|
Штурмавау Берлін
Першае сутыкненне з ворагам у радавога Чырвонай Арміі
А. П. Варанько адбылося пад горадам Харкавам, у абароне якога ён
прымаў удзел. Націск стрымлівалі як мага даўжэй, аддавалі ўсе сілы,
не шкадуючы сябе. Там Аляксандр Піменавіч упершыню ўбачыў моц
баявога братэрства і горыч паражэння. Нягледзячы на ўпартае
супраціўленне і неймаверныя намаганні нашых воінаў, горад занялі
нямецкія акупанты. Савецкім салдатам прыйшлося адыйсці, а Аляксандр
Варанько хутка зусім пакінуў родную Украіну, дзе прайшло яго
дзяцінства і юнацтва.
Пасля заканчэння Харкаўскага артылерыйскага вучылішча,
эвакуіраванага ў Ташкент, лейтэнант Варанько трапіў у Закаўказскую
ваенную акругу, штаб якой знаходзіўся ў Тбілісі.
Адтуль у 1942 годзе быў накіраваны ажно ў Іран, дзе
знаходзіўся да сакавіка 1943. 3 моманту вяртання на радзіму з
арабскай краіны і да жніўня таго ж года знаходзіўся на Вышэйшых
курсах афіцэрскага саставу. Пасля чаго быў удзельнікам баявых
дзеянняў на розных франтах на пасадах камандзіра ўзвода, а затым
памочніка начальніка дывізіёна.
3 1945 года да заканчэння вайны прайшоў паў Еўропы
разам з 1-м Украінскім фронтам. Войскі яго, дасягнуўшы межаў
Чэхаславакіі і Польшчы, пачалі сваю вызваленчую місію ў краінах
Усходняй Еўропы. У складзе самаходнай артылерыйскай часці
ўдзельнічаў у фарсіравання Одэра і ўзяцці гарадоў Усходняй Прусіі
Фрыдланда, Кенінгсберга, Інсенбурга і іншых населеных пунктаў
фашысцкай Германіі. Усе гарады і мястэчкі даваліся цяжка, ніводзін
не здаўся без бою, кожны хутар быў умацаваны, як маленькая крэпасць.
За авалоданне Інсенбургам - вялікімі намаганнямі вораг быў выбіты з
населенага пункта, Аляксандр Піменавіч узнагароджаны ордэнам
Чырвонай Зоркі.
3 16 красавіка па 8 мая войскі фронту ўдзельнічалі ў
Берлінскай аперацыі, але вайскавая часць, дзе служыў А.П.Варанько,
крыху затрымалася ў дарозе. На падыходзе да Берліна, паблізу
загараднага доміка Герынга, яны сутыкнуліся з групоўкай немцаў.
Атака была адбіта, а фашысты знішчаны.
30 красавіка Аляксандр Піменавіч прыняў удзел у штурме
Берліна. Па прызнанню ветэрана, самы радасны момант - узяцце сталіцы
Рэйха. Слёзы стаялі ў вачах загартаваных воінаў калі яны глядзелі на
Сцяг Перамогі, які развяваўся над купалам рэйхстага. Аплот фашызму
ляжаў у руінах...
Дзень Вялікай і доўгачаканай Перамогі старшы лейтэнант Варанько
сустракаў у Празе. Танкі 4-ай гвардзейскай танкавай арміі фронту
сумесна з 3-й гвардзейскай танкавай арміяй, здзейсніўшы за ноч
80-кіламетровы кідок, першымі прыйшлі на дапамогу паўстаўшай Празе і
9 мая вызвалілі яе. Вайна скончылася для Аляксандра Варанько 14 мая
ў свабоднай ад нямецка-фашысцкай навалы сталіцы Чэхаславакіі.
Аднак на малую радзіму, у сяло Андрэеўка Палтаўскай
вобласці Украінскай ССР, ён так і не вярнуўся, дэмабілізаванага
ваеннага прыняла да сябе Беларусь.
За абарону дзяржаўных межаў, мужнасць і стойкасць,
праяўленую ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Аляксандр
Піменавіч узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II
ступені, медалямі "За ўзяцце Кенігсберга", "За ўзяцце Берліна".
С. Крывальцэвіч.Голас Любаншчыны. 2009 №
70
Да зместу |
|