Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 
 
 

Адроджаны край

Там, дзе цячэ Арэса


     Маеўская Ніна Васільеўна (п. 4.12.1938 г. у Любані) пасля сярэдняй школы працавала піянерважатай у Соснаўскай сярэдняй школе, пасля заканчэння факультэта журналістыкі — у мінскай раённай газеце, у часопісе «Промышленность Белоруссии». Да гэтага часу адносіцца выхад з друку першага зборніка аповесцей і апавяданняў «Ляці, верабейка». Працавала ў выдавецтве «Юнацтва», дзе загадвала рэдакцыяй. У апошні час — рэдактар аддзела публіцыстыкі часопіса «Беларусь».
     Н. В. Маеўская выдала таксама кнігі «Агата» (1970 г.), «Надзеевіч» (1983 г.), «Такая позняя вясна» (1984 г.), «Холад доннай вады» (1989 г.).

Н. В. Маеўская

     Арэса... Мы ніколі не звалі яе ракою. Гэта была рэчка — невялікая і ціхая, разліўная і бруйлівая, і галоўнае — знакамітая на ўвесь свет. 3 гонарам мы любілі дэкламаваць Купалава: «А на рэчцы, на Арэсе... А над рэчкай, над Арэсай...» Мусіць, не было таго вучня, хто не атрымаў бы пяцёрку за веданне паэмы. Рэчка была нашай калыскай. Мы несвядома цягнуліся да яе мяккіх, пяшчотных хваль. Рэчка жыла ў нас саміх, яна цякла праз нас. Немаўлятамі, яшчэ ні разу не пабачыўшы яе, не акунуўшыся ў яе ласкавую, мяккую валу, не палюляўшыся на яе хвалі, ведалі, што яна ёсць. Ёсць рэчка... I як толькі станавіліся, яшчэ няўпэўнена, на ногі, імкнуліся да яе.
     Мы ўверавалі змалку, што рэчка наша незвычайная, непаўторная, чыстая, і вада ў ей мяккая, як шчолак, можна мыць бялізну і без мыла. I ўжо падросшы, навучыўшыся чытаць, прасочвалі па карце доўгі шлях ракі: Арэса — Пціч — Прыпяць — Днепр — і само Чорнае мора...
     3 гадамі, здавалася, Арэса станавілася бліжэй. Раней трэба было мінуць агароды і сады, спусціцца вузкім доўгім,завулкам уніз, нібы скаціцца з гары. Цяпер няма агародаў: на іх месцы некалькі блочных, аднолькава бляклых дамоў, ля іх чэзнуць на ўтоўчанай, што ток, пляцоўцы, марнеюць, дажываючы свой век, старыя, здзічэлыя яблыні. ашаломленыя ад шуму, гаманы дзяцей, якія віснуць, як малпы, на іх пакручаным галлі. За агародамі - кавалачак сыпкага, бы высахлы ручай, завулка. I рэчка... Яна павінна ўжо блішчэць, пералівацца на сонцы, відная адсюль, з пясчанай выспачкі. Сэрца здрыганулася — там яна блакітным шалікам ляжыць у траве... Зашчымела болем непазнавання, адчужанасці, трывогай невядомасці і хваляваннем перад сустрэчай.
     ...Рэчка нагадвае мне хворую на сухоты жанчыну, што злягла ў пасцель, адцуралася ўсяго зямнога, змірылася з лесам, накшталт маёй маці, гатовая памерці. Абалонь ракі заворана да самых берагоў, там, дзе некалі буялі травы, стаіць і горка пахне лапавухі тытунь. Сцежку пясчаную, сыпкую, зрэдку ўкрывае гусіная лапка і драсён. I колькі не прыглядаюся, у траве ля вады ніводнай незабудкі, хоць бы дзе блакітнае вочка, толькі зрэдку паблісквае казялец. Вада брудная, застаялая, да берага прыбілася бросня і твань. Рэчка быццам спынілася, застыла. Не серабрацца, бы луска рыбіны, дробныя хвалі. Яна не плыве, а паціху сунецца. Смутна і непаддзельна горычна на душы. Вунь там, ля спрадвечнага дуплістага вяза, нехта зваліў смецце са свайго двара ў кусты, проста на бераг рэчкі, ажно вада жахліва адступіла, агаліўшы карані вербніку. I старыя чаравікі, як кракадзілы, паразяўлялі пашчы, лежачы на сырым пяску. А на дне, толькі прыгледзься, на мелкаводдзі, нібы дохлая рыба, — бутэлькі... Рэчку ператварылі ў брудную сцёкавую канаву. Хто ператварыў? Ці гэтыя людзі, продкі якіх спрадвеку карміліся з ракі, лавілі рыбу, ракаў, мелі выпасы для жывёлы, ставілі на зіму, як вартавыя, стагі сена ля старыц у абалоні?.. Дзеці іх, якіх адвучылі думаць? Ці наваспечаныя гаспадары?..
     А якія лугі былі тут! Як мора...
     А каля рэчкі — колькі травы сакавітай, духмянай, не цяперашняй — чэзлы, пыльны, стаптаны драсёнчык. Паслужлівая памяць кінула мяне ў туговоглую траву пад вербалозам. I я не вачыма ведаю яе, не позіркам, не зрокам, а скураю. Помню, як шорхае па голых лытках асака, ці да ўздрыгу нечакана і балюча разане руку, як лязом, пакінуўшы шчымлівы, што доўга не гоіцца, парэз на сугібе пальца ці далоні, калі, зрываючы кветку, незнарок зачэпіш і шмаргане яе шорсткі язычок. Чамусьці помню, як казыча ён твар, забівае дыханне саладжавы пах, перамешаны з прэллю і сырасцю. А ў роце вязкая горыч, бы толькі што паспрабавала бела-ружовы корань татарскай травы, аеру. Не, горка не ад аеру, ад слёз...
Так, вось тут выплаквала я свае бязмежнае гора. Тады як бы хто падказаў мне: апаласні твар у рацэ. Я апускала далоні ў ваду, набірала яе поўныя прыгаршчы, плёхала на твар, пакуль не палягчэла. I зноўку памяць кінула мяне ніцма, горка не ад аеру, а — ад слёз. Гора мае са мною — да канца дзён незагойная рана балецьме, але гэты боль толькі мой, асабісты, і таму пра яго мушу маўчаць. Пайду адсюль хутка-хутка, каб тое гора не паўставала перада мною ва ўсіх сваіх нясцерпна балючых падра-бязнасцях. Цяпер і твару тут не апаласнуць вадою... Цяпер і ты стала болем маім — рэчка...

Ніна Маеўская
3 кнігі «Арніка»


 

Да зместу

       

да Вялікай Перамогі

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©