|
Трапіў у палон
... Узрываліся гранаты, амаль бесперапынна "стракаталі" кулямёты, на
вачах гінулі людзі - нявінныя... так успамінае гады ваеннага
ліхалецця Уладзімір Пятровіч Зубарэвіч з вёскі Забалаць.
Калі пачалася Вялікая Айчынная, яму было толькі 15.
Здаецца, зусім яшчэ хлапчук. Але ён даволі хутка пасталеў, стаў
разважаць па-даросламу.
Аднавяскоўцы многія ўжо былі мабілізаваны на фронт.
Іншыя пайшлі ў партызанскія атрады. Не мог заставацца ў баку і
Уладзімір. I ён таксама пайшоў у партызаны. Атрад імя Громава
брыгады імя Чкалава дзейнічаў на тэрыторыі паміж Слуцкам і Урэччам.
Тут якраз праходзіла чыгунка, падрываць якую неаднаразова
даводзілася юнаку разам з іншымі таварышамі. Дзеля таго, каб
перашкодзіць нямецкім эшалонам рухацца па ёй. Хадзіў Уладзімір і ў
разведку. Кожны раз было страшна - невядомасць заўсёды пужае.
Падчас разгрому партызанскага гарнізона каля
в.Макаравічы Старадарожскага раёна фашысты многіх нашых мсціўцаў
узялі ў палон. У іх лік трапіў і Уладзімір Зубарэвіч. Некаторы час
палонных трымалі ў канцэнтрацыйным лагеры ў Бабруйску, а пасля
пагналі ў Каўнас. Спадзявання выжыць не было, немцы - няўмольныя і
жорсткія - здзекаваліся з нашых людзей...
Што дапамагло выжыць? Уладзімір Пятровіч дагэтуль не
ведае адказу на гэта пытанне. Не разумеў,
чаму людзі знішчалі людзей, і чаму неабходна было пачынаць вайну,
якая прынесла столькі гора і няшчасця, забрала тысячы жыццяў.
Праз паўгода пасля перамогі Зубарэвіча прызвалі ў армію.
Служыў ён Маскве ў сакрэтнай часці шпіталя імя Бурдэнкі. Пасля
дэмабілізацыі вярнуўся ў Забалаць. Працаваў рахункаводам у сельскім
Савеце, інструктарам - у райспажыўтаварыстве, а потым у калгасе -
ажно да 70 гадоў Разам з жонкай Нінай Васільеўнай вырасцілі трох
дачок.
Н. Бубіч.Голас Любаншчыны. 2009 №
70
Да зместу |

|