Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 
 
 

Куркевічы


     Чалавек і Айчына, Айчына і чалавек. Тут павінна быць поўная гармонія: чалавеку добра — і Айчыне добра, Айчыне добра — і чалавеку добра. Лёс кожнага з нас цесна звязаны з лёсам Айчыны. А калі раптам на чалавека навальваецца нечаканая бяда, перад ім узнікае шмат цяжкіх пытанняў: "Чаму? Хто вінаваты? Каму верыць? Што рабіць і дзе шукаць праўду?"
I гэта ўжо — не філасофскія разважанні, а рэальнае жыццё.
     ... Сям'я Куркевічаў — Станіслаў Іванавіч, яго жонка Кацярына Іосіфаўна і два сыны — Баляслаў 1922 года нараджэння і сямігадовы Карл — прыехалі ў Любань з Гомельскай вобласці на пачатку трыццатых гадоў. Звычайныя людзі — добрыя, шчырыя, прыветлівыя. Вызначаліся хіба толькі тым, што Станіслаў Іванавіч стаў дырэктарам Любанскай МТС. Машынна-трактарныя станцыі ў той час адыгрывалі важную ролю ў сацыялістычнай перабудове сельскай гаспадаркі. Справы ў МТС ішлі няблага. Пра работу механізатараў ледзь не ў кожным нумары расказвала раённая газета. Таварыш Куркевіч лічыўся ўмелым, ініцыятыўным арганізатарам. Карыстаўся аўтарытэтам як у кіраўніцтва раёна, так і сярод сялян.
     I раптам — як гром з яснага неба: 29 кастрычніка 1937 года Станіслава Іванавіча Куркевіча арыштавалі і асудзілі на шмат гадоў. Без права і перапіскі.
     Душа Кацярыны Іосіфаўны была паралізавана. Няўжо ён учыніў нешта такое, што прычыніла шкоду грамадству? — думала Кацярына
     Іосіфаўна, абліваючыся слязамі. А можа ў краіне адбыліся нейкія змены, якія не супадаюць з поглядамі і перакананнямі старога камуніста Куркевіча? Не, не! Такога не можа быць! Не можа! Яна добра ведае свайго мужа і палітыку партыі. Значыць — ілжывы данос, злы паклёп.
     Сыны Баляслаў і Карл былі засмучаны, разгублены, яны не маглі даць правільную ацэнку таго, што адбылося з іх татам. Як жа іх супакоіць, як прыдаць ім сілы, каб яны па-ранейшаму старанна вучыліся і прыкладна паводзілі сябе, не азлобіліся?
     — Нікому не верце, што ваш тата — "вораг народа", — гаварыла Кацярына Іосіфаўна сваім сынам. — ён нічога дрэннага не рабіў, ён — крышталёва чысты і сумленны чалавек, партыец 1917 года. Прымаў удзел у Кастрычніцкай рэвалюцыі, ваяваў на франтах грамадзянскай вайны супраць белякоў і контррэвалюцыянераў. А ты, Карл, ведаеш, чаму тата даў табе такое імя? У гонар першага на свеце камуніста Карла Маркса. Арышт вашага бацькі — трагічная памылка. Я ўпэўнена, што яго ў хуткім часе апраўдаюць, і ён вернецца да нас. (Сапраўды, Станіслава Іванавіча рэабілітавалі. На вялікі жаль, занадта позна).
     Баляслаў і Карл, абняўшыся, уважліва слухалі сваю маму, лавілі кожнае яе слова, а ей здавалася, што яна гаворыць непераканаўча. Не, сыны разумелі яе, верылі ёй. I ў школе ніхто не папракаў, ніхто не цураўся іх, не парываў дружбы з імі. I настаўнікі адносіліся да іх так, як і да іншых вучняў, не зніжалі ацэнак.
     Прайшло тры з палавінай гады. Баляслаў закончыў 9 класаў, Карл — сем. Нечакана на ўвесь свёт загрукатала навальніца вайны. Ужо 30 чэрвеня немцы былі каля нашага раённага цэнтра. Нязваных "гасцей" любанцы сустрэлі смяротнымі пачастункамі: у адну з аўтамашын, у якіх ехалі фашысты, паляцелі гранаты. Некалькі салдат адправіліся на той свет. Немцы адкрылі агонь з аўтаматаў, потым кінуліся на пошукі "бандытаў", але іх і след прастыў. Вестка аб дзёрзкім нападзе на гітлераўцаў імгненна абляцела ўвесь Любань. Кацярына Іосіфаўна закалацілася ад страху, яна не знаходзіла сабе месца...
     У гэты дзень, раніцай, да Куркевічаў забег Валодзя Лукоўскі. 3 ім Баляслаў сябраваў, яны вучыліся ў адным класе. Сябры аб нечым пашапталіся і сказалі: "Мы пойдзем на рэчку. Купацца". А Карл: "I я з вамі". Баляслаў — катэгарычна: "Мы пойдзем адны".
     Дадому Баляслаў вярнуўся толькі надвячоркам, і быў ён не такі, як звычайна, а сур'ёзны і маўклівы.
     Кацярына Іосіфаўна асцярожна зашаптала:
     — Сынок, ты выпадкова не чуў, хто гэта адважыўся на такі безразважны ўчынак?
     — Чаму безразважны, мама? — не сваім голасам, як здалося Кацярыне Іосіфаўне, адказаў Баляслаў.
     — А таму, што мог і сам загінуць, ці трапіць у рукі немцаў.
     — Дык жа не загінулі і не трапілі. Хлопцы ўсё зараней абдумалі, спланавалі...
     — А адкуль ты ведаеш, сынок? Кацярына Іосіфаўна спахапілася: гэтае пытанне не трэба было задаваць.
     Баляслаў прамаўчаў. А мама моцна абняла яго, цяжка ўздыхнула:
     — Слёзна прашу цябе і твайго сябра: будзьце асцярожнымі. Беражыце сябе...
     А фашысцкія акупанты лютавалі, наводзілі "новы парадак": забараняецца, не дазваляецца, абавязаны, за парушэнне — смерць... Па вуліцах Любані патрулявалі нямецкія салдаты і паліцаі — знайшліся такія, што пажадалі служыць ворагам. "Падазроных" хапалі і вялі ў камендатуру.
     Пасёлак анямеў, затаіўся, але не скарыўся, не ўпаў на калені. Людскія сэрцы напаўняліся гневам і нянавісцю да ворага. Пачалі дзейнічаць падпольныя патрыятычныя трупы. Адну з іх узначальвалі Баляслаў Куркевіч і Уладзімір Лукоўскі. У загальскіх лясах смела заявілі пра сябе першыя партызанскія атрады. I першую буйную баявую аперацыю яны правялі ў ноч з 6 на 7 лістапада: разграмілі нямецка-паліцэйскі гарнізон у гарадскім пасёлку Любань. Так была адзначана 24-я гадавіна Вялікага Кастрычніка.
     Патрыятычная група Куркевіча і Лукоўскага атрымала загад: адкрытых актаў больш не здзяйсняць, а займацца разведкай, распаўсюджваць партызанскія лістоўкі і інш. Але, як асцярожна не "працавалі" падпольшчыкі, немцы высачылі іх. А можа — хто данёс? Гэтага ніхто не ведае. 23 ліпеня 1942 года Баляслава Куркевіча і Уладзіміра Лукоўскага фашысты арыштавалі.
     Пасля допыту і катавання расстралялі ў касцюкоўскім лесе. Цяпер яны ляжаць пад адной над магільнай плітой у мемарыяльным скверы ў Любані.
     Кацярына Іосіфаўна ведала, што вораг не пакіне яе і сына ў спакоі, і яны пайшлі ў лес. Іх прыняў у сваю баявую сям'ю партызанскі атрад імя Громава брыгады імя Чкалава, якая дзейнічала ў Любанскім, Слуцкім, Старадарожскім і Старобінскім раёнах. Карл хутка асвоіўся ў новым асяроддзі і стаў паўнацэнным байцом. Разам з усімі выконваў баявыя заданні: хадзіў на чыгунку падрываць рэйкі, удзельнічаў у разгроме варожых гарнізонаў, разносіў па вёсках лістоўкі і газеты. Мама даглядала раненых, працавала на кухні.
     Летам 1944 года Чырвоная Армія пачала вялікае пераможнае наступленне ў Беларусі. Пасля вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў многія партызаны былі прызваны ў дзеючую армію. Карл Куркевіч стаў байцом-пехацінцам 515 палка 134 стралковай дывізіі. Пра тое, як ён абараняў у баях Радзіму, помсціў фашыстам за расстреляных брата Баляслава і яго сябра Валодзю Лукоўскага, сведчаць урадавыя ўзнагароды — ордэны Славы ўсіх трох ступеняў. Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі (былы Центральны архіў Міністэрства абароны СССР) прыслаў копіі ўзнагародных лістоў на яфрэйтара Куркевіча Карла Станіслававіча. Вось ў перакладзе на беларускую мову кароткае апісанне яго баявых подзвігаў.
     "Мужнасць і адвагу праявіў аўтаматчык яфрэйтар К. Куркевіч пры ўзяцці гарадоў Познань і Франкфурт-на-Одэры. Тут ішлі жорсткія баі. У прадмесці Познані рух падраздзялення затрымліваў нямецкі снайпер. Куркевіч здолеў выявіць, непрыкметна дабрацца да яго і знішчыць. 4 лютага 1945 года на подступах да Франкфурта-на-Одэры праціўнік імкнуўся спыніць наступленне 515 палка. Пра адбіцці контратак асабліва вызначыўся тав. Куркевіч — ён агнём свайго аўтамата знішчыў паўтара дзесятка фашыстаў. Прадстаўляецца да ўрадавай узнагароды — ордэна Славы 3-й ступені.
     Камандзір палка падпалкоўнік Панамарчук".
     Камандзір 134 стралковай дывізіі генерал-маёр Сцепін загадам № 30 ад 20 лютага 1945 года ўзнагародзіў яфрэйтара К.С. Куркевіча ордэнам Славы 3-й ступені.
     Баі за горад Франкфурт-на-Одэры працягваліся. I заўсёды адважна дзейнічаў яфрэйтар Куркевіч. У ноч з 25 на 26 лютага трупе аўтаматчыкаў было даручана ўзяць "языка". Куркевіч імкліва пераадолеў нейтральную зону, уварваўся ў падвал дома, знішчыў двух гітлераўцаў і двух узяў у палон.
     За гэты подзвіг камандзір палка прадставіў яго да узнагароды ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені. Але камандзір дывізіі генерал-маёр Сценін і камандзір 61 стралковага корпуса генерал-лейтэнант Грыгор'еўскі зрабілі іншае заключэнне: дастойны ордэна Славы 2-й ступені. I гэтая ўрадавая ўзнагарода была ўручана Карлу Куркевічу па загаду № 63 камандуючага 69-й арміі генерал-палкоўніка В. Калпакчы і члена Ваеннага Савета арміі генерал-маёра Шчалакоўскага ад 9 сакавіка 1945 года.
     Пасля ўзяцця Берліна камандзір 515 стралковага брандэнбургскага палка напісаў трэцяе прадстаўленне да ўрадавай узнагароды яфрэйтара Куркевіча.
     "Яфрэйтар Куркевіч Карл Станіслававіч — удзельнік фарсіравання р.Віслы ў чэрвені 1944 года і баёў на плацдарме, у прарыве нямецкай абароны ў студзені 1945 года - праяўляў адвагу ў час наступления савецкіх войскаў на заходнім беразе р.Одэр і штурму германскай сталіцы. 19 красавіка на подступах да Берліна 515 полк авалодаў вышынёй 62,0. Адбіваючы контратаку немцаў, т. Куркевіч біўся да апошняга патрона, знішчыў 18 фашысцкіх салдат. А ў баі каля населенага пункта Дэберын, 20 красавіка, ён знішчыў 13 гітлераўцаў і двух узяў у палон.
     За доблесць і мужнасць у баях за Радзіму т. Куркевіч прадстаўляецца да ўзнагароджання ордэнам Славы 1-й ступені".
     Гэта прадстаўленне падтрымалі камандзір 134 стралковай Берлінскай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава дывізіі Герой Савецкага Саюза гвардыі генерал-маёр Сценін, камандзір 61 стралковага корпуса Ге¬рой Савецкага Саюза генерал-лейтэнант Грыгор'еўскі, камандзір 69 арміі генерал-палкоўнік Калпакчы, член Ваеннага Савета арміі гвардыі генерал-маёр Шчалакоўскі.
     Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 мая 1946 года Куркевіч Карл Станіслававіч узнагароджаны ордэнам Славы 1-й ступені.
     Вайна для Куркевіча не закончылася ў Берліне: 134 стралковая дывізія была "перакінута" на Далёкі Усход. Удзельнічала ў ваеннай аперацыі супраць мілітарысцкай Японіі. Савецкая Армія хутка і ўшчэнт разбіла Квантунскую армію.
     У 1950 годзе Карл Станіслававіч Куркевіч дэмабілізаваўся і вярнуўся ў Любань, да мамы. Радаснай і адначасова журботнай была гэтая сустрэча: мама заплакала, калі яны ўспомнілі Баляслава і бацьку. Неўзабаве Карл ажаніўся на медсястры Любе Баравой, і яны ўтраіх паехалі ў Рыгу на пастаяннае месца жыхарства. Там жылі іх сваякі.
     Да выхаду на пенсію Карл Станіслававіч працаваў на тэкстыльнай фабрыцы — начальнікам цэха галаўнога прадпрыемства. I як працаваў! Яго ўзнагародзілі ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Выгадаваў двух сыноў — Ігара і Алега. Такіх жа, як сам, — працавітых, сумленных і шчырых.
     У сямейным архіве Куркевічаў захоўваецца шмат рэліквій: дакументаў, пасведчанняў, віншаванняў, пахвальных лістоў, паведамленняў, успамінаў, пісьмаў... Па іх можна ўявіць праўдзівую карціну жыцця гэ¬тай незвычайнай сям'і. Бадай самымі важнымі з'яўляюцца пасведчанні аб узнагароджанні Карла Станіслававіча ордзнамі і медалямі.
     17 чэрвеня 1959 года Кацярына Іосіфаўна атрымала даведку з Вярхоўнага Суда БССР:
     "Справа па абвінавачванню Куркевіча Станіслава Іванавіча, 1895 года нараджэння, перагледжана Вярхоўным Судом БССР 29 мая 1959 года. Прыгавор адменены па прычыне адсутнасці злачынства".
     Атрымала Кацярына Іосіфаўна і паведамленне з Мінскага абласнога камітэта Кампартыі БССР:
"Паведамляем, што ваш муж Куркевіч Станіслаў Іванавіч, член КПСС з 1917 года, партыйны білет № 0870373, рашзннем бюро Мінскага абкама КПБ ад 21 верасня 1959 года рэабілітаваны ў партыйных адносінах пасмяротна".
     Паведамленні з Вярхоўнага Суда і абкома партыі, магчыма, ачысцілі ад змрочных думак душу Кацярыны Іосіфаўны. Але ж яна і сама была цвёрда ўпэўнена, што муж невінаваты, што ён лічыў сябе камуністам і ў зняволенні. I яшчэ: рэабілітавалі яго занадта позна, і ён ніколі пра гэта не даведаецца. Станіслаў Іванавіч памёр у турме — 11 жніўня 1943 года.
     Як каштоўная рэліквія ў архіве Куркевічаў захоўваецца пісьмо Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата шасці Дзяржаўных літаратурных прэмій СССР, славутага пісьменніка Канстанціна Сіманава. У 1974 годзе ён пісаў Карлу Куркевічу: "Дарагі Карл Станіслававіч! У Маскве на Цэнтральнай студыі дакументальных фільмаў плануюць выпусціць да 30-й гадавіны Вялікай Айчыннай вайны аб'ёмны дакументальны фільм пра радавога савецкага салдата. Салдата, які вынес усю гэтую вайну на сваіх плячах, адступаючы з баямі ад граніц да Масквы і Сталінграда, а потым гнаў фашыстаў да Берліна. Хочуць паказаць у гэтым фільме і гераізм салдата, і яго воінскую працу, і яго жыццё на вайне, — наогул расказачь усё як яно было.
     Мне прапанавана быць аўтарам гэтага фільма, і я з ахвотай узяўся за работу, разумеючы, вядома, што для таго, каб яе ажыццявіць, патрэбна дапамога вельмі многіх людзей, удзельнікаў вайны, дапамога былых салдат— франтавікоў. Таму я звяртаюся да вас, Карл Станіслававіч, з просьбай адказаць, калі знойдзеце час, як можна падрабязней, на мае пытанні.
     3 павагай Канстанцін Сіманаў".
     Пытанні былі на асобных лістах. Але Карл Станіслававіч не стаў пісаць адказы, а адразу ж сам паехаў у Маскву, да Сіманава. Радавы салдат, поўны кавалер ордэна Славы і вялікі пісьменнік прагаварылі цэлы дзень. Пры гэтым прысутнічаў і кінааператар.
     Фільм атрымаў простую, але ёмістую, баявую назву — "Ішоў салдат". Тады ж прагучала і разляцелася па краіне песня "Ішоў салдат".
          Полем, вдоль берега крутого,
          Мимо хат,
          В серой шинели рядового
          Шел солдат.
          Шел солдат, преград не зная,
          Шел солдат, друзей теряя.
          Часто бывало
         Шел без привала,
         Шел вперед солдат.

     Канстанціна Сіманава ўжо няма — ён памёр у 1979 годзе. Яго прах, па завяшчанню, развеяны над Буйніцкім полем, на якім амаль цэлы месяц вялі баі з фашыстамі савецкія салдаты і магіляўчане. Сведкам і ўдзельнікам гэтых баёў быў і ваенны карэспандэнт з Масквы Сіманаў. Няма ўжо і Карла Станіслававіча Куркевіча — у 2002 годзе ён "у сваю дывізію пайшоў". Але яны будуць жыць вечна: Сіманаў — як вялікі пісьменнік, Карл Куркевіч — як герой Вялікай Айчыннай вайны.

I. МУРАВЕЙКА.
 

Да зместу

       

да Вялікай Перамогі

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©