|
Адроджаны край
Жыццё, аддадзенае людзям
Калгас імя БВА Ц. Я. Смірноў, адзін з першых камунараў
на Любаншчыне, узначаліў у пачатку 50-х гадоў. Хоць ён быў не
мясцовым, але, пражыўшы тут з пачатку асушэння балот, з 1929
года, добра ведаў і людзей, і раён, і гэтую гаспадарку. У камуне
яшчэ ўсюды былі відны сляды нядаўняй вайны, але гаспадарка
ўздымалася, шпаркімі тэмпамі набірала сілу, ішла на ўздым. Адной
з першых у раёне дала электрычнасць калгасная электрастанцыя.
— Без яе чаго б мы дабіліся? — гаварыў Ц. Я. Смірноў.—
А нам электраэнергія патрэбна, як паветра, без яе пеньказавод не
пусціш. Хоць прымітыўная станцыя, але дае ток...
Цімафей Ягоравіч планаваў усё з размахам, з
перспектывай. Вось пеньказавод, каб уласную сыравіну
перапрацоўваць, задумаў пабудаваць — зручна, не трэба нікуды
везці лён і каноплі, выгадна.
— Сёння ўся эканоміка калгаса трымаецца на каноплях. Самі іх
вырошчваем, самі мочым і сушым, трэплем. I здаём гатовую
пяньку-валакно. Калгасу даход, і калгаснікі задаволены, заробак
ёсць...
А на асушаных тарфяніках каноплі раслі — шапка з галавы
валілася! Калісьці выбраць іх, асобна матачнікі, плюсну,
вымачыць, апрацаваць — на ўсю зіму вясковым жанчынам было
работы, што не прадыхнуць, цяжкай, знясільваючай. А ў калгасе
імя БВА ўжо тады, у 50-х, была перадавая на той час тэхналогія.
А планы — яшчэ большыя, захапляючыя.
Не з адных канапель жыў калгас. Сеялі і атрымлівалі
высокія ўраджаі зерневых і бабовых, раслі надоі малака, прывагі
жывёлы. Усё было прадугледжана, разлічана, спланавана — быў рост
эканомікі гаспадаркі, былі перспектывы.
Дванаццаць гадоў кіраваў калгасам Ц. Я. Смірноў. Адышла
патрэбнасць у каноплях — на другія справы пераключыўся. Калі
старэйшыя калгаснікі Еўдакія Адзярыха, Адам Кур'ян, Уладзімір
Дубовік, Апанас Абраменка ды і ўсе іншыя ўспамінаюць сваю
маладосць, таварышаў — камунараў Эмануіла Модзіна, Цімафея
Анісімава, Фёдара Коўрыка, заўсёды з вялікай павагай гавораць аб
Цімафею Смірнову:
— Добры быў чалавек, разумная галава.
Ён у поўнай меры заслужыў такую ацэнку вяскоўцаў.
Прайшоў тры вайны, усе сілы і здароўе аддаваў справе жыцця —
сельскай гаспадарцы, быў удастоены пяці баявых і працоўных
ордэнаў, высокага звання Героя Сацыялістычнай Працы, а ўсё
здавалася патрыярху — мала зрабіў, мала паспеў...
М. I. Шыбаліс
Да зместу |
|