|
Вайна - гэта страшнае пекла
Ідуць гады, мінаюць дзесяцігоддзі, але
Вялікая Айчынная вайна не сціраецца з памяці людзей. Асабліва тых,
каму давялося ў поўнай меры зведаць яе горыч, цяжар і жахі, хто
прымаў непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях. У ліку такіх і жыхар
вёскі Обчын Міхаіл Пятровіч Кісель. Сёння мы прапануем увазе чытачоў
яго ўспаміны:
- Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мне было ўсяго
15 гадоў, таму ў дзеючую армію трапіў толькі пасля вызвалення
Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у 1944 годзе. На той час
мне якраз споўнілася 18.
Зборны пункт быў у райваенкамаце ў г.Любані. Там
сабралі групу навабранцаў і пяшком адправілі ў Бабруйск. У гэтым
горадзе пасадзілі ў цягнік і павезлі ў Бранскую вобласць. Так я
трапіў у горад Кіраў, на станцыю Фаянцава, у запасны полк. Там на
працягу двух месяцаў мы праходзілі курс маладога байца, пазнавалі
ваенную справу.
Варта сказаць, што і за такі кароткі час салдаты
навучыліся многаму. А ўсё, што ўведалі, у хуткім часе спатрэбілася
ва Усходняй Прусіі. 3 15 верасня 1944 года наша часць аказалася на
пярэднім краі барацьбы з ворагам. Акапаўшыся, мы трымалі абарону
перад самым "носам" у немцаў. Перастрэлкі ўзнікалі вельмі часта.
Акрамя таго, фашысцкія самалёты рэгулярна бамбілі пазіцыі савецкіх
войскаў. 3-за гэтага наш батальён панёс вялікія страты жывой сілы і
тэхнікі. I яго ў студзені 1945 года накіравалі на перафарміраванне,
а пасля - зноў на пярэдні край.
13 студзеня 1945 года фашысты рашылі прарваць лінію
фронту. Жорсткія баі ішлі кругласутачна. Немцы атакавалі нас удзень
і ўначы. Салдаты ледзь паспеюць адбіць іх атаку ў адным месцы, як
яна пачына-лася ў другім. Адна рота нашага батальёна была акружана.
Каб вызваліць яе, давялося весці жорсткі і працяглы бой. Усе
змагаліся самааддана, не адчуваючы ні голаду, ні холаду, не
адпачываючы ні днём, ні ноччу.
Я на той момант служыў санітарам. Пад градам куль
поўзаў і перавязваў параненых байцоў. За час прарыву ўдалося аказаць
дапамогу каля сотні чалавек. А 30 студзеня мяне выклікаў да сябе
камандзір батальёна і паведаміў, што я прадстаўлены для
ўзнагароджвання ордэнам Чырвонай Зоркі.
Аднак атрымаць яго не паспеў, бо 2 лютага 1945 года
аказаўся цяжкапараненым. У час бою, калі наша рота заняла агнявую
пазіщыю, наляцелі варожыя са¬малёты і пачалі бамбіць. Таварыш, які
знаходзіўся непадалёку, быў паранены. Я перавязаў яму правую руку, а
сам застаўся ляжаць на правым баку. Раптам, як малатком, мяне
штосьці стук¬нула ў каленны сустаў. Адчуў во¬стры боль. Паспрабаваў
пашавяліцца, паўзці, але не атрымалася. Неўзабаве да мяне падпоўз
санінструктар і зрабіў перавязку нагі. На шчасце, якраз у гэты
момант паступіў загад адступаць. Санінструктар сказаў мне чакаць яго
вяртання.
Стаяў моцны туман. Дзесьці раздаваліся то родныя,
знаёмыя галасы, то варожае гергетанне. Мяне ж мучыла і боль, і
невядомасць, і непрадказальнасць далейшай сітуацыі. Але хутка
з'явіўся санінструктар. На насілках мяне даставілі ў медсанбат. Нага
балела вельмі моцна. А калі знялі ватнік, то нешта стукнула аб
падлогу. Гэта была куля, яна прайшла праз увесь каленны сустаў.
Пасля аказання неабходнай дапамогі мяне адправілі ў шпіталь горада
Рыбінска.
Спачатку была надзея на лепшае, на поспех у лячэнні.
Але праз два тыдні пачалася гангрэна, і нагу давялося ампутаваць.
Пачаліся доўгія месяцы бадзяння па шпіталях Каунаса, Вильнюса. Восем
з паловай месяцаў знаходзіўся я там, а вынікі былі несуцяшальнымі. I
ў рэшце рэшт у тым жа Рыбінску ўрачы зрабілі паўторную аперацыю -
рэампутацыю.
У гэтым горадзе я і пачуў пра Перамогу. Побач былі
баявыя сябры розных нацыянальнасцяў - казахі, украінцы, рускія,
узбекі, татары. Прыемную вестку ўсе ўспрынялі з вялікай радасцю. Мы
абнімалі адзін аднаго, цалавалі, хто смяяўся, а хто і плакаў...
Проста цяжка было паве-рыць у тое, што, нарэшце, закончылася гэта
страшнае пекла - вайна...
У шпіталі я знаходзіўся да 18 кастрычніка 1945 года, а
пасля вярнуўся на Радзіму, у вёску Обчын. А сваю ўзнагароду - ордэн
Чырвонай Зоркі - атрымаў ужо ў мірны час, у 1947 годзе.
Успаміны ветэрана залісала вучаніца
9 класа Обчынскай школы Анастасія КІСЕЛЬ.
Да зместу |

|