|
Апошняя блакада
Адным з накірункаў барацьбы партызанскіх
фарміраванняў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў напярэдадні
вызвалення вясной 1944 года была барацьба за будучы ўраджай. Перад
партызанамі стаяла задача не толькі абараніць мірнае насельніцтва ад
угону ў Германію і харчовых рэквізіцый, але і зберагчы пасевы азімых
зерневых культур і забяспечыць яравую сяўбу. 3 мэтай пазбаўлення
Чырвонай Арміі пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі крыніц папаўнення
запасаў прадуктаў харчавання і стварэння штучнага голаду на
вызваленых землях, камандаванне вермахта ўсімі сіламі імкнулася
перашкодзіць выкананню данай задачы.
У данясенні камандзіра партызанскага злучэння Мінскай
вобласці I.А.Бельскага гаварылася, што гітлераўцы пад пагрозай
смерці выганяюць у поле насельніцтва многіх населеных пунктаў
Любанскага раёна і прымушаюць іх пераворваць азімыя пасевы.
Спецыяльныя паліцэйскія атрады адбіраюць у мірных жыхароў насенны
матэрыял. Былі выдадзены спецыяльныя загады акупацыйных улад аб
забароне правядзення вясенне-палявых работ. У красавіку 1944 года
камандзір партызанскай брыгады № 64 імя В.П. Чкалава М.М.Розаў
паведамляў у штаб аб тым, што акупанты забіваюць сялян, якія былі
затрыманы ў полі пры правядзенні вясенніх сельскагаспадарчых работ.
Камандаванне партызанскімі атрадамі ў сваю чаргу ўсімі
сіламі дапамагала мірнаму насельніцтву — камісары праводзілі
растлумачальную работу пра неабходнасць пашырэння пасяўных плошчаў,
камандзіры выдзялялі з атрадаў коней, стваралі нават спецыяльныя
пасяўныя брыгады з няўзброеных партызан, а там, дзе гэта было
неабходна, прыкрывалі і палявыя работы спецыяльна выдзеленымі з
атрадаў баявымі групамі. Асаблівая ўвага звярталася на вёскі, якія
размяшчаліся на граніцы партызанскай зоны і побач з варожымі
гарнізонамі. Тут прыходзілася праводзіць вясенне-палявыя работы пад
покрывам ночы і прыкрыццём партызанскіх узброеных груп. Партызанскія
майстры-збройнікі прымалі на рамонт сельскагаспадарчы інвентар і
выконвалі гэтыя работы хутка і якасна, як і рамонт зброі.
Але, як і ва ўсякай буйнай бітве, у барацьбе за хлеб не
абышлося без страт. 3 мэтай акружэння і знішчэння партызанскіх
брыгад, якія актыўна дзейнічалі на тэрыторыі Любанскага,
Старобінскага і Жыткавіцкага раёнаў, а таксама захопу жывёлы і
прадуктаў харчавання, вывазу насельніцтва на катаржныя работы ў
Германію 17 мая 1944 г. пачалася карная аперацыя пад кодавай назвай
"Марабу". Аперацыя праводзілася ў прыфрантавой паласе 23-га
армейскага корпуса 2-й нямецкай арміі групы "Цэнтр" сіламі 810-га і
10-га ахоўных батальёнаў. Батальёны мелі кодавыя назвы "Феркест-Маніх"
і "Люфт-Балон". Супраць партызан было накіравана да 10 тысяч чалавек
жывой сілы з узбраеннем — да 40 гармат рознага калібру, 20 танкаў,
16 бронемашын. Баявыя дзеянні падтрымалі 12 бамбардзіроўшчыкаў і
самалётаў-разведчыкаў.
3 дзённіка начальніка штаба партызанскай брыгады імя
С.Будзённага В.Я.Стаюхіна (Палесскае партызанскае злучэнне):
"17 мая 1944 года. Заставы атрадаў імя Панамарэнкі і
імя Катоўскага знаходзяцца ў Сцяблевічах. У 20 гадзін далажылі
дадзеныя разведкі. Праціўнік на раніцу 18 мая рыхтуе размініраванне
дарогі Мікашэвічы. Каля 700 немцаў і ўласаўцаў рыхтуюцца да
наступлення. Павялічваюцца гарнізоны ў Старобінскім і
Слуцкім раёнах. На ўзбраенні ворага маюцца танкі і артылерыя.
20 г. 30 мін. Партызанскаму атраду імя Панамарэнкі
дадзены загад выслаць адну роту па дарозе Мікашэвічы — Сцяблевічы ў
раён 5-ага кіламетра ад Мікашэвіч з мэтай недапушчэння
размініравання дарогі. Партызанскаму атраду імя Катоўскага дадзены
загад выслаць узвод у раён новага цаглянага завода. Падраздзяленням
быць ва ўказаных месцах у 2.00 18 мая і весці баявую разведку. Пры
з'яўленні праціўніка — уступаць у бой да падыходу асноўных сіл".
Наступленне карных атрадаў вялося ў
некалькіх накірунках. М.А.Жалтой, партызан атрада імя Я.Гарбачова
партызанскай брыгады №25 імя П.К. Панамарэнкі ў сваім дзённіку
запісаў: "19-25 мая 1944 года. Трымалі бой за вёску Абідземля.
Адышлі ў балота Камар-Мох каля Чырвонага возера. Занялі адзін
востраў, кругом топкае балота. 3 прадуктамі складана. Немцы ўвесь
час ідуць па нашых пятах. У балота не пайшлі. Тут, на астравах,
амаль усё Мінскае злучэнне, на кожным востраве можна бачыць партызан.
Наўкол гараць вёскі і курані, хлеб. Гітлераўцы ўсё знішчаюць. Чакаем,
калі ж Чырвоная Армія падасць нам руку вызвалення".
Карная аперацыя працягвалася да 25 мая 1944 г. Баявыя
дзеянні паміж партызанамі і гітлераўцамі набылі жорсткі характар
амаль на ўсіх накірунках наступлення ворага. Брыгадам Мінскага
партызанскага злучэння ўдалося прарваць кальцо блакады і выйсці з
раёна карнай аперацыі. У ходзе яе фашысты спалілі ў Любанскім раёне
вёскі Новыя Юрковічы і Лісценку, захапілі для ўгону ў Германію 1128
чалавек.
Да пачатку аперацыі Чырвонай Арміі па вызваленню
Беларусі заставаўся адзін месяц.
Н. СІНЯК, дырэктар музея народнай славы.Голас
Любаншчыны. 2009 № 93
|
|