|
Без віны вінаваты
У ваколіцах в. Калінаўка і цяпер ёсць урочышча
Паторская паляна — на пачатку веку пры раздзеле зямлі паміж
сынамі дзед выдзеліў тут зямлю майму бацьку, Аляксандру
Паторскаму, каля паўтара гектара ворыва і 2 гектары сенажаці.
Зусім нямнога для нашай сям'і з шасці душ. Бацька ў дзяцінстве
пасвіў чужых кароў, а зімой на заробленыя грошы мог вучыцца ў
царкоўна-прыходскай школе ў Загаллі, нядрэнна ведаў грамату.
Таму калі падрос, змог працаваць настаўнікам па найму ў больш
заможных сялянскіх сем'ях — дарэктарам. Вучыліся дзеці ў хатах
вёскі, па чарзе — па тыдню, настаўніка і кармілі ў той хаце, дзе
ішлі заняткі. Зямлі было мала, і бацька ў 1923 г. наняўся на
работу ў лясніцтва. Купіў ружжо — выдатную двухстволку, і
паляўнічага сабаку — вельмі дарагога, за такія грошы можна было
на той час набыць карову. Вяскоўцы дзіваваліся: «Паторскі з
глузду з'ехаў, замест каровы купіў сабаку»... Але ганчак не раз
акупіў сябе, столькі дзічыны прыносіў штодзень — а вадзілася яе
тады вельмі многа, як і рыбы ў Арэсе, — што мы ніколі не
адчувалі патрэбы ў мясе. Леснікі атрымлівалі вельмі малую плату,
жылі, як і сяляне, у асноўным з зямлі. Але турбот і адказнасці —
даволі. Нарыхтоўвалі насенне сасны — у гэтай рабоце прымалі
ўдзел і мы, дзеці, збіралі шышкі, сушылі і вылушчвалі іх,
высявалі ў выдзеленых месцах і праз год высаджвалі маленькія
сасонкі ў лесе. Высаджвалі таксама лазу для затрымання пяскоў і
круч. Бацька быў «ударнікам I пяцігодкі», памятаю ганаровы знак
ударніка: на фоне «пяцёркі» буйна выдзялялася, выступала лічба 4
— значыць, пяцігодку за чатыры гады.
Галоўная турбота леснікоў ва ўсе часы — барацьба з
браканьерамі, самавольнымі парубшчыкамі. Бацька добра ведаў лес,
да парушальнікаў ставіўся памяркоўна, спагадліва, бедную ўдаву,
гарамыку або хто ссек дрэва акуратна, па-гаспадарску, не караў,
а калі ўчыняў глум у лесе — ніколі не дараваў. У лясной
гаспадарцы быў парадак. Кожнае страявое дрэва знаходзілася на
ўліку, вымерана таўшчыня і занесена ў спецыяльны рэестр. Гэта
была работа!.. А зімовымі вечарамі ў нашай хаце збіралася
моладзь на вячоркі, хоць бацька быў ужо не маладзён, трое дзяцей
абселі. Любілі яго, давяралі — ён быў лагодны, разумны,
памяркоўны... Як сёння бачу — у хаце поўна хлопцаў і дзяўчат.
Прадуць ці плятуць з нітак рукавіцы, хлопцы больш дурэюць,
перашкаджаюць працаваць дзяўчатам, а то возьмуцца гнуць дугі для
коней ці абручы — тут патрабуецца сіла і спрыт, якраз можна
паказаць сябе перад дзяўчатамі. Трашчыць лучына, уваткнутая ў
сцяну, вугельчыкі з шыпеннем падаюць у спецыяльна падстаўленае
вядро... Мы, дзеці, звычайна засыналі на печы пад тлум і гоман,
не дачакаўшыся канца тых вячорак.
Усёй сваёй сям'ёй мы нарыхтоўвалі сена, сеялі і ўбіралі
ўраджай, збіралі і складвалі дровы на высечаных або згарэўшых
дзялянках. Работы хапала ўсім, шчыравалі сумленна, сябе не
шкадавалі, таму і жылі не так бедна, як многія незаможнікі, а
калі арганізаваліся калгасы, то і ўсе сяляне. Зразумела, што
зайздроснікам і нядобразычліўцам бацька не падабаўся, некаторыя
вяскоўцы за злоснае браканьерства былі пакараны, аштрафаваны.
Знайшліся несумленныя, нядобрыя людзі, якія выкарысталі
магчымасці сталінскага беззаконня. У 1937 г. з'явіліся на вёсцы
першыя «чорныя варанкі». У той год з Калінаўкі забралі 12
чалавек, у тым ліку і бацьку. Быў нейкі суд, «скоры і няправы»,
бацьку далі сем гадоў. Пакаранне адбываў у Заходняй Беларусі на
будаўніцтве абарончых рубяжоў. 3 пачаткам вайны арыштантаў
перавялі на такія ж работы каля г. Ржэў Калінінскай вобл. Там у
час налёту варожай авіяцыі, як стала потым вядома, бацька і
загінуў.
У час вайны я быў у партызанскай брыгадзе № 25 імя
Панамарэнкі. Там я сустрэў бацькавага знаёмага з суседняй вёскі
Загалле, яны разам былі ў турме. I той расказаў: «Калі нас
эвакуіравалі з Заходняй Беларусі, мы праходзілі праз Старыя
Дарогі. Зусім блізка род ная вёска. З'явілася магчымасць збегчы.
Але бацька адмовіўся — нельга так, гаварыў ён, гэта непарадак,
ды і сям'я вялікая, можа пацярпець... А я пайшоў на рызыку, збег.
I вось — б'ю гадаў»...
А. М. Паторскі (справа ўверсе) з аднавяскоўцамі
Усе мае браты ў вайну партызанілі, Мікалай і Сяргей
былі разведчыкамі, я — радавым байцом. Ніколі мы не адчувалі
крыўды на сваю савецкую ўладу, якая так жорстка абышлася з
бацькам. Браты былі камуністамі. Сяргей пасля вайны доўгі час
працаваў сакратаром Любанскага райвыканкома, я ўсё жыццё
працаваў настаўнікам у Любані. Такімі выраслі сыны «ворага
народа»...
...Тое ружжо пры арышце бацькі разам з іншымі рэчамі
канфіскавалі. У архівах КДБ захаваліся адпаведныя дакументы аб
акце канфіскацыі. Людзі знікалі бясследна, а даведкі бераглі.
Запомнілася, што сярод канфіскаванай маёмасці быў срэбны рубель
выпуску 1924 г. і яшчэ адно, простае і таннае ружжо. I вось
пасля рэабілітацыі бацькі ў 1958 г. рубель вярнулі, а за ружжо —
другое, простае, заплацілі нейкія капейкі па тых грашах. Маўляў,
бацька не меў права мець два ружжы...
А. А. Паторскі
Да зместу |
|