Сярод багнаў і бораў,
На пясочку на рыжым
Села вёска ў пакоры,
Як убогі пад крыжам.
Шумяць тонкія сосны,
Нуды ў шуме тым многа:
Выгляд вёскі нязносны,
Выглядае ўбога.
Людзі ў зрэбных сярмягах,
Лапці ногі ім вяжуць,
Уваччу голад, смага,
Б'е ад іх дым і сажа.
Тарчаць пуняў і хатаў
Ломам сцены-шкілеты,
Замест гонтаў на латах —
Лахманы з ачарэтаў.
Гняздо ж бусел бяспечна
На страсе пачаў класці —
Селянін верыць вечна,
Што яго ў гэтым шчасце.
Не пляці гэтых божбаў...
Жывуць буслы пустынна,
Калі ж слухаць варожбаў, —
Шчасна й ваша краіна.
О, жывём мы шчасліва!..
Трудна хлеба век меці,
Глядзіць пусткаю ніва,
Пустка ў пуні і клеці.
Думкі скрыты памрокай:
То прасветласць, то цьма там;
Уздыхаеш глыбока
Над сабою, над братам.
Нікне з сэрца надзея,
Праўдзе верыць марудзіш...
Надта ж гора дадзене —
На свет цэлы забудзеш.
Сцежкі росіш слязою,
Гіне труд без патолі,
Варажба варажбою,
А нядоля нядоляй.
Недзе ў далі палае
Наша сонца-багацце,
Бусел стуль вылятае
Бедакоў прывітаці.
Людзі бусла пусцілі
Чысціць свет з брыды ўсякай,
Ды ці ж птушчынай сіле
Усіх знішчыць вужакаў.
Зводзімся забабонам,
Як бяду напаткаем,
Няма долі даўно нам,
Варажбой намагаем.
Чалавеку бясконца
Шчасце ў прышласці сніцца,
Покі ж выгляне сонца,
Грызе вочы расіца.