Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 
 
 

Святкуе два дні нараджэння


     Напачатку вайны пятнаццацігадовы Адам Дарасінец застаўся ў хаце за гаспадара. Бацьку забілі немцы, старэйшы брат ваяваў на фронце, і ўся адказнасць за малодшых братоў і сястру лягла на плечы Адама. Менавіта ён застаўся за галоўнага памочніка маці.
     Ужо пасля вызвалення Беларусі, 15 ліпеня 1944, як толькі Адаму Дарасінцу споўнілася васемнаццаць гадоў, пачаўся яго баявы шлях. Адама Сяргеевіча прызвалі на службу і накіравалі ў дэсантную часць. Пасля непрацяглай падрыхтоўкі ў Быхаве, дзе давялося ўпершыню скокнуць з парашутам, яго адправілі на фронт.
     Да гэтага часу Адам Сяргеевіч паспеў скончыць дзевяць класаў школы. Яго прызначылі сакратаром камсамольскай арганізацыі роты. Так і атрымалася, што з ворагам Дарасінец змагаўся не толькі са зброяй у руках, але і словам. Разам з таварышамі ён выпускаў баявы лісток і адначасова пісаў артыкулы ў газету "За Радзіму".
     У жніўні Адам Дарасінец атрымаў першае раненне, але падлячыўся і зноў стаў у строй. Пасля яго ранілі яшчэ двойчы. Апошні раз Адам Сяргеевіч цудам застаўся ў жывых, зусім выпадкова яго выратаваў санінструктар. А маці Адама Дарасінца ўжо адправілі пахавальную. 3 той пары Адам Сяргеевіч святкуе два дні нараджэння. I другая дата, як ён прызнаецца, нават больш блізкая яму і дарагая.
     Сярод усіх узнагарод і дакументаў ваенных гадоў Адам Дарасінец асабліва беражліва захоўвае адзін ліст. Гэта ўдзячнасць Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, Маршала Савецкага Саюза тав.Сталіна за ўдзел у баях пры разгроме танкавай групы немцаў І адбіванне атакі адзінаццаці танкавых дывізій праціўніка на паўднёвы захад ад Будапешта.
     Дзень Перамогі Адам Сяргеевіч сустрэў у аўстрыйскім горадзе Шапрон. Ён расказвае, што нельга нават уявіць, якую радасць адчулі салдаты, якія ў гэты час знаходзідіся ў траншэі. Яны рыхтаваліся назаўтра да бою, а трымалі вестку аб заканчэнні вайны. У гонар перамогі Адам Дарасінец разам з іншымі страляў з аўтамата, а пасля напісаў маці, што застаўся жывым.
     Потым Адам Сяргеевіч вярнуўся ў Беларусь, дзе служыў яшчэ нейкі час і дэмабілізаваўся толькі ў 1950 годзе ў званні малодшага сяржанта. А ўжо пасля ён даслужыўся да падпалкоўніка.
     У пасляваенныя гады Адам Дарасінец атрымаў спецыяльнасць агранома ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Працаваць давялося шмат дзе. Адзін з найбольш памятных перыядаў жыцця для Адама Сяргеевіча - работа ў тагачасным саўгасе "Калінаўка". На працягу дваццаці гадоў Адам Дарасінец займаў пасаду дырэктара гэтай гаспадаркі. I сваю працу там ён ацэньвае станоўча. Саўгас неаднаразова прымаў удзел у выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР і нават быў узнагароджаны медалём.
     На пенсіі Адам Сяргеевіч таксама не сядзіць склаўшы рукі. Ён лічыць, што фізічная праца - лепшыя лекі і стымул для жыцця. Адам Дарасінец вядзе актыўны лад жыцця, з'яўляецца намеснікам старшыні ветэранскай арганізацыі. Франтавік часта наведвае ваенна-патрыятычны клас Любанскай СШ №3. Ен прыходзіць пагутарыць са школьнікамі, адказаць на іх пытанні, расказаць, што ён перажыў у гады Вялікай Айчыннай. I вядома, ён ні разу не сказаў, што на вайне было легка, сцвярджае Адам Дарасінец. Бо вайна - не падарожжа па іншых краінах. Гэта гора, слёзы, людскія страты. Менавіта гэта павінна ўсведамляць падрастаючае пакаленне, каб не дапусціць паўтарэння трагедыі, упэўнены Адам Сяргеевіч.

А. Галоўчыц. Фота С.Лаўрыені
 

Да зместу

       

да Вялікай Перамогі

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©