|
Янка Купала ў камунараў
Было гэта ў канцы красавіка 1932 года. Мы збіраліся
праводзіць мітынг у адной з брыгад, якая першай закончыла сяўбу.
Раптам званок з ЦК партыі. Паведамілі, што да нас едзе Янка
Купала. Я ўзяў грузавую машыну, сеў за руль і паехаў сустракаць
паэта на станцыю Урэчча. Адразу пазнаў Купалу. Падыходжу,
называюся. «Дык вы Модзін? — пытаецца. — Мне пра вас гаварылі...»
Селі ў кабіну, едзем, а Купала ўсё распытвае — як
камуна стваралася, як жывецца і працуецца камунарам. Пажыў ён у
нас тыдні два. Я распарадзіўся даць Івану Дамінікавічу каня з
калёсамі, каб ён змог ездзіць па гаспадарцы. 3 людзьмі паэт
сыходзіўся вельмі хутка. Глядзіш — вакол яго купка камунараў, аб
нечым гамоняць, смяюцца. Выступіў ён і на мітынгу ў гонар
брыгады-пераможцы.
Калі ад'язджаў Купала, я пацікавіўся, якое ўражанне
зрабіла на яго камуна. Іван Дамінікавіч адказаў, што ўбачыў
новае жыццё на Палессі. Пасля яго ад'езду прайшло, здаецца,
зусім нямнога часу, калі аднойчы, разгарнуўшы «Звязду», убачыў
вершы «Над ракой Арэсай», а над імі прозвішча Купалы. Учытаўся —
далібог, пра нас. А потым і прозвішча сваё ўбачыў... Чытаў і
дзівіўся, што Купала пра нас ведае больш, чым мы самі пра сябе.
Э. Н. Модзін
Да зместу |
|