|
Адроджаны край
Люба... Любата. Любань!
Па народнаму паданню, так усклікнуў чалавек, які
ўпершыню пасяліўся над ракой Арэсай на месцы сённяшняй Любані.
Можна меркаваць, што ён меў на той час над ставу для гэтага:
месцы тут, відаць, былі сапраўды адметныя, па-свойму непаўторныя,
пакуль у прыроду рашуча не ўмяшаўся яе «гаспадар» — чалавек...
Любанская зямля дала свету нямала выдатных людзей.
Адзін з яе слаўных сыноў — нараджэнец в. Шыпілавічы Павел
Шпілеўскі, які пасля заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі і
Пецярбургскай духоўнай акадэміі адрокся ад духоўнага сана і
прысвяціў сваё жыццё збіранню фальклору і даследаванню духоўнай
культуры роднай зямлі. Пра сябе ён пісаў: «Па нейкай
неўсвядомленай ахвоце да вывучэння народных паданняў і казак
прыслухоўваўся да гукаў гарманічнай, пявучай беларускай мовы,
запісваў словы і апавяданні з вуснаў сялян, прабіраўся ў хаты і
клеці, знаходзіў задавальненне гутарыць за сціплым пачастункам з
сівымі дзядамі і маршчыністымі бабулькамі. Што цягнула мяне туды,
у бедныя хаты гэтых людзей? Не ведаю... Я любіў гэтых добрых
людзей, знаходзіў радасць у іх павольнай гаворцы, у іх песнях,
прыказках і прымаўках, мне весела было жыць з імі; мне не
хацелася ісці з іх хат, шкада было развітвацца з іх куткамі, дзе
я пачуў столькі дзівос і цудаў пра князёў зачараваных і княгінь
заварожаных, пра скарбы і пачвары, што іх сцерагуць, пра
казачныя падзямеллі і знахароў-чарадзеяў... Колькі новага
невядомага мне я даведаўся ў гэтым народным вучылішчы. Я жыў з
імі, рос сярод іх...»
П. Шпілеўскі меў грунтоўную адукацыю, ведаў 15 моў. Ен
заглыбіўся ў язычніцтва і міфалогію беларусаў і на канкрэтным
матэрыяле пераканаў, што беларуская фальклорная традыцыя ў сваёй
аснове мае старажытны, дахрысціянскі характар, калі ў аснове яе
бы лі найвялікшыя багі Прырода і Космас. У сваіх грунтоўных
працах «Беларускія паданні», артыкулах аб святкаванні Юр'я, «Вясельныя
абрады», «Даследаванні аб ваўкалаках на аснове беларускіх
паданняў», п'есе «Дажынкі», якую высока ацаніў М. Даўгалюбаў,
падаў добры матэрыял для вывучэння і сучаснага адраджэння
нацыянальнай культуры. Выключнае значэнне мае ў гэтым сэнсе і
грунтоўная праца «Беларусь у характэрных апісаннях і чарадзейных
казках», дзе дэталёва ахарактарызаваны паўсядзённы побыт
беларусаў, прыведзены легенды і паданні, песні, апісаны танцы,
абрады і звычаі. Цікавыя кірмашовыя песні, прыказкі, выслоўі
ёсць у нарысе «Беларускі кірмаш», калядныя — у «Калядных
вячорках». Ёсць апісанні радзін, вяселля, памінак, валачобніцтва...
Сёння гэта — каштоўнейшая крыніца матэрыялаў па культуры,
гісторыі, мове роднага краю.
13 і 14 лістапада 1993 г. Любаншчына шырока
адзначала вялікай фальклорнай вандроўкай лепшых фальклорных
калектываў з Арлёва, Рэдкавіч, Талі, Рачэні, Сарачаў, Закальнога,
Соснаў, Обчына, а таксама гасцей з Берасцейшчыны, Мінска і
Міншчыны, Польшчы 170-годдзе з дня нараджэння славутага земляка.
В. Д. Ліцвінка
Да зместу |
|