|
За здароўе народа
У пачатку 20-х гадоў, адразу пасля вызвалення ад
польскіх акупантаў, у м. Любань была адкрыта бальніца на 10
ложкаў, дзе працавалі ўрачы Чадовіч і Козак. У 1924 г. пасля
арганізацыі Любанскага раёна пры райвыканкоме была створана
санітарная камісія, якая ўзначаліла работу медыцынскіх устаноў —
медыцынскую амбулаторыю ў Любані і два фельчарскія пункты. У
1925 г. у райцэнтры адкрыта раённая бальніца на 16 ложкаў,
пабудаваны лячэбны корпус. У 1925 — 1927 гг. прыняло першых
хворых хірургічнае аддзяленне, узначаліў яго хірург Марголін.
У 1929 г. райвыканком прыняў рашэнне аб будаўніцтве
новага памяшкання для раённай бальніцы. У в. Асавец была
разабрана незакончаная царква і пабудавана бальніца. За кошт
сродкаў самаабкладання ўзведзены памяшканні для фельчарскіх
пунктаў у в. Нежын і Рачэнь. У раёне налічваліся чатыры
медыцынскія ўстановы, у якіх працавалі 4 урачы, 5 фельчараў і 3
акушэркі.
У сувязі з асушэннем балот у канцы 20-х гадоў пачаўся
небывалы прыток насельніцтва ў Любанскі раён. Гэта прывяло да
ўзнікнення эпідэмій. У 1932 г. успыхнуў сыпны тыф, у 1934 г. —
дызентэрыя. Раённыя органы ўлады яшчэ больш увагі надавалі ахове
здароўя людзей. Была створана санітарная інспекцыя, у пасёлку
Сосны здадзена ў эксплуатацыю новае памяшканне бальніцы.
Пабудаваны корпус для інфекцыйных хворых у Любанскай раённай
бальніцы, якім загадваў Гос. У першай палове 30-х гадоў таксама
пабудаваны бальніцы на 130 ложкаў у в. Рачэнь, Калінаўка,
Барыкоў, Урэчча, фельчарскія пункты ў в. Асавец, Юшкавічы,
Турок, Рэдкавічы, Ямінск, Загалле, Дарасіно. Працавалі аптэкі' ў
м. Любань, ва Урэччы і Барыкове.
У 1937 г. на патрэбы медыцыны раёна было асігнавана 15
тыс. руб., частка з іх выкарыстана на будаўніцтва радзільных
дамоў у в. Ямінск, Рачэнь, Турок, Асавец, Гарадзяцічы, Нежын,
Загалле. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў раёне было 6
бальніц, 7 фельчарскіх пунктаў, 3 аптэкі, 5 аптэчных пунктаў.
У 30-я гады значна павялічылася колькасць
кваліфікаваных медыцынскіх кадраў. Загадчыкам раённай бальніцы
працаваў Козак, у ёй працавалі тры ўрачы — В.I.Чадовіч (тэрапеўт,
з 1932 г. загадчык Соснаўскай участковай бальніцы), Марголін (хірург),
Рубінштэйн (стаматолаг), два фельчары —Ізбраеў і Шаплыка, дзве
акушэркі, чатыры медыцынскія сястры. Загадчыкам Соснаўскай
участковай бальніцы працаваў Пляшкевіч, фельчарам — Захарык П.
Я., загадчыкам Рачэнскай бальніцы быў Ясінскі, фельчарам —Шпіленя.
А. В. Сіманава
Да зместу |
|