|
Адроджаны край
След на зямлі
Пасля Перамогі былы партызан, затым
чырвонаармеец Адам Клюбко вярнуўся ў родныя мясціны. Знявечаная,
апусцеўшая зямля прасіла плуга, прагла баразны... I былы воін
адразу ж узяўся за справу — яго рукі таксама даўно сумавалі па
мірнай працы.
Саўгас «Любанскі» за час акупацыі быў поўнасцю
разбураны. Асушаныя тарфянікі без догляду за гады вайны зноў
забалоціліся, канавы зараслі. Трэба было пачынаць з нуля, з
асушэння і прывядзення пасяўных плошчаў у надежны выгляд. Адам
Клюбко браўся за любую работу: араў, касіў, будаваў, ачышчаў
канавы. А калі ў гаспадарцы з'явілася тэхніка, першым сеў за
рычагі гусенічнага трактара.
Паступова саўгас набіраў сілу. У 1950 г. Клюбко
ўзначаліў звяно па вырошчванню бульбы. Звеннявы метад быў новым
напрамкам у арганізацыі работы на палях. Ініцыятарам яго ў раёне
выступіў вядомы бульбавод
Ф. М. Статкевіч, якому першаму было прысвоена званне Героя
Сацыялістычнай Працы за атрыманне высокіх ураджаяў «другога
хлеба», а Адам Клюбко працаваў побач з майстрам, быў яго
паплечнікам і вучнем.
Паступова прыходзіла майстэрства, павялічваўся ўраджай.
Пашанцавала Клюбко яшчэ і ў тым, што ў звяне яго падабраліся
добрасумленныя, старанныя хлопцы — Ілья Савенка, Іван Марозаў,
Міхаіл Лукашоў, якія працавалі самааддана і шчыра, ніколі не
лічыліся з часам і сіламі. I вынікі іх стараннай работы хутка
далі аб сабе знаць: ураджай клубняў наблізіўся да 400 цэнтнераў
з гектара, як і ў звяне
Ф. М. Статкевіча. А на наступны год — вышэйшым...
Умовы работы бульбаводаў з цягам часу пагаршаліся.
З'явіліся ворагі пасеваў, пра якіх раней і не чулі — фітафтора,
каларадскі жук. Патрабаваліся спецыяльныя меры па барацьбе з імі,
ураджай зніжаўся. На плечы бульбаводаў леглі дадатковыя клопаты,
але Адам Адамавіч, на грудзях якога ў 1966 г. з'явілася Залатая
Зорка Героя, не здаваўся. Ураджай клубняў, меншы чым 400
цэнтнераў з гектара, у яго звяне не атрымлівалі ніколі. Звенні
станавіліся комплексным, акрамя бульбы вырошчвалі і атрымлівалі
высокія ўраджаі буракоў, кармавых культур. Адам Адамавіч цвёрда,
на ўсё жыццё засвоіў галоўнае правіла земляроба: чым больш
прыкладзеш да зямлі старання і сіл, тым большым ураджаем яна
заплаціць за клопат пра сябе.
...Прайшоў час, Адам Адамавіч даўно на заслужаным
адпачынку. У саўгасе працуюць дзесяткі яго вучняў, якія
працягваюць справу ветэрана. Магчыма, цяпер не атрымліваюць
такіх высокіх ураджаяў, але прычыны таму другія, толькі не
адсутнасць старання, адданасці ў працы — таму, чаму вучыў іх
настаўнік.
Апусцела хата Адама Адамавіча ў Ямным. Возьме іншы раз у рукі
гармонік — як хораша ён калісьці іграў! — кране клавішы, і
загучыць сумная мелодыя, як успамін аб слаўным, гераічным баявым
і працоўным мінулым... Не, не дарма пражыў жыццё Адам Клюбко!
Добры след пакінуў на зямлі...
В. Р. Феранц
Да зместу |
|