|
Адроджаны край
Сын партызана
Маленства Уладзіміра Коршука было шчаслівым і
бязвоблачным. Песцілі бацькі, настаўнікі Урэцкай сярэдняй школы,
бацька — дырэктар яе, маці — настаўніца пачатковых класаў,
любілі ўсе школьнікі... Пісьменніца Алена Васілевіч у аповесці «Пачакай,
затрымайся» апісвае тыя перадваенныя гады: «Хорам дырыжыруе
Ганна Давыдаўна — жонка дырэктара школы. Яна такая тоненькая і
прыгожая, што не верыцца нават, што гэта яе трохгадовы сын бегае
па двары — тоўсты чырванашчокі Воўка. На двор яго выводзяць у
тоўстым ватовым паліто і зімовай шапцы. Воўку цяжка, горача, але
нянька няўмольная... Воўка карабкаецца на школьны ганак і доўга
грукае чаравікамі ў дзверы. Нарэшце яго начулі і ўпусцілі ў
залу. Убачыўшы маму, Воўка заліваецца магутным ровам.
— Ну, хопіць! Хопіць...— спыняе рэпетыцыю і бярэ на
рукі сына Ганна Давыдаўна. Яна цалуе яго ў ружовыя, як яблыкі,
шчокі, і Воўка сціхае»...
Усё скончылася ў адзін летні дзень 1941 г... Пачалася
вайна. Бацька Уладзіміра К. Ф. Коршук пайшоў у партызаны,
фашысты расстралялі маці, Ганну Давыдаўну... Канстанцін
Фёдаравіч забраў з сабою ў атрад сына. Калі быў вызвалены
Гомель, малалетняга партызана ў пачатку вясны 1944 г. на
самалёце разам з параненымі адправілі на вызваленую тэрыторыю.
Валодзя трапіў у Гомельскі дзіцячы дом.
У. К. Коршук
Уладзімір Коршук закончыў
гістарычны факультэт Маскоўскага універсітэта імя Ламаносава,
выкладаў гісторыю ў мінскай сярэдняй школе. Абараніў кандыдацкую,
затым доктарскую дысертацыю. У 1982 г. стаў прафесарам, цяпер
загадвае кафедрай сусветнай і айчыннай гісторыі
Белдзяржуніверсітэта.
У. К. Коршук даследуе сацыяльна-эканамічную і
палітычную гісторыю Беларусі, праблемы грамадскіх рухаў і
палітычных партый, гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Ён аўтар
шэрагу кніг, навуковых і навукова-папулярных артыкулаў, вучэбных
дапаможнікаў для студэнтаў. За апошні час пад яго кіраўніцтвам і
пры непасрэдным удзеле выданы дапаможнікі для студэнтаў: «3
гісторыі палітычных партый», «Праграмныя дакументы палітычных
партый», «Дакументы сучасных палітычных партый Беларусі»,
«Политическая история XX века». Плён навуковай дзейнасці У. К.
Коршука — больш 130 апублікаваных работ, сярод іх — «В труде
воспитывается человек», «Рост трудовой активности рабочего
класса». Ён неаднаразова ўдзельнічаў у міжнародных, саюзных і
рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях, чытаў лекцыі ў ВНУ
Манголіі. На працягу многіх гадоў з'яўляўся адказным рэдактарам
трэцяй серыі «Весніка БДУ», уваходзіць у склад рэдкалегіі «Беларускага
гістарычнага часопіса», член савета па абароне кандыдацкіх і
доктарскіх дысертацый.
В. Р. Феранц
Да зместу |
|