|
Адроджаны край
Сакрэты дарасінскіх
ганчароў
Дарасінскія ганчары славяцца сваім майстэрствам з
даўніх часоў. Тут, паблізу ад Дарасіно, у ваколіцах вёскі
Хацінава, знаходзяцца багатыя выкапні шэрай гліны, якая як
нельга лепш падыходзіць для вырабу посуду. У 80-я гады XIX ст. у
Дарасіно працавалі 12 ганчароў, якія выраблялі паліваны кухонны
і сталовы посуд, а таксама тарны, цацкі. Іх вырабы вызначаліся
прапарцыянальнасцю, ураўнаважанасцю і завершанасцю форм. Яны
спалучалі светла-чырвоны колер гліны з празрыстай або зялёнай
палівай. Посуд багата аздабляўся прамымі і хвалістымі
выціснутымі або маляванымі лініямі. Вырабляўся і чорназадымлены
посуд. Вырабы дарасінскіх майстроў карысталіся шырокім попытам.
У 1889 г., напрыклад, яны атрымалі 76 рублёў прыбытку.
Гадоў 20 — 30 таму назад керамічная вытворчасць у
Дарасіно была на мяжы знікнення. Але зацікаўленасць усіх
дарасінцаў, і ў першую чаргу кіраўнікоў мясцовага калгаса, у
адраджэнні промыслу выратавала традыцыйны ў гэтай мясцовасці
промысел. На сродкі калгаса набыты электрычныя ганчарныя кругі,
пабудаваны печы для абпальвання, створаны ўмовы для работы
ўмельцаў. Майстры, атрымаўшыя ў спадчыну ад сваіх продкаў
ганчарнае майстэрства, не перавяліся ў вёсцы. Гэта Іван Навіцкі,
Канстанцін Наумовіч, Міхаіл Хілько, Міхаіл Прышчэпа, Міхаіл
Цябус, браты Гаўрыла, Сцяпан і Міхаіл Зянькоўскія, Міхаіл
Клязовіч.
Дом народных промыслаў у в. Дарасіно
I зноў закружыўся ганчарны круг...
Паўсталі сілуэты традыцыйнай дарасінскай керамікі. Выдатнае
адчуванне майстрамі матэрыялу, валоданне імі сакрэтаў гліны
абумоўлівае тое, што сучаеную дарасінскую кераміку, як і
спрадвечную, незаменную ў побыце сялян, можна назваць сонечнай.
Пры абпальванні посуду яго колер становіцца светла-вохрыстым,
мядовым, ён нагадвае лепшыя ўзоры гэтага віду старажытнейшага
народнага промыслу.
У дарасінскай кераміцы, якая ў поўнай меры захавала
народныя традыцыі, бытавыя прадметы на дзіва разнастайныя, іх
форма заўсёды знаходзіцца ў поўнай адпаведнасці з практычным
прызначэннем: міскі для ягад — формы ўсечанага конуса, каб
зручна было чэрпаць лыжкай, гляк для алею, вады ці віна — з
вузкім горлам, шырокім ёмістым тулавам і невялікай ручкай. Для
захавання топленага сала ці масла ўжывалі посуд у форме бляшанкі,
для малака — гладыш, збан.
Для прыгатавання ежы выкарыстоўваліся гаршэчкі рознай
формы.
Традыцыі майстроў працягваюцца. Каб не загінуў промысел, у
Дарасінскай сярэдняй школе працуе гурток ганчарнай справы. Адзін
з яго выхаванцаў, Васіль Юхневіч, стаў сапраўдным майстрам. У
Любані таксама начала працаваць ганчарная майстэрня, у якой
працуе выпускнік Бабруйскага мастацкага вучылішча Міхаіл
Насановіч. 3-пад яго рук выходзяць вельмі прыгожыя, арыгінальныя
керамічныя вырабы ў традыцыйнай форме, дэкаратыўныя і практычныя.
А. А. Квіткевіч
Да зместу |
|