|
Доўгімі і цяжкімі былі яе
ваенныя дарогі
Для любанчанкі Любові Аляксандраўны Іёкшы
Дзень Перамогі - асаблівае свята, як і для любога ўдзельніка Вялікай
Айчыннай вайны, а тым больш - франтавіка. Дзеля яго набліжэння ў
далёкія 40-ыя гады мінулага стагоддзя гэта мужная жанчына рызыкавала
ўласным маладым, квітнеючым жыццём. Як медык, яна добра ведала яму
цану і вельмі хацела жыць, але разам з тым, не магла ўявіць сваёй
будучыні пад фашысцкім прыгнётам. Таму і напісала ў 1942 годзе
пісьмо члену Дзяржаўнага камітэта абароны, галоўнакамандуючаму войск
Паўночна-Заходняга напрамку Кліменту Яфрэмавічу Варашылаву з
просьбай прызваць яе на фронт.
Маладая зубны ўрач Люба Жураўская - такім было яе
дзявочае прозвішча - ніколі раней не думала, што здольная на такі
ўчынак, што давядзецца ёй звярнуцца да такога чалавека, які да вайны
займаў пасаду намесніка старшыні Савета
Народных Камісараў СССР.
Яна набыла ў Мінску ўрачэбную спецыяльнасць і
адправілася ў 40-ым годзе ў Заходнюю Беларусь. Лячыла там людзям
зубы, была сакратаром камсамольскай арганізацыі, будавала планы на
будучыню... Але ўсе іх перакрэсліла вайна. Фашысты вераломна займалі
адзін наш населены пункт за другім. Уцякаючы ад іх, Люба аказалася
ажно ў г. Саратаве. А там падумала: чаго гэта яна павінна баяцца
захопнікаў? Яны ж так да Камчаткі могуць дайсці, калі не сустрэнуць
належнага супраціўлення. I дзяўчына настойліва папрасілася на фронт.
Маўляў, родную Беларусь занялі фашысты, а без Радзімы няма жыцця.
I дзіўна, але факт: па распараджэнню з Масквы Любоў
Аляксандраўна і яшчэ дзве дзяўчыны былі прызваны ў Чырвоную Армію.
Люба трапіла на I Украінскі, а пасля - на Паўднёва-Заходні фронт.
Служыла санінструктарам у зенітна-артылерыйскім палку, жыла ў
зямлянцы прама на артбатарэі.
Ой, як нялёгка было ёй выцягваць на сабе параненых
байцоў, перавязваць ім страшныя крывавыя раны, суправаджаць у
шпіталі. Ды ўсё гэта на працягу ажно трох гадоў. Не раз смерць
хадзіла ў сантыметрах ад дзяўчыны. Колькі страху нацярпелася яна за
той час. Але ні разу не пашкадавала, што добраахвотна стала
санінструктарам, бо бачыла, штодзень адчувала сваю патрэбнасць
людзям.
Затое колькі было радасці і ў самой і наўкол, калі
прыйшла Вялікая Перамога. Любоў Жураўская сустрэла яе ў Чэхаславакіі,
затым была пераведзена ў Германію, а ў жніўні 1945 года дзяўчыну
дэмабілізавалі і вярнулася яна ў наш раён, у сваю родную вёску
Ляхаўку.
Уладкавалася працаваць зубным урачом у Сосны. Вось там, у суседнім
Барыкове, і спаткала яна свайго будучага спадарожніка жыцця Мікалая
Цітавіча Іёкшу. 3 гэтым чалавекам Люба двойчы сустракалася на
вечарынках да вайны. Пасля яго прызвалі ў армію, дзе і застала юнака
вайна. Яна разлучыла Мікалая І Любу на доўгія шэсць гадоў, а калі
яны ўбачыліся зноў, то дзяўчына не пазнала былога кавалера, а той
адразу падышоў да дзяўчыны І сказаў, што ўсе ваенныя гады памятаў яе
і марыў зноў сустрэць. Гэта не магло не крануць сэрца Любы і яна
згадзілася хутка стаць жонкай Мікалаю Цітавічу.
Разам яны пераехалі ў Любань, дзе і пражылі 63 гады,
выгадавалі траіх дзяцей. Адна дачка жыве цяпер у Астрахані, другая -
у Любані, а сын - у Пярмі. Дарэчы, ён выбраў прафесію абаронцы
Айчыны і даслужыўся ў арміі да звання падпалкоўніка.
Летась у 92-гадовым узросце Мікалай Цітавіч памёр, і
Любоў Аляксандраўна жыве цяпер адна. У жніўні ёй споўніцца 89 гадоў.
На здымку:Л.А. ІЁКШАў ранейшыя гады.
Г. Паўловіч. Фота С.Лаўрыені. Голас Любаншчыны.
2008. №57
Да зместу |
|