|
Вечная памяць загінуўшым...
Пэўная рэч — чалавечая памяць. Людзям трэба
часам памятаць тое, чаго яны ніколі не бачылі і не чулі. Мы
нарадзіліся і выраслі ў мірныя дні, і тым не менш не павінны
забываць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, што пракацілася па нашай
мясцовасці 65 гадоў назад; пра людзей, якія мужна змагаліся з
нямецка-фашысцкімі акупантамі і загінулі. Чаму? Дзеля будучыні,
дзеля нашчадкаў, каб такое больш ніколі не паўтарылася, каб
выхоўваць будучае пакаленне ў духу мужнасці, гераізму і патрыятызму.
Вайна — страшнае слова. Войны заўсёды прыносілі гібель
усяму жывому. Зямля Беларусі шчодра паліта людскою крывёю. Няма ў
нас такога месца, якое не было б відавочцам народнага подзвігу і
трагедыі. Доказ гэтаму — шматлікія абеліскі і помнікі загінуўшым у
Вялікай Айчыннай вайне. Адлітыя з бронзы, высечаныя з каменя,
апранутыя ў граніт, яны пастаўлены на гарадскіх плошчах, у парках,
цэнтрах пасёлкаў, на скрыжаваннях дарог, лясных палянах і
месцах.спаленых вёсак.
Успомнім усіх паімённа. Горам успомнім сваім. Гэта
трэба не мёртвым. Гэта трэба жывым.
Помнік Ф. КОНАНАВАЙ на тэрыторыі Нежынскай
школы.
Стаіць такі помнік і ў Нежынскім школьным
парку. А на ім сціплы надпіс: "Конанава Феня Гаўрылаўна. 1918—1942".
I ўсё. 3 пастамента глядзіць на нас адважная жанчына-патрыётка.
Амаль 65 гадоў гэты помнік не дае забыць жыхарам в.Нежын і вучням
мясцовай школы пра гераічныя справы і мужны подзвіг іх палымянай
зямлячкі.
Вучні ведаюць, што да вайны Ф.Г. Конанава працавала
настаўніцай у Нежынскай школе, што яна горача любіла сваю Радзіму,
родны край. I калі прыйшлі фашысты, Феня не магла змірыцца з тым,
што акупанты топчуць і паганяць родную зямлю, забіваюць ні ў чым не
вінаватых мірных жыхароў: жанчын, дзяцей і старых людзей, паляць
вёскі, вядуць сябе, нібы варвары.
Беларусь — мірныя людзі. Яны ні на кога не нападаюць і
з усімі хочуць жыць у міры ды згодзе. Але калі вораг прыходзіць "з
мячом і агнём" на родную зямлю, то бараніць яе ўзнімаецца ўвесь
народ: і мужчыны, і жанчыны, і нават дзеці...
Пачала змагацца і Феня Конанава. Яна стварыла ў вёсцы з
камсамольцаў падпольную групу, устанавіла сувязь з партызанамі,
пачала выконваць розныя даручэнні партызанскага камандавання. Пра
гераічную падпольшчыцу даведаліся мясцовыя здраднікі-паліцаі. I
пачалі "паляванне" на адважную настаўніцу-камсамолку.
Аднойчы цёмнай зімовай ноччу, вяртаючыся з чарговага
задання ў родную вёску, Феня трапіла ў варожую засаду. Паліцаям
удалося захапіць смелую патрыётку жывой. Здраднікі здзекаваліся з яе,
білі і катавалі, але мужная падпольшчыца нічога не расказала ім і
нікога не выдала. Нелюдзі кінулі яе, звязаную і збітую, але не
зломленую маральна, у палонку ракі Арэсы, што працякае каля яе
роднай вёскі.
Ф.Г. Конанава загінула, але памяць пра яе жыве І будзе
жыць, пакуль стаіць в.Нежын і існуе ў ёй школа. Кожны год у дзень
гібелі мужнай настаўніцы-патрыёткі — 29 студзеня — вучні Нежынскай
школы разам з вучнямі суседняй Камунараўскай школы праводзяць ля
помніка мітынг памяці: чытаюць урыўкі з паэмы "Жыла на Палессі
дзяўчына" I. Муравейкі, прысвечанай гэтай гераічнай жанчыне,
інсцэніруюць урыўкі з кнігі "Дачка Арэсы" А. Андруховіча, а зялёную
гірлянду нясуць да месца яе гібелі і пускаюць на ваду.
Кароткае, але гераічнае жыццё гэтай
настаўніцы-камсамолкі служыць для ўсіх нас прыкладам любові і
адданасці роднай зямлі і Радзіме, прыкладам мужнасці, гераізму і
патрыятызму.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 верасня 1942 года
настаўніца Феня Гаўрылаўна Конанава пасмяротна ўзнагароджана ордэнам
Леніна.
Яшчэ пра адзін абеліск памятаюць і клапоцяцца вучні Нежынскай
школы. Стаіць ён непадалёку ад маленькай лясной вёсачкі Куценка, што
размешчана сярод лесу ў пяці кіламетрах ад Нежына. На ім палымнее
чырвоная зорка. I надпіс: "Калядка Фёкла. Загінула ў 1944 годзе".
Работнікі і вучні Нежынскай базавай школы
даглядаюць гэту магілу. Вось якія звесткі пра загінуўшую яны
атрымалі з успамінаў былога жыхара в.Куценка Адама Паўлавіча Лапціка.
"На гэтым месцы пахавана жонка ваеннаслужачага Чырвонай Арміі Фёкла
Калядка. Яна загінула тут вясной 1944 года разам з Верай Радзюк у
час апошняй карнай аперацыі фашысцкага гарнізона, што размяшчаўся ў
в.Камуна. Абедзве жанчыны былі ўраджэнкамі Слуцкага раёна, гэта
значыць, бежанкамі-перасяленкамі. Яшчэ вядома, што Фёкла Калядка
была настаўніцай. Пасля вайны рэшткі Веры Радзюк былі перанесены і
пахаваны на мясцовых могілках.
На магіле Фёклы Калядкі некалі была таблічка-памятка
брата і дзяцей. Значыць, у жывых у яе засталіся родныя.
Вечным сном спіць у гэтай магіле былая настаўніца Фёкла
Калядка. Спыняючыся каля яе, мясцовыя грыбнікі ці ягаднікі на момант
прыпыняюць размовы, знімаюць галаўныя ўборы і моўчкі засяроджана
ўглядаюцца ў кароткі сціплы надпіс на абеліску. Пастаяўшы некалькі
хвілін у жалобе, многія шукаюць якую-небудзь паляну з кветкамі, а
на-зад вяртаюцца з букетамі і беражліва кладуць іх на магілу.
Догляд помніка Ф.Г. Конанавай і адзінокага абеліска ў
Куценскім лясным масіве служыць пасільным укладам вучняў Не¬жынскай
базавай школы ў справу ўшанавання памяці загінуўшых у Вялікай
Айчыннай вайне.
Такія помнікі дапамагаюць моладзі ўсвядоміць простую і
вечную ісціну: вайна не павінна паўтарыцца. Нам трэба прыкладваць
усе сілы і намаганні для таго, каб захаваць мір на зямлі. Бо мір —
гэта жыццё, шчасце і радасць для ўсіх людзей.
А ў нашых сэрцах няхай жыве вечная памяць пра гераічнае
мінулае роднага краю...
В. ШАЎЦОВА, настаўніца Нежынскай базавай
школы.Голас Любаншчыны 2009. №4
Да зместу |
|