|
Пасялковыя будні
Васілевіч Алена Сямёнаўна (н.
22.12.1922 г.) — беларуская пісьменніца, аўтар звыш 20 кніг.
Найбольш значны твор — трылогія «Пачакай, затрымайся», за якую
А. С. Васілевіч у 1976 г. удастоена звання лаўрэата Дзяржаўнай
прэміі БССР. Многія старонкі трылогіі прысвечаны жыццю сялян на
Любаншчыне ў 80-я гады, дзе будучая пісьменніца жыла і
выхоўвалася ў сваякоў, застаўшыся без бацькоў.
А. С. Васілевіч — заслужаны работнік куль туры Беларусі.
Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», медалямі.
...Старшыня калгаса Тодар Ясеў вельмі любіць склікаць
сходы. Любіць весці іх урачыста, глыбакадумна, асабліва пакуль
чытае павестку дня. А ў той павестцы пытанняў кожны раз мо
сто... Тодару, высокаму дзядзьку з рыжаватымі вусамі і тонкім
голасам, гадоў за сорак пяць. Да калгаса ён ніколі нічым
асаблівым не выдзяляўся. I старшынёй калгаса стаў толькі таму,
што ніхто не адважыўся згадзіцца быць за старшыню. А Тодар
адважыўся і ахвотна стаў старшынёй. I цяпер на кожным кроку
любіць паказаць сваю старшынскую ўладу.
Сходы заўсёды збіраліся ў дзядзькі Мікалаевай
«зале», і Тодар, узброіўшы нос акулярамі і аднёсшы на выцягнутую
руку «павестку дня», паграбуе ад сходу:
— Першае нытанне павесткі: веснавая пасяўная
кампанія... Хто — за, прашу галасаваць! Хто супраць?.. Адзін,
два... Значыць, супраць пасяўной, супраць палітыкі савецкай
улады — два галасы. Так і запішам... Пішы, Міхал, у пратакол, —
гаворыць Тодар сакратару сходу Мішу Няронскаму. — Галасавалі
супраць пасяўной кампаніі Васіль Гурновіч і Аляксандра Гурновіч.
— Ды ты што, чалавеча, звар'яцеў, ці што?.. Як гэта я супраць
савецкай улады... — аж падскоквае на месцы хітры жвавы Васіль
Гурновіч. Без яго не абыходзілася ні адна навіна на засценку:
першы ўсё пачуе, дзе б што ні адбылося, і разнясе па ўсіх хатах
ды яшчэ дадасць кораб. — Што мне дрэннага зрабіла ўлада, я мо
спазніўся апусціць руку «за»!
У наступны раз не будзеш пазніцца, — як прысуд,
выносіць Тодар. — Аляксандру Гурновіч таксама запішы... Яна
таксама галасавала супраць пасяўной кампаніі, — ківае ён у бок
Ларыёніхі.
— Цьфу, цьфу на твой пратакол і на тваю кампанію!
— махае доўгімі, як граблі, рукамі на старшыню Ларыёніха. — Я і
без твае кампаніі ведаю, што на Доўгіх Нівах пара сеяць авёс, а
ты на гэтых сваіх дурных сходах толькі марнуеш людзей. Гэта цябе,
Тодарка, хоць ты цяпер і вельмі вялікага начальніка з сябе
строіш, трэба было б запісаць супраць улады, што не дбаеш пра
гаспадарку...
— Аляксандра Гурновіч! Пазбаўляю цябе права голасу! —
уладна крычыць на Ларыёніху з прэзідыума Тодар.
— На чорта мне твой голас! Сам вунь ужо зусім асіп!
— У мяне ёсць пытанне, — узнімаецца рука ў пярэднім радзе. —
А чаму гэта ў нашым калгасе ніводзін кулак дагэтуль не
раскулачаны? — устае з месца Надзя Сцёпіха — жонка роднага брата
цёткі Фядоры. — Чаму ў нас дагэтуль усё яшчэ ёсць кулацкія
элементы?
— Н-ну... Чаму...— Што адказаць на гэта пытанне, старшыня
калгаса не ведаў.
Сапраўды, дасюль у Зялёнай Дуброве не быў раскулачаны ніводзін
кулак... Толькі чорт яго ведае, хто тут быў гэтым кулаком? Сам
ён, старшыня калгаса, некалі пры нэпе таксама ж спрабаваў
гандляваць кабанамі. Дык што — і ён кулак? I яго цяпер высылаць?
— Бо не было ў нас кулакоў... Злосных!
— А тыя, у каго былі свае машыны і быў дадатковы прыбытак? —
Сцёпіха не збіралася садзіцца.
— А ў каго яны, тыя машыны з прыбыткам?
— А ў Мікалая Гурновіча — ваўначоска?
— Дык Мікалай жа твая радня! — зарагатаў нехта ззаду.
— У мяне няма радні кулакоў, — задаволеная сабой, села на сваё
месца Сцёпіха.
— Мікалай здаў ваўначоску ў калгас, дык як жа мы можам лічыць яго
кулаком...— Старшыні калгаса хацелася быць актывістам, але каб
вось так кулачыць людзей немаведама за што — гэтага ён зусім не
хацеў.— Як мяркуе сход...
— Які ж ён кулак! Ён жа на калгас, як вол, робіць дзень і ноч.
А калі каму хочацца яго ўкусіць, дык няхай лепей з сабакамі
кусаецца! — не стрымалася, падскочыла Фядора.
— Ага, абазвалася, кулачка!
Надзі Сцёпіхі баяўся ўвесь засценак. Мусіць, не было
таго чалавека, на каго б яна не пісала ў сельсавет заявы. У таго
былі наймічкі (у жніво дні на два ці на тры прыходзілі памагчы
сваякі з другога засценка), у другога свінні парылі поплаў,
трэці вянглярню вэндзіць каўбасы паставіў блізка каля суседскага
хлява, дык хацеў спаліць засценак... У Сцёпіхі ўсе кругом,
апрача яе самой, былі ворагі. Яна нават, калі і ехала са Слуцка
паўз матчыну хату, дык ніколі не заходзіла ў хату даведацца
мацеры, што хворая ляжала ў ложку ўжо некалькі год. Яна толькі
падыходзіла да акна і стукала пугаўём у шыбу:
— Што, яшчэ старая ведзьма не здохла?
Цяпер Сцёпісе хацелася ўсіх раскулачваць і ссылаць: на
Салаўкі, у Мурманск, у Сібір... Хацелася нарэшце разлічыцца за
ўсё з гаспадаровай сястрою Фядораю. Абедзьве, як восы, яны
пасварыліся яшчэ на Сцёпішыным вяселлі. I вось з таго часу
Сцёпіха не прамінала ніводнага выпадку, каб не зрабіць брацісе
пакасці. Больш зручнага часу, як цяперашні, дачакацца было цяжка.
Так ішоў сход...
Была ўжо агульная зямля, і коні былі агульныя, і
насенны фонд, засыпаны адразу пры арганізацыі калгаса, таксама
быў агульны. Душа толькі, усё як быццам па спрадвечнай звычцы,
заставалася аднаасобнай.
Дзядзька Мікалай вечарам скардзіўся дома:
— Сею аўсом Адамаў загон, а самога цягне на свой, усё ніяк не
зміруся, што Ігналь засеяў яго не так, як бы сам я засяваў.
Ведаю, што ўсё роўна пойдзе пад адзін серп, у адзін засек, а не
магу змірыцца: Ігналь век сеяў рэдка, заўсёды ў яго была
няспорная жменя...
— Чорт іх бяры з іх сяўбой! Гаспадары... Надумаліся дзе
буракі сеяць — у Заграддзі, на балоце. Там яны ад асоту
захлынуцца. Але ж не, ён, бач, гаспадар, ён камандуе!
— Дык няхай бы ж вы, бабы, самі яму сказалі...
— Каму ты скажаш! Тадарэц, старшыня —камандуе адно, Адам —
брыгадзір загадвае другое... А я, ці другая, ці трэцяя, пойдзем
з імі сварыцца? Паможа гэта? Згарэце вы гарам з вашымі буракамі
і з вашым калгасам!
— Дык як жа тая гаспадарка пойдзе, калі ніхто не будзе
ўмешвацца...
— А табе аднаму вельмі баліць за ўсіх!
А як жа не баліць, калі дабро і працу людскую марнаваць
дарэмна... Тодара на кожным кроку трэба папраўляць, бо ён і
сваёй гаспадарцы не вельмі ўмеў даць рады.
— Дык чаго ж лез гэтак у старшыні?
— Бо ніхто ж іншы не лез.
— Набудуюць яны тыя калгасы, калі цяпер кожны Тодар
палезе ў начальнікі...
Мікалай маўчаў. Што было пярэчыць? У жаночай злосці было
нямала і праўды. Толькі як не кажы — крычаць і здавацца заўсёды
лягчэй, чым рабіць...
А назаўтра пад вечар з'явіўся настаўнік, вярнуліся з Урэчча
фурманкі са школьнымі партамі і ўсякім іншым школьным набыткам і
абсталяваннем. Парты былі высачэзныя, цяжкія, на тры чалавекі, з
фарбаванымі жоўтымі лаўкамі і чорнымі вечкамі. За гэтымі партамі
адседзела, відно было, ужо не адно вучнёўскае пакаленне. Вечкі
парт зверху і знізу былі зрэзаны нажамі, намаляваны і спісаны
самымі фантастычнымі малюнкамі і надпісамі. На тым месцы, дзе
сядзела Ганька, было выразана нажом і зафарбавана чырвоным
чарнілам пранізанае наскрозь стралою сэрца, накшталт чырвонага
туза. Пад сэрцам быў надпіс: «Маня плюс Коля раўно любоў...»
Цяпер у сваёй школе па суседству з Ганькай сядзела Анютка
Корбутава. Вечка Анютчынае парты крыкам крычала (надпіс ужо
сінім чарнілам): «Віцька дурань!..» Грышка Адамаў таксама
вычытаў на сваёй парце: «Глядзіш у кнігу — бачыш фігу». Адным
словам, наконт прывезеных з Урэчча парт не было ніякага сумнення:
за свой немалы век яны і вучылі нямала, і самі вучыліся не менш...
Цяпер за іх села, можна сказаць, уся Зялёная Дуброва. I не
толькі адна Дуброва. У новую школу прыйшлі дзеці яшчэ і з Таліц,
і з Борак.
I не толькі дзеці. Дзеці вучыліся днём — усе тры групы
адразу ў адным вялікім пакоі: тры парты першай групы, тры
другой, дзве трэцяй. А яшчэ двое першакласнікаў сядзела за
настаўнікавым сталом, 6о ім не хапіла парты. На ранейшай кухні
стаяў яшчэ адзін стол, на якім ляжалі ўсе настаўнікавы кнігі і
прылады, там была шафа, стаяў на табурэтцы замкнёны на замок
бачок з гатаванай вадой і конаўка. Піць сырую ваду настаўнік
забараняў, казаў, што ў ёй ёсць мікробы, ад якіх можна захварэць
і нават памерці... Тут жа, на кухні, вісела вешалка для верхняй
адзежы, якую вучні скідалі, як толькі прыходзілі ў школу.
Прыбірала школу, паліла печы і мыла падлогу маці Корбутавае
Анюткі. У Анюткі жыў на кватэры і настаўнік; Яна яго вельмі
баялася і дома саромелася нават з ім гаварыць. Настаўнік
сталаваўся ў Корбутавых і жыў у «новай» хаце. Спаў ён на тым
ложку, над якім вісеў леў з закручаным абаранкам хвастом і
сядзела красуня са спушчанымі нагамі ў возера, дзе плавалі
лебедзі...
Вечарам у школе вучыўся лікбез. Дасюль ніхто ніколі не
чуў гэтага слова, ніхто ведаць не ведаў, што ён азначае гэты
самы лікбез. А новы настаўнік прымусіў на яго хадзіць амаль усіх
дарослых — мала што хлопцаў і дзяўчат, дык яшчэ жанок і мужчын,
каторыя маладзейшыя. Аказваецца, лікбезам звалася ліквідацыя
непісьменнасці як класа.
Хлопцы і дзяўчаты пайшлі адразу нават ахвотна: ці не
лепш пажартаваць і пасмяяцца ў школе, чым сядзець і цэлы вечар
слініць дома кудзелю ці нейкія там путы віць або глядзець, як
бацька нейкі гнілы бот рамантуе.
I дзяўчаты, і хлопцы ішлі на лікбез. Настаўнік загадваў
кожнаму, як і належыць вучням, мець падручнікі і сшыткі. Ён сам
раздаў ім гэтыя падручнікі і сшыткі. Але хто гэта з іх —
дарослых хлопцаў і дзяўчат — згадзіўся б лічыць сябе за малога,
каб насіць яшчэ ў школу ручкі з чарнілам ды мо яшчэ пісаць па
лінейках...
Алена Васілевіч 3 кнігі «Доля знойдзе цябе»
Да зместу |
|