|
Адроджаны край
Акадэмік з Обчына
Анатоль Паўлавіч Дастанка — вядомы беларускі
вучоны, сапраўдны член Акадэміі навук Беларусь Нарадзіўся ў 1937
г. у в. Обчын. Дзяцінства яго забрала вайна, Анатоль нічым
не выдзяляўся сярод равеснікаў, вясковых хлапчукоў. Добра —
бацька вярнуўся жывым з вайны, жывы, хоць увесь паранены,
інвалід. Ён зноў сеў за рычагі трактара, працаваў у МТС, пакуль
дазваляла здароўе.
А. П. Дастанка
Сям'я Дастанкаў ведала і нястачу,
і цяжкую сялянскую працу. Падлеткам Анатоль ужо працаваў нараўне
з дарослымі ў сваёй гаспадарцы і ў калгасе. I вучыўся старанна,
сумленна... У школе—у адной з сялянскіх хат, калі марыў не пра
кавалак хлеба, а пра добрую кнігу, і потым пасля некалькіх гадоў
работы на заводзе ў радыётэхнічным інстытуце на кафедры
электравакуумнай і паўправадніковай тэхнікі, і калі ўзначальваў
аддзел электронна прамянёвай тэхналогіі мікраэлектронікі.
У 1970 г., калі ў Мінску быў адкрыты інстытут, А.
П. Дастанка, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, арганізаваў і
ўзначаліў кафедру тэхналогіі радыёэлектроннай апаратуры. Пад
кіраўніцтвам ужо прафесара
А. П. Дастанкі пастаўлены рад курсаў па фізіка-хімічных
асновах мікраэлектронікі і тэхналогіі мікрасістэм, падрыхтаваны
лабараторныя практыкумы і вучэбна метадычныя дапаможнікі
агульным аб'ёмам звыш 80 друкаваных аркушаў. Створана галіновая
навукова-даследчая лабараторыя МЭП СССР.
Анатоль Паўлавіч — адзін з найбольш буйных і вядомых
вучоных у сваёй галіне. Ім асабіста і ў сааўтарстве з іншымі
даследчыкамі апублікавана звыш 300 навуковых прац, у тым ліку
манаграфіі, падручнік, навуковыя дапаможнікі. На рахунку доктара
навук А. П. Дастанкі звыш 235 вынаходніцтваў, шмат патэнтаў. Сем
з іх куплены буйнейшымі фірмамі Японіі, ЗША, Галандыі.
А. П. Дастанка кіруе рэспубліканскай праграмай
фундаментальных даследаванняў у галіне паўправадніковай
мікраэлектронікі. Распрацаваныя ім новыя тэхналогіі, матэрыялы і
абсталяванне выкарыстоўваюцца ў вучэбнай і навуковай практыцы, у
серыйную вытворчасць укаранёны больш 80 сучасных вырабаў
мікраэлектронікі і магутных лазерных канструкцый і сістэм.
Паўправадніковыя прыборы ўжываюцца ў самых складаных і
навукаёмкіх вырабах і машынах, напрыклад на касмічным караблі
«Буран».
Сапраўдны член АН Беларусі А. П. Дастанка спалучае
навуковую дзейнасць з вялікай навукова-арганізацыйнай і
грамадзянскай работай. За заслугі ў развіцці мікраэлектронікі,
падрыхтоўку навуковых і педагагічных кадраў ён удастоены звання
«Заслужаны вынаходнік СССР», з'яўляецца лаўрэатам конкурсу АН
СССР па фундаментальных праблемах мікраэлектронікі, лауреатам
Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне навукі і тэхнікі.
У студзені 1966 г. А. П. Дастанка прызначаны старшынёй
Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь.
В. I. Карпіевіч
Да зместу |
|