|
Аперацыя "Баграціён"
Фашысцкае камандаванне разумела, што
страціць Беларусь значыць, адкрыць Чырвонай Арміі шлях на Польшчу і
Усходнюю Прусію, паставіць пад удар Германію. Таму тут была створана
глыбокаэшаланіраваная абарончая сістэма "Faterland". Абарону
ўтрымлівалі падраздзяленні групы армій "Цэнтр" - адна з найбольш
моцных груповак, якая налічвала 63 дывізіі і 3 пяхотныя брыгады да
1200 тысяч чалавек, мела на ўзбраенні 9500 артылерыйскіх гармат і
мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 1350 самалётаў. Асабліва
ўмацаванымі былі Полацк, Віцебск, Орша, Магілёў, Жлобін, Бабруйск.
Беларуская аперацыя пад кодавай назвай "Баграціён"
прадугледжвала нанясенне асноўных удараў па найбольш умацаваных
гарадах, акружэнне і знішчэнне груповак праціўніка. У аперацыі
прымалі ўдзел фарміраванні трох Беларускіх франтоў і I
Прыбалтыйскага, авіяцыя дальняга дзеяння, Дняпроўская ваенная
флатылія і І-я армія Войска Польскага. Агульная колькасць Чырвонай
Арміі складала да 1400 тысяч чалавек, 31700 артылерыйскіх гармат і
мінамётаў, 5200 танкаў і САУ, каля 5 тысяч самалётаў.
Галоўнай задачай аперацыі "Баграціён" было вызваленне
Беларусі. Па характару баявых дзеянняў яе можна падзяліць на два
этапы: першы - з 23 чэрвеня па 4 ліпеня, другі - з 5 ліпеня па 29
жніўня.
Да наступальнай аперацыі рыхтавалася не толькі
камандаванне Чырвонай Арміі, у яе падрыхтоўцы прынялі актыўны ўдзел
і партызанскія фарміраванні ўсёй Беларусі, у тым ліку і тыя, што
дзейнічалі на тэрыторыі Любаншчыны. I вось наступіў доўгачаканы
дзень. 23 чэрвеня пасля артпадрыхтоўкі пачалі наступленне ІІІ і II
Беларускія і I Прыбалтыйскі франты, а 24 чэрвеня пачалося
наступленне войскаў I Беларускага фронту. Партызанскія радысты кожны
дзень прымалі весткі аб поспехах Чырвонай Арміі: 26 чэрвеня
вызвалены Віцебск і Жлобін; 27 чэрвеня акружана і разгромлена
віцебская групоўка праціўніка, вызвалена Орша; 28 чэрвеня — Магілёў;
29 чэрвеня — Бабруйск, акружана і разгромлена бабруйская групоўка
праціўніка. Лінія фронту набліжалася да Любаншчыны.
Па другі бок яе ў тыле ворага таксама не спынялася
барацьба. Штаб Мінскага партызанскага злучэння распрацаваў план
баявых аперацый брыгад, які прадугледжваў не толькі нанясенне ўдараў
па нямецка-фашысцкіх войсках, але і меры па зберажэнню ад знішчэння
адступаючымі варожымі часцямі населеных пунктаў і мірнага
насельніцтва ад угону ў Германію. Кожная брыгада размяшчалася ў
пэўным рэгіёне партызанскай зоны для выканання баявой задачы.
Партызанскія атрады брыгады №25 імя П.К. Панамарэнкі, напрыклад,
павінны былі дыслацыравацца ў раёне вёсак Асавец, Турок, Фёдараўка,
Песчанец, Дубілаўка, Слабодка.
29 чэрвеня да 12.00 атрады занялі вызначаныя пазіцыі. У
16 гадзін партызанамі была заўважана група варожых салдат колькасцю
да роты. У перастрэлцы забіты двое салдат, у палон узяты
обер-лейтэнант, які быў дастаўлены ў штаб злучэння. Партызаны
мініравалі шасэйныя дарогі, рабілі на лясных участках завалы, вялі
баі з засад з адступаючымі варожымі часцямі, знішчалі лініі сувязі,
наносілі ўдары па чыгунцы, якая была запруджана войскамі праціўніка.
Па чыгунцы бесперапынна рухаліся браняпоезд з
бронепляцоўкай з зянітнымі ўстаноўкамі і шасцю броневагонамі і дзве
бронедрызіны. З.А.Ашуйка, жыхарка в. Шыпілавічы, успамінае пра тыя
дні: "Немцы ўжо адступалі. Праз вёску па чыгунцы хадзіў нямецкі
браняпоезд. Аднойчы ён адкрыў агонь па вёсцы. Стралялі кулямі і
снарадамі. У адзін момант наша вуліца ператварылася ў адзін пылаючы
факел. Гэта было жудасна: крыкі, плач, узрывы снарадаў і агонь.
Ніхто не ратаваў сваё дабро, усе ратаваліся самі".
"Гэта быў самы страшны дзень за ўсю вайну, - успамінае
Баярына Л.М. з гэтай жа вёскі, - мы схаваліся ў суседкі, у яе
склепе. На двары разарваўся снарад, асколкі паранілі дзвюх жанчын,
якія хаваліся разам з намі" (з даследчай работы Н. Барысавец,
вучаніцы гімназіі №1).
30 чэрвеня лінія фронту прайшла праз Любаншчыну. "Мы
радаваліся таму, што ў Парычах ідуць баі, рвуцца нашы бомбы, што
хутка прыйдуць свае, - успамінае Вольга Андрэеўна Жартун (Гардзіеня).
Аднойчы брат Стас пайшоў у Трайчаны. Там на ўскрайку вёскі ў
зямлянцы пяклі хлеб. Адтуль ён бяжыць і.крычыць: "Нашы!". Чырвоная
Армія праз балота ішла на Любань. Мы сустракалі салдат хлебам-соллю,
дарылі ім на памяць хто што мог. Я падарыла першаму сустрэчнаму
воіну вышытую яшчэ ў лесе хустачку. I пайшла мая хустачка на фронт.
Мы насілі салдатам ваду ў драўляных вёдрах з дальніх калодзежаў – у
канаве ваду не бралі, баяліся, што немцы атруцілі перад адступленнем"
(з даследчай работы Любанскай ДАСШ № 3).
Партызаны сумесна з часцямі Чырвонай Арміі прынялі
ўдзел у вызваленні вёсак і гарадоў Беларусі. Аператыўны аддзел БШПД
паведамляў, што "... партызанская брыгада Куранава (камандзір 125-й
Капаткевіцкай брыгады) з баямі захапіла ўчастак дарогі Шыпілавічы -
Сялец і сумесна з перадавымі часцямі заняла мяст. Любань.
Партызанская брыгада Розава (камандзір брыгады № 64 імя В. Чкалава)
захапіла пераправу на р.Случ у раёне м.Пагост і сумесна з перадавымі
часцямі Чырвонай Арміі авалодала горадам Слуцк...". 30 чэрвеня ў
20.00 штаб брыгады № 25 імя П.Панамарэнкі атрымаў данясенне ад
разведкі аб сустрэчы з часцямі Чырвонай Арміі каля в.Обчын. На
наступны дзёнь 1 ліпеня 1944 г. брыгада злучылася каля в. Засмужжа з
Чырвонай Арміяй.
С.І.Ісайка, партызан атрада імя Громава брыгады № 64,
успамінаў: "30 чэрвеня 1944 года мы сустрэліся з часцямі Чырвонай
Арміі каля вёскі Пеклічы. Спачатку пачулі гул, затым убачылі пыл -
гэта ішлі нашы танкі. Сустрэча была радаснай, нас нават накармілі з
салдацкай франтавой кухні. Затым я і некалькі партызан, паколькі мы
ведалі раён, селі на танкі і разам з чырвонаармейцамі ўварваліся ў
Любань. Немцаў тут амаль не засталося, таму і баявых дзеянняў у
самім Любані не было. Але аднаго немца на Слабадзе мы ў палон узялі"
(з даследчай работы Любанскай ДАСШ № 1).
На досвітку 30 чэрвеня часці 48-й стралковай дывізіі і
19 механізаванай брыгады ўвайшлі ў гарадскі пасёлак Любань.
Нягледзячы на ранні час, іх радасна сустракалі ўсе жыхары пасёлка.
На працягу дня ўся тэрыторыя Любанскага раёна была вызвалена ад
нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Н. СІНЯК, дырэктар музея народнай славы.Голас
Любаншчыны. 2009 № 97
|
|