|
Герой з Лапачова Брода
У гэтыя дні шэсцьдзесят дзевяць год назад разгортваліся
жорсткія баі савецка-фінляндскай вайны. Вайны, якая дала Любаншчыне
Героя Савецкага Саюза Паўла Раманавіча Алейнікава.
Нарадзіўся Павел Алейнікаў у 1917-м у вёсцы Лапачоў
Брод у беднай сялянскай сям’і. У савецкі час закончыў сямігодку,
працаваў у мясцовым калгасе. У 1937-м хлопца прызвалі ў Чырвоную
Армію. Пасля вучобы ў школе малодшых камандзіраў яго ў званні
сяржанта накіравалі ў 541-ы стралковы полк. Неўзабаве гэты полк
увайшоў у склад 136-й стралковай дывізіі, якая фарміравалася ў
верасні 1939-га ў Маскоўскай ваеннай акрузе. У кастрычніку дывізію
перакінулі на граніцу з Прыбалтыкай, а ўжо там 136-я атрымала загад
адправіцца на фронт — у самае пекла савецка-фінляндскай вайны.
Існуе думка, што Сталін планаваў у выніку гэтай вайны (яе
яшчэ называюць “зімовай”) уключыць Фінляндыю, якая згодна з
сакрэтным дадатковым пратаколам да Дагавора аб ненападзенні паміж
Германіяй і Савецкім Саюзам з’яўлялася сферай інтарэсаў Савецкай
дзяржавы, у склад СССР. Баявыя дзеянні вяліся на двух асноўных
напрамках — на Карэльскім перашыйку, дзе належала прарваць “лінію
Манергейма” ў напрамку на Выбарг, і на поўнач ад Ладажскага возера,
каб не дапусціць контрудараў і магчымай высадкі дэсантаў заходніх
саюзнікаў Фінляндыі з боку Баранцава мора.
Вось туды, на прарыў “лініі Манергейма”, і кінулі
дывізію (яна ўлілася ў склад 7-й арміі), у якой служыў Павел
Алейнікаў. Тая лінія, узведзеная на сродкі Англіі, Францыі, Швецыі,
Германіі і ЗША і пад кіраўніцтвам спецыялістаў з гэтых краін,
уяўляла сабой тры паласы ўмацаванняў даўжынёй амаль паўтары сотні
кіламетраў і глыбінёй да дзевяноста: звыш трохсот драўляна-земляных,
жалезабетонных і гранітных даўгачасных агнявых збудаванняў, якія
ашчацініліся дуламі кулямётаў і гармат, мінныя палі, драцяныя
загароды, супрацьтанкавыя равы і іншыя перашкоды.
Варта адзначыць, што ўжо першапачаткова план кампаніі
абапіраўся, як аказалася, на няправільнае ўяўленне аб фінскай арміі:
яе лічылі слабай і няздольнай да доўгага супраціўлення. Няправільнай
была і ацэнка колькасці фінскіх войск: маўляў, у ваенны час фіны
змогуць выставіць дзесятак пяхотных дывізій і з паўтара дзесятка
асобных батальёнаў. Ды і наконт фінскіх умацаванняў савецкае
камандаванне мела толькі “абрывачныя агентурныя даныя”.
Да таго ж у ходзе першых баёў у Фінляндыі выявіліся
сур’ёзныя прабелы ў арганізацыі кіравання часцямі Чырвонай Арміі,
забеспячэнні іх палівам, боепрыпасамі і харчаваннем. Выявілася
таксама адсутнасць у войсках спецыфічных навыкаў баявых дзеянняў
зімой ва ўмовах складанай фінскай мясцовасці. Усё гэта, у рэшце рэшт,
і прывяло да таго, што савецкая ваенная машына забуксавала. Нават
тыя мінімальныя поспехі даліся ёй цаною вялікіх страт.
Фіны стойка абараняліся, умела выкарыстоўваючы
артылерыю, авіяцыю, асаблівасці ландшафту. Яны шырока прымянялі
тактыку партызанскай барацьбы: невялікія аўтаномныя атрады лыжнікаў,
узброеныя аўтаматамі, нападалі, пераважна ў начны час, на войскі,
што рухаліся па дарогах, і знікалі ў лясах, дзе ў іх былі
абсталяваны базы. Вялікі ўрон савецкім часцям наносілі снайперы,
асабліва так званыя “зязюлі”, якія вялі агонь з дрэў. Злучэнні
Чырвонай Арміі, якім удавалася прарвацца наперад, часта траплялі ў
акружэнне і прарываліся назад, іншы раз кідаючы тэхніку і ўзбраенне.
Найбольш цяжкімі і кровапралітнымі былі баі на
Карэльскім перашыйку. Войскі аказаліся негатовымі да пераадолення
лініі дотаў і дзотаў, якія секлі чырвонаармейцаў з кулямётаў. У
прыватнасці, не хапала буйнакалібернай артылерыі для іх знішчэння,
бо тыя агнявыя збудаванні не бралі нават снарады са 152-міліметровых
гармат. Да 12 снежня часці 7-й арміі змаглі толькі выйсці да
пярэдняга краю галоўнай паласы абароны фінаў, але запланаваны прарыў
той паласы з ходу не ўдаўся. Сіл было яўна недастаткова. Да канца
снежня працягваліся спробы прарыву, аднак яны не прывялі да поспехаў.
Падчас тых снежаньскіх баёў Алейнікаў не аднойчы
глядзеў у твар смерці: 541-ы полк, якому часта даручалі выконваць
самыя складаныя заданні, панёс вялікія страты. Шмат аднапалчан Паўла
Раманавіча загінулі ад кінжальных кулямётных чэргаў, ад выбухаў
снарадаў і мін, многія атрымалі раненні і абмаражэнні. Самому ж
хлопцу пашанцавала — яго нават не зачапіла.
На фронце ўсталявалася адноснае зацішша. На працягу
ўсяго студзеня і пачатку лютага праводзілася ўзмацненне войск,
папаўненне матэрыяльных запасаў, перафарміраванне часцей і злучэнняў.
Былі створаны падраздзяленні лыжнікаў, а таксама распрацаваны метады
пераадолення замініраванай мясцовасці, загарод, метады барацьбы з
абарончымі збудаваннямі фінаў. Акрамя таго, было наладжана абучэнне
асабовага складу часцей.
Так, напрыклад, на вучэбных палях 136-й дывізіі
непадалёку ад лініі фронту байцы ўзвялі макеты дотаў. Яны дакладна
паўтаралі тыя, што ўдалося разведаць (а групы разведчыкаў пасылалі ў
тыл фінаў ледзь ці не кожную ноч) ва ўмацаваным раёне праціўніка.
Групы блакіравання, створаныя загадам камандзіра дывізіі камбрыга
Сцяпана Чарняка, штодня асвойвалі майстэрства захопу жалезабетонных
крэпасцей. Тут жа адпрацоўвалася ўзаемадзеянне пяхоты з танкамі і
артылерыяй.
Для штурму “лініі Манергейма” быў створаны
Паўночна-Заходні фронт, у склад яго ўваходзіла і 13-я армія, якой
перадалі дывізію Паўла Алейнікава. Больш тыдня савецкая артылерыя
пасылала на пазіцыі фінаў па дванаццаць тысяч снарадаў у дзень.
Раніцай 11 лютага пасля трохгадзіннай артпадрыхтоўкі пачалося
генеральнае наступленне. Умацаваны раён, які належала прарваць
136-й, з’яўляўся адным з важнейшых вузлоў абароны праціўніка. Гэты
вузел надзейна “закрываў” перашэек паміж азёрамі Яюрапанъярві і
Муаланъярві.
Пярэдні край на ўсім паўтаракіламетровым участку
прарыву фіны аплялі чатырма радамі драцяных загарод, аперазалі
процітанкавымі равамі і чатырма ярусамі бетонных надаўбняў. Паміж
імі размяшчаліся мінныя палі. Падыход да абарончых збудаванняў
праціўніка ўскладняўся яшчэ і тым, што мясцовасць перад пярэднім
краем была адкрытая. Уся прастора прастрэльвалася гарматным і
кулямётным агнём з пануючай вышыні Мутаранта.
Дабраўшыся пад градам куль і мін да надаўбняў, пяхота
вымушана была залегчы. Сяржант Павел Алейнікаў неаднаразова першым
узнімаўся ў атаку, вёў за сабой байцоў. Уварваўшыся ў траншэю
праціўніка, закідаў фінаў гранатамі, чым забяспечыў падраздзяленню
рух наперад. Завіруха і змрок дапамаглі чырвонаармейцам блакіраваць
некалькі дотаў. Іх блакіравалі так: да танкаў прычэплівалі бранясані,
на іх грузілі ўзрыўчатку, садзіліся сапёры і пехацінцы. Танк
падпаўзаў да дота, закрываў сваім корпусам амбразуру. Сапёры ж
абкладвалі даўгачасны агнявы пункт тратылам, адбягалі назад і
ўзрывалі. Такім чынам салдаты дывізіі, у ліку якіх быў і любанчанін,
захапілі шэсць драўляна-земляных і восем буйных жалезабетонных
збудаванняў першай лініі ўмацаванага раёна.
Раніцай 21 лютага пасля чатырох гадзін артпадрыхтоўкі
пачаўся штурм другой, яшчэ больш магутнай, яшчэ лепш замаскіраванай.
Доты тут узводзіліся па лепшых французскіх узорах. Трэба было не
толькі знішчаць іх, а і знаходзіць. Адзін з іх якраз і выявіў
Алейнікаў са сваім аддзяленнем. Пад шквальным агнём сяржант
падабраўся амаль ушчыльную да збудавання, кінуў у амбразуру некалькі
гранат. А калі з дота пачалі ў паніцы выскокваць фіны, асабіста
застрэліў шасцярых з іх. Шлях наперад быў свабодны.
Хутка ў Маскве быў падпісаны цяжкі для Фінляндыі мір.
Да Савецкага Саюза адышло каля дзесяці працэнтаў тэрыторыі гэтай
краіны. Праўда, каштавала гэта дорага: з той “зімовай” вайны не
вярнуліся дамоў каля ста сямідзесяці тысяч чырвонаармейцаў. Амаль
шэсць тысяч іх трапілі ў палон, паўмільёна атрымалі раненні. Шмат
было страчана танкаў і самалётаў.
Малодшаму камандзіру Паўлу Раманавічу Алейнікаву Указам
Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 7 красавіка 1940 года “за
ўзорнае выкананне баявых заданняў на фронце барацьбы з фінскай
белагвардзейшчынай і праяўленыя пры тым адвагу і геройства”
прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і
медаля “Залатая Зорка”.
А 18 лютага 1945 года любанчанін загінуў смерцю храбрых
у адным з баёў ва Усходняй Прусіі. Яго пахавалі ў брацкай магіле.
Любаншчына беражліва захоўвае памяць пра свайго мужнага
сына: яго партрэт змешчаны на Алеі славы ў цэнтральным гарадскім
скверы, яго імя выбіта залатымі літарамі на мемарыяльным знаку ў
вёсцы Таль.
Сяргей КВІТКЕВІЧ,«МП».
да зместу |
|