|
Даследчык роднага краю
Аляксандр Іосіфавіч Крукоўскі — вучоны, нястомны
даследчык роднага краю, этнограф і гісторык. Нарадзіўся 23
лютага 1901 г. у в. Загалле ў мнагадзетнай сялянскай сям'і.
Пачатковую адукацыю атрымаў у Загальскай царкоўнапрыходскай
школе, потым паступіў у Слуцкую духоўную семінарыю. Аляксандр
Крукоўскі скончыў яе на выдатна, але царкоўным служыцелем не
стаў, ён марыў працаваць на асветніцкай ніве. А. I. Крукоўскі
настаўнічаў у сваёй вёсцы, потым вучыўся на курсах
беларусазнаўства ў Мінску. У Мазыры выкладаў беларускую мову і
літаратуру, працаваў у акруговым аддзеле народнай асветы. Ён быў
адным з найбольш актыўных ініцыятараў разгортвання краязнаўчага
руху на Мазыршчыне. На працягу некалькіх гадоў узначальваў
праўленне акруговага таварыства краязнаўства, якое было лепшым у
рэспубліцы. Таварыства налічвала 39 мясцовых краязнаўчых
аб'яднанняў, у якіх было звыш 1100 членаў.
А. I. Крукоўскі
Вялікую ўвагу А. I. Крукоўскі ўдзяляў
збіранню вуснай народнай творчасці і матэрыялаў для
геаграфічнага і дыялектычнага слоўнікаў. Гэтая работа пачалася ў
канцы 1926 г. А. Крукоўскі склаў інструкцыю да збірання
матэрыялаў для геаграфічнага слоўніка «Мазыршчына», якая была
разаслана ва ўсе раённыя краязнаўчыя таварыствы. Слоўнік павінен
быў зафіксаваць і даць поўнае апісанне ўсіх паселішчаў на
тэрыторыі акругі, урочышч, узгоркаў, нізін, рэк, азёр, сажалак,
майстэрань, лесапільняў, помнікаў і г. д.
Праўленне таварыства атрымала 320 апрацаваных у
адпаведнасці з інструкцыяй картак, праз год — яшчэ 362.
Яшчэ больш масавы характар набыло збіранне матэрыялаў
для дыялектычнага слоўніка. Да канца 1927 г. праўленне
таварыства мела картатэку, у якую было ўнесена 20 135 дыялектных
слоў. А. I. Крукоўскі прыступіў да складання, і ў лістападзе
1928 г. Мазырскі слоўнік на 10 тысяч слоў паступіў у Слоўнікавую
камісію Інстытута беларускай культуры. Друкаванне яго было
адкладзена, а рукапіс загінуў у час вайны.
У чэрвені 1930 г. А. I. Крукоўскі быў пераведзены ў
Мінск на пасаду намесніка дырэктара Інстытута геалогіі і
гідрагеалогіі АН БССР, займаўся даследаваннем прыродных рэсурсаў
Беларусі, пераважна Прыпяцкага Палесся. Вынікам гэтай дзейнасці
з'явіўся шэраг навуковых прац і краязнаўчых артыкулаў — «Жалезная
руда на Мазыршчыне», «Карысныя выкапні», «Вапняковыя пароды
Мазыршчыны», «Горад Мазыр і яго ваколіцы», «Тураў і яго ваколіцы»
і іншыя. У 1935 г. А. I. Крукоўскі працаваў дырэктарам Інстытута
геалогіі і гідрагеалогіі, затым інжынерам-кансультантам ва
Упраўленні воднай гаспадаркі БССР. 3 1937 г. — ён
геолаг-разведчык на будаўніцтве чыгункі ў Бурат-Манголіі.
Памёр А.I.Крукоўскі 2 жніўня 1945 г.
В. I. Карпіееіч
Да зместу |
|