|
Такім земляком можна ганарыцца
Нарадзіўся Іван Прохаравіч Дзядзюля 18 верасня 1918 года ў вёсцы
Асавец Любанскага раёна ў сялянскай сям'і, у якой было 9 дзяцей.
Пасля заканчэння сямігодкі Іван паступіў на курсы настаўнікаў
пачатковай школы, якія дзейнічалі пры Любанскай СШ. Праз год ён
атрымаў накіраванне на работу ў Старобінскі раён, але там,
паглядзеўшы на яго 17-гадовы ўзрост, дазволілі далей працягваць
вучобу. У 1935 годзе I.П. Дзядзюля здаў уступныя экзамены ў
Магілёўскі педагагічны інстытут і стаў студэнтам літаратурнага
факультэта. Пасля яго заканчэння працаваў у Вясейскай СШ Слуцкага
раёна, дзе выкладаў рускую мову і літаратуру.
У 1939 годзе наступіў час службы ў арміі. За кароткі
тэрмін Іван Прохаравіч прайшоў шлях ад радавога салдата да палітрука
роты 89-га стралковага палка 23-й дывізіі, што дыслацыраваўся ў
Харкаве. У складзе гэтага палка ўдзельнічаў у першых баях супраць
фашысцкай Германіі. Пад Каўнасам быў паранены і накіраваны на
лячэнне ў Пскоў, а затым Таржок, Горкі. Пасля выздараўлення прайшоў
спецыяльную падрыхтоўку і ў чэрвені 1942 года ў складзе дыверсійнай
групы быў накіраваны за лінію фронту ў Беларусь.
Перад групай стаяла задача разгортвання партызанскай
барацьбы і правядзення дыверсійных аперацый на аўтамагістралі і
чыгунцы Мінск-Барысаў, весці разведку, зрываць мерапрыемствы
гітлераўцаў. Да восені 1942 года І.П. Дзядзюля быў намеснікам
камісара атрада "Смерць фашызму", а з вясны 1943-га - камісарам
аднайменнай партызанскай брыгады. Пра яе баявую дзейнасць, жыццё ў
тыле ворага наш зямляк расказаў у сваіх кнігах "Лясная гвардыя" і "Партызанскі
фронт", у шэрагу нарысаў.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх
захопнікаў Іван Прохаравіч працаваў у Смалявіцкім райкоме КПБ
загадчыкам аддзела прапаганды. Быў упаўнаважаным СНК БССР у Польшчы.
Затым вучыўся ў Дыпламатычнай школе Міністэрства замежных спраў
СССР. Пасля яе заканчэння ў 1947 годзе І.П. Дзядзюля атрымаў
назначэнне ў Трэці Еўрапейскі аддзел МЗС, які ажыццяўляў рашэнне
знешнепалітычных задач па Германіі і Аўстрыі. Некаторы час працаваў
у апараце Палітычнага саветніка пры Савецкай ваеннай адміністрацыі ў
Германіі. У той час напісаў і апублікаваў шэраг нарысаў па
германскай праблеме. Быў на службе ў пасольствах СССР у Вене,
Ізраілі, працаваў дыпламатычным прадстаўніком у Польшчы, выконваў
асобныя даручэнні ў Венгрыі, Чэхаславакіі, Румыніі, ГДР.
За сваю працу і заслугі пе рад Радзімай ён
узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны, Чырвонай
Зоркі, медалём "Партызану Вялікай Айчыннай вайны I ступені" і іншымі.
Цяпер ветэран жыве ў Маскве.
Да зместу |
|