|
Адроджаны край
Родам з дзяцінства...
Паўлаў
Уладзімір Андрэевіч (н. 25.10.1935 г. у в.
Замошша) пасля заканчэння Дарасінскай сярэдняй школы працаваў у
любанскай раённай газеце, пасля службы ў Савецкай Арміі паступіў
на аддзяленне журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у
рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», кінабюлетэня «На экранах
Беларусі», загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Мастацкая літаратура».
3 1990 г. — сакратар Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Друкавацца У. А. Паўлаў пачаў у 1954 г. Аўтар зборнікаў
паэзіі «Узлётная паласа» (1960 г.), «Далягляд» (1964 г.), «Светацені»
(1967 г.), «Начная балада» (1971 г.), «Сонца купаецца» (1976
г.), «Каласы радкоў», «Гадавое кальцо» (1986 г.). Выдаў некалькі
кніг аповесцей і апавяданняў, у 1987 г. выйшлі выбраныя творы ў
2-х тамах. Займаецца перакладам прозы з рускай і іншых моў.
...Якая мілая ты, родная сцежка, якая жаданая... Дзе бы
ні быў, кожны раз вяртаюся да цябе ў думках, а з гарадской
кватэры еду дадому. Наязджаю, завітваю... Ды і сам сабе не
схлусіш: так яно, так. I горка і крыўдна прызнацца, што гэта
так. I тады зноў узмацняецца адчуванне бы нейкай адчужанасці ці
здрады бацькавым парогу і магіле, і смокча нудота, і разумеш,
што не родная сцежка асірацела без цябе, а ты без яе.
Калі я выракуся Замошша і тых сцежак-дарожак дзяцінства,
якія вялі ў сталы розум, я тады не патрэбен і маёй вялікай
Радзіме. Пачуццё адарванасці, асірацеласці прыходзіць да
чалавека са стратай роднага. Шчаслівы той, чые ногі праз усе
жыцце памятаюць жарству роднай сцежкі, хто шкадуе, што ведае пра
яе мала...
У. А. Паўлаў
Веска — калыска дзяцінства. Там, дзе
цяпер замошскі выпас, быў лес, яшчэ ў вайну карчавалі старыя
смаловыя пні. Раней на месцы паплавоў таксама рос лес і нават
вадзіліся мядзведзі. Пра ўсё гэта расказвала маці са слоў свайго
дзеда Васіля. Васіль, па-вясковаму Яжальчук, быў чалавекам
разумным. Хадзіў ён, як і ўсе старыя, у белых портках і доўгай
саматканай кашулі, падпяразанай узорным слуцкім поясам. Некалькі
такіх паясоў, сатканых бабкай, і сёння ляжаць у куфры маці,
Яжаліхі па-вясковаму, але меў боты, якія на святах ніколі не
стыкаліся дамоў, красуючыся на нагах усіх замошскіх маладых.
Побач стаяла хаціна дзядзькі Зміцера, за вочы яго звалі
Палітруком. Не калі ён, трохі пісьменны, вучыў вясковых дзецюкоў
і дзяўчат грамаце. Потым будавалі школу-сямігодку. Разам з усімі
насіла камяні на падмурак і маці. Маці — круглая сірата. 3
дзесяці гадоў хадзіла за плугам. I бацька, ён пасвіў кароў у
суседняй вёсцы, таксама бязбацькавіч, нават прозвішчы ў іх былі
аднолькавыя. Маці наогул шчасціла на Андрэяў: і бацька, і муж, і
сын, і меншы ўнук названы гэтым добрым славянскім імем. Не ва
ўгоду модзе, а дзеля працягу радаслоўнага дрэва...
У краі ішло аднаўленне, пачалося асушэнне Мар'інскіх
балот. Цётка Кацярына, жонка дзядзькі Змітра-Палітрука, са сваім
ільном трапіла на выстаўку ў Маскву. Маці таксама стала
ўдарніцай. У трывожныя дні Вялікай Айчыннай засталася адна з
чатырма дзецьмі, бацька быў на фронце. 3 успамінаў аб вайне
застаўся падбіты нямецкі «хейнкель», дзятва, якая бегала «лавіць
парашутыстаў», яшчэ погалас: «Сем'і камуністаў і актывістаў
будуць расстрэльваць». Быць у іх ліку сям'я мела поўную падставу.
3 пачаткам акупацыі хаваліся па чужых зямлянках, схованках, але
ніхто не выдаў. У Замошшы не знайшлося ніводнага паліцая.
Пасля вайны чакалі блізкіх. Вярнуліся не ўсе. За вёскай стаіць
помнік, на ім — доўгі жалобны спіс. Бабка Кастыніха, далёкая
сваячка, мела пяцёра сыноў. Не дачакалася ніводнага. I не адна
яна...
Пасляваенная школа. Чарніла, зробленае з сажы, сшыткі з
газет, даваенныя малочныя кніжкі. Адна чытанка на 25 чалавек.
Кожны дзень насля ўрокаў былы партызан, настаўнік Іван
Трафімавіч Новік чытаў вучням кнігу. I ўжо тады хацелася
напісаць сваю кнігу — пра вяскоўцаў, пра апаленае вайной
дзяцінства. Мара гэтая адтуль, з дзяцінства... Ад маці, што
вучыла літарам, ад бацькавых франтавых быляў, ад яго жыццёвага
крэда: калі жыць ды не рабіць, то няма чаго і жыць...
ЗАМОШСКАЯ БАЛАДА
Папалена многа было ў нас фашыстам,
Скалечана шмат і пабіта людзей.
Пагібель насілася сілай нячыстай.
Не ўцеч ад яе, не схавацца нідзе.
Заместа жытла — буданы ды зямлянкі,
Дзе тыф і сухоты касілі народ.
Шукае маленькае грудзі ў мамкі,
А мамчыны косы ўжо ўмерзлі ў лёд.
Паставілі хаты. Звалілі заразу.
Каб тым, хто і зведаў, не снілася ў сне. –
У Любані кветкі растуць з таго часу
Пад кожным акном і на кожным акне.
* * *
Дошку ў штакетнік прыладжу,
Крок адступлю, азірну.
Хоць на імгненне прыгладжу
Рэдкіх наездаў віну.
Голуб вядзецца пры хаце.
Пудка ўзлятае пры мне.
Новае лета без маці
Ціхім дажджом праміне.
Цяжка на лаўку прысяду,
3 ночы ў халоднай расе.
Што гэта з мокрага саду
Мама ў прыполе нясе?
Нешта гаворыць. Не чую.
Ёй я настрэчу ўстаю.
Ды засланяе святую
Мроіва ўяву маю.
Крэкнула ў зацені вольха.
Рэха скацілася ў дол.
3 сёстраў старэйшая Вольта
Яблыкі сыпле на стол.
Тут яна сее і поле —
К дому бліжэй ёй за нас.
Воліна ўдовіна доля
З мамінай сходна якраз...
* * *
У Замошшы маім паміраюць мужчыны.
Нібы тыя дубы пасярод пажарніц,
Узмахнуўшы здаровай яшчэ верхавінай,
У камлі надламаўшыся, валяцца ніц.
У Замошшы маім паміраюць мужчыны –
Залатыя дзядзькі, дарагія сваты.
Ім праз дваццаць гадоў дзень блакадны
нішчымны
I заходзіць у тыл, і адольвае тыл.
На іх век дасталася нялёгкая ноша.
Між сабой яны чэсна дзялілі бяду.
Ды ўсё меней мужчын застаецца ў Замошшы,
Што прайшлі на франтах праз агонь і ваду.
Быццам ім забаліць, так нясуць асцярожна,
Быццам мулкія дошкі ім раны натруць.
Іх нясуць на плячах да апошняй з апошніх
Вышыні, што заўжды пасля смерці бяруць.
Ад разрываў удухай душыла іх горкай,
Іх намацвалі чэргі сваім пісягом.
I сягоння яны на зялёным пагорку,
Прыкрываючы вёску, ляжаць ланцугом.
* * *
Раптам памяці дзынкне звяно,
I абудзяцца даўнія далі.
Раз у месяц было ў нас кіно,
А пра радыё з фізікі зналі.
Змайстраваў я дэтэктар.I свет
Праз навушнікі мне адкрываўся.
На акучванні бульбы ў абед
Пад калёсы я з кнігай хаваўся.
Палівалі да чорнага дол,
Як на вуліцы йгралі музыкі.
Малады вёў абранніцу ў дом,
І рабіўся прастор без'языкі.
I спынялася сонца ўгары,
Паглядзець каб на дзею святую.
Сёння з сораму хоць ты згары
Ад таго, што я бачу і чую.
Накульгаліся ўдосталь гады
Без акрайца ў запасе, без грошай.
Параз'ехалася ў гарады
Мнагалюднае колісь Замошша.
Вырас лес, дзе стаялі кусты.
Паслабелі і ногі і рукі.
I з-за свету да хат паўпустых
Паз'язджаліся вёсчыны ўнукі.
Не саромна ім бабак нічуць.
I напэўна ж даліся ў знакі,
Бо калі надвячоркам ідуць,
Зашываюцца ў будкі сабакі.
Што было, то з вадою сплыло.
Гарнітурчык картовы даношан.
Да асфальту ты ўжо дажыло.
Як жа будзе з астатнім, Замошша?!
Уладзімір Паўлаў
Да зместу |
|