|
Лютавалі ворагі
Міхаіл Аляксеевіч Жалтоў, партызан атрада
імя Гарбачова, у сваім дзённіку запісаў: "1/11-17/11.44 г. Пасля
некалькіх баёў з танкамі і бронемашынамі немцаў прыйшлося
эвакуіравацца ў лес у зялёныя лагеры. Немцы занялі бліжэйшыя вёскі.
Разам з намі жывуць іх жыхары. Немец шэраг вёсак спаліў, шмат каго з
мірнага насельніцтва, якое было ў вёсках, забіў. Адчуваецца, што
Чырвоная Армія падышла зусім блізка - у 45-50 км. Штодзённа чуецца
кананада. Партызаны выходзяць на дарогі, абстрэльваюць асобныя групы
і машыны немцаў, мініруюць дарогі".
У ходзе карнай аперацыі супраць атрадаў партызанскай
брыгады № 25 імя П. К. Панамарэнкі ў тыя лютаўскія дні часткова была
спалена в.Н.Юрковічы, поўнасцю згарэла в. Фёдараўка, загінула 15
жыхароў яе, фашысты поўнасцю спалілі в. Прыклінец і забілі 4 жыхары
гэтай вёскі.
12 лютага пачалося другое наступление карнікаў супраць
атрадаў партызанскіх брыгад № 64 імя В. П. Чкалава і № 100 імя С. М.
Кірава. Штаб партызанскай брыгады № 64 імя В. Чкалава размяшчаўся ў
в. Пярэспа, а ў в.Пласток знаходзіўся атрад імя С.Лазо, які і прыняў
першы ўдар карнікаў на сябе.
Іван Трафімавіч Салавей успамінаў, што ў ноч на 12
лютага ў Палічным з'явіліся немцы і паліцаі. Нікога не чапалі,
прайшлі праз вёску і накіраваліся далей у бок Пластка. У Палічным
засталося каля 10 паліцаяў, якія сталі рабаваць мірных жыхароў.
Людзі добра іх напаілі, а самі, сабраўшы ўласны скарб, пакінулі
вёску і схаваліся ў лесе. Весткі распаўсюджваліся хутка. Пра
наступление карнікаў стала вядома і ў Пластку, і жыхары яго вырашылі
пакінуць свае хаты. Але іх за вёскай чакалі карнікі. Некаторым
жыхарам удалося выратавацца, а многія загінулі пад агнём ворага на
балоце. Атрады партызанскай брыгады № 64 імя В.Чкалава на працягу
некалькіх дзён вялі абарончыя баі, а затым вымушаны былі адступіць
углыб партызанскай зоны.
Для мірных жыхароў наступілі змрочныя дні. В.М.Сяховіч
успамінаў: "У лютым 1944 г. на вёску (Трайчаны) наляцелі карнікі. Мы
схаваліся ў зямлянцы ў лесе. Фашысты схапілі тады многіх вяскоўцаў,
большасць з іх спалілі жывымі ў калгасным кароўніку. Згарэла там і
мая маці. У нас тады жылі яўрэі - бежанцы з Глуска, Бабруйска,
Старых Дарог - усіх іх было дзесяць чалавек. Каб не трапіць у рукі
азвярэлых ворагаў, яны ўзарвалі сябе ў хаце гранатай. 15 лютага мы
схаваліся ў лесе паміж вёскамі Трубяціна і Плюсна. Побач па дарозе
ездзілі і хадзілі гітлераўцы, мы з бацькам і сястрой Кацяй ляжалі,
баючыся паварушыцца. Цэлы тыдзень не адважваліся выйсці з лесу. Не
маглі развесці агонь, нельга было нават заснуць, а стаялі маразы..."
Не лепшым было становішча і ў партызан брыгады № 100
імя С.М.Кірава. Карныя атрады ўварваліся ў зону дыслакацыі брыгады
(штаб размяшчаўся ў в.Асавец). Сілы былі няроўныя, і партызаны
вымушаны былі адступіць.
Да 13 лютага становішча партызанскіх атрадаў
пагоршылася, а хутка перарвалася і радыёсувязь са штабам
партызанскага злучэння Мінскай вобласці. Нямецка-фашысцкае
камандаванне, нягледзячы на страты, вырашыла пакончыць з
партызанскімі атрадамі ў сваіх армейскіх тылах і накіравала супраць
іх дадатковыя воінскія падраздзяленні. БШПР прыняў рашэнне: каб
адцягнуць сілы праціўніка з Любанска-Акцябрскай партызанскай зоны,
неабходна распачаць актыўныя баявыя дзеянні партызанскіх
фарміраванняў у іншых раёнах Беларусі. Блакіраваным партызанскім
атрадам Любаншчыны і суседніх раёнаў савецкія самалёты пастаянна
дастаўлялі боепрыпасы, да іх былі накіраваны 5 радыстаў з рацыямі.
Франтавая авіяцыя некалькі разоў бамбіла скапленні варожых часцей у
раёне Слуцка, Любані, Асіповіч і іншых месцах.
У выніку карных аперацый у пачатку лютага 1944 г. вораг
авалодаў дарогамі Любань-Пагост, Любань-Шыпілавічы-Сялец-калгас імя
БВА-Калінаўка-Гарадзяцічы. Нямецка-фашысцкае камандаванне спрабавала
адрамантаваць іх для забеспячэння работы сваіх тылоў. Было распачата
аднаўленне і чыгункі Старушка-Пасталы - саўгас "10 год БССР". Але
лясная гвардыя Любаншчыны, каб парушыць планы ворага, працягвала
вайну. Толькі партызанскімі атрадамі брыгады № 25 імя П. К.
Панамарэнкі за гэты час былі знішчаны тры эшалоны з жывой сілай і
тэхнікай праціўніка. На дарозе Любань - калгас імя БВА - Калінаўка
на мінах падарвалася 10 аўтамашын з боепрыпасамі, прадуктамі
харчавання і жывой сілай. На гэтай жа дарозе, з засад, было
знішчана 6 падвод, забіты 36 і паранены 22 нямецкія салдаты і
афіцэры.
Н.СІНЯК, дырэктар музея
Да зместу |
|