Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 
 
 

Срэбразвонная мудрая паэзія


     Таленавітаму беларускаму дзіцячаму паэту Івану Андрэевічу Муравейку, заслужанаму дзеячу культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэату прэміі часопіса "Вясёлка" імя Васіля Віткі, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, ардэнаносцу, споўнілася 80! I міжволі ў сувязі з гэтай падзеяй прыгадваецца другая: у 1936 г. (65 гадоў таму) газета "Піянер Беларусі" надрукавала яго першы верш. Юны аўтар, тады яшчэ школьнік, захапляўся літаратурай, многа чытаў, і самога яго ўладна цягнула да творчасці. Таму, скончыўшы Любанскую школу-дзесяцігодку, Іван Муравейка паступіў у Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі, аднак доўга вучыцца яму не давялося: у 1939 г. быў прызваны ў армію, а неўзабаве пачалася вайна.
    Ваяваў. 3 першага і да апошняга дня знаходзіўся на фронце, камандаваў мінамётным узводам пасля заканчэння ваеннага вучылішча. Вёў ваенны дзённік, пісаў вершы, апавяданні, гумарэскі, нарысы пра сваіх баявых таварышаў. Усё гэта выдаў толькі ў 1991 г. асобнай кнігай "Прынёс з вайны".
     Ёсць у ёй успамін і пра той незабыўны пераможны май 1945 года, калі ён распісаўся на сцяне рэйхстага проста і важка: "Іван з Беларусі". Пазней у вершы "Я — Іван з Беларусі" ён з гонарам зноў падкрэсліў сваю паяднанасць з роднай зямлёй, народам, з мілагучнай матчынай мовай. "На ёй, — зазначае, — думы ўсе думаў". Не забываў матчын наказ: "Сынку, пі з крыніцы бацькаўскай часцей, і яна будзе чыстай і поўнай".
     3 крынічна-светлымі вытокамі, з традыцыямі і звычаямі бацькоў і дзядоў звязана творчасць Івана Муравейкі. Дзіцячая паэзія — галоўная галіна яго дзейнасці, у якой асабліва поўна і ярка выявіўся ён як мастак.
     Яго паэзія для дзяцей — шматколерная, у ёй таленавіта ўлічаны асаблівасці ўспрыняцця дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Таму творы гэтага аўтара хвалююць і зачароўваюць дзяцей. Праз незвычайнае, казачнае, задушэўна-лірычнае яны вядуць малых да пазнання тых маральных каштоўнасцей, якія, як пісаў Васіль Вітка, складаюць азбуку душы чалавека. У гэтай азбуцы паэт Іван Муравейка нічога не тлумачыць, не падказвае дзецям, бо верыць, што яны самі ўсё адчуюць і зразумеюць.
Я прыдумаў казку.
Слухайце — якую...

     I дзеці слухаюць, і не толькі цешацца прыгажосцю і трапнасцю беларускага слова, але суперажываюць. Напрыклад, кранае малых сум ляснога ручая (верш "Заблудзіўся ў лесе ручаёк"), які пакутуе з-за таго, што, як яму здаецца, нікому ён не патрэбны, "дарэмна цурчыць яго вада". Але вось падышоў да ручайка бычок, каб напіцца, каза з казлянятамі — "скок-скок!.. Дзякуем табе, ручаёк!" — сказалі. Потым зайчыкі наведаліся, дзяцел прыляцеў: "Я вадзіцы чыстай захацеў!". Узрадаваўся ручаёк, "званчэй заструменіў", і суму таго як і не было: "Я патрэбны ўсім-усім!".
     Гэты невялікі душэўна-цёплы вершык робіць вялікую справу: праграмуе адпаведныя паводзіны дзяцей, іх жаданне рабіць дабро, жыць з карысцю для іншых.
     Як не паспачуваць басаногаму коціку, які па нявопытнасці даверыўся беламу сняжку і адмарозіў лапкі? Паблажлівую ўсмешку выклікае ў дзяцей сваімі паводзінамі задзірысты козлік. Ён гатовы бяздумна кінуцца ў бойку, сурова грозіцца падняць на рогі карову, а ў самога і рожкаў яшчэ няма — не выраслі. I так падобныя гэтыя ручайкі, зайчыкі, козлікі сваімі паводзінамі, звычкамі, учынкамі на дзяцей!
     Каб узмацніць эмацыянальнае ўздзеянне сваіх вершаў, стымуляваць дзіцячую дапытлівасць, кемлівасць, назіральнасць, Іван Муравейка шырока выкарыстоўвае прыём адухаўлення. Усё жывое ў яго творах: і кветкі, і дрэвы, і рэчка, і сонейка, і зоркі, і нават хмурынкі. Любіць паэт здзівіць дзяцей гіпербалай, ён умее падключыць іх да займальнага дыялогу, актывізаваць увагу пытаннямі, на якія не так і лёгка адказаць (вершы "Ці памыліўся Яша?", "Хто смялейшы?").
     Развівае паэзія Івана Муравейкі і асацыятыўнае мысленне дзяцей. Заўсёды спрыяюць гэтаму гумар, элементы гульні, а таксама загадкавая хітрынка, як, напрыклад, у вершы з інтрыгуючай назвай "Дом, які ўмее іграць". Да яго прылятаюць птушкі, каб паслухаць музыку і далучыць да яе свае галасы. Што ж гэта за дом, які ўмее іграць? Аказваецца, што гэта — музычная школа, дзе на розных музычных інструментах іграюць дзеці. Тое ж і ў вершы "Сем адзежак", які пачынаецца займальным зачынам-зваротам да дзяцей:
Я загадкай вас пацешу,
Памыліцца ў спешцы можна.
Што такое сем адзежак
I сем засцежак на кожнай ?
Хто бярэцца адгадаць ?
Раз, два, тры, чатыры, пяць!..
— Адгадаць ? — смяецца Мая, —
Я адразу адгадаю.

     Аказалася ж, што адгадаць зусім няпроста, бо не капусту меў на ўвазе аўтар, як тое падумалі дзеці, а хлопчыка...
     Хочацца прыгадаць яшчэ адзін верш з такой хітрынкай. Калі б не яго назва — "Лясное возера", дык амаль да апошніх радкоў не здагадаўся б, пра што ідзе размова, хоць падказак у творы нямала. Вельмі ж удала ў вершы знойдзена асацыяцыя, а як арыгінальна яна разгортваецца!
Ёсць паляна сіняя ў бары —
У глухім зялёным гушчары.
Чыстая, бліскучая, як люстра,
На паляну ручаінкі льюцца.
Лось сюды прыходзіць кожны ранак
1глядзіцца, як зачараваны.
А кляны, дубы, бярозы, сосны
Быццам родныя браты і сёстры,
За галіны ўзяўшыся старанна,
Карагодзяць навакал паляны.
Над палянай зранку да змяркання
Дружны хор птушыны не змаўкае.
Толькі ёсць адно расчараванне —
Нерастуць суніцы на паляне.

     Што ж гэта за паляна? I толькі ў самым канцы адкрывае аўтар сакрэт:
Сіняя паляна у бары —
Возера дзівоснае, сябры.

     Кажуць, што дзеці не любяць пейзажных твораў. Такія —адухоўленыя, высокамастацкія — любяць. Не пакіне раўнадушнымі і дашкольнікаў і малодшых школьнікаў гэтая шырыня прасторы, пластычнасць, зрокавая выразнасць малюнка, багацце гукаў, фарбаў, адценняў. Несумненна, на паэтычную вытанчанасць вершаў Івана Муравейкі паўплывала яго захапленне жывапісам. Яшчэ ў дзяцінстве ён любіў маляваць.
Любяць маляваць і героі яго вершаў. 3 гумарам піша Іван Муравейка пра маленькую мастачку (верш "Мой карандаш"), аловак якой ужо няблага малюе, а вось пісаць і рашаць задачы яшчэ не ўмее. Іншае хвалюе дзяўчынку з верша "Дзень і ноч". Яна таксама малюе і разам з тым эксперыментуе. Дзяўчынка намалявала летні дзень і "фарбаў не пашкадавала":
Зялёны лес ля сіняй рэчкі,
А там — чырвоныя парэчкі.
Каля гары бялее дом,
Дах адлівае серабром.
А за гарой жаўцее жыта,
Зямля ўся сонейкам заліта.

     Раптам задумалася дзяўчынка: а як жа, якімі фарбамі намаляваць ноч? Спыняецца яна на чорнай фарбе. I "вось на сонечны дзянёк" кладзецца "чорны-чорны змрок". I ў цемры знікае ўсё: лес, рэчка, дом, жыта, парэчкі. Усё? Не... Звернем увагу на гэту дэталь: "толькі вокны ў доме ззяюць, яны, як вочы, пазіраюць" Не любяць чарнаты дзеці, не любіць і аўтар. У яго паэзіі пераважаюцьсветлыя фарбы – ў якіх многа-многа сонца. Гэта — погляд на свет, філасофія жыцця Івана Муравейкі. Прайшоўшы праз найскладанейшыя выпрабаванні, ён захаваў аптымізм, свежасць успрыняцця, здольнасць здзіўляцца і верыць, верыць у дабро, у нязменную перамогу святла. Гэта якраз тое, пра што сам Іван Муравейка пісаў: "Душа дзіцячай паэзіі блізкая маёй душы". Ён імкнецца падтрымаць, умацаваць прыроджаны аптымізм дзяцей, зберагчы іх душы ад жорсткасці і прагматызму, спрыяць выхаванню ў іх змалку пачуццяў дабрыні, чалавечай годнасці, любові да роднай зямлі, яе культуры, мовы. Ведае паэт, якое значэнне ва ўсім гэтым мае родная прырода, добра ўсведамляе, наколькі багацейшы духоўны свет чалавека, які разумее жывую душу прыроды, валодае пачуццём прыгожага. Ен вядзе дзетак-малалетак па прасторах роднай.зямлі. Вядзе іх у лес,
На лугі шырокія,
Дзе трава высокая,
Дзе рака вірлістая,
Чыстая, празрыстая.
(3 паэмы "Улесе дрымучым".)

     Ён па-новаму адкрывае ім навакольны свет, знаёміць са скарбамі, якія дорыць прырода. А скарбы гэтыя — не толькі ўсё тое, што можна пакласці ў кошык, як, напрыклад, ягады, грыбы, арэхі. Вакол нас столькі дзіўнага, чароўнага, і далёка не ўсё можна ўбачыць, узяць у рукі ці хоць дакрануцца да яго. А таму звяртаецца паэт да дзяцей, да ўсіх нас, чытачоў, са словамі "чуеце, чуеце"... У іх адначасова і пытанне, і заклік слухаць родную прыроду:
Чуеце, чуеце:
Песня чароўная
На лузе зарэчным
Духмяна бруіцца...
Гэта трава,
Гэта кветкі спяваюць.
(3 верша "Песня травы і кветак".)

     Ласкава, даверліва адкрывае Іван Муравейка дзецям шмат таямніц, вядзе іх да паэтычнага ўспрымання прыроды. Аказваецца, можна пачуць не толькі спеў травы, кветак, звон ручая, але і грыбное маўчанне. Можна ўзяць з сабой з лесу "пах чабаровы" і "бярозак святло" і нават зразумець, пра што спяваюць птушкі, якія вярнуліся ў Беларусь з выраю:
На дрэве кожным
Птушыны гоман:
— Як добра дома!
— Як добра дома!
(3 верша "Птушкі вярнуліся з выраю".)

     Паэзія Івана Муравейкі прываблівае і дарослых. Захапляе яна не толькі высокімі мастацкімі вартасцямі, але і разнастайнымі звесткамі пра краіну са светлай назвай "Дзяцінства", пра саміх дзяцей. У вершах паэта шмат дзіцячых вобразаў, створаных з дасканалым веданнем паводзін, гульняў, захапленняў, фантазіі дзяцей, іх патрэбы ў прыгодах, руху, актыўным дзеянні.
     Сама прырода надзяліла дзяцей жыццярадаснасцю, цікаўнасцю, нястомнай дапытлівасцю, прагай дзейнасці, схільнасцю да спагады і добрых учынкаў. Таму дзеці ў творах паэта ("Расці, яблынька", "Смутак", "Андрэйкавы вочы", "Тры яблыкі", "Раніца", "Я — сама", "Андрэй, не дурэй", "Бусел" і інш.) —гарэзлівыя, вынаходлівыя, чуйныя да прыгажосці, нястомныя ў сваіх прыдумках, кранальныя непасрэднасцю, верай, напрыклад, у тое, што "калі добра карміць зялёнага коніка, ён стане сапраўдным канём" ("Конік").
     Заўважае Іван Муравейка і дрэнныя ўчынкі дзяцей, звяртае на іх увагу. Аб гэтым вершы "Прытворка”, "Цяп-ляп", "Мой улоў", "Разявака", "Ці памыліўся Яша?", "Не знаю як" і інш. Напісаны яны з гумарам, запамінальна. Нібы бачыш таго хітруна-прытворку Міколу, які "раптоўна захварэў, ды яшчэ сур'ёзна: На ўсю хату стоне, енчыць, плача слёзна". Ды маці з бабуляй адразу далі рады той хваробе: як толькі загаварылі яны пра ўколы, дык пачулі ў адказ: "Што вы, я даўно здаровы!".
     А вось хлопчык з дзіўным імем Незнаюяк у ложку не адлежваўся, наадварот, усюды хадзіў і заўвагі рабіў. Калі ж пыталіся ў яго, як жа ўсё павінна быць, дык ён паўтараў адно і тое ж:
— Незнаюяк,
Але — не так.

     Таму і атрымаў крыўдную мянушку Незнаюяк.
    Умее паэт заўважыць і звярнуць увагу на тыя ці іншыя дзіцячыя недахопы, але заўсёды робіць гэта вельмі далікатна, верыць, што галоўнае ў выхаванні дзяцей — гэта добразычлівасць, клопат. Паэзія Івана Муравейкі святочна-светлая, адзначаная лірызмам, дасканалым гумарам, гульнёвай рытмікай, багаццем інтанацый і мастацкіх сродкаў. У ёй выразна праглядваюцца традыцыі вусна-паэтычнай творчасці. Яна адметна беларуская кожным каласком, травінкай, кветкай — кожным словам.
     Калі чытаеш, слухаеш вершы, казкі, паэмы, забаўлянкі, жарты, дыялогі Івана Муравейкі, з радасцю думаеш: колькі ж жыццёвай сілы, душэўнай чуйнасці ў гэтага сціплага, мудрага і гераічнага чалавека, таленавітага мастака, які з любоўю дзецям аддае і сэрца сваё, і натхненне. Таму не мутнеюць ад часу чысцюткія ручаіны яго паэзіі. Творы Івана Муравейкі прадстаўлены ў вучэбных і метадычных дапаможніках, чытанках, анталогіях. Яны лёгка кладуцца на музыку, інсцэніруюцца — толькі пажадай, толькі ўмей выкарыстаць, данесці да дзетак гэтыя скарбы.
     Кнігі I. А. Муравейкі для дзяцей: "Ручаінкі" (1956), "Вось якія мы" (1958), "Пра работу і ляноту" (1960), "Дружная сямейка" (1961), "Сняжынкі-смяшынкі" (1962), "Сем колераў вясёлкі" (1965), "Лясное возера" (1970), "Мы таксама падрасцём" (1971), "Дуб і дубок" (1977), "Няхай сонца не заходзіць" (1981), "Я прыдумаў казку"'(1985), "Сем унукаў, сем дзядоў" (1996), "Куды ні пойдзеш — цуды знойдзеш" (2001).


г. Мінск. М. Б. ЯФІМАВА, кандыдат філалагічных навук. №10(118) 2001 Пачатковая школа
 

 

Да зместу

       

да Вялікай Перамогі

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©