Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 
 
 

Прайшла праз пакуты

     Бабулю Жэню ў вёсцы Юшкавічы ведаюць усе ад малога да старога. Дабразычлівая, шчырая, чулая жанчына за свае жыццё нікога не пакрыўдзіла і нікому не адмовіла ў дапамозе. Магчыма, таму, што самой салодка не было ніколі...
     —Як сёння памятаю той красавіцкі цёплы дзень 1943 года, якраз пасля Вялікадня. Немцы, бы вар'яты, хапалі ўсіх працаздольных жыхароў, асабліва маладых жанчын.
     Адразу пагналі нас - палонных - да Любані. Адтуль - у накірунку Пінска. Да станцыі Старушка, што непадалёку ад горада, ехалі ў таварных вагонах, у якіх перавозілі да таго ж і жывёлу. Каля Пінска мы знаходзіліся на працягу двух дзён, чакалі, што будзе далей. I вось раптам убачылі ў небе над горадам савецкі самалёт.   3 радасці пачалі махаць хусцінамі. Аднак фашысты тут жа пагналі нас ад таго месца. Магчыма, баяліся, што нашы прыйдуць і вызваляць палонных.
     Шмат дзён і начэй мы ішлі пешшу. Змучаныя і знясіленыя ўсё ж дабраліся да месца. Лагер размяшчаўся побач з нямецкім горадам Зінзен. Два тыдні знаходзіліся там. Елі пнілую бручку і капусту. А пасля адвезлі нас у Беденгауз (гэта як у нас сельскі Савет). Чаму - мы не ведалі. Пужала невядомасць.
     Як аказалася, там будзе размеркаванне. Кагосьці забяруць да сябе гаспадары, астатніх накіруюць на работу на завод...
     Яўгенія Антонаўна лічыць, што ёй пашанцавала. Яна трапіла працаваць у сям'ю, дзе да яе добра аднесліся. Асноўным абавязкам яе было падаіць трох кароў і штодзень выводзіць іх на гарод пасвіцца. За гэта Яўгенію добра кармілі. Нават калі амерыканцы вызвалілі палонных, гаспадыня паклапацілася пра тое, каб ёй у дарозе было чым падсілкавацца.
     Больш за два месяцы яшчэ дабіраліся дамоў. Некаторы час прабылі ў Польшчы, дзе давялося таксама працаваць ў дапаможнай гаспадарцы. Яўгенія Праходская была там цялятніцай.
     А на Любаншчыну вярнулася толькі пасля абвяшчэння перамогі.
     Жыццё паступова пачало наладжвацца. Адбудоўваліся разбураныя населенныя пункты, аднаўляліся гаспадаркі. А хутка Яўгенія выйшла замуж. 3 Васілём Праходскім яе звязвалі не толькі моцныя пачуцці, а і ўспаміны пра той страшны час - гады ваеннага ліхалецця. Васіль Васільевіч быў удзельнікам Вялікай Айчыннай. Спачатку ў якасці стралка 197 запаснога стралковага палка, а пасля - камандзіра аддзялення 160 стралковага палка ён мужна змагаўся з ворагам. А ў студзені 1945 года быў цяжка паранены ў грудную клетку.
     Пяць дзяцей адзін за адным з'явіліся ў сям'і Праходскіх. Шчаслівыя бацькі не маглі нарадавацца. Ды бяда падкралася неспадзявана. Памёр Васіль Васільевіч. Увесь цяжар, клопаты ляглі на плечы кволай жанчыны. Але яна здолела іх вытрымаць і пераадолець...У 1964 годзе ўзнагароджана медалём Мацярынства.
     Яўгенія Антонаўна практычна адна вырасціла сваіх дзяцей. А зараз ужо яны клапоцяцца пра яе, ахінаюць клопатам і ўвагай. Але і сама жанчына, нягледзячы на сталы ўзрост, не сядзіць без справы. Яе дом па-ранейшаму патанае ў квецені красак і зеляніне дрэў. I здаецца, нішто ўжо не нагадвае пра страшныя падзеі мінулых дзён. Толькі бабуля Жэня не-не ды і ўспомніць, як гэта было, і па маршчыністай яе шчацэ пакаціцца сляза.

Н.Леанідава.Голас Любаншчыны. 2009 № 70


Да зместу

       

да Вялікай Перамогі

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©