|
Многае памятаецца
Сярод шматлікіх слаўных старонак гісторыі нашай краіны, бадай, самай
значнай з'яўляецца трохгадовая барацьба з гітлераўскімі акупантамі.
У ёй змагарамі былі ўсе — ад малога да старога. Вялікая Айчынная
ўсяму свету апавясціла пра гераізм жыхароў рэспублікі-партызанкі. У
ліку тых, хто адстойваў у 40-ыя гады свабоду і незалежнасць Беларусі,
была Ніна Рыгораўна Барысевіч з вёскі Рэдкавічы. Нялёгкі лёс
выпаў на долю гэтай жанчыны. Нарадзілася яна ў шматдзетнай
працавітай сям'і ў вёсцы Загалле. Бацька Рыгор Іванавіч Падбярозны
быў умелым шаўцом, майстраваў чаравікі для людзей. А маці Зося
Максімаўна Лялькіна завіхалася па гаспадарцы.
Уласнай зямлі сям'я не мела. Таму, калі гаспадар памёр,
скончылася спакойнае жыццё і ў яго дамачадцаў. Ніне на той момант
ледзь споўнілася 5 гадоў. Але ж нездарма кажуць, што адна бяда не
ходзіць за сабою другую водзіць. Дык вось той другою бядою стаў
пажар, які знішчыў хату і амаль усю гаспадарку. Пасля чаго сям'я
спаўна зведала голад і нястачу. А было ў ёй ажно восем дзяцей. Ніну
забралі да сябе ў Жывунь родны дзед з бабаю. Там яна скончыла
спачатку пачатковую школу, а, літаральна перад вайною — яшчэ і
васьмігодку ў Загаллі.
22чэрвеня 1941 года Ніна Рыгораўна памятае, нібы
ўчарашні дзень. Якраз у тую нядзелю ў Загаллі спраўлялася вяселле і
на ім гулялі амаль усе вяскоўцы. Людзі весяліліся ўсю кароткую
летнюю ноч, і ніхто нават не думаў, што раніцай наваколле ўскалыхне
жудасная вестка — вайна!
Літаральна з першых месяцаў яе дзяўчына разам з такімі
ж падлеткамі, як сама, не сядзела дома. Бегалі яны ажно ў Слаўкавічы,
каб уведаць штосьці новае, каштоўнае. I аднойчы былі зачынены
паліцаем у чужым халодным склепе. Сядзелі там некалькі дзён, пакуль
не прыйшоў нейкі чалавек ды не выпусціў палонных. Яны былі добра
напалоханы, але ўсё ж змаглі сабраць неабходную інфармацыю пра
немцаў і нашых здраднікаў, пра іх узбраенне.
Аднойчы Ніна разам з іншымі рабятамі ўбачыла падазроную
жанчынуў доўгай спадніцы і чорнай хустцы. Расказала пра яе старшыні
сельсавета С.Т.Карнееву. Незнаёмую асобу затрымалі, і аказалася яна
пераапранутым мужчынам-шпіёнам.
Ужо ў пачатку вайны ў Загаллі была сфарміравана
партызанская група, у склад якой увайшла і Ніна Рыгораўна. Хлопцы
распаўсюджвалі лістоўкі з весткамі з фронту, а дзяўчаты вязалі
шкарпэткі, рукавіцы з двума пальцамі, каб у іх ямчэй было трымацца
за зброю і страляць. Унутр рэчаў клалі паперкі з надпісам — ад каго
падарунак. I атрымлівалі ад байцоў пісьмы ў адказ, падзякі.
Паступова вёска Загалле станавілася моцнай партызанскай
базай. Хаця адвага і мужнасць "лясных воінаў" і рабілі гэту
мясцовасць непрыступнай для фашыстаў, аднак жыццё там спакойным не
было. Немцы часта бамбілі наваколле з дапамогай авіяцыі.
Ніна Рыгораўна памятае, як аднойчы ворагі ўсё ж
уварваліся ў Загалле, сагналі жыхароў у хлеў, але запаліць яго не
паспелі. Прыехаў нейкі іх афіцэр і загадаў выпусціць народ, бо
партызан, маўляў, паблізу няма. Аднак многія хаты спалілі.
Гэта толькі актывізавала моладзь у пашырэнні
партызанскага руху. У Загаллі і Жывуні былі створаны
камсамольска-падпольныя арганізацыі.
3 вясны 1942 года над мясцовасцю пачалі з'яўляцца
савецкія самалёты. Яны скідвалі грузы са зброяй, боепрыпасамі,
газетамі і лістоўкамі. А вось каб прымаць іх на зямлі, трэба было
мець свой аэрадром. Рыхтаваць пляцоўку пад яго, карчаваць лес,
засыпаць ямы стала моладзь. I ўжо ў верасні 1942 года самалёты маглі
садзіцца на востраве Зыслаў. Там жа знаходзіліся Мінскі абком партыі,
камандаванне партызанскага злучэння, выходзілі газеты "Звязда", "Чыр-воная
змена". У Загаллі працавала партызанская школа, настаўнічалі ў якой
актыўныя камсамолкі Марыя Дзяшковіч, Аляксандра Бедзік, Антаніна
Корбут і Аляксандра Комлік.
Ніне вельмі запомнілася, калі аднойчы непадалёку ад
вёскі Жывунь партызаны знайшлі пад разгалістай елкай маленькае
дзіцятка. Забраць яго з сабою было небяспечна, і тады ўсе вырашылі
пакінуць малое адной жанчыне ў бліжэйшым населеным пункце.
Неяк позняй восенню прыехалі ў Загалле партызаны з
Рэдкавіч. Знаходзіўся сярод іх прыгожы статны хлопец Адам.
Прыглянуўся ён Ніне, але яна нікому пра гэта не казала. Аднойчы
адправілі партызан ва Урэчча падарваць чыгунку. У той групе былі і
Ніна з Адамам, і натрапіла яна на варожую засаду. Завязаўся цяжкі
бой, у якім абодвум пашчасціла выжыць. Пасля чаго хлопец сказаў
дзяўчыне: "Не жаночая гэта справа хадзіць з вінтоўкаю на плячах у
цяжкіх салдацкіх ботах. Жанчына павінна нараджаць і гадаваць дзяцей".
Аспрэчваць пачутае Ніна не магла, бо яе ўсю калаціла
гарачка. Адам прывёз доктара. I той паставіў дыягназ — тыф. ён ледзь
не сагнаў дзяўчыну ў магілу, выжыць удалося цудам. Мабыць, хісткасць
жыцця паскорыла намеры Адама — ён прапанаваў Ніне выйсці за яго
замуж. А тая адразу ж згадзілася, бо ўжо не ўяўляла бўдучыні без
каханага.
Партызанскае вяселле справілі ў глухім загальскім лесе.
— А музыка была? — пытаюся ў жанчыны. ,
— А як жа, і музыка была, і песні спявалі, і ваўкі вылі...,
— засмяялася яна ў адказ.
Пасля вяселля Адам прапанаваў жонцы разам паехаць у
Рэдкавічы. Такім чынам у ліпені 1943 года яны аказаліся ў атрадзе
імя А.Труцікава. Камандзірам партызан быў Васіль Статкевіч.
Пазнаёміліся там Барысевічы і з яго жонкай Марыяй. Жанчыны разам з
мужчынамі хадзілі часам на баявыя заданні. Асноўным жа заняткам Ніны
быў догляд хворых і параненых. Марыя гатавала партызанам няхітрую,
але смачную ежу.
Партызанскі атрад стаяў каля вёскі Верачагошч, у лясным
масіве "Смалянка". Здарылася так, успамінае Ніна Рыгораўна, што два
"лясныя байцы" захварэлі на тыф. Адзін з іх у гарачцы вельмі прасіў
журавін. Ніна расказала пра тое Адаму. Але муж запратэставаў, баяўся
адпусціць жонку па ягады, кругом жа былі немцы і паліцаі. Вось тады
Ніна ўпершыню не паслухала яго. Раненька ўпотай выбегла з зямлянкі,
дабралася да балота і назбірала крыху журавін. Ужо пасля, у
Рэдкавічах, выздаравеўшы Міша ўсім расказваў, што вылечылі яго
кісла-салодкія Нініны журавіны.
Памятае ветэран і тое, як каля Верачагошча трэба было
пераправіцца на пароме праз Арэсу. Ніна вельмі баялася ступіць на
яго. Адам жа працягнуў ёй сваю шырокую, моцную далонь і сказаў: "Не
бойся, страшней будзе далей". Так яно і аказалася. Перабраўшыся на
другі бераг ракі, доўга давялося сядзець у "Чорным балоце", у
макраце і холадзе. А так хацелася хаця б гадзінку паспаць, адпачыць
у цёплай хаце.
У Рэдкавічах таксама было неспакойна. Аднойчы фашысты
запалілі ў вёсцы крайнія хаты, а бацькоў мясцовага партызана
Ф.Пякельніка жывымі ўкінулі ў калодзеж, паласнуўшы іх наўэдагон з
аўтамата. Жонцы ж "ляснога воіна" цудам удалося застацца жывою. Яна
проста здаўмелася назвацца чужым імем.
Чаго толькі не перажыла Ніна Рыгораўна Барысевіч. Яна
ніколі не забудзе выпадку, калі ў атрад прывезлі цяжкапараненага
партызанскага разведчыка Івана. Хлопец згараў на вачах, нага
пачарнела, распухла, пачыналася гангрэна. Тады доктар мовіў Ніне: "Будзем
ампутаваць нагу звычайнай пілой, якой рэжуць дровы, бо іншага
інструмента ў нас няма, а марудзіць нельга". Ніна аж здрыганулася.
Вочы сталі мокрымі ад слёз, бо яна вельмі хвалявалася за хлопца,
думала, што той не вытрымае болю. Каб крышку прытупіць адчувальнасць
параненага, партызаны здабылі ў бліжэйшай вёсцы самагону, прамылі ім
пілу і далі выпіць Івану.
I той вытрымаў, перанёстакую цяжкую аперацыю ў
складаных умовах. Толькі на гэтым усё не скончылася. Пачуўся брэх
нямецкіх аўчарак, партызаны ўступілі ў бой з ворагам і ў перастрэлцы
загінула ажно некалькі іх, а двое аказаліся параненымі.
Цяжкімі былі версты вайны. Нарэшце, 30 чэрвеня быў вызвалены
Любанскі раён, а неўзабаве свабоднай стала і ўся Беларусь. Каб
адзначыць гэту падзею, партызаны ўпершыню за тры гады сабраліся
разам. У Мінску пасля мітынгу адбыўся сапраўдны парад Перамогі. У ім
удзельнічаў і Адам Іванавіч Барысевіч.
...Чорны попел вайны развеяўся і над нашымі Рэдкавічамі.
Амаль уся вёска была спалена, у тым ліку і Адамава хата. Але не
апусціў рукі адважны партызан, узвёў новую, яшчэ лепшую, з рознымі
гаспадарчымі пабудовамі. А Ніна завяла вялікую гаспадарку. 58 гадоў
пражылі яны разам. У згодзе і любові далі жыццё 5 дзецям, займелі 8
унукаў, 12 праўнукаў. На жаль, ужо 9 гадоў, як гаспадар пакінуў гэты
свет.
Хаця прайшло ўжо 65 гадоў, але Ніна Рыгораўна яскрава
памятае падзеі ваенных гадоў. Нагадваюць пра іх і медаль "За
перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.",
медаль Жукава і мноства іншых...
Здароўе, безумоўна, ужо не тое, але Ніна Рыгораўна
па-ранейшаму жвавая і вясёлая. Разам з тым, пры ўспамінах пра вайну
на вочы набягаюць слёзы, а ў памяці ўсплываюць вобразы маладых
хлопцаў, якія не вярнуліся з Вялікай Айчыннай. Баліць за іх душа, і
боль гэты будзе турбаваць жанчыну да скону веку.
Марыя СЛІВЕЦ, бібліятэкар Рэдкавіцкай бібліятэкі.Голас
Любаншчыны. - 2009 №101
Да зместу
|
|