нехта хоча ўсіх перасварыць.
Ды я упэўнены, я веру цвёрда,
Што пераможа праўда і любоў.
У лагодзе, згодзе будуць жыць народы,
Бо нездарма мы пралівалі кроў.
Навек я з родным краем падружыўся,
Ён моц дае, адводзіць зла бяду.
Я ў 21-м годзе нарадзіўся
І ў 21-м на той свет пайду.


     Што вы хацелі 6 пажадаць нашым чытачам, настаўнікам пачатковых класаў?

     Хачу пажадаць, каб настаўнікі больш звярталі ўвагу на выхаванне дзяцей паэзіяй, літаратурай, каб вучылі дзяцей ЧЫТАЦЬ. Калі настаўнікі будуць сеяць у сэрцах дзяцей цудоўныя зярняты паэзіі, яны закалосяцца багатым, радасным ураджаем любві да літаратуры і мовы, да ўсяго прыгожага. I гэта любоў захаваецца на ўсё жыццё.

    Дзякуй, Іван Андрэевіч, за размову. Заставайцеся і надалей такім жа жыццярадасным, актыўным чалавекам. I няхай вашы вершы радуюць нас яшчэ шмат і шмат гадоў.


3 I.А.Муравейкам размаўляла Н. БАРАВУЛЯ



 

Да зместу

       

да Вялікай Перамогі

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©