Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 
 
 

Яму пашчаслівіла выжыць

     Мой прадзед Міхаіл Канстанцінавіч Коўшар нарадзіўся ў 1911 годзе на Пакровы ў в. Куценка Любанскага раёна. Яго дзяцінства было вельмі цяжкім, нават можка сказаць, што не было дзяцінства. Бацька яго, Канстанцін, быў з Любані, а маці Харыта — з Куценкі. Іх сядзіба знаходзілася на хутары ва ўрочышчы Казел.
Калі майму прадзеду споўнілася 3 гады яго бацьку забралі на першую сусветную вайну ў 1914 годзе, дзе ён і загінуў. Маці выйшла другі раз замуж за Лук'яна. ён аказаўся вельмі жорсткім, нават лютым чалавекам. У Харыты нараджаліся ўласныя дзеці, і таму маленькі Міша вымушаны быў працаваў як дарослы: касіў сена, нарыхтоўваў дровы, даглядаў жывёлу, за кожнае дзіцячае свавольства дзеда Мішу Лукаш збіваў да крыві; Гаспадарка была не малая, сям'я жыла заможна. За няздачу харчавання дзяржаве ў 1932 годзе Лукаша саслалі, дзе ён быў да 1947 года.
     У 1933 годзе дзед Міхаль ажаніўся на Ксеніі. Пасяліліся ў в. Нежын, пабудавалі хату. У 1935 ў іх нарадзіўся першы сын Мікалай, затым — дочкі Валя, Маня, сын Іван. У 1939 годзе дзеда Мішу забралі на польскую вайну, адтуль — адразу на фінскую.
     Савецкае камандаванне прадпрыняло наступную тактыку: на шынялях нашых салдат, у тым ліку і майго дзеда, малявалі крэйдай на спіне белыя кругі, каб адрозніць іх ад фінскіх. Гэта давала магчымасць варожым снайперам, якія хаваліся ў галінках елак, прыцэльна страляць у нашых салдат. У 1939 годзе дзед Міша быў паранены ў плячо. Гэта куля засталася ў целе да канца яго жыцця. Пасля шпіталя ў 1940 годзе дзед вярнуўся дамоў і працаваў у калгасе.
     У 1941 годзе пачалася Вялікай Айчынная вайна. У ліпені 1943 у вёску наведаліся фашысты, каб запасціся прадуктамі. Сярод іх быў былы калгаснік, а пасля паліцай Канстанцін Лапцік. Харчавання набралі ў людзей ажно на 10 падвод. Іх адправілі праз Камуну ў Любань. На апошняй падводзе прымусілі ехаць нашага дзеда. Так як ён быў актывістам калгаса і не ўгадзіў аднойчы Лапціку ў выдзяленні патрэбнага яму участка зямлі, той вырашыў адпомсціць дзеду: ад'ехаўшы ад Нежына, паліцай намерыўся яго забіць. Але падвода параўнялася з хатай, дзе жыла дзедава сястра, на выездзе з Нежына. Наўкол былі палі жыта. Калі яна ўбачыла на падводзе дзеда, то зразумела, што Лапцік яго заб'е. Яна падбегла да падводы, скінула дзеда ў жыта, а сама ўселася на яго месца. Дзед даў драпака па жыце. Калі немцы агледзелі, што на яго месцы сядзіць баба, пачалі страляць па пасевах, але дзед быу ужо далека. Цётку адпусцілі. Зразумеў дзед, што нельга вяртацца дадому, і вырашыў ісці ў лес. ён ведаў, што каля в. Турок размяшчаецца партызанскі атрад "Камсамолец" бр. №25 імя Панамарэнкі. Разам з партызанамі дзед хадзіў на мініраванне і падрыў фашысцкіх ваенных эшалонаў, граміў гітлераўскія атрады. I тут ён даведаўся, што яго дочкі Валя і Маня памерлі ад тыфу, а хату спалілі немцы.
     Пасля вызвалення Беларусі дзед Міхаль быў мабілізаваны ў армію. Ён трапіў у артылерыйскія войскі і дайшоў да Одэра. Там быў паранены і кантужаны. Яго выратаваў зямляк, ураджэнец нашай вёскі Сцяпан Беразун, які даставіў дзеда Міхаля ў санчасць. Адкуль яго адправілі ў Расію ў шпіталь. Пасля чаго дэмабілізавалі і ў маі 1945 года дзед вярнуўся дамоў.
     Пачалося мірнае жыццё. Адбудавалі хату, нарадзіліся яшчэ дзеці: дочкі Алена, Тамара, Ніна, Галя. Дзеда назначылі на пасаду брыгадзіра паляводчай брыгады, некаторы час выконваў абавязкі старшыні калгаса.
     Мінула шматчасу. I вось аднойчы дзядулю выклікалі ў Любанскі райваенкамат і паведамілі, што праз 40 гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ён узнагароджваецца ордэнам Айчыннай вайны II ступені за смеласць, стойкасць і мужнасць, праяўленыя ў час фарсіравання ракі Одэр і атрыманыя там раненні. Так узнагарода знайшла майго дзядулю.
     Да канца жыцця ён жыў у в. Нежын. Памёр у 2001 годзе ва ўзросце 90 гадоў. Ён быў спакойным, памяркоўным чалавекам з сялянскай мудрасцю і багатым жыццёвым вопытам. Мы ганарымся сваім дзедам, свята беражом памяць пра нашых дарагіх продкаў і стараемся быць на іх падобнымі.

А. ДОЛБІК, вучаніца 9 класа Нежынскай базавай школы.Голас Любаншчыны. 2009 № 70


Да зместу

       

да Вялікай Перамогі

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©